— Толькі Бог ведае, як я цябе кахаў!
Гэтая смерць засталася ў памяці люду, і небеспадстаўна. Толькі скончыўшы сваю спецыялізацыю ў Францыі, доктар Хувэналь Урбіна стаў вядомым у краіне тым, што своечасова спыніў апошнюю эпідэмію халеры, якая ўспыхнула ў правінцыі, спыніў новымі і рашучымі метадамі. Папярэдняя эпідэмія, якая надарылася, калі ён яшчэ быў у Еўропе, скасіла чвэрць гарадскога насельніцтва менш чым за тры месяцы, смерць забрала нават ягонага бацьку, таксама вельмі паважанага лекара. Карыстаючыся набытай павагай і тым, што ён удала ўклаў сямейныя сродкі, доктар заснаваў Медыцынскае таварыства, першае і адзінае ў прыбярэжных правінцыях на працягу многіх гадоў, і стаўся ягоным пажыццёвым старшынёй. Ён дамогся, каб збудавалі першы водаправод, першую каналізацыйную сістэму і крыты гарадскі рынак, што дазволіла палепшыць стан смуроднае бухты Прывідаў. Апрача таго, ён быў прэзідэнтам Моўнай і Гістарычнай акадэмій. Рымска-каталіцкі патрыярх Ерусаліма ўганараваў яго тытулам кавалера Ордэна Труны Гасподняй за ягоныя заслугі перад касцёлам, а ўрад Францыі надаў яму Ордэн Ганаровага Легіёна і прысвоіў ступень камандора. Ён быў душою ўсіх рэлігійных і грамадскіх таварыстваў, якія існавалі ў горадзе, і асабліва — Патрыятычнага аб’яднання, куды ўваходзілі ўплывовыя грамадзяне без пэўных палітычных інтарэсаў, якія рабілі ціск на ўрад і на мясцовых камерсантаў прагрэсіўнымі ініцыятывамі, вельмі смелымі для тых часоў. Сярод іх яшчэ сёння прыгадваюць спробу выкарыстаць для горада паветраны шар, які ў першым сваім урачыстым палёце павёз ліст у Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенага, нашмат раней, чым людзі пачалі думаць пра рэальныя перавагі авіяпошты. Іншымі ініцыятывамі сталіся стварэнне Цэнтра мастацтваў, які пазней арганізаваў Школу мастацтваў у тым будынку, дзе яна існуе і сёння, і ладжанне штогадовых красавіцкіх паэтычных чытанняў.
Толькі ён дасягнуў таго, што здавалася немагчымым на працягу стагоддзя: рэстаўрацыі Тэатра камедыі, які з часоў калоніі ператварыўся ў арэну пеўневых баёў і гадавальнік для байцовых пеўняў. Гэта была кульмінацыя каласальнай грамадскай кампаніі, у шэрагі якой былі ўцягнутыя ўсе пласты насельніцтва без выключэння. Удзельнікаў кампаніі было дужа багата, і многія ўважалі, што ейная мэта мелася б быць больш годнай. Але ўсё ж новы Тэатр камедыі быў адкрыты, хоць яшчэ не было ні крэслаў, ні лямпаў, і гледачы мусілі прыносіць самі, на чым сядзець і чым асвятляць залу ў антрактах. Быў уведзены этыкет, уласцівы вялікім прэм’ерам Еўропы, — дамы дэманстравалі пад карыбскай спякотай доўгія вечаровыя строі і футры ад найлепшых кушняроў. Праўда, спатрэбіўся дазвол на ўваход прыслузе: хтосьці ж мусіў несці крэслы, лямпы і ўсялякую ежу, інакш як вытрываць бясконцыя п’есы — аднойчы праграма зацягнулася да ранішняе імшы. Сезон адкрыла французская оперная трупа, якая здзівіла публіку навінкай у аркестры — арфай. Слыннасць трупы трымалася на бездакорна чыстым сапрана і драматычным таленце турчанкі, якая спявала басанож, і на кожным пальцы ейных ног ззялі пярсцёнкі з каштоўнымі камянямі. Ужо ў першым акце сцэну было ледзь відаць, а ў спевакоў прападаў голас з-за дыму ад шматлікіх лямпаў на алеі дзікае пальмы кароса. Але гарадскія хранікёры ніякім чынам не згадалі гэтай дробнай непрыемнасці, затое дэталёва распісалі самае векапомнае. Безумоўна, тое была самая заразлівая ініцыятыва доктара Урбіна, бо на оперную ліхаманку нечакана захварэлі самыя шырокія пласты насельнікаў горада — так узнікла цэлае пакаленне Ізольдаў і Атэлаў, Аідаў і Зігфрыдаў. Аднак ніколі не даходзіла да скрайнасцяў, пра якія марыў доктар Урбіна: яму так і не давялося ўбачыць, як прыхільнікі італьянскай опернай традыцыі біліся б кіямі ў антрактах з аматарамі вагнераўскага стылю.
Доктар Хувэналь Урбіна ніколі не займаў афіцыйных пасад, якія прапаноўвалі яму даволі часта і без якіх-кольвек умоў, і бязлітасна крытыкаваў лекараў, што выкарыстоўвалі свой аўтарытэт дзеля палітычнай кар’еры. Хоць яго лічылі лібералам, і на выбарах ён галасаваў за іх партыю, рабіў ён гэта, хутчэй, па звычцы, чым з перакананняў, і, верагодна, быў адзіным нашчадкам вялікага роду, які дасюль кленчыў, калі бачыў парадную карэту арцыбіскупа. Ён лічыў сябе прыроджаным пацыфістам, прыхільнікам канчатковага замірэння лібералаў і кансерватараў на карысць радзіме. Але ягоная грамадзянская пазіцыя была такой незалежнай, што ніхто не прымаў яго за паплечніка: лібералы запісалі доктара Урбіна да пячорных арыстакратаў, кансерватары казалі, што яму і да масона недалёка, а масоны пагарджалі ім як патаемным клерыкалам, які перадусім служыў Святому Прастолу. Менш крыважэрныя крытыкі меркавалі, што ён усяго толькі зачараваны Паэтычнымі спаборніцтвамі арыстакрат, які не заўважае, што нацыя патанае ў крыві бясконцай грамадзянскай вайны.
Толькі два ўчынкі не вязаліся з гэтым вобразам. Першым быў пераезд у новы дом квартала нуварышаў са старажытнага палаца маркіза Касальдуэра, дзе больш за стагоддзе жыў ягоны род. Другім быў шлюб з мясцовай прыгажуняй без імя і маёмасці, з якой употайкі смяяліся дамы з доўгімі прозвішчамі[10], пакуль насуперак амбітнасці не ўпэўніліся, што яна была ў сем разоў вышэйшай за іх годнасцю і характарам. Доктар Урбіна заўжды меў на ўвазе гэтыя ды іншыя заганы свайго грамадскага аблічча, і ніхто так, як ён, не ўсведамляў, што застаўся апошнім дзейным нашчадкам згасаючага роду. Ягоныя дзеці былі толькі бляклым тупіком. Марка Аўрэліё, ягоны сын, таксама лекар, як бацька і ўсе першынцы кожнага пакалення, не зрабіў за пяцьдзясят гадоў жыцця нічога вартага — нават сына. Адзіная дачка Афэлія пайшла за працавітага банкаўскага клерка з Нью-Арлеана і да клімаксу нарадзіла трох дачок і ніводнага сына. Аднак, нягледзячы на шкадаванне, што яго кроў не будзе сілкаваць хаду гісторыі, смерць больш за ўсё трывожыла доктара Урбіна тым, што Фэрміне Дасе давядзецца жыць у самоце.
Так ці інакш, трагічнае здарэнне скаланула не толькі блізкіх, але перадалося і на просты люд, што выходзіў на вуліцу, спадзеючыся ўбачыць хоць водбліск вялікасці паважнага нябожчыка. Была абвешчаная трохдзённая жалоба, дзяржаўныя ўстановы прыспусцілі сцягі, званы ўсіх храмаў званілі, пакуль не зачынілі грабніцу ў сямейным склепе. Майстры са Школы мастацтваў знялі пасмяротную маску, якая мусіла служыць формай для бюста ў натуральную велічыню, але ад праекта адмовіліся, ніхто не палічыў годным памяці нябожчыка той жах апошняга імгнення, які адбіў злепак. Знакаміты мастак, які выпадкова знаходзіўся ў горадзе праездам у Еўропу, напісаў вялікае палатно, поўнае патэтычнага рэалізму, дзе паказаў доктара Урбіна на лесвіцы ў наканаваны момант, калі ён працягнуў руку, каб злавіць папугая. Адзінае адхіленне мастака ад жорсткае праўды здарэння было ў тым, што ён напісаў яго не ў кашулі без устаўнога каўнерыка і са шлейкамі ў зялёную палоску, а ў капелюшы і чорным сурдуце, як на партрэце, што змясцілі газеты часоў эпідэміі халеры. Праз колькі месяцаў пасля трагедыі, каб людзі маглі пабачыць твор, карціну выставілі ў «Залатым дроце», прасторнай галерэі, дзе гандлявалі імпартнымі таварамі і праз якую праходзіў увесь горад. Затым карціна была паказаная ва ўсіх дзяржаўных і прыватных установах, якія лічылі сваім абавязкам схіліцца перад памяццю слыннага суайчынніка, і нарэшце на ўгодкі павесілі ў Школе мастацваў, адкуль шмат гадоў пазней студэнты жывапісу знялі яе, каб спаліць на ўніверсітэцкім пляцы як сімвал агіднай эстэтыкі і ненавісных часоў.
З першага моманту стала відавочным, што ўдава Фэрміна Даса не бездапаможная істота, як баяўся памерлы муж. Яна была рашуча настроеная не дазваляць аніякім чынам выкарыстоўваць труп ейнага мужа, пагрэбаваўшы нават ганаровай тэлеграмай прэзідэнта рэспублікі, які загадаў ушанаваць нябожчыка і наладзіць доступ да цела ў актавай зале правінцыяльнага ўрада. З такой жа годнасцю адмовілася яна ад таго, каб штось падобнае адбылося ў кафедральным саборы, як прасіў яе асабіста арцыбіскуп, і толькі дазволіла ненадоўга прывезці нябожчыка ў сабор для адпявання. Нават на просьбы агаломшанага рознымі прапановамі сына Фэрміна Даса адказвала стойкасцю і сялянскім перакананнем, што мёртвы не належаць нікому, акрамя ўласнай сям’і, і развітвацца з ім будуць дома, п’ючы каву з хатнім пірагом і маючы поўную свабоду аплакваць яго, каму як заўгодна. Традыцыйныя дзевяць дзён жалобы яна не ладзіла: дзверы зачыніліся пасля пахавання і адчыняліся толькі перад самымі блізкімі.