Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Пасля iмпэтнага маналога пракурор колькi часу маўчаў, вiдавочна, чакаючы ад Смаляка апраўданняў, але следчы быў упэўнены ў сваёй праваце i не лiчыў патрэбным даказваць ужо даказанае. Першы парушыў маўчанне Кучкун:

– Гэтая скарга сама па сабе нiчога не значыць, але ў мяне ўжо тры разы цікавіліся, як iдзе расследаванне.

Смаляк адарваўся ад папер i зацiкаўлена паглядзеў на пракурора. Кучкун шматзначна тыцнуў пальцам угору.

– I не толькi з гарадской пракуратуры, – стомлена зазначыў ён. – А справа звычайная, выедзенага яйка не вартая. Родзiчы нябожчыка ўчапiлiся ў спадчыну i не могуць падзялiць. Магла б i мiлiцыя разабрацца… – пракурор цяжка ўздыхнуў i, унiкаючы глядзець Смаляку ў вочы, дадаў: – З табой згодзен, пастанова вынесена правiльна, але трэба дапрацаваць. Гэта загад.

Смаляк зразумеў, што размова скончана, узяў са стала папку са справай Альховiка i, так, не сказаўшы нiводнага слова падчас размовы, пакiнуў кабiнет начальнiка.

2

Смаляк у дэталях памятаў першую сустрэчу з Вярбiцкай, якая пакiнула аб сабе прыемнае ўражанне. Цiхмяная, добра складзеная брунетка трыццацi пяцi гадоў, шчыра, iншы раз нават наiўна адказвала на пытаннi следчага, а калi прыгадвала Альховiка, прыкладвала насоўку да вiльготных вачэй i паспешлiва жагналася на пусты кут, жадаючы памерламу царства нябеснага. Жыла яна са старымi бацькамi i двума сынамi-пагодкамi, трынаццацi i дванаццацi гадоў, у невялiкай двухпакаёвай кватэры-хрушчоўцы. Дзяцей гадавала адна i зразумела было, чаго яна бралася за ўсялякую работу. У душы Смаляк быў задаволены i ўхваляў нябожчыка Альховiка за тое, што змянiў завяшчанне на карысць Вярбiцкай i яе дзяцей.

А другой гадзiне Смаляк выйшаў з метро i няспешна падаўся па вулiцы Валгаградскай у прыватны сектар, уяўляючы, як заўтра паедзе з сынам i жонкай на возера. Можна было праехаць некалькi прыпынкаў, але парыцца ў душным, прагорклым аўтобусе не было анiякага жадання, i ён пашыбаваў па шматлiкiх пыльных вулачках прыватнага сектара. Праз трыццаць хвiлiн скiнуў клямку на скасавураных, абшарпаных веснiчках, калiсьцi пафарбаваных у зялёны колер, i трапіў у панадворак. Адразу кiнулася ў вочы, што тут нiхто не жыве. Тры вакны сумна глядзелi на вулiцу зачыненымi аканіцамі, а чацвёртае, кутняе, ды невялiчкiя вакенцы на верандзе былi крыж-накрыж забiты негабляванымi дошкамi. Дзверы вартаваў вялiзны, руды ад iржы замок, а на ледзь прыкметнай сцяжынцы валялiся ссохлыя яловыя галiнкi, па ўсiм відаць, не прыбраныя з дня пахавання Альховiка. Смаляк зiрнуў на гадзiннiк, прыкiнуў, колькi часу ехаць назад, у пракуратуру, i пашкадаваў марна патрачаныя дзве гадзiны. Ён хацеў ужо вяртацца ў весніцы, але ў гэты момант за хатай, у глыбiнi гародчыка нешта зашамацела, пачулiся прыглушаныя галасы:

– Iдзi сюды, тут ажно абсыпана…

– I ў мяне поўна…

Смаляк зацiкавiўся i наўпрасткi па высокай, ледзь не да калена, траве пайшоў на галасы. Калi завярнуў за блiжэйшы вугал, пад нагамi зазвiнела бiтае шкло, i адразу галасы сцiхлi. З кустоў данеслася шамаценне, тупат ног: нехта задаваў лататы з абсыпанага спелымi буйнымi ягадамi малiннiку. Праз нейкi час у суседняй хаце не дужа моцна бразнулi дзверы. Смаляк усмiхнуўся, набраў жменю сакавiтых ягад i кiнуў у рот. Малiны, набрынялыя салодкiм пахучым сокам, прыемным халадком раставалі на языку, наталялі смагу. «Пiльныя суседзi не дадуць прапасцi ўраджаю», – падумаў следчы i абвёў позiркам агарод, на якiм, акрамя малiннiку, цягнулася да сонца толькi крапiва. Смаляк азiрнуўся, пашукаў вачыма блiжэйшы шлях да вулiцы, але гарэзлiвая думка падштурхнула да плота, за якiм знiклi ўцекачы.

Едучы сюды, следчы вырашыў спярша сустрэцца з Вярбiцкай, а ўжо потым апытваць астатнiх. Смаляк вагаўся, стоячы каля зламанага плота, да якога ў абодва бакi бегла добра-такi ўтаптаная сцяжынка, але цiкаўнасць узяла верх, i ён пераскочыў у суседнi гарод, зрабiў некалькi крокаў да будынiны, абмiнуў вялiзны куст парэчак i аслупянеў ад нечаканасцi: невядома адкуль перад iм узнiкла агромнiстая чорная аўчарка. У яе на хрыбецiне ўздыбiлася поўсць, агнiстыя вочы iскрылiся злосцю, вялiкiя белыя iклы блiшчэлi ў чорнай зяпе, пагражаючы ўчапiцца ў няпрошанага госця. Смаляк знерухомеў i з на-дзеяй паглядзеў на вокны, чакаючы паратунку ад гаспадароў, але нiкога за фiранкамi не ўбачыў. Ён пераступiў з нагi на нагу, i аўчарка iмгненна адрэагавала: злосна гыркнула, нацялася, бы струна, прысела на лапах-спружынах, вось-вось кiнецца.

– Ты добры вартаўнiк, маладзец! – зразумеўшы, што нiхто яму не дапаможа, а гэты звер не дасць i кроку зрабiць, загаварыў з сабакам Смаляк. – Ведаеш сваю справу, толькi я не злодзей…

Аўчарка ў адказ глуха забрахала, але ўжо не так злосна, быццам зразумеўшы сказанае. У гэты момант фiранкi ў крайнiм вакне варухнулiся i следчы ўбачыў праз цюль сiлуэт жанчыны, якая, цiкуючы за iм, тварам прыпала да шкла. Смаляк з палёгкай уздыхнуў, прадчуваючы хуткае збаўленне ад небяспечнай апекi, але жанчына не спяшалася на дапамогу, яму нават здалося, што яна смяецца. Следчы хацеў махнуць гаспадынi рукой, – толькi варухнуўся, як аўчарка натапырыла вушы i ашчэрылася.

– Пальма, фу! – на сцяжынцы з’явiлася бялёсае, кiрпаносае дзяўчо гадоў дзесяцi ў лёгкай жаўтаватай сукенцы. – Пальма, марш на месца! – ссунуўшы да пераносся бровы, строга камандавала маленькая гаспадыня.

Аўчарка нехаця азiрнулася, ледзь прыкметна матлянула доўгiм, як палка, хвастом, але не скранулася з месца.

– Каму сказана, марш у будку! – пiсклява крыкнула дзяўчынка i падняла з зямлi таўставаты дубчык. Толькi цяпер, убачыўшы ў руках гаспадынi дубец, Пальма павярнулася i нехаця пасунулася прэч, зласлiва азiраючыся на Смаляка. Сiлуэт у вакне знiк, бразнулi дзверы, i з-за хаты шустра вынырнула невялiкага расточку, худзенькая, высахлая, бы яблык, якi перазiмаваў на дрэве, старая. Яна прыдзiрлiва агледзела следчага, у насцярожаных, глыбока запалых, выцвiлых вачах заiскрылiся хiтраватыя агеньчыкi, зморшчаныя вусны кранула непрыхаваная ўсмешка.

– Ну што, алкаш, папаўся? Малiнай ласаваўся цi гуркi на закусь спёр? – прашамкала бяззубым ротам старая i, азiрнуўшыся на дзяўчынку, крыкнула: – Кацька, трымай Пальму напагатове, здадзім злодзея ў мiлiцыю…

Толькi цяпер Смаляк пазнаў суседку Альховiка. У першую сустрэчу, два месяцы таму, яна выглядала i паводзiла сябе зусiм iнакш: на пытаннi адказвала блытана, неўпапад, была чымсьцi заклапочаная i штохвiлiнна скардзiлася на ламоты ў касцях, дрэнны слых i благую памяць. Цяпер перад iм стаяла шустрая i задзiрыстая жанчына, куды падзеўся радыкулiт, няма ў руках крывулiстай кавенькi, на якую тады старая спадзявалася больш, чым на ўласныя ногi.

– Калi я не памыляюся, Вы – Казiмiра Францаўна Шашок, – прыгадаў прозвiшча старой Смаляк i, выцягваючы з кiшэнi пасведчанне, прадставiўся: – А я, можа памятаеце, следчы пракуратуры Смаляк. Мяркую, сабаку трэба прывязаць i мiлiцыю турбаваць не будзем.

Гаспадыня нават не зiрнула на дакумент, а падалася ўперад i, уважлiва вывучаючы няпрошанага госця, дакранулася да ягонай скураной папкi з паперамi. У гэты момант твар яе прасвятлеў, i Смаляк зразумеў, што яго пазналi.

– От цяпер прыпамiнаю, – расцягваючы словы, замiтусiлася старая, крутнуўшыся да дзяўчынкi, нешта прашаптала ёй на вуха i, ухапiўшы сабаку за ашыйнiк, павяла за хату. – Праходзьце, таварышок начальнiчак, госцем будзеце, – хiтравата пазiраючы на следчага, крыкнула гаспадыня i забразгатала ланцугом, прывязваючы сабаку каля будкi. – А мы з унучкай ягады збiралi, як чуем – Пальма апанавала некага чужога. Сучка добрая, свой хлеб зарабляе, – пяшчотна нахвальвала сабаку бабуля. —Памятаю, летась злодзеi ўлезлi ў сад, дык не брахала, пакуль яны вiшнi латашылi, а калi набралi паўнюткае вядзерца, яна тут як тут. I Вас не адпусцiла б… Калi да нас, дык заходзьце.

– Я да вашай суседкi Вярбiцкай, – паспяшаўся патлумачыць свой вiзiт Смаляк, – толькi ў хаце нiхто не жыве. Не зразумела. Мо Вы што ведаеце?

– Усё ясна, як божы дзень, – сядаючы на прытуленую да высакаватай слiвы лаву, чамусьцi зласлiва буркнула Казіміра Шашок. – Чула, судзiцца яна за хату з Альховiкавымi пляменнiкамi.

2
{"b":"721634","o":1}