А тым часам нешта зьмянілася ў сцэне, што разыгралася ў лесе. Дагэтуль закручвалася вакол камандзіра ў скуранцы, якога вінавацілі ў нядаўняй бядзе, пагрозьліва лаялі за неразумныя распараджэньні і, падобна, за трусасьць. Скураны падышоў да седака на рэчмяшку, паглядзеў бессэнсоўна, як бы нешта кемячы, і раптам спытаў гучна:
— Чакай, а дзе дыскі да кулямёта?
— Што дыскі, калі кулямётчыка страцілі, кулямёт, — здалёк азваўся паранены ў галаву.
— Усё роўна. Дыскі я даручыў вось яму, Фуксону.
— Якія дыскі, якія дыскі? — азіраючыся, як бы шукаючы падтрымкі, закрычаў чалавек, што сядзеў на мяшку.
— Што значыць «якія»? — не адставаў скураны. — Табе было даручана насіць запасныя. Што, згубіў, кінуў?
— Нехта нешта ня так зрабіў, пабег першы, а вінаваты Фуксон! — непрыемна высокім голасам выкрыкваў, адбіваўся гаспадар мяшка.
— Ты за другіх не хавайся, — умяшаўся паранены ў руку, крывячыся, мабыць, ад ныючага болю, — кожны за сябе адказвай.
— Што ў цябе там, чым мяшок набіты? — усё болын рашуча наступаў скураны. Здаецца рады, што пра яго віну забыліся. — Вось гэта ён ня кінуў? Ану, разьвяжы!
I яшчэ нечы голас прагучаў, далучаючыся да камандзірскага:
— За згубленую зброю, ведаеш, што ў нас бывае?
Скураны схапіў мяшок за шлейкі і вырваў з-пад седака, той сьмешна па-бабску заваліўся на бок. Зь мяшка вываліліся скруткі скуры, што зіхацела на сьвятле, новыя чаравікі.
— Хром, глядзіце, колькі з той машыны загатовак нагроб! — узрадаваўся скураны. — Нябось, скуру ня кінуў.
— Што хром, што нагроб! Калі другія пакідалі, значыць, і я павінен…
— Пра дыскі гаворка, куды іх падзеў?
— А што яны без кулямёта? Самі ж потым папрасілі б: Фуксон, боты трэба пашыць, Фуксон, абцас знасіўся!
— А ты і кінуўся рабіць! Ведаем мы цябе! — гэта той, з ныючай рукой.
— Што тут зь ім базар разводзіць? Ану! — скураны забраў з рук Фуксона вінтоўку, і той аддаў. — Адыдзем туды.
Накіраваліся ў бок невялікай паляны, але скураны раптам азірнуўся на Франца:
— I ты! Пайшлі з намі. «Што, чаму?» — Франц разгубіўся. Аніяк не чакаў.
У яго бок ніхто нават не глядзеў, а тут раптам… Паліна загаласіла:
— Навошта ён вам? Ён хворы, ён немы, ён…
— Ён, ён, ён! — акрысіўся скураны. — Ну што заенчыла? Нічога ня зробіцца з тваім нямым.
— А нашто ён вам, а Божа ж, а што гэта робіцца? — на ўсякі выпадак выкрыквала Паліна, але і разумела: нельга перабаршчыць. Раптам тут ёсьць нехта, хто ведае ўсё пра Франца, успомніць, скажа — вось тады і сапраўды паенчыш. Пабегла ўсьлед, не выпускаючы ні на міг з выгляду, гатовая зноў узьняць бабскі лямант.
Выйшлі зь лесу на паляну, і тут Франц блізка разгледзеў чалавека ў скуранцы, яго вузкі і непрыгожы твар, воўчыя зморшчакі на пераносьсі, нешта знаёмае падалося яму ў бессэнсоўна злым паглядзе, у рэзка апушчаных кутках белагубага роту. Менавіта такім лёгка падпарадкоўваюцца: злосьць, што ідзе ад іх, заўсёдная, як атмасфэрны слуп. Яна і цябе пачынае спавіваць, спачатку няпрыязьзю да яго ж. Але затым ты сам зараджаесься яго незразумелай, незразумела да каго злосьцю — ад неспакою, трывогі, страху.
Куды ён і навошта вядзе ўсіх, і ўсе ідуць? Як быццам ведаюць — нават Фуксон — разумны сэнс і мэту гэтага паходу. Карычневая, пачварна даўгая скуранка зь белымі праплешынамі і трэшчынамі на камандзіры вісіць, як на вешаку, у руцэ ў яго пісталет, а ў другой — вінтоўка арыштаванага. Навошта паклікаў Франца, што ад яго хочуць? Вочы скуранога, здавалася, бессэнсоўна шныраць навокал, але не, пабачыў некалькі бярозак наводшыбе і тут жа скіраваў да іх. Паказаў Францу на белае стройнае дрэва:
— Ты самы высокі, бярыся, гні. Чаго не разумееш? Вось так — гні! Вышэй, вышэй забірай.
Франц паспрабаваў — дрэва толькі пашумела ўжо зжоўклай і парадзелай кронай, не паддаецца. Сапраўды, давялося прыўстаць на дыбачкі і схапіць прыгажуню вышэй, як за горла, зьвіснуўшы, пацягнуў уніз. Перабіраючы рукамі бліжэй да вершаліны, змусіў упартую, што плаўна слабела, прыгнуцца, наваліўся зьверху на яе, локцямі, усім целам, нехта поруч павіс, схілілі, як трэба. Хаця як трэба і што трэба, вядома тут, здаецца, адзінаму чалавеку. Ад яго патаемнай незразумелай думкі ідзе пагроза.
— А ты, — камандуе скураны таму, у каго перавязаная галава, — здымі з гэтага рэмень.
— Сам здыме, калі трэба. Добра, Фуксон, давай твой рэмень.
— ПІто? Навошта? Што вам ад мяне трэба?
— Давай, калі загадваюць.
I той пасьпешліва распаясаўся, цёмны плашч з разьдзьмутымі кішэнямі павіс на ім пачварна, як халат. А скураны распараджаецца далей:
— Прывязвай за нагу. Ну што незразумелага? Нагу. Да бярозы. Рэменем. Зразумеў, нямая ступа?
I сам штурхнуў Фуксона да Франца.
Франц і другі, што памагаў стрымліваць спружыністую бярозу, недарэчна намагаюцца злавіць нагу Фуксона, той адступае, сьмешна адскочыў, вырваўшы калашыну нямецкіх штаноў з Францавых пазногцяў.
— Вы што? Што вы надумалі? За гэта адкажаце!
— Э, адкажаце, адкажаце! — раптам раззлаваўся лянівага выгляду дзяцюк-мацак, што датуль ні ў чым ня ўдзельнічаў. Як бы кусілі яго.
Схапіў галаву беднага Фуксона моцнымі рукамі «ў замок» і падцягнуў яго да дрэва: прывязвайце! Франц схапіў нагу раменнай пятлёй, хутка працягнуўшы канец праз мэталічную спражку, быццам ня раз такое рабіў. Скураны адабральна памахаў пісталетам. На пару з тым, што памагае трымаць бярозу, пасьпешліва сталі канец рэменя прывязваць да ствала. Фуксон ужо ляжыц ь на зямлі, нага задзёртая пад неба.
— Вы што, вы што? — усё паўтарае няшчасны, торгаючы рэмень, як бы спрабуючы, ці дастаткова моцна, добра нага прывязана.
— А вось зараз пабачыш!
— Будзе табе хром!
У выкрыках ня злосьць, а як бы гульня, усіх заварожвае сама дзея, тое, што адбываецца зь і м і.
— Нахіляй другую, — камандуе скураны і, адкінуўшы вінтоўку, сам кідаецца да такой жа бярозы, што стаіць мэтраў за сем. — Сюды, да яго гні!
Фуксон у адчаі закрычаў на ўвесь лес:
— Людзі, памажыце! Гэта фашысты! Вы што, фашысты? Вы фашысты, ці хто?
Ухітрыўся скочыць зь зямлі, на назе, яшчэне прывязанай, спрабуе адскочыць, уцячы, зноў упаў, на руках намагаецца адпаўзьці, а яго цягнуць, валакуць, прыціскаюць, вяжуць:
— Ах, мы фашысты?.. Значыць, вось мы хто?.. Зараз ты пабачыш, хто фашыст!.. Сука! Фэрфлюхтар! Сьвіньня! Фуфло! Юда! Шайзэ!..
Чые былі словы, чые галасы ў тым пачварным клубку ярасных цел, хто маўчаў нема, а хто не — ніхто ня мог бы разабраць. На другім канцы паляны таксама крычалі жанчыны, іх спалоханыя галасы ўсё нарасталі.
— Мацней, мацней навязвай! — камандуе скураны.
Ногі нябогі ўжо глядзяць у неба, плячыма, галавой ён коўзаецца па жухлай траве, перамяшчаючыся зь месца на месца на локцях, як нейкая членістаногая казюрка.
— Адпускай! Паехалі!
Пачуўся лямант жаху — дрэвы, уздрыгануўшыся, падскочылі, спрабуючы выпрастацца, стаць, як раней, але не змаглі. Іх трымалі расьпята голыя, страшныя ў гэтым становішчы чалавечыя ногі. А рукі зьвіслага галавой уніз амаль дастаюць да долу, шкрабуць траву, апалае лісьце. I нейкае вухканьне: «У-о-х! У-о-х!» — чуецца з-пад зьвіслага ўніз плашча, што закрыў галаву, твар падвешанага.
ТТТто было б далей, сказаць немагчыма: крык з усіх бакоў рос, людзей на паляне ўсё болып. Скураны, як бы ўспомніўшы пра свой пісталет, пасьпешліва стрэліў — ва ўпор у аголены худы жывот павіслага. Рукі расьпятага напружана паварушыліся і павісьлі мякка.
Анямелая Паліна ўсё гэта назірала з-за куста, ускрыкнуўшы ад болю, прыціснула далоні да свайго жывата. Як бы заплюшчваючы вочы дзіцяці.
11
Расказваючы пра Паліну, Франца, не-не ды й вернесься да самога сябе, мы як-ніяк жылі ў адзін час, вопыт наш ня так ужо і адрозьніваўся. Вось і пасьля расказанай дзікай гісторыі прыгадаўся наш уласны габрэй. Ня толькі ў немцаў пры Гітлеры ён быў — уласны ў кожнага. Так павялося ўжо здаўна: Пётр лепш пазнае сябе праз Паўла. А яшчэ лепш — праз Абрама, Ісака…