— Мы разарыліся, — сказаў ён. — Гэта канец, вось так.
Ён толькі гэта й сказаў і ніколі болей не паўтарыўся, аднак пасля тае ночы Фэрміна Даса ўсвядоміла, што засталася адна на белым свеце. Бо жыла яна па-за соцыумам. Яе былыя аднакласніцы луналі ў забароненых для яе сферах, тым больш пасля яе ганебнага выключэння са школы. Яна не была суседкай для суседзяў, якія ведалі яе з выгляду як дзяўчыну без мінулага ў форме школы З’яўлення Святое Дзевы. Бацькаў свет уяўляў сабою зборню купцоў і партовых грузчыкаў, вайсковых дэзерціраў і самотных мужчын, якія збіраліся ў публічным берлагу прыходскай кавярні. Апошнім часам заняткі жывапісам сталіся палёгкай: настаўніца звыклася даваць калектыўныя ўрокі і прыводзіла іншых вучаніц у пакой для шытва. Аднак гэта былі дзяўчаты нявызначанага сацыяльнага становішча, і для Фэрміны Дасы яны заставаліся часовымі сяброўкамі, іх прывязанасць завяршалася з кожным урокам. Ільдэбранда хацела парасчыняць вокны і дзверы дома, імкнулася праветрыць яго, прывесці музыкаў, зладзіць святочныя феерверкі з бацькавых цюкоў, зладзіць карнавал, каб скразнякі знеслі паедзены моллю настрой кузіны, але хутка і канчаткова зразумела — яе намер дарэмны, бо весяліцца няма з кім.
Аднак менавіта Ільдэбранда ўдыхнула ў Фэрміну Дасу жыццё. Удзень, пасля заняткаў жывапісам, Ільдэбранда цягнула яе на шпацыр, нібыта з тым, каб азнаёміцца з горадам. Фэрміна Даса паказала ёй свой штодзённы маршрут з цёткай Эскалястыкай, лаўку ў скверыку, дзе Флярэнтына Арыса рабіў выгляд, што чытае, каб дачакацца яе, завулкі, па якіх ён прадзіраўся ўслед за ёю, патаемныя месцы для лістоў, змрочны палац, які служыў турмою Святой Інквізыцыі, а пазней быў рэстаўраваны і перададзены ненавіснай школе З’яўлення Святой Дзевы. Яны ўзняліся на прыгорак, дзе знаходзіліся могілкі для бедных, скуль Флярэнтына Арыса граў для яе на скрыпцы, ловячы спадарожны вецер, адтуль цалкам убачылі гістарычны цэнтр, бітую дахоўку і раз’едзеныя часам сцены, руіны замкавых муроў у зарасцях, чараду выспаў у бухце, жабрацкія баракі вокал багнаў, агромністае Карыбскае мора.
Уначы на Раство яны пайшлі ў кафедральны сабор на ўсяночную. Фэрміна заняла месца, дзе найлепш было чуваць лірычную музыку Флярэнтына Арысы, і паказала кузіне дакладнае месца, дзе аднойчы ў такую ж ноч яна ўпершыню ўбачыла зблізку яго спалоханыя вочы. Яны адважыліся і пайшлі без суправаджэння да Натарыяльнае брамы, набылі прысмакі, пабывалі каля незабыўнай канцылярскай крамы, і Фэрміна Даса паказала кузіне месца, дзе раптам адкрыла, што ейнае каханне — міраж. Яна сама не здагадвалася пра тое, што кожны крок з дома ў школу, кожнае месца ў горадзе, кожнае імгненне яе нядаўняга мінулага існавалі дзякуючы Флярэнтына Арысу. Ільдэбранда сказала ёй пра гэта, але яна не пагадзілася, бо ніколі б не замірылася з рэальнасцю, з тым, што Флярэнтына Арыса, добра гэта ці не, уяўляў сабою адзінае, што здарылася ў ейным жыцці.
Пад тыя дні нейкі бельгіец абсталяваў фотастудыю каля Натарыяльнае брамы, і кожны, хто мог заплаціць, карыстаўся аказіяй, каб замовіць свой партрэт. Фэрміна з Ільдэбрандай былі сярод першых кліентаў. Яны напачатку перавярнулі ўсю шафу Фэрміны, падзялілі паміж сабою самую ўрачыстую вопратку, парасоны, выходныя чаравікі, капелюшы і пераапрануліся, рыхтык як дамы па пяцьдзясят гадоў. Гала Плясыдыя дапамагла ім зацягнуць гарсэты, навучыла хадзіць у крыналінавых сукенках з дротавым каркасам, надзяваць пальчаткі, зашнуроўваць чаравікі на высокіх абцасах. Ільдэбранда абрала шыракаполы капялюш са страусавым пер’ем, што спадала ёй на плечы. Фэрміна надзела капялюш не такога старога фасону, аздоблены бутафорскай садавіной і крыналінавымі кветкамі. Затым яны пасмяяліся як след перад люстэркам, пабачылі сябе ў ролі бабцяў, якімі іх адлюстроўвалі на дагератыпах, і пайшлі, шчаслівыя, заліваючыся гучным смехам, здымацца. Гала Плясыдыя прасачыла з балкона, як яны з раскрытымі парасонамі перасякалі скверык, трымаючыся з апошніх сіл на абцасах і штурхаючы дротавыя каркасы сукенак целам, нібыта дзіцячыя хадункі, і блаславіла іх, — няхай Бог дапаможа з гэтымі партрэтамі.
Перад фотастудыяй бельгійца стаяў пошум, бо ён якраз здымаў Бэні Сэнтэна, які напярэдадні выйграў чэмпіянат па боксе ў Панаме. Ён стаяў у баксёрскіх шортах, у пальчатках і з чэмпіёнскай каронай на галаве. І не так проста было здымаць яго, бо паспрабуй прастаяць у позе атакі і не дыхаць на працягу хвіліны. А тут яшчэ, як толькі ён прымаў байцоўскую стойку, прыхільнікі ладзілі яму авацыю, і ён, не ў сілах стрымліваць сябе, пачынаў рухацца, нібыта на рынгу. Калі дайшла чарга да кузінаў, неба паспела зацягнуцца аблокамі, і дождж падступіў ушчыльную. Яны дазволілі прыпудрыць сабе твары крухмалам і сталі, так натуральна абапіраючыся на алебастравую калону, што здолелі заставацца нерухомымі нават болей, чым патрабавалася для фота. Партрэт аказаўся сапраўды незабыўным. Калі Ільдэбранда памерла ледзь не ў стогадовым веку ў родавым маёнтку Флёрэс-дэ-Марыя, там знайшлі адзін са здымкаў у замкнёнай на ключ шафе яе спальні, — партрэт быў схаваны сярод духмянай бялізны побач з лістом, які ўтрымліваў адну скамянелую думку, сцёртую гадамі, — усё пра таго ж недасяжнага каханага. Фэрміна Даса доўгія гады трымала свой партрэт на першай старонцы сямейнага альбома, скуль ён знік пры невядомых абставінах і апынуўся ў руках Флярэнтына Арысы цераз ланцуг неверагодных выпадковасцяў, калі ім было ўжо за шэсцьдзесят.
Пляц каля Натарыяльнае брамы быў перапоўнены ажно да балконаў, калі Фэрміна з Ільдэбрандай пакінулі фотастудыю бельгійца. Яны забыліся на тое, што твары ў іх прыпудраныя крухмалам, вусны нафарбаваныя памадай шакаладнага колеру, а іхная вопратка не адпавядала ні часу, ні эпосе. Натоўп на вуліцы сустрэў іх здзеклівым свістам. Іх загналі ў кут, яны дарэмна спрабавалі пазбегнуць публічнага сораму, калі раптам пад’ехала пралётка, запрэжаная гнядымі. Свіст спыніўся, варожа настроеныя людзі разышліся. У Ільдэбранды на ўсё жыццё засталося першае ўражанне пра чалавека, што з’явіўся на падножцы ў атласным цыліндры і расшытай золатам камізэльцы, з гожымі жэстамі і пяшчотай у вачах.
Хоць Ільдэбранда ніколі раней не бачыла доктара, яна адразу пазнала яго. Фэрміна Даса апавядала пра яго мімаходзь і без якога-кольвек інтарэсу. Неяк месяц таму яна не захацела прайсці перад домам маркіза дэ Касальдуэра, бо каля ўвахода стаяла вядомая пралётка. Тады яна распавяла, хто гаспадар пралёткі, і спрабавала патлумачыць кузіне прычыны сваёй антыпатыі да яго, але ні словам не прыгадала ягоныя заляцанні. Ільдэбранда забылася на гэта. Аднак, пазнаўшы яго, нібыта казачнага прынца, яна адразу адкінула блытаныя тлумачэнні Фэрміны.
— Сядайце, калі ласка, — сказаў доктар Хувэналь Урбіна. — Я адвязу вас, куды скажаце.
Фэрміна Даса спрабавала адмовіцца, але Ільдэбранда прыняла прапанову. Доктар Хувэналь Урбіна спусціўся і кончыкамі пальцаў, ледзь датыкаючыся, дапамог ёй узняцца ў пралётку. Фэрміна ўзнялася ўслед за кузінай, і яе твар гарэў ад сораму.
Дом знаходзіўся за тры кварталы ад месца іх сустрэчы. Дзяўчаты не адразу здагадаліся, што доктар Урбіна дамовіўся з вознікам, хутчэй за ўсё, так і было, бо пралётцы на дарогу спатрэбілася больш за паўгадзіны. Яны ехалі на галоўным сядзенні, а ён — насупраць, спінай да фурмана. Фэрміна адвярнулася да акенца і замкнулася ў сабе. Ільдэбранда, наадварот, была зачараваная, а доктар Урбіна — яшчэ больш, але ўжо тым, што яго прапанова была прынятая. Як толькі пралётка зрушылася з месца, Ільдэбранда ўлавіла цёплы пах натуральнае скуры сядзення, адчула ўтульнасць абіўкі інтэр’ера і сказала, што гэта зусім неблагое месца і тут можна было б заставацца жыць. Неўзабаве яны ўжо смяяліся, абменьваліся жартамі, як даўнія знаёмыя, і дайшлі да дзіцячай гульні — устаўлялі паміж кожным складам слова яшчэ адзін вызначаны склад, і так нібы размаўлялі на нейкай варварскай мове. Яны рабілі выгляд, нібыта мяркуюць, што Фэрміна не разумее іх, хоць ведалі, што яна не толькі разумее, але яшчэ і напружана прыслухоўваецца. Праз некаторы час яны насмяяліся, і Ільдэбранда прызналася, што больш не здольная цярпець пакуты ад старамодных чаравікаў.