Тым часам, узнаўляючы жыццёвыя сілы ў самоце, удовы знаходзілі, што адзіна сумленны спосаб жыцця патрабуе падначалення целу, калі ясі, калі хочаш есці, кахаеш без маны, спіш без патрэбы ўдаваць, што ты заснула, каб пазбегнуць ганебнасці кахання паводле раскладу, калі маеш, нарэшце, поўнае права на ложак толькі для сябе, і ніхто не аспрэчвае паловы прасціны, паловы паветра, паловы ночы, каб цела насыцілася ў сне, каб прачнуцца самотнай. Падчас сваіх золкаў патаемнага паляўнічага Флярэнтына Арыса сустракаў іх каля выхада з храма пасля ранішняе імшы а пятай, апранутых у чорную жалобную вопратку і з крумкачом лёсу на плячы. Ледзь заўважыўшы яго ў першых промнях золку, яны пераходзілі вуліцу і ішлі па ходніку на супрацьлеглым баку дробнымі нервовымі крокамі, крокамі птушкі, бо нават проста прайсці паўз мужчыну на ходніку азначала запляміць сваю годнасць. Аднак ён быў упэўнены, што роспачная ўдава куды болей, чымся якая іншая жанчына, магла несці ў сабе зерне шчасця.
Колькі ўдоў у ягоным жыцці, пачынаючы ад Назарэцкай удавы, дазволілі яму дазнацца, якімі стаюцца шчаслівыя пашлюбёнкі пасля смерці мужа! Toe, што для яго датуль было марнай ілюзіяй, дзякуючы ім ператварылася ў рэальную магчымасць. Ён не знаходзіў прычын, з якіх Фэрміна Даса не магла б быць такой самай удавой, падрыхтаванай самім жыццём, каб прыняць яго, якім ён быў, без прывіднае віны перад нябожчыкам мужам, гатовай адкрыць з ім другое шчасце ў другім каханні, здольнай зрабіць з кожнае хвілі цуд жыцця, які належаў бы толькі ёй і які прышчэплены самой смерцю ад любое заразы.
Мабыць, ён не быў бы такім аптымістам, калі б хоць падазраваў, як далёка была Фэрміна Даса ад ягоных ілюзорных разлікаў, калі яна толькі ўваходзіла ў свет, дзе для яе было прадугледжана ўсё, акрамя няшчасця. Быць заможным тады азначала мець мноства пераваг — зразумела, і мноства невыгодаў таксама, але паўсвету прагла заможнасці, бачачы ў ёй спосаб дасягнуць несмяротнасці. Фэрміна Даса адмовіла Флярэнтына Арысу, калі якраз пачынала сталець, і тут жа расплацілася пакутамі шкадавання, але ніколі не сумнявалася ў слушнасці свайго ўчынку. У свой час яна не магла патлумачыць сабе, якія патаемныя прычыны прывялі да працінальнага прадбачання, аднак шмат гадоў пазней, ужо на парозе старасці, яна раптоўна, не ведаючы, якім чынам, знайшла тыя прычыны падчас выпадковай размовы пра Флярэнтына Арысу. Прысутныя ведалі, што ён быў спадкаемцам Карыбскай параходнай кампаніі ў эпоху росквіту, усе былі ўпэўненыя, што бачыліся з ім шмат разоў, вялі з ім нейкія справы, аднак ніхто не мог узнавіць ягонага аблічча ў памяці. Вось тады Фэрміна Даса адкрыла падсвядомыя прычыны, якія заміналі кахаць яго. І яна вымавіла: «Гэта нібы не чалавек, а цень». Так, цень чалавека, якога ніхто ніколі не спазнаў. Але пакуль яна супраціўлялася заляцанням доктара Хувэналя Урбіна, які быў чалавекам сапраўды супрацьлеглага кшталту, яна пакутавала ад прывіду вінаватасці: адно што гэтае пачуццё яна не здолела сабе падначаліць. Калі Фэрміна Даса адчувала, што вінаватасць звальваецца на яе, жанчыну ахоплівала невытлумачальная паніка, і ёй удавалася кантраляваць сябе, толькі калі побач знаходзіўся чалавек, які яе суцяшаў. Яшчэ зусім малой, разбіўшы талерку на кухні, прышчаміўшы палец у дзвярах, убачыўшы, як нехта ўпаў, Фэрміна Даса паварочвалася ў жаху да дарослага, які знаходзіўся бліжэй за іншых, і адразу казала яму: «Гэта ты вінаваты». Хоць насамрэч яе не турбавала, хто вінаваты, альбо ці вінаватая яна сама, — ёй досыць было кагосьці звінаваціць.
Комплекс быў настолькі відавочным, што доктар Урбіна своечасова здагадаўся, да якой ступені гэта пагражае гармоніі ў сям’і, і як толькі заўважаў ягоную прысутнасць, спяшаўся сказаць жонцы: «Не хвалюйся, мая каханая, ва ўсім вінаваты я». Ён больш за ўсё пабойваўся раптоўных і незваротных рашэнняў жонкі і ведаў, што прычына ўсяго хавалася ў пачуцці вінаватасці. Аднак унутраны канфлікт, выкліканы тым, што яна адмовіла Флярэнтына Арысу, не мог вырашыцца адной суцяшальнай фразай. Фэрміна Даса па-ранейшаму адчыняла балкон раніцой цягам некалькіх месяцаў, і заўсёды сумавала па самотным прывідзе, які мусіў чакаць на лаўцы пустэльнага скверыка, яна бачыла ягонае дрэва, самую непрыкметную лаўку, дзе ён сядаў чытаць, думаючы пра яе, пакутуючы праз яе, і яна мусіла зачыняць балкон, уздыхаючы: «Няшчасны, няшчасны». Яна нават перажыла расчараванне, што ён выявіўся не такім упартым, як яна меркавала, калі было запозна цыраваць мінулае, і часам жадала прачытаць запознены ліст, які ёй ужо ніколі было не прачытаць. Але калі давялося наважыцца на шлюб з Хувэналем Урбіна, яе напаткаў яшчэ большы крызіс, бо яна ўцяміла, што няма істотных падстаў, каб аддаваць перавагу яму, калі яна адмовіла Флярэнтына Арысу. Насамрэч яна амаль не кахала доктара, як і папярэдняга прэтэндэнта, да таго ж ледзь яго ведала, і яго лісты былі пазбаўленыя палкасці тых, папярэдніх, не ўтрымлівалі ўзрушальных доказаў кахання. Па праўдзе, памкненні Хувэналя Урбіна ніколі не былі сфармуляваныя моваю кахання, і ва ўсялякім разе было дзіўна, што такі ваяўнічы каталік, як ён, прапаноўваў ёй толькі зямныя даброты: упэўненасць у будучыні, лад, шчасце, — нібыта лічбы, падсумаванне якіх, мажліва, магло быць падобным на каханне, амаль каханнем. Але гэта не было ім, і сумневы множылі разгубленасць, бо яна таксама не была ўпэўненая, што для сапраўднага жыцця ёй бракавала менавіта кахання.
Галоўны факт супраць доктара Хувэналя Урбіна тоіўся ў яго падазронай падобнасці да ідэальнага мужчыны, пра якога Лярэнса Даса марыў для дачкі. Немажліва было не бачыць у доктары дзіця бацькоўскае змовы — хоць гэта было і не так, — і Фэрміна Даса паверыла ў гэтую версію тады, калі ён увайшоў у дом другім разам, з лекарскім візітам без выкліку. Размовы з кузінай Ільдэбрандай заблыталі яе ўшчэнт. Быўшы сама ахвяраю нешчаслівага кахання, там яна ледзь не атаясамлівала сябе з Флярэнтына Арысам, забываючыся на тое, што Лярэнса Даса зладзіў яе прыезд менавіта дзеля таго, каб яна паўплывала на Фэрміну Дасу на карысць доктара Урбіна. Толькі Бог ведае, якіх высілкаў каштавала Фэрміне Дасе не скласці кампанію кузіне, калі тая пайшла ў тэлеграфную кантору, каб пабачыць Флярэнтына Арысу. Фэрміна Даса таксама хацела б пабачыць Флярэнтына Арысу зноўку, супаставіць ягоны воблік з успамінам і пазбыцца сумневу. Яна б пагутарыла з ім сам-насам, зведала б яго дарэшты. Толькі так яна магла ўпэўніцца ў тым, што імгненнае рашэнне не штурхне да іншага, больш цяжкога, якім сталася б капітуляцыя ў асабістай вайне супраць бацькі. Але яна прыняла рашэнне ў крытычны момант свайго жыцця, не зважаючы ні на мужчынскую гожасць прэтэндэнта, ні на легендарную заможнасць, ні на яго раннюю славу, ні на іншую рэальную годнасць, а толькі праз жах таго, што можа ўпусціць такі шанец і праз немінучасць дваццаці аднаго года, скрайняе рысы, якую яна сабе ўпотайкі прызначыла, каб скарыцца перад лёсам. І адзінай хвілі выявілася досыць, каб прыняць рашэнне, як Бог загадаў і як чалавечыя законы таго патрабуюць, — да самага скону. Тады развеяліся ўсе сумневы, і Фэрміна Даса магла зрабіць без згрызотаў сумлення тое, што розум абраў: яна годна, без слёз цалкам сцерла ўспаміны пра Флярэнтына Арысу, і на тым месцы памяці, дзе ён раней жыў, пасеяла макавы дол. І толькі дазволіла сабе больш глыбокі, чым звычайна, апошні ўздых: «Няшчасны, няшчасны!»
Найстрашнейшыя сумневы, аднак, пачаліся, як толькі Фэрміна Даса вярнулася з вясельнай вандроўкі. Ледзь яны паспелі адчыніць куфры, распакаваць мэблю і разабраць адзінаццаць скрыняў, прывезеных ёю дзеля таго, каб належным чынам прыняць лейцы кіравання ў якасці гаспадыні старажытнага палаца маркіза Касальдуэра, яна ледзь не страціла прытомнасць, бо ўсвядоміла: яна стала зняволенай у чужым доме і, што яшчэ горай, не з тым мужам, пра якога марыла. І шэсць гадоў пайшло на тое, каб выбрацца адтуль. Шэсць найгоршых гадоў жыцця і адчаю ад горкага сумы донны Блянкі, ейнай свякрухі, і ад разумовае недаразвітасці заловак, якія не згнілі жыўцом у кляштарным зняволенні толькі таму, што іхныя душы здаўна існавалі ў нябачных, унутраных келлях.