«Хто такi гэты Цвiркун? Што ён гаворыць? Чаму менавiта пасля размовы са мной Шашок апынулася за пяць кварталаў ад сваёй хаты? Яна ж, наколькi я памятаю, нiкуды не збiралася».
Смаляк, спадзеючыся пачуць адказы на свае пытаннi, рашуча набраў нумар тэлефона начальнiка дзяржаўтаiнспекцыi раёна i, моцна прыцiскаючы слухаўку, з хваляваннем чакаў. Трубку доўга не падымалi, i, калi нарэшце пачуўся прыемны барытон Шаўцова, следчы адрэкамендаваўся i, стрымлiваючы нецярпенне, папрасiў удакладнiць абставiны наезду на Шашок.
– Радавое здарэнне, – адразу ўпэўнена адказаў Шаўцоў i катэгарычна дадаў: – Жанчына сталага веку пераходзiла дарогу ў забароненым месцы i трапiла пад колы машыны. Мы правялi следчы эксперымент i вiны вадзiцеля не ўгледзелi, у такiх абставiнах пазбегнуць наезду было немагчыма.
– А што гаворыць сама Шашок?
Смаляк разумеў, што гэтае пытанне лiшняе, трэба самому ехаць у бальнiцу i там шукаць адказы.
– З жанчынай кепска, – з жалем у голасе адказаў Шаўцоў. – Яна з моманту аварыi знаходзiцца ў коме i нiякай надзеi на тое, што застанецца жыць.
– Я хачу прысутнiчаць на допыце Цвiркуна.
– Справу вядзе следчы Канаплянiк, ён вас папярэдзiць, – запэўнiў Шаўцоў.
Праз паўгадзiны Смаляк быў у бальнiцы i адразу падняўся на чацвёрты паверх у рэанiмацыйнае аддзяленне. Загадчык аддзялення Адам Пятровiч Зайцаў, трыццацiпяцiгадовы маладжавы мужчына, з якiм Смаляк быў даўно знаёмы, пачуўшы прозвiшча Шашок, толькi развёў рукамi.
– Надзеi анiякай, – i, каб пацвердзiць сказанае, паспешлiва загартаў паперы, што ладным стосам высiлiся на стале. – Ага, вось яе гiсторыя… Вы толькi паслухайце: разрыў печанi i селязёнкi, пералом чацвёртага i дзевятага пазванкоў, адкрыты пералом правай рукi, чэрапна-мазгавая траўма цяжкай ступенi.
– Цi можна яе ўбачыць? – не губляючы надзеi, спытаў Смаляк. Ён раптам зразумеў, што ехаў сюды з адным намерам – убачыць старую.
– Трэба, дык зойдзем, – хаваючы акуляры ў чорны футарал, спахмурнеў Зайцаў. – Недаверлiвыя вы, следчыя, да ўсяго хочаце сваiмi рукамi дакрануцца… Ну, але ж зразумела, справа крымiнальная!
– Чаму крымiнальная? – насцярожыўся Смаляк. – Звычайнае дарожнае здарэнне.
Доктар прыпынiўся на выхадзе з кабiнета i з засяроджана-разгубленым выглядам пачаў корпацца ў вялiзных, адтапыраных, здавалася, бяздонных кiшэнях халата, выцягваючы нейкiя вяроўкi, бруднаватыя анучы, мноства рознакаляровых таблетак, спiсаныя i чыстыя, але аднолькава пакамечаныя бланкi рэцэптаў i нават гiпсавы злепак зубоў. Вось белы свет пабачылi рыбацкiя прычындалы: чырвона-белыя паплаўкi, жылка, кручкi, i нарэшце з самага бяздоння Зайцаў дастаў аўтамабiльныя ключы на восем, дзесяць i дванаццаць.
«Засталося яшчэ выцягнуць дамкрат!» – падумаў Смаляк, але ўслых з нарастаючай злосцю прагаварыў:
– Адам Пятровiч, ключы ад кабiнета, мабыць, як заўсёды, у дыпламаце…
– Кажаце, звычайнае дарожнае здарэнне?! – не гледзячы на Смаляка, цi то пытаючыся, цi то сцвярджаючы, працягваў сваё доктар. Ён засунуў «кiшэннае багацце» на месца i хуценька крутнуўся да стала, каля якога стаяў таўставаты стары дыпламат. Шчоўкнулi замкi, i Зайцаў, падкiнуўшы на далонi звязку ключоў, радасна ўскрыкнуў: – Ваша праўда, Васiль Мiкалаевiч, – i, хiтравата прыжмурыўшыся, паглядзеў Смаляку ў вочы. – А вось сын пацярпелай Шашок чамусьцi ўпэўнены, што быў замах на жыццё мацi. Такi скандал тут закацiў, што прыйшлося супакаiцельны ўкольчык зрабiць. I яшчэ адно: з якiх гэта часоў пракуратура пачала цiкавiцца звычайнымi дарожнымi здарэннямi?..
Смаляк не адказаў. Ён выйшаў у ярка асветлены калiдор, сцены якога былi нядаўна пафарбаваныя. Чамусьцi пах свежай фарбы, пытаннi доктара, ягоныя бяздонныя кiшэнi раздражнялi, недзе ў глыбiнi душы варухнулася непрыязнасць, нават варожасць: «Што табе да маiх спраў? – стрымлiваючы сябе, каб не сказаць нешта абразлiвае, падумаў Смаляк. – Ты вунь у сваiх кiшэнях парадку не маеш, а мяне вучыш!» Ён да гэтай хвiлiны не хацеў прызнацца самому сабе, што не пошук iсцiны прывёў яго ў бальнiцу, а хутчэй закранутае самалюбства, як кажуць людзi, гонар мундзiра. Што, калi i сапраўды ў справе Альховiка яго хтосьцi водзiць за нос, абувае ў лапцi?
У гэты момант па калiдоры, прыцiскаючы да грудзей апарат для замеру крывянога цiску, на высокiх абцасах працокала чарнявая медычка ў караткаватым халацiку. Убачыўшы ў прачыненых дзвярах Зайцава, яна прыпынiлася.
– Адам Пятровiч, – пявуча загаварыла медычка, – гэты, так называемы хворы, П’яных ноччу зноў спрабаваў залезцi ў жаночую палату, на гэты раз праз балкон…
– Падрыхтуйце дакладную на iмя прафесара Баравога, – надаючы голасу як мага больш начальнiцкай цвёрдасцi, кiнуў Зайцаў i павярнуўся да Смаляка, паказваючы, што размова на гэтым скончана. – Я да вашых паслуг, Васiль Мiкалаевiч.
– Я ўжо рыхтавала некалькi дакладных, а мер нiхто не прымае, – роспачна перасмыкнуўшы плячыма, настойлiва даводзiла сваё медычка. – Вось пабачыце, – узвысiла яна голас, – згвалцiць гэты кабялiна каго, усiм не паздаровiцца…
– Ну добра, добра, – ужо паблажлiва загундосiў Зайцаў, – я сам давяду да прафесара, ён лечыць, яму i рашэнне прымаць.
Смаляка зацiкавiла размова доктара i медыцынскай сястры, але ён не лез з роспытамi, моўчкi iшоў побач з Зайцавым, думаючы пра сына пацярпелай Шашок. Доктар раз-другi зiрнуў з-пад iлба на следчага i, па-свойму расцанiўшы гэтае маўчанне, загаварыў:
– Хачу, каб вы зразумелi правiльна. Справа ў тым, што тыдзень таму згаданы П’яных паступiў на лячэнне, – Зайцаў нервова аблiзнуў сасмяглыя вусны: – Як бы гэта прасцей сказаць… Адным словам, даставiлi яго з эрагiраваным пенiсам, i мы пакуль што не можам прывесцi ягоны фiзiчны недахоп да нормы. Баравы асабiста займаецца, а хворы спярша перажываў, а потым уявiў сябе гэткiм «гiгантам» i ўвесь час спрабуе спакушаць жанчын. Убiў сабе ў галаву, што гэта i не хвароба зусiм, а «дар божы»…
– Ну i ну! – весела засмяяўся Смаляк.
Усё кепскае, што колькi хвiлiн таму бударажыла душу i думкi, раптам знiкла, адкацiлася, з’явiлася пачуццё няёмкасцi перад Зайцавым.
– Спярша i я пасмяяўся, – пакрыўджана зiрнуў на следчага доктар, – а П’яных небяспечны, бударажыць бальнiцу, хоць мiлiцыю выклiкай.
– Калi гэты чалавек патрэбен навуцы, то берагчы i сцерагчы яго трэба адпаведна, як навуковую каштоўнасць, – жартаўлiва, усё яшчэ смеючыся, адказаў Смаляк. – А калi сур’ёзна, раю на самай справе звярнуцца за дапамогай у мiлiцыю. Гарантую, што пасля размовы з участковым ваш навуковы экспанат умомант вылечыцца i прыйдзе, як вы кажаце, да нормы…
Доўгi калiдор скончыўся адразу, як толькi Смаляк i Зайцаў павярнулi направа. Вялiзныя, зробленыя з пластмасы дзверы з шыльдай «Рэанiмацыя» адчынiлiся не адразу, доктару давялося некалькi разоў нацiснуць на жоўтае вочка званка, i толькi пасля гэтага глуха шчоўкнуў аўтаматычны замок. Дзяжурная медыцынская сястра, апранутая ў цёмна-зялёную кашулю, гэткага ж колеру караткаватыя штаны, якiя выгадна падкрэслiвалi яе стройную фiгуру, стаяла каля невялiкага столiка, выструнена цягнулася да вiсячага на сцяне гаршчэчка з кветкамi i палiвала iх вадой. Яе галаву ўпрыгожваў какетлiва прышпiлены да каштанавых валасоў цылiндрычнай формы зялёны капялюшык. Убачыўшы Зайцава i Смаляка, яна шчыра, прыязна ўсмiхнулася, у крыху раскосых чорных вачах успыхнулi гарэзлiвыя агеньчыкi. Медычка паставiла графiн з вадой на столiк, звычным грацыёзным рухам паправiла валасы, iмгненна агледзела сябе ў люстэрка, што стаяла насупраць, каля шкляной шафы з медыкаментамi i пайшла, не, хутчэй, як здалося Смаляку, паплыла iм насустрач. Прыгожы твар, на якiм спакуслiвай чырванню палалi пульхныя вусны, iскрыўся непрыхаванай радасцю. У гэты момант Смаляк злавiў сябе на тым, што ягоны твар расплываецца ў блазённай усмешцы. Ён знiякавеў, хуценька адвёў позiрк ад прыгажунi медычкi i паглядзеў на Зайцава. Доктар выглядаў празмерна заклапочаным i строгiм. Ён толькi зiрнуў на медычку, адразу рэзка спынiўся i яшчэ больш насупiўся.