Литмир - Электронная Библиотека
A
A

– Клаўдзiя Сямёнаўна, – ссунуўшы да пераносся бровы, пужлiва, амаль iстэрычна ўскрыкнуў Зайцаў, – са мной следчы з пракуратуры…

Медычка быццам i не чула, нават не прыпынiлася, не паглядзела на Смаляка, i следчы раптам зразумеў, што ў гэтай сiтуацыi ён лiшнi.

– Адам Пятровiч, а я таксама не адна, – зляцела з яе чырвоных вуснаў-бутонаў, – у другой палаце прафесар Баравы…

Пасля гэтых слоў медычка неўпрыкмет цмокнула, паслаўшы доктару паветраны пацалунак. Зайцаў сумеўся, пачырванеў, незадаволена папераджальна кашлянуў у кулак, рэзка крутнуўся i прачынiў блiжэйшыя ад сябе дзверы.

– Праходзьце, Васiль Мiкалаевiч, ваша пацярпелая тут, – i, быццам вiнавацячыся, кiўнуў на медычку: – Гэта мая нявеста…

Не паспеў Смаляк зрабiць i крок, як дзверы за спiнай хуценька зачынiся i да слыху даляцеў прыглушаны шэпт:

– Клава, мы ж на рабоце!

– Любы, калi гэты следчы сапраўдны мужчына, ён табе толькi пазайздросцiць.

Смаляк прайшоў на сярэдзiну пакоя, каб не чуць размовы закаханых. У палаце стаялi два ложкi, адзiн з якiх быў свабодны i запраўлены замытым да жаўцiзны прасцiрадлам з неахайнай лапiнай пасярэдзiне. На другiм ляжаў загiпсаваны чалавек, у якiм немагчыма было пазнаць старую Шашок. У прыцемненым пакоi лунала нейкая своеасаблiвая загадкавая цiшыня, якая незразумелым цяжарам лягла на плечы, прымусiла часцей бiцца сэрца, сцiснула грудзi так, што перахапiла дыхалку. Следчы паспешлiва падышоў да вакна i адчынiў фортку. Разам са свежым паветрам у пакой уварвалася рознагалоссе гарадской вулiцы, здалося, уварвалася жыццё.

Бiнты на галаве пацярпелай ружавелi крывяной плямай, загiпсаваныя правая рука i левая нага высiлiся на нейкiх мудрагелiстых металiчных канструкцыях. Да левай рукi лiпучкамi мацавалася iголка з празрыстай трубкай, па якой з бутэлечкi рытмiчна па кропельцы сцякала ў сiнюшную вену мутнаватая вадкасць. На безжыццёвым, сухарлявым, хваравiта-спалатнелым твары стала меней зморшчын, на iм застылi пакорлiвасць i цiхамiрнасць.

– Яна безнадзейная, – вынес жорсткi прысуд Зайцаў, якi нячутна ўвайшоў у палату. – Мы зрабiлi ўсё, што змаглi, але ж цудаў не бывае…

– Я хачу паглядзець яе рэчы, – чамусьцi шэптам папрасiў Смаляк i накiраваўся да выхаду.

– А рэчы забраў сын, – услед прагаварыў доктар.

4

Праз гадзiну Смаляк адчыняў веснiчкi са знаёмай шыльдай «Сцеражыцеся, злы сабака!». У гэты момант жоўтыя «Жыгулi» вырулiлi з гаража на сярэдзiну панадворка, з машыны выйшаў мужчына гадоў пяцiдзесяцi i, не заўважаючы Смаляка, нервова бразнуў дзверцай. Ён быў высокi, хударлявы, крыху сутулы, з капой нячэсаных рудых валасоў, якiя доўгай пасмай спадалi на лоб, i яму прыходзiлася штохвiлiнна матляць галавой, скiдаючы iх з вачэй. Даўгалыгi, як яго адразу ахрысцiў следчы, нешта мармычучы, зайшоў у прыземiсты цагляны гараж, а ўслед з машыны выпырхнула ўжо знаёмая бялёсая Кацярына. Смаляк зрабiў некалькi крокаў i, шукаючы «злога сабаку», прыпынiўся, агледзеўся. Каля будкi яго не было, ланцуг з ашыйнiкам сiратлiва валялiся на траве, а крыху далей, за драцяной сеткай, калупаліся ў пяску куры. Два маладзенькiя цыбатыя пеўнiкi пагрозлiва кружылiся ў байцоўскiм танцы, але справа да бойкi не даходзiла, яны толькi падскоквалi, растапырыўшы пер’е, выцягвалi худыя шыi, хлопалi крыламi, быццам высвятляючы, хто з iх больш грозны i жахлiвы. Аўчарку Смаляк убачыў за сваёй спiнай, на сцяжынцы, ля самых веснiчак. Яна пiльна сачыла за iм, усёй сваёй паставай паказваючы, што дарога да адступлення адрэзана.

– Вам каго? – нечакана прагучаў хрыплаваты прастуджаны голас.

Смаляк азiрнуўся. Да яго, выцiраючы рукi прамасленай анучай, падыходзiў даўгалыгi. Шэрыя, глыбока пасаджаныя вочкi-калючкi свiдравалi яго з непрыхаванай варожасцю, нават злосцю.

– Старшы следчы пракуратуры Смаляк, – афiцыйна адрэкамендаваўся Смаляк. – А калi Вы Станiслаў Мiкалаевiч Шашок, то я да вас.

Яны некалькi хвiлiн моўчкi вывучалi адзiн аднаго i, калi гульня ў маўчанку зрабiлася нясцерпнай, следчы працягнуў службовае пасведчанне:

– Вось мой дакумент.

– Ну, я – Станiслаў Мiкалаевiч, – нарэшце выдыхнуў гаспадар. – Толькi са мной ужо гаварылi ў мiлiцыi, i новага нiчога не скажу.

Шашок вiдавочна хваляваўся, унiкаў глядзець Смаляку ў вочы i ўвесь час нервова круцiў у руках анучу, не ведаючы, куды яе дзець.

– Тата, куды пакласцi бабулiна адзенне? – тузанула бацьку за рукаво кашулi Кацярына i насцярожана-недаверлiвым позiркам утаропiлася ў Смаляка.

Шашок схамянуўся, паспешлiва выхапiў з рук дачкi невялiкi клунак i борздзенька пашыбаваў у хату, кiнуўшы на хаду:

– Я сам аднясу, – ён вiдавочна хваляваўся.

Праз некалькi хвiлiн ён падыходзiў да Смаляка ўжо спакойным i ўпэўненым у сабе чалавекам, ад узбуджанасцi i няўпэўненасцi не засталося i следу, толькi ў шэра-халодных вачах яшчэ не-не ды ўспыхвалi трывожныя, палахлiвыя агеньчыкi.

На твар Смаляку звалiлася некалькi халодных, нечаканых дажджынак. Ён, прыжмурыўшыся, з надзеяй паглядзеў на нiзкiя хмары, якiя няўмольным чорным крылом напаўзалi на горад. Усё наўкол напружана сцiшылася, нават ваяўнiчыя пеўнiкi знерухомелi i спалохана цiснулiся адзін да аднаго, здзiўлена плюскаючы вачыма. Яны таксама чакалi дажджу, але адначасова i баялiся няведамай iм стыхii.

– Ну, нарэшце дачакалiся, – з-пад далонi паглядзеў на аблокi Шашок i iранiчна дадаў: – Па радыё дождж абяцалi яшчэ заўчора… Зойдзем у хату, там i пагаворым, хаця… – ён недагаварыў, абыякава махнуў рукой i, не азiраючыся, пашкандыбаў у прачыненыя дзверы.

«Што крыецца за Шашковым „хаця͗”? – iдучы следам, падумаў Смаляк. – Цi не звязана гэта з ягонымi паводзiнамi ў бальнiцы? Чаму там ён, бы звар’яцелы, крычаў, што мацi хацелi забiць, i слухаць не хацеў пра няшчасны выпадак? Калi так, то якая прычына, каму перайшла дарогу старая? Такога разважлiвага чалавека, як Шашок, не проста выбiць з каляiны, i тым не менш… А цяпер ён трагедыю ўспрымае, як няшчасны выпадак, i ўсё ж ён нервуецца, i ў першыя хвiлiны сустрэчы быў вельмi напалоханы, ледзь узяў сябе ў рукi. А зменлiвыя паводзiны ягонай мацi падчас допыту ў пракуратуры i апошняй сустрэчы… Не, вiдавочна, гэтыя Шашкi нешта замоўчваюць, адчуваю, што ёсць таямнiца, якая, па ўсiм, i прывяла да трагедыi, а калi так, то i паводзiны сына ў бальнiцы знаходзяць лагiчнае паразуменне. Трэба з гэтым разабрацца».

Шашок нецярплiва чакаў Смаляка ў прасторнай, светлай верандзе. Справа ад увахода стаяў адшлiфаваны да бляску мажны круглы стол на мудрагелiстых тоўстых ножках, зробленых у выглядзе лiчбы «2». Вакол прыслужлiва высiлiся чатыры самаробныя драўляныя крэслы з конусападобнымi набалдашнiкамi на спiнках. Крэслы выглядалi маўклiвымi ваярамi-ахоўнiкамi свайго блiскучага гаспадара-стала, а крыху далей, каля сцяны, абклеенай блакiтнымi шпалерамi, нясмела тулiлася, быццам баючыся гэтых мажных крэслаў-ахоўнiкаў, вузенькая белая шафа, у якой за шклом задзiрлiва, нават з выклiкам, блiшчэлi крышталёвыя шклянкi, iншы каштоўны посуд.

– Справу аб дарожна-транспартным здарэннi вядзе мiлiцыя, – сядаючы ў вялiкае рыпучае крэсла, адразу прагаварыў Смаляк i, каб папярэдзiць магчымыя пытаннi, патлумачыў: – Я ж праводжу расследаванне факта смерцi вашага суседа, нябожчыка Альховiка, i якраз ў пятнiцу, напярэдаднi няшчаснага выпадку, быў тут, размаўляў з Казiмiрай Францаўнай.

Смаляк з цiкаўнасцю зiрнуў на Шашка, спадзеючыся ўбачыць рэакцыю на гэтыя словы, але той i брывом не павёў, не змянiў паставы, прытулiўшыся да дзвярнога вушака i, склаўшы рукi на грудзях, моўчкi чакаў, што скажа далей следчы. Толькi насцярожаныя палахлiва-халодныя вочы ды жаўлакi на скiвiцах выдавалi ягонае напружанне i хваляванне.

– Вось я i хачу пачуць, – спакойна працягваў Смаляк, – чаму Вы спярша заявiлi, што быў замах на жыццё Вашай мацi? Чаму…

Смаляк недагаварыў. Шашок быццам чакаў гэтага пытання i адразу паспешлiва, з абурэннем перапынiў следчага.

– А што я мог падумаць?! – ускрыкнуў ён i, цяжка, роспачна ўздыхнуўшы, з горкiм сумам паглядзеў на Смаляка. – Гэта ж мацi!

5
{"b":"721634","o":1}