Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Быў у нас у атрадзе свой Фуксон, не, нічога зь ім такога ня здарылася. Пасьля вайны сваёй сьмерцю памёр. На партызанскія сустрэчы акуратна прыяжджаў. Помню фразу, якую наш Мікалай Носаў часта казаў:

— Скончыцца вайна, ты, Фуксон, маеш права казаць: «Я ваяваў». Але калі ты скажаш: «Мы ваявалі!» — глядзі, Фуксон, нос адкушу.

Не, з дружбай народаў у атрадзе было ўсё ў парадку. А Хаім Хануцін, кулямётчык зь першай роты, быў фігурай, якую камандаваньне наогул за прыклад ставіла. Злы ў яго кулямёт, самы гучны ў кожным баі. Быў выпадак, калі выручыў увесь атрад, тады нас прыціснулі да ракі.

Але не магу забыць адну сцэну, на памяць прыйшла, калі апавядаў пра выпадак зь нянашым Фуксонам. (Абедзьве гісторыі аднолькава ня выдуманыя).

Вярталіся мы з «жалезкі». Хадзілі туды і вярталіся, што называецца, гамузам. Цэлай ротай. Менавіта так было ў жніўні, у верасьні сорак трэцяга — падчас «рэйкавай вайны». Перавалілі ўжо небясьпечную «варшаўку», уніклі ўдала самалётаў, які я пасьля трэцяга дня жніўня, калі ўпершыню прагрымеў на ўсёй чыгунцы на Беларусі «канцэрт», ня злазілі зь неба, увесь час віселі над намі. Вырашылі адпачыць у вялікай вёсцы Старое Сяло — хто на траўцы прысеў, хто на бярвенах, прываленых да агароджы, уладкаваўся. Толькі разьмясьціліся — бягуць да нас жыхары зь весткай: а вас тут чакае габрэй з Бабруйску. I ня проста габрэй, а які два гады хаваўся ад немцаў у нейкай жанчыны. Жыў у яе падвале, быў шаўцом, працай яго карміліся, дваіх дзяцей нарадзілі. (Заўважце, гісторыя нечым падобная на Францаву з Палінай).

Ён не пасьпеў яшчэ зьявіцца перад нашымі вачыма, а мы ўжо ведалі: адыходзіў з Бабруйску чамусьці па кантраляванай «варшаўцы», яго, вядомаж, цапнулі паліцаі (профіль!), пераправерылі першае падазрэньне «нямецкім спосабам» — прымусілі штаны спусьціць. I вось нейкім дзівам змог зь іх падвалу ўцячы. Праўда, пасьпелі зь яго выцягнуць, выбіць адрас жанчыны, у якой ад яго дзеці.

Гісторыя, зразумела, сама па сабе неардынарная, ніхто ня стаў бы адмаўляць. Але ў залежнасьці ад таго, як яе пераказваць, на чым рабіць акцэнты, будзеш глядзець на гэтага чалавека. Па-рознаму глянеш. Для нас акцэнт адразу ж зьбіўся на адзін бок: выдаў добрую жанчыну, якая яго выратавала. Цяпер усё залежала, якім ён нам здасца жывы, як павядзе сябе. I хто зь ім распачне размову. 3 ротай ішоў Васіль Емяльянавіч, камісар (далей паедзе на сваім кані: разьведчыкі прыгналі з атраду) — вось яму і накіроўваць размову.

Зьявіўся наш госьць у самым няўдзячным для сябе вобразе. Усё ў ім, як знарок, з выклікам і неўпапад. Неўпапад з агульным настроем роты, з уражаньнем ад папярэдняга расказу пра яго (тая жанчына і выданыя ўласныя дзеці!), з чаканымі паводзінамі яго. Яму б з выразам гора-бяды, віны зьявіцца, а ня з гэтай шыракаротай шчасьлівай усьмешкай на ўвесь габрэйскі твар. Не спадабалася хлопцам нават тое, што звычайна іх цешыць: як радасна кідаюцца нам насустрач тыя, хто доўга і зь вялікай рызыкай шукаў партызан. На шчасьлівае яго «добры дзень» камісар — пытаньнейка:

— Два гады, кажаш, хаваўся? А чаму раней не прыходзіў? Ну прыдумаў бы нешта, а то:

— Лепей позна, чым ніколі.

Жартаўнік! Ён што, вораг сабе самому? Знайшоў што сказаць!

— За гэтыя два гады — ведаеш, колькі хлопцаў галовы паклалі! Адказ горш няма куды:

— Камусьці і жыць трэба.

Ён што, нахабнік? Ці гэта ад разгубленасьці, ад нечакана непрыязнай сустрэчы? Ці проста дурны гэты падпольны шавец? Вунь як па-дурному сам жа апавядаў жыхарам пра тое, што выдаў сваю выратавальніцу.

Як бы праверыўшы агульны настрой (і адначасова накіроўваючы яго), камісар задаў яшчэ пытаньне:

— Значыць, ты ў партызаны сабраўся? А што можаш рабіць, кім хочаш быць?

— Я-то наогул шавец. Але і поварам магу. Усім магу.

— Усім можаш, — камісар хмурна зірнуў на нас, як бы запрашаючы палюбавацца на гэтага разумніка, — ну а чаму ня кажаш: магу кулямётчыкам, магу аўтаматчыкам?

— Калі трэба, калі ласка.

— Ласка твая нікому не патрэбна. Не за нас (мы самі), за сябе паваюй! Досыць усім на дурніцу ехаць!

Калі ў камісара была свая нейкая мэта, дык ён яе дасягнуў цалкам, ані не рызыкуючы парушыць формулу нашага інтэрнацыянальнага выхаваньня. А як яшчэ з такою нахабаю гаманіць?! Але было і такое пачуцьцё: з нас вывернулі наверх нешта нячыстае, пра што не хацеў бы нават ведаць, што яно ў табе тоіцца. Ці не таму так ахвотна паверылі, што ён сапраўды выдаў тую жанчыну? I як бы нават узрадаваліся такому факту, які апраўдваў, растлумачваў нашы да яго адносіны.

Рота пастроілася ісьці, навічок наважыўся стаць ззаду, да яго пад’ехаў на сваім прыгажуне кані Васіль Емяльянавіч:

— А ты куды сабраўся?

— 3 вамі.

— У нас повары-шаўцы ёсьць. Ня маем патрэбы.

Здавалася, з ротай у камісара поўная згода. Ды і ў мяне зь ім таксама. Таму я крыху зьдзівіўся, калі празь месяц ці два ў пасёлку Акцябарскі з возу, гружанага абрэзкамі дошак, нехта радасна мне крыкнуў:

— Добры дзень! I як бы жадаючы ўзрадаваць:

— А я ў пякарні ў Міцькі!

«Міцька» — суседні атрад нашай жа брыгады. Самае дзіўнае: як ён мог пазнаць аднаго з паўсотні, што яго адверглі, не прынялі? Няўжо ў мяне неяк адрозьніваўся тады твар, позірк, што ён мог бы ўспрыняць як спачуваньне яму?

12

Блякада — такая штука, не дазваляе доўга на адным нечым затрымлівацца, спыняцца. Гоніць бязьлітасна наперад, нават калі і бегчы ўжо няма куды. I для Франца з Палінай, для тых, хто поруч, такі момант надышоў — бегчы няма куды, шчыльная страляніна навокал, зусім блізка, поруч. Іх узялі. Франц слухае, чуе, як людзі ў плашчах, плямістых накідках па-нямецку перамаўляюцца: што рабіць з злоўленымі бандытамі? Цягнуць іх цераз балота ці лепш — пакласьці на месцы. Тоўсты, у акулярах, яфрэйтар зь нечаканай упартасьцю пярэчыць етаршаму афіцэру: зброі пры іх няма, іх трэба загнаць у лягер! Франц выгляду не падае, што разумее. Не хацеў, каб і Паліна ведала, аб чым змаўляюцца.

Так яны апынуліся ў лясным лягеры. Што за лягер, дзе гэта, ня ведалі, дрэнна арыентаваліся, але часта чулася, гучала слова: Азарычы.

Ішлі доўга, амаль цэлы дзень. Зноў і зноў ззаду рэзка стукалі стрэлы — гэта прыстрэльвалі тых, хто ўпаў, ня можа ісьці. Колькі разоў у Франца вось-вось маглі вырвацца нямецкія словы, зьвернутыя да тых, каго ён павінен лічыць сваімі землякамі. Але ён маўчаў, хаваючыся за ўжо саромную, ужо ганебную сваю немату. Забраў у аслабелай жанчыны дзяўчынку, нёс яе на плячах, Паліна вяла дваіх за рукі. Дзяўчынка ўсё паўтарала, схіляючыся да вуха Франца: «Я не баюся, я не баюся, немец нас не застрэліць, ты, дзядзя, ня бойся».

Лягер — гэта адгароджаны калючым дротам кавалак забалочанага лесу, аніводнага барака, нават зямлянкі, людзі, іх тут незьлічоныя тысячы, стаяць, вяла пераходзяць зь месца на месца, мёртва ляжаць у халоднай гразі. Вельмі мала мужчын, нават старых, найболын жанчыны зь дзецьмі. Здавалася, і тыдня пражыць тут немагчыма.

Пражылі ледзь не паўгода. Маці Лізы — дзяўчынкі, якую прынёс у лягер Франц, памерла ад тыфу. Цяпер дзяўчынка жыла пры Паліне і Францу. Цэлымі днямі, сіняя, велікавокая, ляжала яна на абжытай імі лапінцы гнілой куп’істай зямлі, грэючыся ўсім, што жывыя забіраюць у памерлых, а яе прыёмныя бацькі таўкліся ля варот у надзеі дачакацца прывозу якой-небудзь ежы. Калі прыходзіла машына, паліцаі, немцы шпурлялі ў галодны натоўп падмерзлыя баханкі хлеба, стараючыся абавязкова патрапіць каму-небудзь у галаву бурачнымі «гранатамі» — проста ў твар, весяліліся, забаўляліся. Налятай, не зявай! I наляталі з апошняе сілы, затоптваючы тых, хто слабейшы, выхопліваючы хлеб, як уласнае жыцьцё, з чужых рук. Але затое якое шчасьце ў вачах дзіцяці (Лізы!), што бачыць хлеб у тваіх руках.

Франц, гледзячы на задаволеных сваёй сытасьцю і ўладай над тысячамі жыцьцяў ахоўнікаў, мог уявіць сябе на іх месцы. Ён таксама мог стаяць на вышцы з кулямётам, на машыне, цаляючы з кулямёту ў Паліну, Лізу, забаўляцца стралянінай па іх усіх, шпурляць хлеб, як цагліны, ім у галаву. I быў бы ён таксама Франц — дык хто ж, што ж такое людзі.

15
{"b":"599002","o":1}