Дагэтуль Флярэнтына Арыса ніколі не выязджаў са свайго горада. Ён узяў бляшаны куфар з вопраткай для ўмоў высакагор’я, раманы з ілюстрацыямі, што выходзілі з працягам штомесяц, і ён іх сам пераплятаў у цвёрдую вокладку, а таксама зборнікі вершаў пра каханне. Гэтыя зборнікі былі настолькі зачытаныя, што вось-вось маглі рассыпацца ў пыл. Ён пакінуў скрыпку, бо яна надта атаясамлівалася з ягоным горам. Маці змусіла яго ўзяць з сабою ношу са спальнымі рэчамі, што ўлучала падушку, прасціну, ацынкаваны тазік і вязаны полаг ад маскітаў, і ўсё гэта было загорнутае ў цыноўку з дзвюма вяроўкамі, каб павесіць, як гамак, у непрадбачаным выпадку. Флярэнтына Арыса не хацеў вазіцца з ношкай: думаў, што ўсё гэта ніяк не спатрэбіцца ў каюце з нармальным ложкам, аднак у першую ж ноч у думках падзякаваў маці за дзівосную інтуіцыю. Насамрэч у апошнюю хвіліну на борт карабля ўзняўся пасажыр у фраку, які прыбыў на золку з Еўропы, і яго суправаджаў асабіста губернатар правінцыі. Пасажыр пажадаў, не адкладваючы, працягнуць вандроўку з жонкай, дачкой, лёкаем у ліўрэі ды сямю куфрамі з залачонай абіўкай, якія з цяжкасцю праходзілі па вузкіх карабельных лесвіцах. Капітан, волат з Курасао, здолеў закрануць патрыятычныя пачуцці крэолаў, каб уладкаваць нечаканых гасцей. Флярэнтына Арысу ён патлумачыў на сумесі іспанскай і піджыну пап’ямэнта, што чалавек у фраку — новы паўнамоцны амбасадар з Англіі, які накіроўваецца ў сталіцу рэспублікі. Капітан нагадаў яму пра вырашальную ролю Злучанага Каралеўства ў справе здабычы незалежнасці ад іспанскага прыгнёту, і было відавочна, што ўсялякая ахвяра з боку патрыётаў будзе нішчымнай, толькі б годнае сямейства адчувала сябе ў нашым доме лепш, чым ва ўласным. Флярэнтына Арыса, вядома ж, адмовіўся ад свайго спальнага месца ў каюце.
Напачатку ён не шкадаваў пра гэта, бо рака пад тую пару года была шматводная, і карабель плыў без перашкодаў на працягу першых дзвюх начэй. Пасля вячэры, а шостай, матросы раздавалі пасажырам брызентавыя раскладушкі, і кожны ставіў сваю, дзе ўдавалася, слаў тое, што захапіў з дому, і ратаваўся полагам ад маскітаў. Раскладушак на ўсіх не хапала. У каго быў гамак, той вешаў яго ў салоне, а тыя, у каго нічога не было, начавалі на сталах у агульнай ядальні, ахінаючыся абрусамі, што мяняліся не больш, чым два разы за вандроўку. Флярэнтына Арыса большую частку ночы не спаў. Ён чуў пругкі пошум свежага рачнога брызу, і яму мроіўся голас Фэрміны Дасы, ён сілкаваў самоту ўспамінамі, чуў яе спевы ў подыху карабля, што рушыў скрозь туман крокамі вялізнага драпежніка, пакуль не з’яўляліся першыя ружовыя палосы на даляглядзе, і новы дзень раптам не выбухаў святлом над пустэльнымі пашамі і затуманенымі багнамі. Тады вандроўка здавалася яму яшчэ адным доказам мудрасці маці, ён адчуваў прыліў сіл і гатоўнасць неяк забыць мінулае.
Глыбакаводдзя хапіла на тры дні, далей навігацыя стала цяжкой праз пясчаныя мелі і ліхія віры, што ўзнікалі раптоўна. Рака замуцілася, усё больш звужалася, яе цясніла густая сэльва з вялізнымі дрэвамі, дзе толькі час ад часу трапляўся саламяны будан са складзенымі побач дровамі для карабельных катлоў. Тарабаршчына папугаяў і віскат нябачных малпаў нібы яшчэ больш павялічвалі паўдзённую спякоту. Але ўначы, калі трэба было спаць, карабель спынілі, і тады само жыццё здавалася нясцерпным катаваннем. Да спякоты і амерыканскіх маскітаў дадавалася выпрабаванне смуродам ад салёнага мяса, якое сушылася на парэнчах палубы. Бальшыня пасажыраў, і перадусім еўрапейцы, пакідалі смуродныя каюты і начамі шпацыравалі па адкрытай палубе, адганяючы розных інсектаў тымі ж ручнікамі, якімі выціралі няспынны пот, і на золку былі стомленыя ды апухлыя ад укусаў.
Апрача таго, у той год распачаўся яшчэ адзін эпізод бясконцай грамадзянскае вайны паміж лібераламі і кансерватарамі, і капітан прыняў суворыя меры засцярогі дзеля аховы парадку і бяспекі пасажыраў на караблі. Каб пазбегнуць памылак і правакацый, ён забараніў любімую ў вандроўках таго часу забаўку — стральбу па кайманах, што грэліся на сонцы на берагах ракі. Пазней, калі частка пасажыраў у выніку агульнай дыскусіі раздзялілася на два варожыя бакі, ён адабраў зброю ўва ўсіх і даў слова вярнуць яе напрыканцы вандроўкі. Ён быў непахісным нават у дачыненні да брытанскага амбасадара, які на золку другога дня з’явіўся на палубе ў вопратцы паляўнічага, узброены карабінам з аптычным прыцэлам і дубальтоўкай для палявання на тыграў. Абмежаванні сталі больш жорсткімі за портам Тэнэрыфэ, калі яны размінуліся з караблём пад жоўтым сцягам, які азначаў, што на борце былі хворыя на халеру. Капітан не атрымаў ніякай дадатковай інфармацыі, бо сустрэчны карабель не адказаў на ягоныя сігнальныя запыты. Але ў той жа дзень сустрэлі іншы карабель з грузам быдла для Ямайкі, і ягоны капітан перадаў, што на караблі пад халерным сцягам везлі двух хворых, а эпідэмія лютавала на ўчастку ракі, у які яны толькі ўвайшлі. Тады пасажырам забаранілі сыходзіць на бераг не толькі ў партах, але і ў бязлюдных мясцінах, куды яны падыходзілі загружацца дровамі. Так што за астатнія шэсць дзён вандроўкі пасажыры набылі турэмныя звычкі. Сярод іх — такую брыдкую, як разгляданне пакунка галандскіх парнаграфічных паштовак, што перадаваўся з рук у рукі. Ніхто не падазраваў нават, адкуль яны ўзяліся, хоць усе ветэраны навігацыі ведалі, што гэта была мізэрная частка з капітанавай калекцыі. Аднак гэтая забаўка, зрэшты, толькі падкрэслівала нуду.
Флярэнтына Арыса трываў цяжкасці вандроўкі з каменнай цярплівасцю, якая зазвычай прыводзіла ў адчай ягоную маці і раздражняла сяброў. За ўвесь шлях ён ні з кім не пагутарыў. Ён не нудзіўся, днямі седзячы каля парэнчаў палубы, скуль глядзеў на нерухомых кайманаў пад сонцам на беразе ракі, якія адкрывалі пашчу, каб лавіць матылькоў, бачыў чароды чапляў, якія раптам узляталі, зляканыя, над багнай, ламанцінаў, што кармілі сваіх малых вялізнымі цыцкамі і пужалі пасажыраў жаночым лямантам. За адзін дзень міма праплылі распухлыя і ззелянелыя рэшткі трох нябожчыкаў, на якіх сядзелі грыфы. Напачатку праплылі целы двух мужчынаў, адзін — без галавы, а пасля — рэшткі малое дзяўчынкі, ейныя валасы, бы медуза, калыхаліся ў кільватэрным струмені карабля. Як заўсёды, ніхто не ведаў, чые гэта ахвяры, халеры альбо вайны, але агідны смурод засціў нават Флярэнтынавы згадкі пра Фэрміну Дасу.
Заўсёды было так: усё, што б ні здарылася, добрае альбо дрэннае, было нейк звязанае з ёю. Уначы, калі карабель стаяў і бальшыня пасажыраў шпацыравала па палубах, ён перачытваў раманы пад святлом адзінай карбіднай лямпы, якая гарэла ў ядальні ажно да золку. І столькі разоў выпакутаваныя ім у думках драмы набывалі своеасаблівую чароўнасць, калі ён падмяняў прыдуманых аўтарам персанажаў знаёмымі з яго сапраўднага жыцця ды пакідаў за сабою і Фэрмінай Дасай ролі змагароў за каханне. Часам уначы ён пісаў ёй лісты адчаю, а потым ірваў іх і кідаў абрыўкі ў ваду, якая бясконца цякла ў бок горада, дзе яна засталася. Вось так ён пакутаваў у самыя жорсткія хвіліны — у абліччы засмучанага прынца альбо закаханага паладзіна, а часам — ва ўласнай скуры, абваранай кіпнем яе абыякавасці, пакуль не ўздымаўся першы перадзолкавы брыз, — тады ён сядаў у крэсла каля парэнчаў палубы і драмаў.
Аднойчы ўначы ён перарваў чытанне раней, чым заўсёды, і рассеяна накіраваўся да прыбіральні паўз пустую ядальню, калі наперадзе раптам адчыніліся дзверы, чыясьці рука каршуком схапіла яго за рукаў кашулі, уцягнула ў каюту і зачыніла дзверы. У цемры ён ледзь паспеў адчуць голае цела. Жанчына няпэўных гадоў, моцна дыхаючы, нечакана кінула яго на ложак, адпусціла яму пас, расшпіліла ўсе гузікі, легла над ім, нібыта распятая, і бясслаўна пазбавіла яго цнатлівасці. Яны абое абрынуліся ў бездань, дзе, як на беразе мора, пахла крэветкамі. Яна крыху паляжала на ім, спрабуючы аддыхацца, і растварылася ў цемры.
— А зараз ідзіце і забудзьцеся на мяне, — сказала яна, — тут нічога не было.
Штурм быў такім імгненным і пераможным, што яго нельга было разумець як праяву раптоўнага шаленства ад нуды, гэта быў плён прадуманага да драбязы плана. Ухвальная ўпэўненасць распаліла ненажэрнае хваляванне Флярэнтына Арысы, які зрабіў важнае адкрыццё на вяршыні асалоды і не мог паверыць, адмаўляўся нават усвядоміць, што ілюзорнае каханне да Фэрміны Дасы магло быць замененае зямной жарсцю. Вось тады ён пажадаў зняць покрыў таямніцы і знайсці жанчыну, якая па-майстэрску згвалціла яго, у чыім інстынкце пантэры ён, магчыма, знайшоў бы сродак ад няшчасця. Але яму гэтага не ўдавалася. Наадварот, чым больш ён паглыбляў вышук, тым далей адчуваў сябе ад ісціны.