Вось такім нявінным чынам Флярэнтына Арыса пачаў патаемнае жыццё самотнага паляўнічага. А сёмай раніцы ён ужо сядаў на лаўцы ў скверыку пад мігдалавым дрэвам і рабіў выгляд, нібыта чытае зборнік вершаў, пакуль не з’яўлялася непрыступная дзяўчына ў школьнай форме з сінімі палоскамі, у панчохах на гумачцы да каленяў, у строгіх чаравіках, зашнураваных крыж-накрыж, з цяжкою касой, звязанай сціплаю стужкай, — каса спадала па спіне да самае таліі. Ішла яна ганарліва, што выглядала зусім натуральна, з прыўзнятай галавой і нерухомым позіркам, вастраносая, са школьным партфелем, прыціснутым да грудзей скрыжаванымі рукамі, ішла хадою газелі, нібы не падначаленая сіле гравітацыі. Цётка ў бурай вопратцы з францішканскім паясным шнурком ледзь паспявала за ёю, і прысутнасць цёткі выключала магчымасць падысці да дзяўчыны. Флярэнтына Арыса назіраў, як яны ішлі і вярталіся чатыры разы на дзень ды яшчэ раз у нядзелю пасля імшы, і пакуль што яму было дастаткова толькі назіраць за дзяўчынай. Паступова ён стаў ідэалізаваць яе, прыпісваючы ёй неверагодныя дабрадзейнасці, уяўныя пачуцці, і праз два тыдні ўсе ягоныя думкі былі толькі пра яе. Ён вырашыў даслаць каханай просты допіс — адзін аркуш, запоўнены з абодвух бакоў каліграфічным пісарскім почыркам. Аднак некалькі дзён допіс заставаўся ў кішэні, бо ён абдумваў, як яго перадаць, а пакуль тое, дапісаў яшчэ колькі старонак перад сном, і такім чынам першапачатковы допіс ператварыўся ў слоўнік кампліментаў, на якія яго натхнялі кнігі, завучаныя на памяць, — гэтулькі разоў ён іх перачытаў, чакаючы яе ў скверыку.
Прыкідваючы, як перадаць ліст, Флярэнтына Арыса паспрабаваў пазнаёміцца з іншымі дзяўчатамі з яе школы, але яны былі надта далёкія ад яго свету. Апрача таго, пасля шпацыраў з імі яму здалося неразумным дзяліцца з кімсьці сваімі памкненнямі. Аднак ён дазнаўся, што праз некалькі дзён пасля прыезду Фэрміну Дасу запрасілі на суботні баль, але бацька забараніў ёй ісці даволі рэзка: «На ўсё свой час». Ліст ужо займаў шэсцьдзесят з нечым старонак, калі Флярэнтына Арыса больш не здолеў супраціўляцца ціску ўласнае таямніцы і без астачы адкрыўся маці, адзінаму чалавеку, з якім зрэдчас дазваляў сабе хоць якую шчырасць. Трансыта Арыса расхвалявалася да слёз ад наіўнасці сына ў любоўных справах і паспрабавала накіраваць яго святлом свайго ўласнага досведу. Перадусім яна пераканала сына не ўручаць каханай стоса лірычных паперак, бо так можна спудзіць дзяўчыну ягонае мары: тая магла быць такой жа недасведчанай у амурных справах, як і яе сын. Перш за ўсё, сказала Трансыта Арыса, трэба даць ёй зразумець, што ён цікавіцца ёю, тады прызнанне не заспее яе знянацку, у яе будзе час падумаць.
— Але галоўнае, — тлумачыла маці, — ты мусіш заваяваць спачатку не яе, а цётку.
Парады, безумоўна, былі мудрымі, але, на жаль, запозненымі, бо менавіта ў той дзень, калі Фэрміна Даса адарвалася ад чытання і ўзняла вочы, каб паглядзець, хто праходзіць пад скляпеннямі галерэі, Флярэнтына Арыса ўразіў яе сваёй аўрай безабароннасці. Увечары, падчас вячэры, бацька гаварыў пра тэлеграму, і такім чынам яна дазналася, навошта прыходзіў Флярэнтына Арыса ў дом і якая ў яго прафесія. Гэта падштурхнула яе цікавасць, бо для яе, як і для многіх людзей таго часу, вынаходніцтва тэлеграфа мела пэўную сувязь з магіяй. Так што яна пазнала яго, угледзеўшы ў скверыку, калі ён нібыта чытаў пад ценем мігдалавага дрэва, аднак і знаку не падала, пакуль цётка не заўважыла, што ён тырчыць на адным месцы ўжо не першы тыдзень. Пазней, калі яны ўбачылі яго і пасля нядзельнай імшы, цётка канчаткова пераканалася ў тым, што такія частыя сустрэчы не могуць быць выпадковымі. І сказала пляменніцы: «Не дзеля мяне ён гэтак выпінаецца». Нягледзячы на суворыя паводзіны і манаскую вопратку, цётка Эскалястыка Даса адчувала ў сабе лішку жыццёвае моцы і пакліканне да саўдзелу, што былі яе найлепшыя якасці. Адна думка пра тое, што мужчына праяўляе зацікаўленасць пляменніцай, выклікала ў яе буру пачуццяў. Аднак Фэрміна Даса была яшчэ далёкая нават ад простай цікаўнасці да праяў кахання, і Флярэнтына Арыса адно абудзіў пэўнае шкадаванне — ёй здавалася, што ён хворы. Але цётка патлумачыла, што трэба жыць і жыць, каб спасцігнуць сапраўдную сутнасць мужчыны, і што яна не сумняецца: ён прыходзіць у скверык, каб пабачыць яе, і дыягназ у яго адзін — каханне.
Цётка Эскалястыка была крыніцаю разуменне й пяшчоты для самотнай дзяўчыны, чые бацькі пражылі разам без любові. Цётка гадавала дзяўчыну са дня смерці маці, а ў дачыненні да свайго брата Лярэнса паводзілася, хутчэй, як старэйшая сяброўка, чым сястра. Так што зяўленне Флярэнтына Арысы сталася для іх адной з тых патаемных забаў, якія яны прыдумлялі, каб аздобіць жыццё застылага ў часе дома. Чатыры разы ў дзень, праходзячы ўздоўж Евангельскага скверыка, яны неўпрыкмет кідалі позірк у бок бледнага і сціплага, каб не сказаць вартага жалю, вартаўніка кахання, які амаль заўжды быў у чорным строі, нягледзячы на спякоту, і засяроджана рабіў выгляд, што чытае. «Вунь ён», — гаварыла тая з іх, якая заўважала яго першай, і тады яны душыліся са смеху. А ён уздымаў вочы і бачыў дзвюх суворых асоб, далёкіх ад ягонага жыцця, — яны рушылі ўздоўж скверыка, нібы не заўважаючы яго.
— Ах ты, гаротнік, — сказала аднойчы цётка. — Ён не адважваецца падысці, бо з табою я, але прыйдзе дзень і, калі ў яго сур’ёзныя намеры, дык ён неяк перадасць табе ліст.
Цётка прадбачыла мажлівыя перашкоды і навучыла дзяўчыну патаемнай сувязі на мове жэстаў — незаменнаму сродку для забароненага кахання. Нечаканую цётчыну гарэзлівасць, што межавала з дзяцінасцю, Фэрміна Даса ўспрымала цікаўна, усё было ёй у навіну, але яна ніколі не падумала б, што за колькі месяцаў гульня зойдзе так далёка. Яна і не заўважыла, як забава ператварылася ў жарсную патрэбу, кроў пенілася ад прагі яго ўбачыць, а аднойчы ўначы дзяўчына прачнулася пераляканая: ёй прымроілася, што ён стаіць у цемры каля ложка і разглядае яе. Тады яна ўсёй душой пажадала, каб цётчыны прагнозы спраўдзіліся, і ў сваіх малітвах прасіла Бога даць юнаку смеласці, каб ён перадаў ёй ліст, — толькі б дазнацца, што там напісана.
Аднак ейная просьба не была пачутая. Якраз наадварот. Гэтак супала, што Флярэнтына Арыса якраз адкрыўся маці, і яна ўгаворвала яго пакінуць пры сабе семдзесят старонак з прызнаннямі і кампліментамі. Карацей кажучы, Фэрміна Даса чакала да канца года. Само чаканне давяло яе да адчаю: набліжаліся снежаньскія вакацыі, і яна ўзрушана пыталася ў сябе, што рабіць, каб бачыць яго і каб ён яе бачыў на працягу трохмесячных школьных вакацый. Сумневы грызлі яе да самае ночы перад Раством, калі яна задрыжэла ад прадчування, што ён побач, у натоўпе вернікаў, якія сабраліся ў кафедральным саборы, і не зводзіць з яе вачэй, — вось тады трывожна ды няўрымсліва забілася сэрца. Яна не адважылася павярнуць голаў, бо сядзела паміж бацькам і цёткай, ёй давялося трымаць сябе ў руках, каб родныя не заўважылі, што з ёй адбываецца. Але ў натоўпе каля выхаду з храма яна адчула яго прысутнасць так блізка, што непераадольная сіла змусіла зірнуць цераз плячо, калі яны выходзілі з храма праз цэнтральны выхад, і тады ў дзвюх пядзях ад сябе пабачыла зледзянелыя вочы, бледны твар і скамянелыя ад жаху й кахання вусны. З перапуду за ўласную дзёрзкасць яна схапілася за руку цёткі Эскалястыкі, каб не ўпасці, а цётка ўлавіла, што рука пляменніцы схаладнела і праз карункавыя пульсэткі прыдала ёй смеласці ледзь прыкметным знакам саўдзелу. Сярод выбухаў петардаў і барабаннага дробату, сярод бляску каляровых ліхтарыкаў над кожнымі дзвярыма і гулу натоўпу людзей, што прагнулі міру, Флярэнтына Арыса бадзяўся да золку, бы самнамбула, і бачыў свята скрозь слёзы, агаломшаны шалёнай думкай пра тое, што менавіта ён, а не Бог, нарадзіўся той ноччу.
Шаленства разгарэлася яшчэ мацней на наступным тыдні падчас сіесты, калі без асаблівай надзеі ён падыходзіў да дома Фэрміны Дасы і ўгледзеў, што яна з цёткай сядзіць пад мігдалавым дрэвам каля ўвахода ў дом. Гэта быў паўтор над адкрытым небам карціны, якую ён бачыў аднойчы днём у пакоі для шытва: дзяўчына вучыла цётку чытаць. Але Фэрміна Даса без школьнае формы выглядала інакш: яна была ў ільняной сукенцы з мноствам складак, якія збягалі з плячэй і нагадвалі грэцкі хітон, а галоўку ўпрыгожваў вянок са свежых гардэній, які надаваў ёй выгляд каранаванай багіні. Флярэнтына Арыса сеў на сваёй заўсёднай лаўцы ў скверыку, у полі ейнага зроку, і на гэты раз не стаў удаваць, нібыта зачытаўся, а паклаў на калені раскрытую кніжку і глядзеў на дзяўчыну сваёй мары, якая не адказала яму ніводным літасцівым позіркам.