Литмир - Электронная Библиотека

У мяне запісана, што ён з'явіўся ў маю сям'ю зранку 19 сакавіка 1961 года i многае, што хацеў расказаць за адзін раз, не расказаў, хоць i за цэлы наш перадвясенні, ужо вялікаваты, дзень i частку вечара, бо госць павінен быў ісці да сына, у якога спыніўся.

Што гаварылася?

Пра допыты, пра краты i нары, пра камедыю суда, этапы, лагерную бібліятэку на дваццаць дзве тысячы кніг, дзе яму, ужо ў Мардовіі, пашанцавала папрацаваць, дзе ён нават наладжваў абмеркаванні твораў рускай, усесаюзнай i беларускай літаратуры ў перакладах, у тым ліку i некаторых твораў маіх...

Усё гэта гаварылася Барысам жыва, дасціпна з адступленнямі, абагульненнямі, накшталт таго, што «ну, а бацьку, відаць, усё-такі выцягнуць за лапы з маўзалея...», i яшчэ нямала іншага, шырэй ды глыбей па значнасці.

За чатыры гады ён пастарэў, здалося мне, як быццам i не вельмі, аднак жа быў ужо прыкметна не той, што ў пушчы, калі прыязджаў ca сваёй брыгады ў рэдакцыю не надта каб спраўным кавалерыстам, але ж, затое, з добрай цаглінай сала пад пахай, што называецца — у заработкі на сваёй торбе...

Як не той, які аднойчы, неўзабаве пасля вайны, з'явіўся ў мой цесны закутак з Баранавічаў у толькі што набытым няновым скураным паліто i з парога пасвятлеў усмешкай, гыкнуўшы на прывітанне:

«Во, браце Яне, здзёр з мужыка яшчэ адну скуру ды на сябе!..»

I не той нарэшце, Барыс, які перажыў-такі клопат з абаронай кандыдацкай дысертацыі па даваеннай творчасці Максіма Танка.

Я быў на той абароне, нават i выступаў у падтрымку. Быў, вядома, i на рэстаранным банкеце, да поўначы, a назаўтра днём — у сям'і Міхася Ларчанкі.

Сябры Барысавай маладосці — крыху літаратуразнавец, супрацоўнік ЦК КПБ, колішні партызан Іван Гутараў ірваў на гармошку польку; выкладчык БДУ, абабіты прававернымі рупліўцамі смелы крытык, весела чарначубы Ларчык, як гаварылася паміж сябрамі-пісьменнікамі, мяцеліў тую польку вакол самога сябе, не запрасіўшы каторую з жонак; новы кандыдат навук ішоў у прысядку, раз-поразу, як нейкі Навум Прыгаворка, па-шляхецку пакрыкваючы: «Гу-га! Гу-га!..» Ён мне, зрэшты, заўсёды нагадваў нечым самога Дуніна-Марцінкевіча, хоць быў мужчынам не толькі мажным, але i высока-статным.

...У лістападзе таго самага шэсцьдзесят першага я выступаў у Гродне па запрашэнні універсітэта культуры, i на адным з выступленняў — i людным, i з мноствам запісак i вусных пытанняў на самыя вострыя злабадзённыя тэмы — у першым радзе сядзеў Барыс. Не адзін, а з маім земляком, датуль незнаемым, дырэктарам школы, у якой кандыдату навук, вопытнаму ды здольнаму выкладчыку педінстытута дазволілі падзарабіць, да ранейшай працы, хоць нібыта й апраўданаму Вярхоўным судом рэспублікі, не дапусціўшы...

I пасля таго тлумнага вечара былі ў нас сустрэчы дома ў яго ці ў мяне, аднак тая сустрэча помніцца неяк асобна. Барысу не было яшчэ шасцідзесяці, аднак ён прыкметна, у параўнанні з прадвеснем, калі гасцяваў у мяне, пастарэў пасля былых i новых выпрабаванняў. Можа, не так фізічна, як маральна...

Напісаў я гэта i спыніўся. З думкай, што не вельмі яно ў мяне справядліва, дакладна... Праўда, здароўе пачало яго падводзіць, чым далей, то ўсё больш, але ж цікавасць да нашага галоўнага, ды цікавасць не збоку, a ў шчырай актыўнай заклапочанасці, жылі ў ім i тады, i потым увесь час, да самага канца.

З Барысам мы перапісваліся, часам нават i часта. Ягоныя пісьмы, толькі з лагерным перапынкам, у мяне захаваліся, я здаў ix у архіў, сабе зрабіўшы копіі з некаторых. Аднак цяпер, каб i хацелася, цытаваць ix тут мне няёмка. Ён, хоць i шчыра, але занадта хваліць там усё мае ў часопісах ды ў пасланых яму кнігах.

Мае пісьмы Барысу, тыя, што пасылаліся да арышту, трэба думаць, далучаны да ягонай справы. Аляксандра Ігнатаўна, калі мы сустрэліся ля бальніцы, расказвала, што як толькі Барыса забралі, на кватэру да ix прыйшлі з ператрусам, i яна сама глядзела, як з шуфлядаў яго стала даставаліся пісьмы, ды многа ix, a ў адным пісьме аказаўся i мой фотаздымак, на якім я ў вясёлым рогаце. I ператрушчыкі, калі адзін з ix уголас зачытаў надпіс на абароце здымка, амаль зусім па-людску засмяяліся.

«Вы былі тады, — сказала Аляксандра Ігнатаўна, — толькі што пасля прэміі i напісалі на фота, я раней бачыла, нават па-руску: «Прими от морды, вкусившей славы».

Мы перапісваліся, вядома, i тады, калі ён вярнуўся з лагера, аднак чамусьці абодва пісалі пад канец з усё даўжэйшымі паўзамі. Лес маіх пісьмаў невядомы. Хутчэй за ўсё, i ў гэтым выпадку, як гаворыцца па-савецку, яны «не захаваліся...»

Памёр Барыс у 1980-м. Мне ніхто не паведаміў пра гэта ні своечасова, ні пазней. Аляксандры Ігнатаўны ўжо не было — за некалькі дзён да мужавага адыходу, ідучы да яго ў бальніцу, яна трапіла пад машыну. Ад самога, які ўжо быў зусім на схіле, гэта ўдалося ўтаіць. Дзеці, дарослыя сын i дачка, двойчы так удараныя, неўзабаве раз'ехаліся па сваіх гарадах.

Пра ўсё гэта мне значна пазней расказаў Алёша Карпюк, калі я, быўшы ў камандзіроўцы, пайшоў, як нічога ніякага, да Барыса на яго Гліняную вуліцу, дзе ўжо кватэру займала другая, незнаемая сям'я.

...Чарга на поўную рэабілітацыю дайшла да яго ў 1992-м.

1999; 2006.

МОЙ РАДАВОД

Маленькі ўступ.

У падфорках запісаў «Залетась» i «Летась» я ў той ці ў іншай меры гаварыў пра свой радавод.

А тым часам, незалежна ад з'яўлення тых запісаў у часопісе «Дзеяслоў» i ў беластоцкім штогодніку «Тэрмапілы», старэйшае за ix «Роднае слова» ўгаварыла мяне напісаць нарэшце абяцанае — гісторыю майго роду, што зрабілі ўжо шмат хто з іншых людзей культуры. Нарыс быў надрукаваны ў названым часопісе, дзе тэкст шчодра падмацаваны фотаздымкамі з майго сямейнага архіва. Тут ix, вядома, не дасі. А вось за некаторыя паўторы фактаў, хоць гэта i непазбежна, хочацца папрасіць прабачэння.

* * *

Да леташняй вясны пачынаўся ён, мой радавод, з двух дзядоў, — па бацьку, у нашым Загоры, быў дзед Даніла Брыль, а па матцы, у найбліжэйшай вёсцы Маласельцы, дзед Іван Чычук.

Дзякуючы свайму, на шмат маладзейшаму, вясковаму суседу, акадэміку Мікалаю Ламану, я пабагацеў на бацькавых ранейшых продкаў — прадзеда Ёсіпа i прапрадзеда Яську, як ён значыцца ў няпыльных хартыях Нацыянальнага гістарычнага архіва. Запіс той датуецца 1795 годам, калі, пасля разгрому паўстання Касцюшкі i трэцяга падзелу Польшчы, беларусаў пачалі перапісваць з польскай мовы на рускую. Яська Сямёнаў сын Брыль. Без нейкіх там, модных апошнім часам буйнейшых, а то хоць дробненькіх прэтэнзіяў на шляхецтва, проста дваровы хлоп пана Судзя ў недалёкім маёнтку «Уцеха». Калі Яська памёр, батрацтва прышлося ў спадчыну яго сыну, майму прадзеду Ёсіпу Брылю. I толькі пасля адмены паншчыны, дый то не адразу, Яськаваму ўнуку, а майму дзеду Данілу з ягоным братам, зноў жа Ёсіпам, пашэнціла купіць пяць дзесяцін зямлі на двух. У дружных братоў было па адным сыне, у Данілы мой будучы бацька Антон, a ў Ёсіпа Павел. Пасталеўшы, абодва не захацелі заставацца на гаспадарачцы, падаліся ў Адэсу на чыгунку.

Мне ўжо прыйшлося, дый не аднойчы, пісаць пра гэтае i ў «Птушках i гнёздах», i ў «Муштуку i папцы», i ў аўтабіяграфічным нарысе «Думы ў дарозе», i ў некаторых іншых творах, аднак жа вось i зноў трэба паўтарацца з пэўнымі асаблівасцямі свайго жыццяпісу.

Калі бацькі мае пажаніліся, Антон Данілавіч працягваў працу на чыгунцы, спакваля даслужыўшыся да прыбытковай пасады правадніка вагонаў першага класа, a маці, Анастасія Іванаўна, гаспадарыла ў вёсцы, балазе ўласнай зямлі пакрысе прыбывала. Спачатку бацька бываў у Загоры наездамі. Абедзвюх дачок, Ганну i Уліту, па-вясковаму Віліту, удала выдалі замуж, а двух старэйшых сыноў, Уладзіміра i Ігната, пасля заканчэння імі гарадскога вучылішча ў Міры, бацька забраў у Адэсу, у гімназію. Энергічная, працавітая i талковая маці з двума хлопчыкамі, Мікалаем i Міхасём, заставалася ў вёсцы. Спачатку дапамагаў ёй дужы ды цягавіты свёкар Даніла, а пасля яго раптоўнай смерці наймала парабка, а то яшчэ i наймічку, a ў пільніцу касцоў ды жанцоў, i ў думках не маючы, што ў не так i далёкай будучыні гэта стане для сям'і класавай небяспекай... Так жылося да пачатку Першай сусветнай вайны. А потым бацька забраў жонку i хлопчыкаў у Адэсу, гаспадарку пакінуўшы на Віліту i зяця Юстына Брылевіча, бо яна была замужам у Загоры.

12
{"b":"598995","o":1}