Литмир - Электронная Библиотека

С о н я. Я жыла сярод любові натуральнай і самадастатковай да шаленства. Сярод лісця, дрэваў, травы й кветак, кожны працэс у жыцці каторых мае сэнс. Разумееш, яны растуць, пладзяцца, паміраюць, і гэта мае сэнс.

Н і н а. На вяселле запросім маю прыяцельку з Прагі. Няхай будзе маёй сведкай.

М і з э р ы я (убок). Вядома, хто разумее, што ты вярзеш, сведкам да цябе не пойдзе.

К і р ы л а. Мары — марамі, а жыццё — жыццём. Аказваецца, можна любіць адну й спакойна жыць з другой, а з трэцяй піць у майстэрні.

С о н я. Вось зараз мы ўсе гаворым разам, але ці значыць гэта, што мы расцем?

К і р ы л а. Я нічога не адчуваю, калі спускаюся па прыступках у майстэрню, ні пра што не ўспамінаю. Выходзіць, што можна быць нячулым, што можна жыць не па сэрцы.

Н і н а. У мяне сэрца разрываецца, калі я думаю, што яшчэ так доўга да вяселля. Я так хачу жыць у майстэрні й пасля падарожжа, але Кірыла кажа, што гэта будзе перашкаджаць ягонай працы. Як такое можа быць? Я ж яго на-тхня-ю!

С о н я. Мы адчуваем адзін аднаго праз прастору стала, мы задушваемся ад спакушальнай парфумы, але мы ўжо не прыродныя стварэнні, і для нас гэта не мае амаль ніякага сэнсу.

К і р ы л а. Ну чаму? Сэнс ёсць. Я толькі й думаю зараз, ці можна нашае становішча неяк змяніць. Ці можна развязацца з усімі гэтымі людзьмі.

Н і н а. Мой бацька супраць таго, каб мы з Кірылам жылі тутака разам. Ён кажа, што я паводжу сябе як прастытутка. І чаму ён не хоча зразумець, што гэта мой лёс — быць з Кірылам?

C о н я. Хацела б я ведаць, ці ёсць усё гэта нашым лёсам.

К і р ы л а. Гэта было б занадта жорстка. Лепш ужо думаць, што ўсё гэта вынік нашых дзеянняў. Калі б сапраўды было нешта накшталт таго, што ты называеш лёсам, я думаю, я нарадзіўся б для лепшай долі.

Н і н а. Соня, табе трэба пастрыгчыся й пафарбаваць валасы ў цёмны колер. Гэта было б так па-дэкадэнцку.

С о н я. Хаця… Нашто даваць усяму нейкія азначэнні? Жыццё — гэта жыццё, а не палатно, якое трэба нацягнуць на падрамнік, запэцкаць фарбамі, а потым абавязкова запіхнуць карціну ў рамку.

Н і н а (крычыць да Мізэрыі, пасля таго як краем вуха — праз свой віск — пачула словы «рамка» й «карціна»). Дарэчы, паглядзіце на новыя Кірылавы работы. Я думаю, яму трэба паслаць свае рэчы куды-небудзь на Захад. Яны мусяць мець там поспех! Мы паедзем у Францыю! Кірыл будзе працаваць там у якім-небудзь тэатры! Мы будзем есці іхнія доўгія батоны й гарачыя круасаны з маслам!

Узбуджаная сваімі праектамі, Ніна зрываецца з зэдліка, хапае за рукаво Мізэрыю й імчыць у кут, дзе, відаць, састаўленыя новыя карціны. Мізэрыя абачліва затрымлівае Ніну тамака, і яны сядаюць на падлогу, каб пагаварыць. Цяпер ужо Мізэрыя не сціхае: гамоніць, вельмі імпульсіўна жэстыкулюе, нават смяшыць Ніну, што той відочна даспадобы. Відавочна, Ніна ганарыцца тым, што яна змагла зачараваць хаця б адну з сябровак свайго кавалера. Праз нейкі час Ніна падбягае да стала, каб узяць Мізэрыі цыгарэтаў, і потым ізноў вяртаецца ў кут. Кірыла і Соня зараз пачуваюцца крыху болей разняволена, але іхняя гутарка становіцца значна менш сентыментальнай, але больш агрэсіўнай і з’едлівай.

К і р ы л а. Як добра ты, Соня, навучылася паэтычна выказвацца! Якая ўзнёслая асоба! Ніхто й не паверыў бы, што ты добраахвотна нарабіла такога паскудства!

С о н я. Цікава, якога?

К і р ы л а. Не трэба прыкідвацца й рабіць з сябе анёла!

С о н я. Я нічога з сябе не раблю. Я сапраўды ні ў чым перад табой не вінаватая.

К і р ы л а. Канечне. Асабліва ў тым, што разладзіла вяселле, пасмяялася з мяне.

С о н я. Я не смяялася з цябе, Кірыла. Я цябе кахала. Я ж табе нават не здрадзіла за гэты час.

К і р ы л а. Ай-я-я!.. І бывае ж такое! Проста фантастычная вернасць! І за які доўгі час! О наваяўленая Пенелопа, дазволь мне прыпасці да тваіх каленяў!

С о н я. Прыпадай да каленяў сваёй суджанай. Да таго ж я не Пенелопа.

К і р ы л а. Божа, якая нечалавечая здагадлівасць!

С о н я. Я — Уліс.

К і р ы л а. ?..

С о н я. Хоць — не. Усё ж такі Пенелопа. Пенелопа памежкаў Усходняй Еўропы канца ХХ стагоддзя. Толькі няспелая — таму й мітусілася гэтак. Наступным разам я ўжо буду кіравацца цвёрдымі, ясна аформленымі, выпакутаванымі цяпер жыццёвымі прынцыпамі.

К і р ы л а. А-а, дык усё ж такі наступны раз будзе? Ну і разбэшчаныя сёння Пенелопы пайшлі!

С о н я. Што зробіш. Жыццё, дзякаваць Богу, працягваецца.

К і р ы л а. Я бачу, што й ты спыняцца не збіраешся.

С о н я. Нашто?

К і р ы л а. Правільна. Нашто талент марнаваць? Можна стаць прафесійнай шлюбнай аферысткай.

С о н я. Слушная думка. Вопыт ёсць — я ў дзіцячым садку два разы замуж заходзіла.

К і р ы л а. Два разы на дзень пасля ежы?

С о н я. Не. Усяго два разы: адзін у яслях, а другі ў старэйшай групе.

К і р ы л а. А-а. Можна сказаць, няшмат. З тваім тэмпераментам і здольнасцямі. Толькі глядзі — не кідай практыкі, а то пашкодзіш здароўе. Усе гэтыя нерэалізаваныя памкненні… праз іх людзі й гінуць.

С о н я. Ты маеш рацыю. Я таксама думаю, што трэба прыняць сябе, свае жаданні. Прымірыцца з сабою й быць такою, якая ты ёсць, інакш сам Бог пакарае.

К і р ы л а. Ён цябе ўжо пакараў, бо адняў розум.

С о н я. Не розум, а стэрэатыпнае мысленне. З розумам у мяне пакуль што ўсё ў парадку, а тое я б ужо даўна тваёй ненагляднай сяброўцы ў патлы ўчапілася.

К і р ы л а. Нашто гэта табе? Дарма чалавека пакрыўдзіш, а мне з ёю яшчэ жыць.

С о н я. Ах, так. Я й забылася. Нядрэнны набытак. А! Папрасі яе выразаныя з фанцікаў зорачкі на макеты налепліваць. У яе ж мусіць быць калекцыя фанцікаў?

К і р ы л а. Не рабі яе дурнейшай, чым яна ёсць.

С о н я. А, дык усё ж такі яна дурная?

К і р ы л а. Не чапляйся да словаў. Калі на тое пайшло, яна ў нечым разумнейшая за цябе. Яна б ужо напэўна не кінула свайго жаніха й не панеслася б на вёску любіцца з леснікамі.

С о н я. Я не любілася з леснікамі.

К і р ы л а. Мані болей! Пра гэта ўжо ўсе даўно кажуць.

С о н я. А ты болей слухай — праўды начуешся-а-а. Гэта ж усё плёткі. Трэба ж людзям неяк забаўляцца, вось яны й выдумляюць абы-што. Проста жыць яны не могуць. Свайго жыцця, лічы, няма.

К і р ы л а. Затое ты можаш — «проста». Найпрасцей: чыкібрыкі — і леснікова жонка.

С о н я. Прычым тут жонка?

К і р ы л а. Ну, каханка.

С о н я. Што ты вярзеш? У нас з ім чыста платанічныя адносіны. Нават творчыя.

К і р ы л а. А-а, ну вядома. З прафесіяналамі ж ты болей не водзішся. Ты ж усіх тутака насмяшыла сваімі эксперыментамі з гэтымі бяззубымі пачварамі! Ты што, сапраўды думаеш, што яму п’есы твае патрэбныя?

С о н я. Можа быць.

К і р ы л а. Ды яму толькі адно ад цябе патрэбнае!

С о н я. Цікава — што?

К і р ы л а. А ты ўжо забылася? Здаецца ж, сярод песцікаў і тычынак жыла…

С о н я. Яму я была патрэбная, а не ўсё такое.

К і р ы л а. Гледзячы што разумець пад «я». С о н я. Гэта слушна.

К і р ы л а. Ой, я й забыўся. Мы ж сталі філосафамі. Дарэчы, я б з тваім «я» як-небудзь ахвотна пафіласофнічаў.

С о н я. Цішэй кажы, а то сяброўка зараўнуе.

К і р ы л а. Нічога тамака не чуваць. Слухай, а ты мяне раўнавала?

С о н я. Не.

К і р ы л а. Як так?

С о н я. Ты гэтага не зразумееш.

К і р ы л а. Дзе там! Куды мне бедненькаму! Я ж сем месяцаў духоўнымі пошукамі не займаўся.

С о н я. А й праўда — што ты ўвесь гэты час рабіў?

К і р ы л а. Працаваў. — «што?» Што й заўсёды. Дарэчы, я сцэнар мультфільма напісаў. Для цябе, дурніца, стараўся. Думаў, гэта будзе маім вясельным падарункам табе. Хацеў спаліць рукапіс, але Ягор пераканаў не рабіць гэткай бязглуздзіцы, тым больш, што ўжо да таго часу паабяцаў дапамагчы з грашыма. Прыйшлося далей змагацца. Ірынка ваша й сам Ягор малявалі. А Ніна… Мы якраз тады й пазнаёміліcя. У яе кампутар добры ёсць. Яна сцэнар рэдагавала й набірала. Потым мы ў яе сёе-тое па творчай частцы рабілі.

45
{"b":"828985","o":1}