— Няма нічога прасцейшага, — адказаў доктар Урбіна. — Я, напэўна, таксама скіну свае, каб пазбавіць вас ад няёмкага становішча. Паглядзім толькі, хто хутчэй выслабаніцца.
Ён пачаў разбэрсваць матузкі сваіх ботаў, а Ільдэбранда прыняла выклік. Ёй было нялёгка, гарсэт са спіцамі не даваў нагнуцца, але доктар Урбіна знарок цягнуў, пакуль яна з пераможным смехам не дастала чаравікі з-пад сукенкі, нібыта вылавіла толькі што ў сажалцы. Тады абое зірнулі на Фэрміну і ўбачылі ейны дасканалы профіль івалгі, тонкі, як ніколі, у святле захаду сонца. Яна ўся кіпела з трох прычын: бязглуздае становішча, у якім яна апынулася, легкадумныя паводзіны Ільдэбранды і, нарэшце, упэўненасць, што пралётка кружляла на месцы, каб зацягнуць час. Аднак Ільдэбранда разышлася не на жарт.
— Цяпер я ўцяміла, — сказала яна, — мне заміналі не гэтыя чаравікі, а дротавая клетка.
Доктар Урбіна адразу здагадаўся — размова ішла пра каркас старажытнае вопраткі, і з лёту зразумеў, што трэба выкарыстаць і гэтую магчымасць.
— Няма нічога прасцейшага, — адказаў ён, — здыміце гэтую клетку.
Хуткім жэстам ілюзіяніста ён дастаў з кішэні насоўку і завязаў сабе вочы. — Я не гляджу.
Павязка падкрэслівала чысціню ягоных вуснаў паміж чорнай круглявай бародкай і вострымі вусамі. Ільдэбранда засмуцілася і ў паніцы кінула позірк на Фэрміну. Гэтым разам заўважыла на яе твары не злосць, а жах ад думкі, што кузіна здольная зняць спадніцу пры доктары. Ільдэбранда ўсхвалявана спытала на мове жэстаў: «Што рабіць?» Фэрміна Даса адказала тым жа чынам, што, маўляў, калі яны зараз жа не накіруюцца дамоў, яна саскочыць з пралёткі на хадзе.
— Я чакаю, — сказаў доктар.
— Можаце глядзець, — адказала Ільдэбранда.
Доктар Хувэналь Урбіна зняў павязку, прыкмеціўшы змены ў Ільдэбрандзіным настроі і ўцяміў, што гульня скончылася, прытым скончылася не найлепшым чынам. Ён падаў знак фурману, які адразу развярнуўся і заехаў у Евангельскі скверык, якраз калі ліхтарнік запальваў вулічныя ліхтары. Званы склікалі на вечаровую малітву. Ільдэбранда шпарка выйшла з пралёткі, прысаромленая тым, што засмуціла сястру, і развіталася з лекарам бесцырымонна, падаўшы яму руку. Фэрміна зрабіла гэтаксама, але калі паспрабавала выслабаніць руку ў атласнай пальчатцы, доктар Урбіна моцна сціснуў ейны безымянны палец, палец сэрца.
— Я ўсё яшчэ чакаю ад вас адказу, — шапнуў ён.
Тады Фэрміна пацягнула руку з сілай, і пальчатка засталася ў руцэ лекара, але яна і не падумала чакаць, калі ён яе верне. Дома, не павячэраўшы, Фэрміна легла спаць. Ільдэбранда, нібыта нічога не здарылася, увайшла ў спальню пасля вячэры на кухні з Галай Плясыдыяй і з натуральнай гуллівасцю загаманіла пра падзеі дня. Яна не хавала сваіх пачуццяў, выказвала захапленне доктарам Урбіна, яго элегантнасцю і абаяльнасцю, а тым часам Фэрміна, хоць не сказала ні слова, ледзь спраўлялася з хваляваннем. Надышоў момант, і Ільдэбранда прызналася: калі доктар Хувэналь Урбіна завязаў сабе вочы, і яна зірнула на бляск яго роўных зубоў і ружовыя вусны, дык адчула неадольнае жаданне кінуцца яго цалаваць. Фэрміна Даса адвярнулася да сцяны і паклала канец размове без намеру пакрыўдзіць кузіну, хутчэй, з усмешкай, але ад сэрца:
— Ну і курва ты!
Фэрміна спала ўрыўкамі і ў сне бачыла доктара Хувэналя Урбіна паўсюль: ён смяяўся, спяваў, сыпаў з зубоў сярністымі іскрамі, бо вочы былі завязаныя, ён здзекаваўся з яе на варварскай мове без вызначаных правілаў, і працягваў сваё катаванне ўжо ў іншым экіпажы, які вёз іх у бок могілак для бедных. Яна прачнулася на досвітку, знясіленая, і ўжо не заснула, а ляжала з расплюшчанымі вачыма і думала пра тыя незлічоныя гады, якія яшчэ давядзецца пражыць. Раніцой, пакуль Ільдэбранда мылася, яна паспешліва накрэмзала ліст, уклала яго ў канверт і да таго, як Ільдэбранда выйшла з ваннага пакоя, накіравала ліст доктару Хувэналю Урбіна праз Галу Плясыдыю. Гэта быў ліст у яе стылі, без адзінай лішняй літары, у якім яна напісала, што так, доктар, можаце пагутарыць з маім бацькам.
Калі Флярэнтына Арыса дазнаўся, што Фэрміна Даса бярэ шлюб з радавітым і багатым доктарам, які атрымаў адукацыю ў Еўропе і карыстаўся незвычайнай, як на ягоны век, рэпутацыяй, ён упаў у прастрацыю, і не было сілы, здольнай вывесці яго з гэтага стану. Трансыта Арыса рабіла ўсё магчымае і немагчымае, каб суцешыць яго, калі заўважыла, што ён страціў мову і апетыт, душачыся ўначы слязьмі. Толькі праз тыдзень яна здолела накарміць яго. Тады яна звярнулася да дона Леона XII Ляайсы, адзінага з трох братоў, які яшчэ жыў на белым свеце; без тлумачэння прычын яна папрасіла яго ўладкаваць пляменніка на працу, каб той займаўся чым заўгодна ў параходнай кампаніі, абы толькі ў якім-небудзь порце, забытым у гушчарах ракі Магдалены, дзе не было б ні пошты, ні тэлеграфа, дзе ён не ўбачыў бы ніводнага чалавека, здольнага распавесці пра здарэнні ў гэтым нягодным горадзе. Дзядзька не ўладкаваў яго да сябе з павагі да братавай удавы, якая жахалася нават факта існавання пазашлюбнага сына ейнага мужа, але ўсё ж знайшоў яму працу тэлеграфіста ў Вілья-дэ-Лейвэ, санлівым мястэчку на вышыні трох тысяч метраў над роўнем вуліцы Вэнтанас, да якога трэба было плыць дваццаць дзён па рацэ.
Флярэнтына Арыса не надта ўсведамляў, што ад’язджае ў аздараўленчую вандроўку. Ён пазіраў на гэта праз туманныя акуляры свайго няшчасця. Атрымаўшы тэлеграму пра новую пасаду, ён нават не ўспрыняў яе ўсур’ёз, аднак Лятары Тугут упэўніў яго сваімі нямецкімі аргументамі ў тым, што яго чакае светлая будучыня на адміністрацыйнай службе. Тугут сказаў яму: «Тэлеграф — прафесія будучыні». І падараваў яму пару пальчатак, падбітых трусіным мехам, шапку на выпадак высакагорнае сцюжы і паліто, выпрабаванае студзеньскімі маразамі Баварыі. Дзядзька Леон XII дадаў яму два строі і пару гумовых ботаў, якія належалі старэйшаму брату, і ўручыў яму білет на спальнае месца ў каюце найбліжэйшага карабля. Трансыта Арыса перашыла вопратку пад сына, бо ён быў не такім мажным, як бацька, і ніжэйшым за немца ростам, купіла яму шкарпэткі з воўны і сподняе на зіму. Такім чынам, у яго было ўсё на суворыя ўмовы высакагор’я. Флярэнтына Арыса, які стаў жорсткім ад пакутаў, прысутнічаў пры зборах, як мог прысутнічаць нябожчык на ўласных хаўтурах. Ён нікому не сказаў пра свой ад’езд, ні з кім не развітаўся, наглуха замкнуўся, як тады, калі толькі адкрыў маці таямніцу нешчаслівага кахання, але напярэдадні вандроўкі Флярэнтына Арыса свядома паддаўся апошняму шалу свайго сэрца, што папросту магло каштаваць яму жыцця. Апоўначы ён апрануў выходны строй і адзін сыграў пад балконам Фэрміны Дасы складзены для яе вальс пра каханне, які ведалі толькі ён і яна: на працягу трох гадоў вальс быў іх сумесным сімвалам. Ён граў і шаптаў словы, абліваючы скрыпку слязьмі, і ягонае натхненне было такім, што за першымі акордамі забрахалі сабакі на той вуліцы, а потым і сабакі ўсяго горада, але яны паступова змоўклі, зачараваныя музыкай, і ён дайграў вальс у ненатуральнай цішыні. Ніхто не адчыніў балконнага акна, ніхто не зірнуў на вуліцу, нават вартаўнік, які заўсёды з’яўляўся з ліхтаром у руцэ, каб падзарабіць на чужым каханні. Учынак стаўся заклёнам, што прынёс палёгку Флярэнтына Арысу, калі ён паклаў скрыпку ў футарал і пайшоў мёртвымі вуліцамі, не аглядваючыся назад, ён ужо амаль забыўся, што ад’язджае наступнай раніцай, бо здаўна ў яго саспела гэтае неабарачальнае рашэнне — не вярнуцца сюды ніколі.
Адзін з трох аднолькавых караблёў Карыбскай параходнай кампаніі быў перайменаваны ў гонар заснавальніка фірмы і называўся «Пій V Ляайса». Гэта быў плыткі двухпавярховы дом на металічным каркасе, шырокі ды пляскаты, максімальная яго асадка складала пяць футаў, што дазваляла пераадолець мелі, якія падсоўвала зменлівае дно ракі. Найстарэйшыя караблі былі збудаваныя ў Цынцынаці ў сярэдзіне стагоддзя на ўзор легендарнай мадэлі тых, што курсавалі па Агаё і Місісіпі на двух бакавых колах, якія прыводзіліся ў рух катлом на дровах. Як і іхныя папярэднікі, караблі Карыбскай параходнай кампаніі мелі на ніжняй палубе, амаль на роўні вады, паравую машыну й кухні, а таксама вялізныя загоны для кур, дзе чальцы экіпажа вешалі свае гамакі, перакрыжаваныя на розных роўнях. На верхняй палубе знаходзіліся мосцік, каюты капітана і ягоных памочнікаў, зала адпачынку і ядальня, куды хоць аднойчы за рэйс запрашалі слынных пасажыраў павячэраць і пагуляць у карты. Паміж дзвюма палубамі была сярэдняя, з шасцю каютамі першага класа па баках ад агульнай ядальні, а ў насавой частцы — крытая палуба адпачынку з драўлянымі парэнчамі і металічнымі стойкамі, да якіх прывязвалі гамакі пасажыры агульнага класа. Але ў адрозненне ад старых караблёў, гэтыя не мелі рухавых лопасцяў па баках, а адно вялізнае кола з гарызантальнымі лопасцямі на карме пад душнымі прыбіральнямі пасажырскае палубы. Калі Флярэнтына Арыса ўзняўся на борт у адну з нядзеляў ліпеня а сёмай раніцы, у яго не было ніякага жадання агледзець карабель, як гэта ледзь не інстынктыўна рабілі пасажыры, якія плылі на караблі ўпершыню. Флярэнтына Арыса ўсвядоміў сваё новае становішча, толькі калі звечарэла і яны праплывалі ўздоўж сялібы Калямар. Ён прайшоў на карму, каб адліць, і ўгледзеў праз дзірку прыбіральні велізарнае драўлянае кола, якое круцілася пад ягонымі нагамі з вулканічным гулам пеністае вады і гарачай пары.