ВЯРТАННЕ Узнiк на даляглядзе горад - Зацвiў неонавымi зорамi. І перад сонным святлафорам Аўтобус, уздыхнуўшы зморана, Спынiўся, пахрыпеў маторам На беразе асфальтавага мора... Я выйшаў на бетоннае прымор'е. Стаяла надзвычайнае надвор'е. НАБЛІЖЭННЕ Ты чырвань цэглы нёс i нёс наверх, Каб наблiжаў да белых промняў сонца Нас новым днём наступны крок-паверх. І быў, здавалася, рух угару бясконцы... А быў бясконцы толькi твой намер Убачыць Сонца ў простай абалонцы. Там пазiраў на першы хмарачос Блакiтны голуб з чырванi нябёс. ЛЕС Мiж сосен з жоўтаю карою, Дзе пах смалы стаяў густы, Дубок галiнаю крывою Шпурляе зверху жалуды На неба ў лужынах рудое, На белы жвiр каля вады... Сцямнела — сумна стала ў лесе, Упаў лiсток сухi на месяц. ХУТАР Печ трэснула, i дух пабiтай цэглы Змяшаўся з пахам кветак i грыбоў. На сцены, на страху трава i мох узлезлi. Гайдаючы на пер'i матылькоў, Раслiны выцягнулiся i леглi На ганак — царства мух i мурашоў... Паўмежкi зараслi. Бульбоўнiк звяў. На крапiве блакiтны жук спяваў. ВОСЕНЬСКАЯ АКТАВА Пад цiхi голас добрых песень Прыйшло дзяцiнства — успамiн: Зялёным днём у шатах сосен, Расой чырвонай у калiн, Лiстом, што ў ветры круцiць восень, - Губляе мiж дубцоў малiн; І фiялетавай галiнай; І сiняй i халоднай слiвай. САД НА ГРУДУ Блакiтны, рэдкi, лёгкi небасхiл Шарэў i ружавеў над мяккiм даляглядам, Над снегам i за сiнiмi стваламi слiў, За цiхiм i спусцелым нашым садам. Ледзь бачны, белы маладзiк свяцiў Над iльдзяным, зiмовым сном прысады... Дарогi абмiнаюць белы груд, Наш сад — майго спакою кут. МЛЕЧНЫ ШЛЯХ Гудзе, гарыць лiхтар блакiтны, На вежу гул святла лiе. Твар вежы, жоўты i гранiтны, Заплюшчыў вочы ў мёртвым сне. На небе шара-аксамiтным Бляшанай поўнi твар плыве. Лiхтар патух, i горад чорны Пабачыў шлях зялёны, зорны. ТАПОЛІ
Таполi пад зялёна-шэрым снегам Хiстаюцца ў тумане i рыпяць. Галiны крохкiя пад нiзкiм цяжкiм небам Нагадваюць карэннi. Пташкi спяць. Імжа цярушыцца на горад чорным срэбрам. Будынкi моўчкi нерухомыя стаяць... Туман апаў, растаў, i цiха-цiха Снег падае, i лёгка-лёгка дыхаць. СНЕГ На шыбе замiльгалi ценi - Зялёна-белы, колкi снег Ляцiць на дахi i на сцены. Стаiўся гук. Схаваўся смех. Праз цiшыню прыроднай змены Чырвона-чорны кот прабег. Чакалi снег, як змену света. Як свята, ўжо чакаем лета. ЗОРКА У пакоi, над сталом, За акном — дзе ноч над краем, Над фiранкаю, за шклом Зорка белая мiргае У чорным небе: над iльдом, Нас з табою суцяшае. НАПАМІН На сiняй вулiцы, пад жоўтым лiхтаром, У кроках прагучала развiтанне... Заснула радасць цiхiм белым сном - Пералiлася у смугу чакання. Мы будзем слухаць крокi зноў i зноў, Пакуль не прагучыць у iх спатканне... Спатканне, развiтанне i спачын, Блiскучы камень, надпiс-напамiн... БЕЛА-БЛАКІТНАЕ Блакiту рух над попелам паданняў У небе, мiж жывых iстот-аблок, Стварае свет з празрыстасцi кахання. Блакiтна-белы, светлы галубок, Пачуўшы востры крык драпежнай канi, Ляцiць, ляцiць, хаваецца у змрок. Няспынна зменлiвасць аблокаў - Малюю белым на блакiтным шоўку. ЗВЫЧАЙНАЕ Амаль расплаўленае сонца - Чырвонiлася ў абалонцы. Стаяў рыпучы крык дразда. Сяклiся: радасць i бяда У пругкiм голасе птушыным, Над постацямi камiноў, У гулкiм рокаце машынным, Мiж кубатурнасцi дамоў... За непрытомныя аблокi Цякло барвовае святло. Плыло самотна i высока Маладзiковае крыло. |