АЭРАДЫНАМІКА Ёсць рэальная фантастыка - У палёце лёгкай ластаўкi, Мiж прапелернымi лопасцямi, Над дзюралеваю плоскасцю... Ёсць маланка электрычная - У пранiзлiвай рытмiчнасцi Пiску навальнiчнай ластаўкi, Пад лакатарамi-застаўкамi. Ёсць нязлоўленая пластыка - У распнутых крылах ластаўкi, Як нахiленая рызыка Тоiцца ў палёце лыжнiка Да блакiтнасцi атласнае, Да аблокаў пенапластавых... Я злаўлю цябе, спрытная ластаўка, - Начыкрыжу цвiком цi фламастэрам У салоне начнога аўтобуса, На блакiтна-падрапаным пластыку Падпiсаўшы — малюнак Глобуса. ПРАГРЭС На мяжы навукi i прыроды Здольны перспектыўны чалавек Збудаваў пратэзныя заводы, Каб падзагрымiраваць калек. Разгарнуўся чалавечы генiй, Загулi такарныя станкi, Зарыпелi штучныя каленi, Рукi, ногi, пальцы, пазванкi... Дзе пануе мятны водар смерцi У святле стэрыльных устаноў, Тахкае капронавае сэрца, Гонiць запазычаную кроў. Засталося простую работу Здзейснiць хiрургiчнаму нажу - Не пашкодзiўшы лязом аорту, Замянiць сапраўдную душу. НА СТАНЦЫІ КОЙДАНАВА Зачапiлася хмара за комiны над хлебазаводам. На рамбазе звiнела, заходзiлася цыркулярка. Уздымаўся да неба драўляна-бурштынавы водар. За касiлкаю сыпала трэск электрычная зварка. Закусiўшы губу, вартаўнiк пэцкаў плот салiдолам, Праклiнаючы ў думках лядачых чарцей-падшыванцаў. На яго не звяртала увагi сярэдняя школа, Адпусцiўшы дадому маленькiя крылы цыратавых ранцаў. Пад дажджом, разгружаючы моўчкi машыну з прычэпам, Мужыкi пад паветку складалi мяхi з угнаеннем. Учарнелае лiсце спрачалася з ботамi шэптам. Пахла вулiца хлебам i восенню да ачмурэння. БРАТ Мы прыедзем дадому, Зноў падпалiм бульбоўнiк, І па саду старому Паляцiць дым-вандроўнiк. Сад гасцей дачакаўся. Стаiмо на паўзмежку. Чорны клён захiстаўся, Лiсце сыпле на сцежку. Залаты i чырвоны Быў учора наш сад. Дрэвы страцiлi кроны. Я гляджу, як мой брат Моўчкi ходзiць на градах; Пэўна, слухае ён, Як у чорных прысадах Стогне ссечаны клён. СВІСЛАЧ-РЭЧКА
Свiслач-рэчка коцiцца з гары - Чыстыя крынiцы, цёмныя вiры - Коцiцца да мора, мора-акiяна, Бо з гары кацiцца ёй наканавана. Ухапiўшы за белую поўсць аблачыну, Я спакойна ляцеў па-над Свiслаччу-рэчкай. Незнарок напаткаў маладую жанчыну, Што на чорнай хмурыне чакала сустрэчы. Запытаў: "Цi мяне ты, жанчына, чакаеш?" Адказала з хмурыны: "Чакаю другога". Я сказаў: "Ты мяне назаўжды пакахаеш І забудзеш, як сон, кавалера другога". Мы ляцелi ўдваiх па-над Свiслаччу-рэчкай. Я трымаў аблачыну, жанчына — хмурыну. "Я чакала, чакала цябе цэлу вечнасць", - Вось i ўсё, што сказала мне тая жанчына. Свiслач-рэчка коцiцца з гары - Чыстыя крынiцы, цёмныя вiры - Коцiцца да мора, мора-акiяна, Бо з гары кацiцца ёй наканавана. РЭГІНА У маёй суседкi Вырасла на столi Залатая кветка Дый згубiла колер. Абмiнулi Рэню Хлопцы-кавалеры,- Кветкавы карэннi Леглi на шпалеры, Пацяжэлi ценi, Расплылiся вокны, Разышлiся сцены У чарнаце глыбокай... Мiльганула зорка У жалобнай слоце. Уздыхнула горка Дзеўчына ў самоце. Не тужы, Рэгiна, Знойдзецца каханне, - Чорная вяргiня Залатою стане. БРОНІК Раз'ятрана, быццам вялiзны бугай, Раве матацыкл стары i чырвоны - Дзед Бронiк рулюе дадому праз гай. Рахманае рэха бубнiць забабоны. Пярэстай цялушкаю неба ляцiць У чорны палон бугаiнага рыку. Заглух матацыкл. Дзед Бронiк стаiць, Не чуючы ўласнага болю i крыку. Яму падалося, што Ядзя iдзе, Што жонка, якая памерла тым летам, Паклiкала цiха яго кагадзе, А словы Ядвiгi стаяць запаветам. Калянае лiсце ляцiць на траву, Вятрыска ламае сухiя галiны. У кожнай сасне Бронiк бачыць труну, А неба зрабiлася колеру глiны. Чырвоная поўня над садам вiсiць, Чужы матацыкл гудзе на дарозе. На ганку самотны дзед Бронiк сядзiць, Ядвiга чакае яго на парозе. |