Фэрміну Дасу штурхала ўяўленне, і яна пачала адкрываць змены ў характары мужа. Хувэналь Урбіна здаваўся ўхілістым, страціў апетыт за сталом і жаданне ў ложку, часцяком упадаў у раздражненне, дазваляў сабе іранічныя рэплікі на яе адрас; знаходзячыся дома, ён ужо не быў былым спакойна-разважлівым чалавекам, а хутчэй, ільвом у клетцы. Упершыню з моманту іхнага шлюбу яна пачала адсочваць спазненні, кантралявала час ажно да хвіліны, ілгала, каб выцягнуць з яго праўду, але потым адчувала сябе смяротна параненай ад новых супярэчнасцяў. Аднойчы ўначы прачнулася з перапуду, нібыта ў прывідным стане, — муж разглядаў яе ў цемры, як ёй здалося, з нянавісцю. Фэрміна Даса здрыганулася, як колісь у квецені дзявоцтва, калі ёй прымроілася, нібыта Флярэнтына Арыса стаяў каля ложка. Але паміж імі была і розніца: тое з’яўленне несла ў сабе не нянавісць, а каханне. Апрача таго, на гэты раз размова не ішла пра гульню ўяўлення. Муж прачнуўся а другой ночы, прысеў на ложак і глядзеў на яе ўва сне. Калі яна спытала, у чым справа, ён нанава паклаў голаў на падушку і адказаў:
— Пэўна, табе гэта прыснілася.
Пасля тае ночы былі і іншыя падобныя эпізоды, і Фэрміна Даса ўжо не магла вызначыць, дзе завяршаецца рэальнасць і дзе пачынаецца мроіва. Раптам яе асляпіла думка, што яна паціху вар’яцее. Нарэшце Фэрміна Даса згадала, што яе муж не прычасціўся ў чацвер целам Хрыстовым, як не зрабіў гэтага ані ў адну з некалькіх апошніх нядзеляў, і ніводнага разу ў гэтым годзе ён не адвёў сабе часу для адасаблення з мэтаю духоўнага самаачышчэння. Калі яна спытала, што выклікала небывалы пералом у ягоным духоўным здароўі, дык атрымала няўцямны, змрочна-раздражнёны адказ, які здымаў усялякі сумнеў, бо муж ні разу не абышоўся без важкага касцельнага абраду з моманту першага прычасця ў восем гадоў, а тым больш у святочныя дні. Такім чынам Фэрміна Даса зразумела: муж не толькі ўпаў у смяротны грэх, але яшчэ і ўпарціцца ў ім, не звяртаючыся па дапамогу да свайго спаведніка. Яна ніколі не ўяўляла, што пройдзе пякельныя пакуты праз тое, што, па сутнасці, з’яўляецца антыподам кахання. Што ж, нічога не зробіш, у такім выпадку найлепшы сродак ад маруднае смерці — спаліць змяінае кубло, якое атручвала душу. Так яна і зрабіла. Аднойчы ўдзень яна цыравала шкарпэткі на тэрасе, якраз калі муж завяршаў штодзённае чытанне пасля сіесты. Раптам яна адклала працу, узняла акуляры да ілба і звярнулася да яго без найменшай адзнакі жорсткасці:
— Доктар!
Муж быў заглыблены ў чытанне «Вострава пінгвінаў», рамана, які ўвесь свет чытаў у тыя дні[27], і адказаў ёй, не выплываючы на паверхню: «Так». Яна патрабавала:
— Паглядзі мне ў твар.
Ён гэта зрабіў, зірнуў, не бачачы яе ў тумане ад акуляраў для чытання, аднак і не было патрэбы іх здымаць, каб абпаліцца вуголлем яе позірку.
— Што здарылася? — спытаў ён.
— Ты гэта ведаеш лепш за мяне, — парыравала яна.
I больш нічога не вымавіла. Зноўку апусціла акуляры і працягвала цыраваць. Тады доктар Хувэналь Урбіна ўцяміў, што доўгія дні пакутлівае трывогі засталіся ззаду. Ён уяўляў сабе гэты момант зусім інакш, сейсмічнага ўздрыгу сэрца не было, ён перанёс толькі разлічаны ўдар і вялікую палёгку, бо здарылася гэта рана, а не позна, і гэта ўсё роўна мусіла здарыцца: прывід сеньярыты Барбары Лінч увайшоў, нарэшце, у дом.
Доктар Хувэналь Урбіна быў знаёмы з ёю чатыры месяцы, з тае пары, калі ўгледзеў яе ў чарзе па кансультацыю ў шпіталі Міласэрнасці і імгненна ўцяміў: штосьці непапраўнае здарыцца ў ягоным лёсе. Яна была высокая элегантная мулатка шырокае косці, са скураю таго самага колеру і прыроды, што й мёд; той раніцай на ёй быў чырвоны строй у белы гарошак і капялюш з тае самае тканіны з шырокімі палямі, якія зацянялі нават вейкі. Стваралася ўражанне, што яна больш акрэсленага полу, чым якая-кольвек іншая чалавечая істота. Доктар Хувэналь Урбіна не прымаў хворых у клініцы, хоць калі праходзіў побач і не дужа спяшаўся, зазірнуў, каб старэйшыя студэнты не забываліся: няма лепшых лекаў за добра пастаўлены дыягназ. Так што ён умудрыўся папрысутнічаць на лекарскім аглядзе мулаткі і паводзіў сябе з засцярогай, каб вучні не заўважылі нават жэста, які мог бы быць зразуметы як невыпадковы, ён амаль не глядзеў на яе, аднак добра запомніў звесткі пра яе. Удзень, пасля хатніх візітаў, загадаў спыніць пралётку ля дома па адрасе, які яна называла ў клініцы, і неўзабаве ўжо сядзеў на тэрасе і радаваўся сакавіцкай свежасці.
Дом быў тыпова антыльскі, афарбаваны ў жоўты колер да цынкавага даху, — жалюзі на вокнах, папараць і гваздзікі ў гліняных гаршчках, што віселі на сценах порціка. Дом стаяў на драўляных палях каля багны заліва Дурнога Выхавання. У порціку таксама вісела клетка, а ў ёй спявала івалга. Якраз насупраць дома Барбары Лінч месцілася пачатковая школа, і на той момант, калі доктар загадаў спыніцца, школьнікі выбеглі чародкай, рамізнік ледзь стрымаў спуджаную кабылу, нацягнуўшы лейцы да ўпору. Усё складвалася ладна, сеньярыта Барбара Лінч паспела пазнаць доктара. Яна павітала яго фамільярным жэстам, нібыта старога знаёмага, запрасіла, уважыўшы ягонае засмучэнне, на кубак кавы, і ён выпіў тую каву з задавальненнем насуперак уласнай завядзёнцы, слухаў яе аповед пра сябе, — адзінае, што яго цікавіла з тае раніцы і што не пакіне яму ні хвілі спакою ў бліжэйшыя месяцы. Неяк неўзабаве пасля шлюбу з Фэрмінай Дасай адзін з сяброў сказаў яму ў прысутнасці маладой жонкі, што рана ці позна ім прыйдзецца мець справу з вар’яцкай жарсцю, здольнай паставіць пад удар стабільнасць шлюбу. Доктар, які верыў у тое, што ведае сябе, як і ў моц сваіх маральных прынцыпаў, засмяяўся, пачуўшы падобны прагноз. І вось адбылося.
Сеньярыта Барбара Лінч займалася тэалогіяй і была адзінай дачкой негрыцянскага святара Джонатана Б. Лінча, хударлявага пратэстанцкага пастара, які аб’язджаў на муле бедныя хутары заліва, прапаведаваў слова аднаго са шматлікіх багоў, імёны якіх Хувэналь Урбіна пісаў з прапісной літары, каб адрозніць ад свайго. Яна гаварыла на добрай кастыльскай мове, але часцяком спатыкалася аб каменьчыкі сінтаксісу, што надавала яе мове асаблівую грацыёзнасць. У снежні ёй будзе дваццаць восем гадоў, незадоўга да сустрэчы з доктарам Барбара Лінч скасавала шлюб з пастарам, вучнем яе бацькі, з якім пражыла два гады не найлепшым чынам, таму не гарэла жаданнем рэцыдыву. Яна сказала: «Нікога не люблю, апрача маёй івалгі». Але доктар Урбіна быў надта сур’ёзным, каб падумаць, што яна сапраўды мела гэта на ўвазе. Наадварот, доктар спытаў сябе ашалела, а раптам такая лёгкая ўдача — толькі Божая пастка, пасля якой наступіць жорсткая расплата, але тут жа ён адкінуў думку, як тэалагічную драбязу, народжаную засмучэннем.
Ужо развітваючыся, доктар Хувэналь Урбіна нібыта выпадкова завёў гаворку пра ранішнюю кансультацыю, ён ведаў, што хворыя схільныя гаварыць пра ўласныя пакуты з асалодаю, і яна так міла распавяла дэталі хваробы, што ён абяцаў вярнуцца заўтра а чацвёртай для больш падрабязнага агляду. Яна спужалася, ведаючы, што лекар такой катэгорыі вышэй за яе мажлівасці, але ён яе супакоіў: «Мы ў нашай прафесіі імкнёмся да таго, каб багацеі плацілі і за бедных». Затым ён занатаваў: «Сеньярыта Барбара Лінч. Заліў Дурнога Выхавання, субота а чацвёртай». Праз некалькі месяцаў Фэрміна Даса прачытала гісторыю хваробы з дэталямі дыягназу, прадпісанняў і развіцця хваробы. Яна звярнула ўвагу на імя, нечакана вырашыла, што гаворка ідзе пра адну з распусных артыстак з караблёў, якія везлі садавіну ў Нью-Арлеан, аднак адрас падказаў, што, хутчэй за ўсё, гэта жанчына з Ямайкі, да таго ж, само сабой, негрыцянка, і Фэрміна Даса без сумневу вывела яе з кола магчымых прыхільнасцяў мужа.
Доктар Хувэналь Урбіна прыбыў на суботнюю сустрэчу хвілін на дзесяць раней за прызначаны час, і сеньярыта Лінч не паспела апрануцца. Яшчэ са студэнцтва ў Парыжы, калі ён неаднойчы абміраў пры думцы пра неабходнасць здачы вусных іспытаў, доктар не адчуваў падобнай напругі. Сеньярыта Лінч ляжала ў пасцелі, засланай бялюткай прасцінай, у тонкай шаўковай камбінацыі, і была бясконца гожай. Усё ў ёй было дакладным і працінальным: буйныя сцёгны сірэны, скура, пры выглядзе якой доктар гарэў на марудным агні юрлівасці, дзівосныя грудзі, тачоныя зубы, — словам, усё цела выпраменьвала здароўе, і менавіта пах здаровага цела знаходзіла ў вопратцы мужа Фэрміна Даса. Барбара Лінч звярнулася ў кансультацыю, бо пакутавала на нейкую хваробу, якую яна трапна назвала «кучаравымі колікамі», і доктар Урбіна лічыў, што да падобных сімптомаў нельга ставіцца бесклапотна. Так што доктар абмацваў яе ўнутраныя органы, не спяшаючыся, хутчэй, мэтанакіравана, чым проста ўважліва. Ён паступова забываўся на ўласную мудрасць, адкрываючы ў поўным здзіўленні, што цудоўнае стварэнне было гэтак прыгожым знутры, як і звонку, і тады ён аддаўся ўцехам мацання. Ужо не як лекар найвышэйшай кваліфікацыі на ўсім Карыбскім узбярэжжы, а як бедны боскі чалавек, які пакутаваў ад бязладдзя пачуццяў. Толькі аднойчы здарылася штосьці падобнае ў суворым прафесійным жыцці, і тое быў дзень яго найбольшага сораму, бо абураная пацыентка адвяла ягоную руку, села на ложак і сказала яму: «Тое, чаго вы жадаеце — магчыма, але толькі не з вамі». Сеньярыта Лінч, наадварот, даверылася ягоным рукам, і калі не заставалася сумневу, што лекар ужо не думае пра дыягназ, раптам сказала: