Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Смаляк заўважыў не толькi гэты сум, але i тое, што дзесьцi многа глыбей, можа, зусiм i не ў вачах Шашка, стаiлася спрактыкаванасць i нейкая незразумелая пiльнасць, нават палахлiвасць. Ён не адчуў у словах шчырасцi, i гэта насцярожвала.

– Па-чалавечы я Вас разумею, – цiха зазначыў Смаляк, – а як следчы, не зусiм.

Шашок ускiнуў галаву i запытальна паглядзеў на Смаляка, спрабуючы разгадаць сэнс апошнiх слоў.

– Я i сам толькi потым зразумеў, што мацi сама вiнаватая, старая, даўно за семдзесят перакулiла, – вынес ён свой прысуд.

У гэты момант нечакана сцямнела, наляцеў вецер, захiсталiся, зашамацелi дрэвы, моцна бразнулi незачыненыя веснiчкi, i адразу буйныя кроплi дажджу, спярша зрэдку, нясмела, бы спрабуючы на моц шкло, сыпанулi па шыбах. Смаляк i Шашок, як па камандзе, павярнулi галовы i, утаропiўшыся ў вакно, колькi хвiлiн маўчалi, думаючы кожны пра сваё. А дождж з кожнай хвiлiнай мацнеў, i ўжо не кроплямi, а суцэльнай сцяной лiў з неба. Раптам чорныя хмары напалам рассекла крывулiстая страла-маланка, i ўслед грамыхнула раз, другi, трэцi i пакацiлася па небе i зямлi Перунова каляснiца, ды так, што, здалося, рассыплецца на дробныя кавалачкi гэтая веранда i ўвесь дом.

– У мiлiцыi мне сказалi, што яны вядуць следства, – быццам мiж iншым зазначыў Шашок i сеў у крэсла насупраць Смаляка.

Следчы разумеў, да чаго вядзе гаворку субяседнiк, i адказваць не спяшаўся, быццам i не чуў. Ён паволi дастаў з кiшэнi пачак цыгарэт.

– Можна?

– Смалiце, – абыякава махнуў рукой Шашок i, выцягнуўшы з шуфляды стала попельнiцу, упершыню ўсмiхнуўся: – Сам не смалю, а для гасцей трымаю.

– Ведаеце, Станiслаў Мiкалаевiч, – афiцыйным тонам прагаварыў госць, – пасля таго як Казiмiра Францаўна трапiла ў аварыю, мяне не пакiдае пачуццё вiны.

– А Вы тут пры чым? – адразу насцярожыўся Шашок.

– У тым уся i закавыка, што быццам бы i ні пры чым, – разважаў Смаляк, – але ж у аварыю яна трапiла ў той жа дзень пасля размовы са мной.

– Ну ў Вас i работка! – з палёгкай выдыхнуў Шашок. – Так можна абвiнавацiць сябе ва ўсiх злачынствах, якiя здзейснiлi людзi, што да таго сустракалiся з вамi…

– У нечым Вы маеце рацыю, але ж у дадзеным выпадку Вы, паважаны Станiслаў Мiкалаевiч, прымусiлi мяне засумнявацца ў раней прынятых рашэннях.

– Я ж казаў, што ў бальнiцы на мяне найшло нейкае насланнё, не памятаў сябе, як казалi медыкi, стрэс… Разумееце? – амаль закрычаў Шашок.

– Вы супакойцеся, я не пра тое, – прыпальваючы цыгарку, вёў сваё Смаляк. – Проста мне прыйшлося на пэўныя сiтуацыi паглядзець пад iншым вуглом, напрыклад, пераасэнсаваць сам факт паступлення ў пракуратуру ананiмкi i заявы, у якiх сцвярджаецца, што Альховiк памёр не сваёй смерцю. А пляменнiкi нябожчыка б’юць у званы, ужо i вiнаватага знайшлi – Вярбiцкую.

– I што з таго? Мы тут нi пры чым.

– Я ў гэтым таксама ўпэўнены, але калi дапусцiць, што Казiмiра Францаўна нешта ведае? – Смаляк наўмысна зрабiў невялiкую паўзу: – Мог жа Альховiк перад смерцю ёй нешта даверыць?..

– Нiчога яна не ведае! – ускочыў на ногi Шашок. – Не ўблытвайце нас у гэтую справу! – кiнуў ён i, разважаючы аб нечым сваiм, мiтуслiва затупаў па верандзе. – Усё, што здарылася з мацi, – недарэчнасць, так склалiся абставiны. Следчы з мiлiцыi паказваў мне таго Цвiркуна, я яго бачыў: рукi трасуцца, тузаецца, бы ненармальны, балбоча чортведама што i ўвесь час плача. Хiба такi можа забiць? – ён плюхнуўся ў крэсла i ўпершыню без боязi паглядзеў Смаляку ў вочы. – Не, не здольны такi чалавек на забойства!

– А Вярбiцкая? – насцярожана спытаў Смаляк.

– Вярбiцкая? – недабразычлiва перапытаў Шашок.

– Так, Таццяна Фёдараўна.

Пасля гэтых слоў надоўга запанавала цiшыня. Смаляк не прыспешваў субяседнiка, цярплiва чакаў, што ён скажа, якую дасць характарыстыку. Нарэшце Шашок, быццам вiнавацячыся, паглядзеў на следчага, кашлянуў у кулак i шматзначна, па-блазенску усмiхнуўся:

– З выгляду яна, канешне, жанчына ладная, як кажуць, усё пры ёй… Толькi… – ён зноў замаўчаў, вiдавочна збiраючыся з думкамi i падбiраючы патрэбныя словы. – Толькi занадта крутая.

– Не разумею, – падаў голас Смаляк, – што гэта азначае?

– А азначае тое, што свайго Вярбiцкая не ўпусцiць, хоць бы ўзяць гэтага старога скнару Альховiка, акруцiла, як хлопчыка.

– Вы яе добра ведаеце? – губляючы цярпенне, незадаволена спытаў Смаляк.

– Зусiм не ведаю, толькi са слоў мацi, i бачыў разы два, не болей.

Смаляк зразумеў, што размовы не атрымаецца. Ён устаў, прайшоўся па верандзе, прыпынiўся ля дзвярэй i падставiў далонь пад струмень дажджавой вады, што сцякала з даху.

– Вось i пагаварылi, мне пара.

– Куды ў гэткi лiвень, перачакайце, – паспешлiва прагундосiў Шашок i, крыху памаўчаўшы, дадаў: – Я тут прыгадаў, як Вярбiцкая на другi цi трэцi дзень пасля пахавання Альховiка вельмi крута, – ён з непрыхаванай злосцю вымавiў апошняе слова, – узялася гаспадарыць, узарвала ва ўсёй хаце падлогу, вырашыла пераслаць. Але не паспела, наляцелi пляменнiкi нябожчыка, прывезлi чалавека з суда i справу з рамонтам прыпынiлi. Я да таго, што не бабская гэта справа, старая падлога яшчэ б сто гадоў праслужыла. Я, праўда, хацеў перакупiць тыя дошкi, дык не прадала, сказала прадасць пасля таго, як стане законнай гаспадыняй, пасля суда, значыцца.

Раптам Шашок спынiўся на паўслове i гучна паклiкаў дачку. Дзверы з веранды ў хату адразу рэзка прачынiлiся, быццам дзяўчынка толькi i чакала, калi бацька яе паклiча, i на парозе з’явiлася Кацярына, адной рукой трымаючыся за дзвярную ручку, а другой адхiнуўшы жаўтаваты цюль. Яна моўчкi, панура i непрыязна з-пад iлба глядзела на бацьку.

– Мы нiкуды не едзем, – пiльна ўзiраючыся ў твар дачкi, глуха скамандаваў Шашок.

Ён хацеў яшчэ нешта сказаць, але дзверы рыпнулi, i дзяўчынка гэтак жа хутка знiкла, не сказаўшы нiводнага слова. Шашок устрывожана паглядзеў на Смаляка i, убачыўшы здзiўленне следчага, пачаў паспешлiва i блытана апраўдвацца.

– Пасля няшчаснага выпадку з бабуляй Кацярына стала як не свая, ёй трэба змянiць абстаноўку. Сёння хацеў адвезцi на вёску да цешчы, але ж пасля такога дажджу дарогi, пэўна, развязло, не даеду.

– Пакiну Вам сваю вiзiтоўку, – згаджаючыся, кiўнуў галавой Смаляк, – магчыма, спатрэбiцца, – у гэты момант позiрк зачапiўся за бальнiчны клунак, i ён вярнуўся да стала. – Мне б яшчэ агледзець рэчы Казiмiры Францаўны.

Шашок адразу замiтусiўся, хутка развязаў клункі i пачаў выкладваць перапэцканае крывёй i пяском матчына адзенне. Смаляк расчынiў невялiкую чорную сумачку з адарваным рамянём i перакулiў. На стол вывалiлiся падрапаны карычневы кашалёк, насоўка, выкарыстаны квiток на праезд у гарадскiм транспарце i самапiска. На квiтку дрыготкай рукой зялёным колерам былi напiсаны лiчбы, па ўсiм бачна, тэлефонны нумар. Следчы склаў рэчы ў сумачку i яшчэ раз пашкадаваў марна патрачаны час.

5

Цiхая чэрвеньская ноч усяго на некалькi гадзiн асланіла зямлю шэрым, цёмным пакрывалам i, як толькi зрэдку наляцiць непаслухмяны вятрыска, адразу зашамацiць лiсце, загойдаюцца вершалiны дрэў старога лесу. Нечакана над самай галавой вухне пугач, недзе непадалёк трэсне пад нагамi невядомага звера галiнка, i тады насцярожыцца, застрыжэ вушамi белы канёк, што запрэжаны ў фурманку. А праз хвiлiну зноў цiшыня – адно дробны прыглушаны тупат па мяккім пяску ды аднастайны шоргат колаў на лясной дарозе. У фурманцы двое. Разгледзець iх немагчыма, i толькi калi адзiн зацягваецца папяросай, на iмгненне пакажуцца чорныя невялiкiя вусы, асвечаныя чырвоным агеньчыкам, у другога месяц добра высвечвае за плячыма вiнтоўку. На абодвух вайсковыя фуражкi. Яны едуць моўчкi. Лес пакрысе радзее, вось ужо і палявы пералесак. Фурманка казачным прывiдам выплывае з цемры i адразу трапляе ў бялюткi хiсткi туман, якi цягнецца з лугавiны.

– Хутка будзем на месцы, – па-начальнiцку гаворыць той, у якога за плячыма вiнтоўка, i адразу, бы пацвярджаючы ягоныя словы, недзе ўперадзе забрахаў сабака. Другi, што кiруе фурманкай, сонна кiваецца i, хутчэй па звычцы, цмокае на каня, якi не звяртае ўвагi на гэтыя «цмокi», бо звыклы да начных вандровак.

6
{"b":"721634","o":1}