Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— А што зь ім рабіць? — глуха вымавіў Лазарчук. — Ясна што.

— Ён жа нас ад лютай сьмерці… — узмалілася Кучарыха.

— Дайце, маці, за зло расквітацца. А ўжо затым астатняе, — абарваў яе Лазарчук. Умяшаўся Павал:

— Мы вас, мама, з Палінай забяром у атрад, калі назад паедзем. Што вам тут цяпер заставацца? Праз пару дзён. А то яшчэ карнікі вернуцца. У нас тут у яме бялізна ёсьць, хлопцам, ды і мне — пераапрануцца. Завашывелі.

— А як жа! I сала, і сухары. Вось Паліна, злазь, дачушка.

А празь нейкі час брат непрыкметна адвёў Паліну ўбок.

— Дык, кажаш, павялі?

— А вы б што зь ім? А, Паўлік?

— Ня ведаю, як у атрадзе. Вунь у Лазарчука ўсю сям’ю выбілі, нікога не пакінулі. Ох, і палітыкі вы з мамай! Калі недалёка павялі яго, няхай ён ідзе. Раз вы кажаце, што ён такі.

— Дык ён забіў немца, яму нельга вяртацца!

— Ну ня ведаю.

8

Воддаль, над лесам, а часта і проста над спаленай вёскай пралятаюць самалёты. Франц, прыхіліўшыся да дрэва, з хлапчукоўскай дасьведчанасьцю абавязкова паведаміць марку: «мэсэршміт», «фокевульф», Паліна ў такія хвіліны раўніва заўважае, як позірк яго на час некуды аддаляецца, затуманьваючыся. Гэта ягоная Германія лётае. А сам жа ад яе хаваецца і больш за ўсё баіцца, што яна яго адшукае. Маці таксама ўсё часьцей адыходзіць у сваю далеч, усё менш у яе размоваў з жывымі, яна цалкам — зь нябожчыкамі.

— У сьне прыходзяць: «ПІто ж ты нас, Кучарыха, нашы белыя косьці зямелькаю не прысыплеш?» Трэба ім, дзеткі, магілкі выкапаць.

Цяпер Паліна з Францам ходзяць усьлед за ёю, закопваюць тое, што яна сабрала на пажарышчах. 3 рыдлёўкай, з кашом пераходзяць з двара ў двор. Франц на агародзе рые невялікую, але як мага глыбейшую яму («Каб, дзеткі, не адкапалі іх ваўкі, сабакі не расьцягвалі»), Паліна, сабраўшы ў кош тое, што засталося ад сямейкі, нясе да ямы — закопваць. Перад гэтым магілку высьцілаюць расквечанымі галінкамі з гаспадаровай ігрушкі ці вішанькі, прысыпаўшы, Франц спэцыяльным валікам з круглага паленца выціскае на вільготным пяску крыж. Моўчкі перахрысьціцца, і Паліна таксама. Няпраўдай было б сказаць, што яна раней ніколі гэтага не рабіла. Гэта яе таямніца, салодкая і саромная. I не набожнасьць у ёй тады прачыналася, а, бадай, нешта зусім іншае. Спачатку яна рабіла гэта ў гумне, на таку, што соладка пах нагрэтымі снапамі, сенам. Зладзейкавата пракрадалася туды, станавілася наўколенцы на зацьвярдзелую гліну і пачынала шчыра хрысьціцца і класьці паклоны. Перад гэтым пасьпешліва і груба мазала вусны памадай, падоранай ёй дачкой лясьнічага Эвірай, хвалюючы пах нецяперашняй, чаканай жаночай долі дадаваў сораму і забароненасьці. Зойдуць і пабачаць, і што ты будзеш казаць? Стала гэта рабіць у хаце, перад маміным абразком, і менавіта тады, калі нехта блізка быў: на кухні ці за вакном гамоняць маці з суседкай або з бацькам — вось-вось зойдуць! Нават у школе рызыкавала гэта рабіць, калі ўсе пабягуць на перапынак (у той жа Эвіры спэцыяльна дзеля гэтага выпрасіла маленькі авальны абразок) — вось дзе пачуцьцё сорму і забароны было самае вострае. Забягуць, пабачаць — пасьля гэтага жыць стане немагчыма. Толькі памерці!

Успамінала яна цяпер пра гэта? Куды ад памяці схаваесься? Але цяпер нават сьмерць ня дужа хвалявала, болып пужала — грубай прастатой і канчатковасьцю. Гэтыя паўсатлелыя косткі нядаўна жывых знаёмых ёй баб, мужчын, дзіцячыя, яны пазбаўлялі цябе ўсякай надзеі. Кладучы крыж усьлед за Францам, але справа налева, як мама хрысьціцца, як гэтыя некалі хрысьціліся (хто старэйшы быў і чые косткі перад вачыма), Паліна толькі адгароджвала сябе ад памерлых, набліжэньня не адбывалася. Хаця нават у Франца, чужога тут, яна бачыла, было інакш. Што ж яна за вырадак такі? Вось тады — незразумелая страсьць шукаць саромна-забароненае (і дзе, у чым?!), а цяпер — натужная няздольнасьць далучыцца д а нечага, што яна ўжо ведае: ёсьць, ёсьць, і с н у е, але ёй пазнаць ня дадзена.

— У вас у школе маліліся? — спытаў раптам Франц.

— Не, вядома! — Паліна чамусьці пачырванела.

— I ў нас таксама: вядома! Але бацька і асабліва мутэр — вельмі веруюць. Фюрэра яны толькі баяцца. У вас мала цэркваў, дзе ў вас вянчаліся (ці як гэта)?

— У сельсавеце.

— Гэта… а, муніцыпалітэт! Каля пня? Старажытныя германцы так рабілі. Ці гэта гістарычны жарт, ня ведаю.

Аднойчы раньнім сьвітаньнем Паліна ўбачыла, што Франц ходзіць па папялішчы яе хаты, уважліва разглядвае ў сябе пад нагамі, нешта шукае. Мабыць, косьці Ота хоча і баіцца пабачыць.

Кучарыха «з працы» звычайна ішла, не аб’яўляючы пра гэта Паліне, Францу: зьнікала і ўсё, прыходзілі ў свой двор, а яна ўжо там, варыць вячэру ці сьпіць, загарнуўшыся ў калгасную сваю целагрэйку.

На гэты раз чамусьці разьвіталася. Падышла. — Ну я там сабрала, і там, і там. Я пайшла — пахавайце.

Паліну потым мучыла памяць, здагадка: яна сказала «я пайшла — пахавайце!» Ведала, што зараз ляж а і памрэ? Калі яны з Францам вярнуліся «дахаты», Паліну ўразіла, як па-дзіцячы сьпіць яе маці. Ірваныя свае салдацкія чаравікі акуратна паставіла ля галавы (бацька заўсёды сьмяяўся з Паўла, калі ён так рабіў па сялянскай звычцы), руку паклала пад шчаку, босыя ногі, падціснуўшы, схавала ў даўгой сваёй спадніцы. Гаманілі ўпаўголасу: няхай пасьпіць. Згатавалі вячэру, сталі будзіць, а яна…

Паліна не крычала, ціха і безнадзейна цякл і сьлёзы, усё рабіў, што трэба, Франц. У гэтай вёсцы столькі сьмерцяў, што закрычаць (а так хацелася!) было страшна: як у гарах з навіслым сьнегам і лёдам.

На мёртвым твары зноў узьнікла, як бы праяўленая сьмерцю, маміна ўсьмешка. Толькі тут скеміла Паліна, чаго неставала ўсе апошнія дні, тыдні. Усё жыцьцё, колькі Паліна сябе памятае, поруч быў немалады твар зь нязьменнай добрай усьмешкай, ласкавымі рысамі, што так спалучаліся зь пявучым «маміным» голасам. «Алтайскі галасок у нашай мамы, ведаеце, якое ў гарах рэха!» — любоўна казаў бацька. I яшчэ: «Мама наша ў дзяцінстве подмазку зьела, заўсёды ўсьміхаецца, праўда, дзеці?» Ён прывёз маму зь Беламорканалу, з ссылкі, бо яна — «з кулакоў». Простыя бацькавы словы пра гэта калісьці пужалі Паліну, патрабавалі іншых, а ня тых, што ў яе да маці, пачуцьцяў. Яны вершаў, паэм столькі завучвалі пра Паўліка Марозава. Свой жа Паўлік, здавалася, не перажываў, нават калі бацька, выпіўшы (рэдка, але здаралася), абзываў сябе з выклікам: «шкоднік», «вораг народу». Мама яго тады старалася адвесьці ад дзяцей, пакласьці спаць. Як з гэтым было справіцца дзіцячай душы, зыбістай сьвядомасьці? Павал спраўляўся лёгка. А можа і ня так, проста характар у яго мужчынскі. («Крэмень наш Павал», — казаў бацька ці то жартам, ці то ўсур’ёз). Паліна ж ня раз начамі, плачучы, перапісвала маме і бацьку біяграфію. У яе фантазіях бацькі былі тыя ж самыя, з мамінай заўсёднай усьмешкай, бацькавай рэзкай гарачлівасьцю, але на Беламорканал яны езьдзілі па камсамольскай пуцёўцы, і, наогул, усё, як у кнігах і ў кіно.

На агародзе каля старой ігрушы Франц капаў магілу Кучарысе. Прыкідваў, з чаго зрабіць труну. Ні дошак акуратных няма, ні інструмэнту. Капаў і ў думках абыходзіў двор за дваром, усю вёску, прыгадваючы, што і дзе бачыў. Пайшоў шукаць дошкі, а калі прынёс патрэбнае (нават зламаную пілу патрапіў, паўабгарэлую сякеру), пабачыў, што Паліна пабывала ўжо ў схованцы-склепе і дастала шэры валік саматканага палатна. Моўчкі, кожны сабе, рабілі. Франц толькі сачыў увесь час, ці ня трэба памагчы. Прынёс з калодзежа вады, калі Паліна, падышоўшы да ямы, пастаяла, як бы што забыла і ўспамінала:

— Я сама абмыю, хоць крыху.

Бацька можа і не ўхваліць, што не на могілках, а проста на агародзе будзе пахаваная. Але і суседзі так — кожны ў сваім садзе. Уся вёска цяпер могільнік. Хату яны самі будавалі, бацька з маці. Вось так разам рабілі, як Франц з Палінай, але зусім-зусім іншую працу рабілі. Паліне, што ведала іх, лёгка ўявіць, як радаваліся адно аднаму і таму, што робяць. Асабліва пасьля гэтага Беламорканалу. Хату ставілі, нарадзілі Паўла, тут жа неўзабаве — Паліну, працавалі ў калгасе, бацька рахункаводам, мама — «куды пашлюць», дзеці сямігодку канчалі, і тут зноў забралі бацьку. Перад самай вайной. У школу хоць ты не хадзі, але Павал не адступіў, цягнулася ўсьлед за ім і Паліна, а там дырэктрыса-гістарычка тлумачыла дзецям: у такім вось выступленьні таварыша Сталіна тое і тое, усё што ён калі-небудзь сказаў — вернае назаўжды. Вось і пра рахункаводаў. Ворагаў трэба ўмець распазнаць пад любым абліччам, маскай: кулак не абавязкова зь бярданкай або абрэзам пад крысом. Ён можа з бухгальтарскіх касьцяшак стрэліць. Як сказаў таварыш Сталін. Сядзіць сабе такі ў калгаснай канторы і шчоўкшчоўк, як з-за вугла. Нашчоўкаў і, калі ласка: каровы зь бяскорміцы дохнуць, сьвіньні і куры ад чумы, зерне мокне, гніе, на працадні — грамы.

8
{"b":"599002","o":1}