Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Пад канец кадравік паведаміў:

— А вы ведаеце? Мабыць, ня чулі? Там немец удзельнічаў. 3 вайны яшчэ затаіўся. Падагнаў машыну, бэнзін ім прывёз.

Так (я потым даведваўся), гэта быў Франц. Толькі ўсё адбывалася крыху інакш. У нашых «органаў» слабасьць да сачыніцельства. А было ўсё прасьцей: па звычайным сваім маршруце Франц праяжджаў на машыне, вёз тарфяны брыкет. Перагарадзілі дарогу, бэнзін і ўсё, што ім трэба было, разгарачаныя людзі ўзялі, не пытаючыся шафёра. Але Франца абвінавацілі ў саўдзеле ці дапамозе, ці ў нечым іншым, і пасадзілі. Тры гады Паліна зь дзецьмі чакалі яго, а вярнуўся — завэрбаваліся ў Сыбір. Яшчэ да Чарнобыля. Недзе там, на поўначы, яны цяпер. Калі не павёз іх Франц у аб’яднаную Германію. Магчыма, нехта зь нямецкай яго сям’і жывы застаўся. Колькі яму ды і Паліне перажыць давялося, што хацелася б для іх хоць крыху жыцьця спакайнейшага.

Але чамусьці сумна было б даведацца, што яны ўсёткі паехалі. Р.8. Я працаваў над гэтай гісторыяй, калі ў санаторый «Падмаскоўе» мне пазванілі зь Мюнхену — супрацоўнік радыё «Свабода», мой зямляк Васіль Крупскі. Родам ён з нашай Віцебшчыны, прозьвішча па бацьку — Фрэйдкін, амаль увесь род Фрэйдкіных у вайну нацысты зьнішчылі. Пагаварылі пра справу, якую меў да мяне, а затым Васіль успомніў пра наш з Элемам Клімавым фільм. Карціну «Ідзі і глядзі» ў 85-м я вазіў у Заходнюю Германію, арганізатарка Мангеймскага фэстывалю нястомная жанчына без узросту фраў Фэй Вайн параіла мне быць гатовым да жорсткай дыскусіі. А наогул можна было чакаць (мяне ў Маскве ўсур’ёз папярэджвалі), што нэанацысты падпаляць кінатэатар. Непрыемны не для адных толькі нацыстаў фільм у нас атрымаўся. У час XIV Маскоўскага кінафэстывалю я быў сьведкам такой сцэны ў Крамлі: вядомы заходненямецкі кінарэжысэр, добры знаёмы Элема Клімава, папракнуў яго ў лішне жорсткім паказе немцаў. Вочы ў Элема зьбялелі (знаёмы мне ягоны стан — па нашых сустрэчах з кіраўнікамі Дзяржкіно): «Ах так! Ды мы вось такую кропелечку праўды паказалі. Вось у наступны раз — на поўную катушку!»

У Мангейме дыспут атрымаўся ярасны, але мне ў ім удзельнічаць не давялося зусім. Сядзеў з краю сцэны, спусьціўшы ногі ў залю, і ўсяго толькі назіраў за бойкай немцаў зь немцамі. Двух пакаленьняў: тых, хто пабываў на вайне, і маладых. «Ах вось вы чым там займаліся!» — а вэтэранам, вядома, крыўдна.

Васіль Крупскі расказаў тут жа па тэлефоне пра падобную сытуацыю, гісторыю ў Мюнхене: ён запрасіў да сябе маладых немцаў і паказаў ім фільм. Адзін з гасьцей папрасіў касэту і пракруціў яе бацькам. Паглядзеў зь імі фільм і сышоў з дому. Да Васіля прыходзіў потым немец-бацька, плакаў і запэўніваў, што, хаця служыў у Беларусі, але быў усяго толькі «пры конях». Прасіў, умольваючы, памагчы вярнуць сына ў сям’ю.

Ну а калі цэлыя народы пабеглі адзін ад аднаго, здавалася, на ўсё сваё наступнае гістарычнае жыцьцё напалоханыя існаваньнем у таталітарным пацучніку? Як зараз мы бяжым, схапіўшыся за галаву. Ад іншых уцякаем, як ад самога сябе. Таму што ад уласнай памяці намагаемся скрыцца.

I ў той жа час вяртаемся, вяртаем сябе адно аднаму — мы зь немцамі. Значыць, няма нічога канчатковага ў гэтым сьвеце. У гэтым і наша надзея.

13 красавіка (Падмаскоўе) — 15 жніўня (Губічы) 1992 г.
23
{"b":"599002","o":1}