Дом быў ва ўладзе смерці. Каштоўныя рэчы прыбралі ў надзейнае месца, і на голых сценах можна было ўбачыць сляды ад знятых карцін. Крэслы — свае і пазычаныя ад суседзяў — стаялі ўздоўж сцен ад залы да спальні, і пустыя месцы здаваліся велізарнымі, а галасы гучалі прывідна, бо грувасткую мэблю таксама павыносілі, толькі раяль застаўся ў сваім куце пад белым покрывам. У цэнтры кабінета-бібліятэкі, на бацькоўскім пісьмовым стале, яшчэ без труны, ляжала цела таго, хто яшчэ нядаўна быў Хувэналем Урбіна дэ ля Калье, з застылым выразам апошняга жаху на твары, у чорным плашчы і з баявой шпагай кавалера Ордэна Труны Гасподняй. Побач, у глыбокай жалобе, трапяткая, але цалкам валодаючы сабой, Фэрміна Даса прымала спачуванні без драматызму, нават без лішніх рухаў да адзінаццатай раніцы наступнага дня, калі развіталася з мужам, махнуўшы з порціку хусткай.
Няпроста было ёй узяць сябе ў рукі з таго моманту, як яна пачула кліч Дыгны Парда ў двары, і ўбачыла так любага ёй старога чалавека пры смерці ў мешаніне ліпкае гразі. Першай рэакцыяй была надзея, бо ягоныя вочы былі расплюшчанымі і выпраменьвалі такое святло, як ніколі ў жыцці. Яна прасіла Бога даць ёй хоць імгненне, каб ён не сышоў без упэўненасці ў тым, што яна кахала яго, нягледзячы на прыкрыя сумневы, і адчула нястрымнае жаданне наладзіць сумеснае жыццё наноў, каб яны маглі сказаць тое, чаго не здолелі сказаць адзін аднаму, і каб маглі перарабіць тое, што не атрымалася раней. Аднак ёй давялося скарыцца перад непазбежнасцю смерці. Ейнае гора ператварылася ў сляпую злосць да ўсяго свету і нават да сябе, і гэта надало ёй сілу і мужнасць для сустрэчы з адзінотай сам-насам. З таго моманту яна не ведала ні хвілі спакою, але засцерагалася, каб які-кольвечы жэст не зразумелі як праяву паказнога гора. Толькі аднойчы, далібог міжволі, дапусціла яна патэтычную ноту, і гэта здарылася ў нядзелю аб адзінаццатай ночы, калі прывезлі біскупскую труну, якая пахла гонкім кедрам, з меднымі ручкамі і шаўковай, сцёганай абіўкай. Доктар Урбіна Даса адразу загадаў зачыніць труну, бо ў доме не было чым дыхаць з-за водару безлічы кветак у невыноснай спякоце, да таго ж яму падалося, што на бацькавай шыі праступілі першыя цёмна-лілейныя плямы. Хтосьці разгублена сказаў у цішы: «У такім веку чалавек і жывы напалову згнівае». І вось тады, перад тым, як зачынілі труну, Фэрміна Даса зняла шлюбны пярсцёнак і надзела яго нябожчыку мужу, затым прыкрыла яго руку сваёй, як рабіла заўсёды, калі бачыла, што ён паглыбляецца ў летуценні на людзях.
— Хутка пабачымся, — вымавіла яна.
Флярэнтына Арыса, нябачны ў натоўпе выбітных асоб, адчуў, нібыта яму працялі бок шпагаю. Фэрміна Даса не заўважыла яго ў мітусні першых спачуванняў, хоць ніхто так, як ён, не заставаўся ў доме практычна да канца і не быў гэтак карысным у клопатах цяжкой ночы. Менавіта ён навёў парадак на кухні, каб кавы хапала ўсім. Ён дастаў крэслы, калі не стала хапаць нават суседскіх, і падказаў ставіць да сцяны двара вянкі, бо ў доме яны ўжо не змяшчаліся. Дзякуючы яму хапіла брэндзі для гасцей доктара Лясыдэса Алівэллі, якія, даведаўшыся пра трагедыю падчас яго срэбнага юбілею, адразу прыехалі, так бы мовіць, на працяг, пасеўшы ўкола мангавага дрэва. Ён адзіны своечасова зрэагаваў, калі папугай-уцякач з’явіўся апоўначы ў ядальні з узнятай галавой і раскінутымі крыламі, ад чаго ўсе прысутныя здранцвелі, бо з’яўленне папугая нагадвала абрад пакаяння. Флярэнтына Арыса схапіў яго за глотку, не даўшы яму часу выкрыкнуць якое глупства, і ў клетцы пад покрывам вынес у стайню. Ён усё зрабіў настолькі дыхтоўна і талкова, што нікому не прыйшло да галавы падумаць, нібыта гэта ўмяшальніцтва ў чужыя справы, — наадварот, людзі ўспрынялі яго паводзіны як бясцэнную дапамогу ў гадзіну сямейнага гора.
Флярэнтына Арыса быў такім, якім здаваўся: сур’ёзным і паслужлівым старым. Ён быў хударлявы, але не ссутулены, са скурай смуглявай і безвалосай, прагныя вочы пазіралі скрозь круглыя акуляры ў асадзе з белага металу, а рамантычныя вусы з напамаджанымі канцамі здаваліся трохі старамоднымі. Апошнія пасмы валасоў ён прычэсваў ззаду і ўкладваў лакам пасярэдзіне бліскучага чэрапа — адзінае мажлівае вырашэнне пры поўнай аблыселасці. Яго прыроджаная ветлівасць і разняволеныя манеры скаралі адразу, але, як у заўзятага халасцяка, адначасова выглядалі падазрона. Ён выдаткаваў шмат грошай, хітрамудрасці і сілы волі, каб не так заўважаліся ягоныя семдзесят шэсць гадоў, якія ён адзначыў у сакавіку, і быў упэўнены ў тым, што сам-насам са сваёй душою ён кахаў моўчкі і нашмат мацней, чым хто-кольвек на белым свеце.
У ноч развітання з доктарам Урбіна ён быў у тым жа, у чым яго заспела сумная вестка і, дарэчы, як заўсёды, нягледзячы на чэрвеньскую спёку: у тройцы з цёмнай тканіны, з шаўковым бантам замест гальштука, з цэлюлоідным каўнерыкам, у пільсцёвым капелюшы і з парасонам з чорнага атласу, які служыў яму адначасна і кіем. Але на золку ён на пару гадзін знік з жалобнага дому, а з першымі промнямі сонца, свежы, старанна паголены, вярнуўся, прынёсшы з сабою водар ласьёну. Ён пераапрануўся ў чорны старамодны сурдут, які апраналі хіба што на хаўтуры альбо да імшы перадвелікоднага тыдня; строй завяршаў цвёрды каўнерык са стужкай, якую насілі мастакі замест гальштука, і лёгкі капялюш. Ён зноўку прыйшоў з парасонам, на гэты раз не толькі па завядзёнцы, але й таму, што быў упэўнены: да дванаццатай пройдзе дождж, пра што сказаў доктару Урбіна Дасу на выпадак, калі той надумае перанесці хаўтуры на больш ранні час. І сапраўды, доктар Урбіна Даса паспрабаваў гэта зрабіць, бо Флярэнтына Арыса належаў да сямейства карабельнікаў і сам з’яўляўся прэзідэнтам Карыбскай параходнай кампаніі, а гэта дазваляла меркаваць, што ён разбіраецца ў капрызах надвор’я. Але доктар Урбіна Даса не здолеў узгадніць змены своечасова, бо напярэдадні прадстаўнікі цывільных і вайсковых уладаў, грамадскіх і прыватных устаноў, вучэльняў і рэлігійных супольнасцяў, вайсковы духавы аркестр і аркестр Школы мастацтваў былі запрошаныя да адзінаццатай, так што пахавальная працэсія, што мела ўвайсці ў гісторыю, была разагнаная жудаснай навальніцай. Толькі некаторыя з іх дахлюпалі па гразі да фамільнага склепа, побач з якім ад каланіяльных часоў расла сэйба, галіны якой раскінуліся па-над мурамі цвінтара. У ценю гэтай самай сэйбы, але за сцяной, на дзялянцы для самагубцаў, карыбскія ўцекачы напярэдадні пахавалі Ерэмію дэ Сэнт-Амура разам з ягоным сабакам, адпаведна апошняй волі нябожчыка.
Флярэнтына Арыса быў сярод тых, хто дайшоў да склепа і адбыў да самага канца пахавання. Ён прамок да сподняга і паспяшаўся дадому, баючыся захварэць на пнеўманію пасля столькіх гадоў выключнай перасцярогі і празмернай прафілактыкі. Ён загадаў, каб яму зрабілі гарачага ліманаду з брэндзі, выпіў шклянку з дзвюма пілюлямі фенаспірыну, лёг і доўга пацеў, захутаны ў коўдру з воўны, пакуль цела не прыйшло ў норму. Вярнуўшыся на хаўтуры, ён ужо пачуваўся вельмі добра. Фэрміна Даса зноў узяла ў свае рукі ўладныя лейцы, дом ужо быў прыбраны да прыёму людзей. У чырвоным покуце кабінета яна паставіла пастэльны партрэт нябожчыка мужа з жалобнай стужкай на рамцы. А восьмай увечары набілася шмат людзей, і было спякотна, як напярэдадні, але адразу пасля малітвы за спачын душы хтосьці запусціў шэптам просьбу не затрымлівацца доўга, маўляў, няхай удава адпачне першы раз пасля ліхой хвілі.
Фэрміна Даса развітвалася з бальшынёю гасцей, стоячы каля покуці, але апошнюю групу блізкіх сяброў праводзіла да дзвярэй, каб зачыніць за імі, як яна рабіла заўсёды. Яна ўжо збіралася гэта зрабіць, калі заўважыла: Флярэнтына Арыса ў жалобе стаяў сярод ужо пустой залы. Яна нават узрадавалася: шмат гадоў таму яна выкрасліла гэтага чалавека са свайго жыцця, і цяпер, калі адбылося ачышчэнне часам, упершыню толкам бачыла яго. Але яшчэ да таго, як яна паспела вымавіць словы ўдзячнасці, ён з трымценнем і годнасцю прыклаў капялюш да сэрца і выціснуў нарыў, з якім пражыў амаль усё жыццё.
— Фэрміна, — сказаў ён, — я чакаў выпадку больш за паўстагоддзя, каб зноў паўтарыць клятву вечнай адданасці і кахання. Фэрміна Даса магла б вырашыць, што перад ёю — вар’ят, калі б не мела падстаў думаць, што ў гэтае імгненне ім кіраваў Святы Дух. Адразу ўзнікла жаданне кінуць яму праклён за блюзнерства: гэта ж трэба сказаць такое, калі нябожчык муж яшчэ не паспеў астыць у труне. Але гэтаму супраціўлялася годнасць, якую яна захоўвала ў хвіліны шаленства. «Прэч адсюль, — сказала Фэрміна. — І ніколі болей да самае магілы не лезь мне ў вочы». Яна адчыніла дзверы насцеж і дадала: