Спадарыня Алівэлля турбавалася з-за жахлівае спякоты і абышла ўвесь дом, просячы напрамілы Бог, каб мужчыны знялі пінжакі за сталом, але ніхто не асмельваўся падаць прыклад. Арцыбіскуп звярнуўся да доктара Урбіна і заўважыў, што ў пэўным сэнсе гэта быў абед гістарычны: упершыню за адным сталом сядзелі супрацьлеглыя бакі, якія ў бясконцай грамадзянскай вайне пралівалі кроў у краіне з часоў абвяшчэння незалежнасці, і абед нібыта даказваў, што раны зацягнуліся і крыўды развеяліся. Гэтая думка супала з энтузіязмам лібералаў, перадусім маладых, якія дамагліся абрання свайго прэзідэнта пасля сарака пяці гадоў гегемоніі кансерватараў. Але доктар Урбіна не быў згодны: прэзідэнт-ліберал здаваўся яму нічым не адрозным ад прэзідэнта-кансерватара, хіба што ліберал горш апранаўся. Аднак ён не стаў пярэчыць арцыбіскупу, хоць яго й падмывала заўважыць, што ніхто не быў запрошаны на абед з-за перакананняў, а выключна з прычыны прыналежнасці да слынных родаў, што заўсёды было вышэй за нязгоды палітыкі і жахі вайны. З гэтага пункту гледжання, сапраўды, ні на каго не забыліся.
Навальніца прайшла, як і пачалася, раптоўна, і тут жа ў чыстым небе заззяла сонца, але бура была такой суворай, што павырывала з карэннем дрэвы, а рачулка разлілася па двары і ператварыла яго ў сапраўднае балота. Найбольшая бяда напаткала кухню. Дзеля свята адмыслова абклалі цаглінамі некалькі вогнішчаў за домам, пад адкрытым небам, і кухары ледзь паспелі ўратаваць катлы ад дажджу. Яны згубілі каштоўны час, вычарэпваючы ваду на кухні і хуценька ладзячы новыя вогнішчы ў галерэі ззаду. Але а першай выйшлі з бядотнага становішча, не ставала толькі дэсерту — яго замовілі ў мнішак кляштара Святой Клары, і яны абяцалі прыслаць усё не пазней за адзінаццатую. Гаспадыня баялася, што рачулка, якая перасякала галоўную дарогу, выйшла з берагоў, як гэта заўжды здаралася ўзімку, а тады яна не зможа атрымаць дэсерт раней, чым праз дзве гадзіны. Як толькі мінулася навальніца, адчынілі вокны, і дом асвяжыўся навальнічным азонам. Затым загадалі духавому аркестру пачынаць праграму вальсамі на тэрасе порціку, але гэта толькі замінала гасцям, бо рэзананс ад медных інструментаў у доме прымушаў размаўляць крыкам. Стомленая ад чакання, з усмешкаю, праз якую праступалі слёзы, Амінта дэ Алівэлля загадала падаць абед.
Квартэт са Школы мастацтваў пачаў канцэрт сярод урачыстае цішыні, якая была перарваная першымі тактамі Моцартавага «Палявання». Нягледзячы на пошум галасоў, што нарастаў і заблытваў гукі, на беганіну мурынаў, што служылі ў дона Санча, а яны, разносячы гарачыя стравы, ледзь прадзіраліся паміж сталамі, доктар Урбіна здолеў сканцэнтраваць сваю ўвагу на музыцы да канца праграмы. Ягоная здольнасць да засяроджання меншала з года ў год, дайшло да таго, што ён мусіў запісваць на паперцы кожны шахматны ход, каб ведаць, на чым спыніўся. Аднак ён яшчэ мог падтрымліваць сур’ёзную размову, не губляючы нітавіну канцэрта, хоць і ніколі не дасягаў віртуознасці аднаго дырыжора нямецкага аркестра, яго вялікага сябра з Аўстрыі, які чытаў партытуру «Дона Джавані», слухаючы Вагнеравага «Тангейзера».
Другі твор праграмы, «Дзяўчына і смерць» Шуберта, быў выкананы, на думку доктара Урбіна, з залішнім драматызмам. З цяжкасцю разбіраючы музычныя гукі скрозь звон прыбораў і талерак, ён заўважыў ружовашчокага юнака, які прывітаў яго, схіліўшы голаў. Безумоўна, ён недзе бачыў яго, але не мог прыгадаць, дзе менавіта. Гэта здаралася з ім часцяком і перадусім з імёнамі нават самых блізкіх знаёмцаў ды мелодыямі даўніх часоў, і выклікала ў ім такі страшны адчай, што аднойчы ўначы ён злавіў сябе на тым, што хацеў бы памерці, толькі б не дачакацца золку. Ён ледзь не дайшоў да падобнага стану, калі міласэрны сполах прасвятліў памяць: гэты юнак летась вучыўся ў яго. Ён здзівіўся, што хлопец прысутнічае сярод вярхоў грамадства, але доктар Алівэлля нагадаў яму, што юнак быў сынам міністра гігіены і прыехаў, каб напісаць дысертацыю па судовай медыцыне. Доктар Хувэналь Урбіна весела махнуў маладому лекару рукой, а той прыўстаў і адказаў паклонам. Але ні тады, ні калі-небудзь пазней доктар Урбіна не прыгадаў, што гэта быў той самы практыкант, які чакаў яго раніцой у доме Ерэміі дэ Сэнт-Амура.
Супакоены яшчэ адной перамогай над старасцю, ён аддаўся празрыстай плыні лірызму апошняга твора, які так і не змог пазнаць. Пазней малады віяланчаліст, які толькі-толькі вярнуўся з Францыі, сказаў яму, што гэта быў твор для струннага квартэта Габрыеля Фарэ, імя якога доктар Урбіна ніколі не чуў, хоць уважліва сачыў за еўрапейскімі навінкамі. Фэрміна Даса, якая назірала за ім заўсёды, а цяпер бачыла такім засяроджаным на людзях, перастала есці і ўзяла яго за руку. Затым шапнула: «Не думай болей пра гэта». Доктар Урбіна ўсміхнуўся ёй з другога берага свайго экстазу і зноў падумаў пра тое, чаго яна пабойвалася. Ён прыгадаў Ерэмію дэ Сэнт-Амура, цела якога пад той час ужо ляжала ў стылізаванай вайсковай уніформе з бутафорскімі ўзнагародамі ў труне пад дакорлівымі поглядамі дзяцей з партрэтаў. Ён павярнуўся да арцыбіскупа, распавёў пра самагубства, але той ужо ведаў. Вельмі шмат гаварылі пра гэта пасля абедні і нават атрымалі прашэнне палкоўніка Хероніма Арготэ ад імя ўцекачоў Карыбскага басейна, каб ім дазволілі пахаваць паплечнікаў асвячонай зямлі. Арцыбіскуп сказаў: «Само прашэнне я ўспрыняў як поўную адсутнасць такту». Затым, у больш спакойным тоне, спытаў, ці вядомая прычына самагубства. Доктар Урбіна адказаў вельмі трапным словам, лічачы, што вынайшаў яго ў той самы момант: герантафобія. Доктар Алівэлля апекаваўся бліжэйшымі гасцямі, але на хвілю пакінуў іх, каб уставіць слова ў размову: «Вельмі сумна сутыкнуцца з суіцыдам, прычынай якога не ёсць каханне». Доктар Урбіна зусім не здзівіўся, паслухаўшы ўласную думку ў вуснах свайго найлепшага вучня.
— І што горай, — дадаў настаўнік, — ён атруціўся цыянідам золата.
Доктар Урбіна вымавіў гэта і адчуў, што шкадаванне сталася мацнейшым за горыч, якую выклікаў ліст, і быў удзячны за гэта не жонцы, а дзівоснай музыцы. І доктар Урбіна загаварыў з арцыбіскупам пра чалавека, які быў для яго свецкім святым і якога ён зведаў доўгімі шахматнымі вечарамі. Казаў пра тое, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур прысвяціў сваё мастацтва дзецям, што за жыццё дасягнуў рэдкай эрудыцыі і ведаў пра ўсё на свеце, а сам вёў спартанскі лад жыцця. Доктар здзівіўся ўласнай душэўнай чысціні, з якой раптам аддзяліў нябожчыка ад ягонага мінулага. Затым сказаў алькальду, што добра было б набыць архіў негатываў, каб захаваць вобразы цэлага пакалення, бо, магчыма, толькі ў партрэтах яны будуць шчаслівымі, а ў іх руках — будучыня горада.
Арцыбіскуп абурыўся тым, што інтэлігентны і ваяўнічы каталік дазволіў сабе думаць пра святасць самазабойцы, але не пярэчыў прапанове адносна архіва негатываў. Алькальд хацеў дазнацца, у каго трэба выкупіць архіў. Гарачае вуголле таямніцы абпаліла язык доктара Урбіна, але ён вытрываў, не выдаўшы падпольную спадкаемніцу Ерэміі дэ Сэнт-Амура, і адказаў: «Я асабіста займуся гэтым». І адчуў, што загладзіў сваю віну перад жанчынай, якую за пяць гадзін да таго лічыў агідным мярзотным стварэннем. Фэрміна Даса заўважыла гэта і ціхім голасам папрасіла паабяцаць, што ён пойдзе на пахаванне. Ён шапнуў ёй з палёгкай у душы, што, вядома, пойдзе, абавязкова.
Юбілейныя прамовы былі кароткімі і ўспрымаліся лёгка. Духавы аркестр узяўся за простанародныя мелодыі, не прадугледжаныя праграмай, а госці сталі шпацыраваць па тэрасах, чакаючы, пакуль людзі з шынка дона Санча адвядуць ваду з двара — раптам хто-небудзь наважыцца танчыць. У зале засталіся толькі госці за ганаровым сталом, якія ў захапленні заўважылі, што доктар Урбіна, пачуўшы фінальны тост, залпам выпіў паўчаркі брэндзі. Ніхто не мог прыгадаць падобнага выпадку, за выключэннем калісьці прыгубленага кубка віна найвышэйшага гатунку, без якога ён не ацаніў бы вартасці далікатэснае стравы, але на гэты раз само сэрца прасіла здацца, і за слабасць, якую ён дапусціў, ён быў узнагароджаны: зноў, упершыню за столькі гадоў, яму захацелася спяваць. І ён бы заспяваў, безумоўна, балазе малады віяланчаліст настойліва прапаноўваў акампанемент, калі б не аўто апошняе мадэлі, якое нечакана ўзнікла, праехала цераз забалочаны двор, заляпаўшы музыкантаў граззю і спудзіўшы качак з блізкага загона аглушальным качыным крыкам клаксона, каб рэзка спыніцца каля ганка. З аўто выйшлі доктар Марка Аўрэліё Урбіна Даса і ягоная жонка, абое рагаталі, як ненармальныя, трымаючы ў руках па падносе, прыкрытым карункавай сурвэткай. Іншыя падносы ляжалі на фатэлях і нават на падлозе аўто, каля кіроўцы. Гэта быў запознены дэсерт. Калі госці перасталі пляскаць і весела свісцець, доктар Урбіна Даса ў сур’ёзным тоне патлумачыў, што мнішкі папрасілі яго адвезці дэсерт, пакуль не ўсчалася бура, але ён мусіў быў развярнуцца, бо хтосьці сказаў, што гарыць бацькоўскі дом. Доктар Хувэналь Урбіна перапужаўся яшчэ да таго, як сын завяршыў аповед. Але ягоная жонка своечасова нагадала яму, што ён сам распарадзіўся выклікаць пажарных, каб яны злавілі папугая. Амінта дэ Алівэлля ўздыхнула з палёгкай і вырашыла падаць дэсерт на тэрасах, не зважаючы на тое, што каву падалі раней. Аднак доктар Хувэналь Урбіна і ягоная жонка, не пакаштаваўшы салодкага, пайшлі, бо да пахавання амаль не заставалася часу для яго нязменнай сіесты.