Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A
Ацэтыленавы агонь
На чорна-слiзкае жалеза
Паклаў блакiтную далонь -
І засвiстаў скразняк з разрэзу.
Душа жалезнага быцця
Стагнала ў гаркаце i дыме,
У асалодзе адкрыцця -
На тэрмаядзерным уздыме.
Шуганне ветру i агню,
Кананне ветру i жалеза
Перараблялi цiшыню
На песеннасць этнагенезу.
У палымянасцi плылi,
Упарта звонячы мячамi,
Чырвона-шэрыя палi
Над ворагамi й крумкачамi...
На даляглядзе чорны конь
Ляцеў праз iрдзяную замець...
Ацэтыленавы агонь
Вярнуў пакрыўджаную памяць.

ФОТАКАРЭСПАНДЭНТ

Чорна-белага студзеня
Негатыўнасцi звычныя,
Бо мой свет — фотастудыя
Аналiтычная. Аб'ектывам гартаю
Раскадроўку аблiччаў,
Праклiнаючы зграю
Рэтушораў цынiчных.
На рэкламным праспекце
Я здымаю каханне,
У чырвоным аспекце
Кампаную жаданнi.
Пазiтыўна-няярка
Скончу дзённыя справы -
У "Траецкай" кавярнi
Вып'ю кубачак кавы.

ГАРАДСКІ ВЕЦЕР

Як сцягi альтруiзму,
Да крухмальных аблокаў
Вецер кiдаў бялiзну -
Навальнiцу палохаў.
Ён ляцеў на балконы,
Рваў старыя газеты,-
І круцiла над светам
Некралогi з партрэтамi.
Вецер нёс iнфармацыю
Напалову размытую,
Парушаў пунктуацыю,-
Уваскрасалi забiтыя.
Усмiхалiся вусны
На паперы скамечанай,
І здавалiся глупствам
Усялякiя сведчаннi.
Над крыклiвымi гмахамi,
Над маўклiвымi блокамi
З друкаванымi птахамi
Вецер знiк у аблоках.

РЭКЛАМА

Няярка гарыць вiтрына.
Струменяцца адлюстраваннi.
Тралейбусаў плыткiя зданi
Бруяцца ультрамарынам.
Анёлы аблокаў з дыкты
Ружовыя, нiбы мальвы,
Блiшчаць самалётнай эмаллю,
Паснуўшы ў палёце звыклым.
Завiс парашут парасону
Над цэдлiкам-парашутыстам,
У небе гандлёвай выстаўкi
Зiхцяць матылi з кардону.
Маўчаць манекены-Буды,
Нiбы эталоны здранцвення.
Над iмi шыльда — Адзенне...
Галантарэя... Абутак.
Вiтаю сваё аблiчча
У дранай джынсовай куртцы.
Яно папяросу курыць
І лязгае запальнiчкай.

КВАДРЫ

Месяц — камень, магнiт астранома,
Несхаваная ў час навагодняя цацка,
Учарашнiя ўсёдаравальныя промнi,
Танны згублены гузiк салдацкi...
Маладзiк — маляваны святлом пачынальнiк,
Знак, якi выпадкова пакiнулi продкi,
Чарапочак археалагiчнай знаходкi,
Скрылiк лямпачкi з бiблiятэчнай чытальнi...
Поўня — сродак болесуцiшальны,
Шкельца ад люстраных акуляраў,
Сподак ураўнаважаных шаляў,
Незагнаны ў сiло, шар бiльярдны...
Сход — кавалак будзённага дзённага неба,
У лiловай атруце лiмонная долька,
Напамiн, ад якога мне робiцца золка,-
Луста хрумсткага паслясвяточнага хлеба...
Ветах — дужка наступнага сказа,
Ад якога пачнецца народная казка,
Алавянага неба iртутная частка,
Утаптаная ў ноч металёвая каска,
Камертон арганiста, пакiнуты брату
На доўгую-доўгую памяць...

СТАЛІЦА

Мне падабаецца: мiкрараён -
Жалезны дух у канструктыўным целе,
Дзiцячы пляц i школьны стадыён...
Мне падабаюцца шурпатыя панелi.
Люблю метро, асветлены вагон
І колы, што на грукат захварэлi.
Люблю, калi састаў бярэ разгон
У доўгiм, як працоўны дзень, тунелi.
Мне да душы падмуркi ў катлаване,
Абмазаныя ў чорную смалу.
Мне да душы iсцi па рыштаваннях
На самы найвышэйшы дах. Люблю
Убачыць на дарожным скрыжаваннi
Рассыпаную з кузава зямлю.

КУХНЯ

У цемры стрэлiў выключальнiк,-
Прыпёрся металiчны хрушч,
Сеў на зялёны ў кветкi чайнiк,
Праскрыгатаў: "Лiсты не руш!"
Перагарэў электрачайнiк;
Ператварыўся ў кветку жук.
Галодным застаецца крук!
Зноў моцна ляснуў выключальнiк.

КВЕТКІ

На пурпуровым аксамiце
Ў блакiтнай вазе на стале
Тры кветкi пад зялёным лiсцем
Хавалi пах у сiнiм сне
Пакою ноччу... "Чаму не спiце,
Кветкi-ружы? Куды ваш цiхi спеў плыве?"
У зорны холад адзiноты
Знiкаў адказ, шукаючы пяшчоты...
8
{"b":"597952","o":1}