Литмир - Электронная Библиотека
* * *

Не жывыя пачуцці, не ўзлёты думкі, а нуднае прастарэканне, натужна зарыфмаваныя пераказы даўно вядомага, кульгавыя паўторы літаратурных штампаў. Такое «паэзіі» ў нас — нудная процьма. I ў маладых, i ў пажылых, i ў сямейных ідылічных параў з іхнім хатнім вязаннем вершаў... Пад мурлыкание ката ці кошачкі.

* * *

Ёсць i такія ўдовы, у якіх толькі адно, толькі былое пасцельнае права распараджацца творчаю спадчынай мужа, па прымаўцы польскай — «нібы шэрая гуска». Што ў тых паперах прачытаўшы на свой лад, што прыхаваўшы невядома навошта, а што i спаліўшы, як сямейны інквізітар...

* * *

Бомы-званочкі на лёгкім хамуціку, якія ў нас, на Міршчыне, называюцца не бомы, не шарахаўкі, як у Максіма Танка, а шаламэ. Як жа ix не любіла калісьці за шолам наша быстрая Каштанка! Спачатку проста капрызіла, дарэмна трэсла галавой, а потым дадумалася несці яе на рысях так роўненька, што званочкі змаўкалі. Бялюткі снег, ціхуткі бег...

Тым маўчаннем яны мне i прыгадаліся.

* * *

З грады высокіх, густых бярозак начны буран выгнаў на прылясную дарогу падоўжныя касатыя ахапкі свежазялёнага вецця.

Убачыўшы гэта на ранішняй праходцы, успомніў свята Сёмухі, якое палякі добра назвалі: Zielone Świątki.

* * *

...I думаецца, што ўсё яно не так сабе, a павінна ж мець пэўны вышэйшы сэнс. Занадта вялікі, занадта прыгожы наш свет, каб яму існаваць толькі каб існаваць, без высока-разумнай мэты.

* * *

A ці ж гэта не навагоднія падарункі — сынаў званок з Японіі, a ўнукаў з Італіі? З сынам кароткая гутарка, а ад унука праз хрып i трэск у тэлефоннай трубцы, толькі за трэцім званком нарэшце пачулася: «Дзяду-ля!..» На чым сувязь i абарвалася. Але ж мне i такога нямала.

Калі я праз дзень званіў свайму маладзейшаму сябру i расказаў пра тыя званкі, ён, Валодзя Ягоўдзік, засмяяўся, што гэта ў нас, у трох пакаленняў Брылёў, ідзе ад майго бацькі-чыгуначніка, вандроўніка па рэйках.

Дый сам жа я нямала ўсё-такі палятаў, паездзіў, пахадзіў па свеце.

I добра!

2005

СУСТРЭЧЫ З САФІЯЙ

Наваградак i Мір з руінамі ix замкаў я па-зямляцку ведаю з дзён школьнага маленства. A ў Полацк з яго Сафіяй упершыню прыехаў напрадвесні 1965-га. Калі ў Наваградку мне i спачатку i потым астанкі руінаў здаваліся нават i сцішнаватымі ад сваёй старадаўнасці, a ў Міры недаразбуранасць замка даволі выразна захоўвала адзнакі сваёй велічы, то сімвал Полацка, красуня Сафія, расчаравана ўбачылася заплямлена недагледжанай звонку i проста страшнай у сярэдзіне...

Прыехаў я не адзін, у групе сяброў-пісьменнікаў, па дзелавой прычыне. Ад віцебскага начальства ў ЦК партыі паступіў заклапочаны сігнал пра тое, што ў вобласці вельмі дрэнна разыходзяцца беларускія кнігі. I Саюз пісьменнікаў, цераз сваё бюро прапаганды мастацкай літаратуры, паслаў нас на сустрэчы з чытачамі.

I трэба ж было так здарыцца, што перад тымі сустрэчамі гасцінныя гаспадары паказалі нам гістарычную святыню, ператвораную ў кніжны склад. Дах гэтага кашчуннага склада працякаў на грувасцкія кубаметры твораў марксізма-ленінізма, рускай i замежнай класікі, штосьці прыходзілася таксама i на кнігі беларускія, што моклі ды плеснялі не кубаметрамі, a сціплей па колькасці, можа, толькі бярэмямі, a ўсё ж, калі верыць сігналам зверху, былі найбольш вінаватымі ў сваёй незапатрабаванасці...

Праўда, кнігі меліся i ў кнігарнях ды кіёсках, i яны даволі паспяхова раскупліваліся чытачамі на нашых сустрэчах, пераважна з моладдзю, i вельмі ўсцешна было нам ад чэргаў па аўтографы.

Найвыразней запомніліся дзве сустрэчы. Адна — з навучэнцамі кааператыўнага тэхнікума, на якую нас запрасіла i хораша вяла яе маладая выкладчыца i паэтка Алена Ніякоўская. А другая сустрэча помніцца мне тым, што яна прыкра не адбылася. У беларускую школу ў Задзвінні мы не змаглі дабрацца з-за раптоўнага ледаходу, які нібы й нечакана абрынуўся на Дзвіну, пераход па лёдзе ліквідаваўся, а на мост, у аб'езд, не памятаю ўжо чаму, транспарту не знайшлося ні на адным, ні на другім беразе ўзнятай паводкай ракі.

Паважаны дырэктар шырока вядомай кнігарні «Светач», Рыгор Аронавіч Міхаловіч, які забяспечваў нашы сустрэчы кнігамі, пацяшаў нас ад такой няўдачы, ды яшчэ ў апошні, заключны дзень: «Нічога не зробіш, таварышы, будзьце спакойны, цяпер, калі мы з вамі так прыемна пазнаёміліся, кнігі вашы я прадам». Нават падкрэсліў: «Калі я хачу прадаць кнігу — я яе прадам!..»

З той нашай пісьменніцкай групы мне найжывей помніцца таварыскі Янка Скрыган, мой сусед па кватэры, намнога старэйшы сябар, які мне i дома, i ў дарозе, i там, у Полацку, нямала цікавага нагаварьіў пра гэты блаславёны горад яго літаратурнай, дагулагаўскай маладосці...

A калі я другі раз, ды неўзабаве, у маі таго ж 1965-га, зноў апынуўся там, дык гэта ўжо з сябрамі маладзейшымі — Караткевічам i Барадуліным. Спыніліся мы ў Полацку праездам з Рагачова ў Вушачы. Была ў нас такая творчая задума: наведаць радзіму кожнага разам, утрох, a напісаць пра гэта паасобку, але ж i пра адно, ды прапанаваць яго ў часопіс ці на радыё. Усмак пагасцяваўшы ў Валодзевага дзядзькі ў Рагачове i яго маляўнічых ваколіцах, накіраваліся да Рыгоравай мамы ў Вушачах.

У Полацк дабіраліся мы, вядома ж, на машыне, дажджлівым вечарам. A раніца ўстала сонечная. Аднак Сафія, да якое мы адразу пайшлі, ад гэтага не стала прыгажэйшай... Заглянуць у яе кніжны могільнік не ўдалося. Пасумаваўшы, паабураўшыся, мы зазірнулі ў «Светач».

Рыгор Аронавіч, ветла павітаўшыся, спытаўся з пераможнай усмешкай: «Ну, пашукайце ў мяне вашы кнігі цяпер! Ix няма ». I паўтарыў сваё ранейшае: «Калі я хачу прадаць кнігу — я яе прадам!..»

Не скажу, што іменна тады, хутчэй гэта цяпер мне падумалася: «Во каго трэба было б перавесці загадам на тыя адсырэлыя кніжныя кубаметры!..» Толькі пры ўмове, каб па-сапраўднаму захацець ix прадаць, — i яму захацець, i усім тым, што клапоцяцца ў кабінетах, зверху ды здалёк...

Трэці раз, улетку 1972-га, я быў у Полацку зноў жа не адзін, з Алесем Адамовічам i Уладзімірам Калеснікам, сааўтарамі па кнізе «Я з вогненнай вёскі...»

Такія вёскі былі, вядома, i на Полаччыне. Ад змроку i болю новых сустрэчаў, спыніўшыся ў Полацку, мы адпачылі душамі ў назіранні залітай сонцам яшчэ ўсё не адроджанай святыні, седзячы то ў маўчанні, то ў ціхай гутарцы.

Толькі Калесніку не сядзелася — рупіла як найлепш захапіць з сабою на фотаплёнцы паднебна ўрачысты, па-херувімску светлы вобраз непараўнальнага помніка нашай спрадвечнасці...

Яшчэ раз я пабываў там у верасні 1988-га, заездам з Наваполацка. Літаратурнае аб'яднанне «Крыніца» запрасіла мяне выступіць у іхнім вячэрнім універсітэце «Роднае слова». Прыемна помніцца i той вечар, i іншыя вечары, знаёмства з новымі сябрамі... Была i паездка ў Полацк, у кампаніі з суседачкай Ірынай Жарнасек i Навумам Гальпяровічам за рулём уласнага легкавіка.

Сафія была ўжо іншая, i звонку, i ў сярэдзіне, абноўлена чыстая ў сваёй непераможнай святасці.

Хацелася б пабываць там хоць бы яшчэ адзін раз!..

2004

ЯШЧЭ АДЗІН...

Друкавацца я пачаў у часопісе «Шлях моладзі» на пачатку 1938 года, псеўданімамі не карыстаўся, i таму мае «пісьменніцтва» не было таямніцай для бліжэйшых землякоў, тым больш для сяброў, i няма нічога дзіўнага ў тым, што мяне, вясковага беспартыйнага дзецюка, радавога разведчыка штаба брыгады «Камсамолец», запрасілі да супрацоўніцтва ў газеце «Сцяг свабоды», органе Мірскага (падпольнага) райкома партыі, а потым i прызначылі часова выконваючым абавязкі рэдактара — па сумяшчальніцтву з далейшым удзелам i ў разведцы.

10
{"b":"598995","o":1}