КАЗІК Казік надзеў зялёны капялюш, Пайшоў у сад збiраць свiнням ападкi, А там, у жоўтым шапаценнi груш, Убачыў Казiк сiнi фартух маткi. Яна iшла праз агрэсту кусты, Праз мiтусню камарыкаў-казюрак, Праз водар яблык, моцны i густы, Праз кветкi i лiсты рудых настурак... Шасцелi на паўзмежках пацукi, Трымцелi i гулi чмялi, жукi i восы... Казюк прыпаў да матчынай рукi, Расцiснуты здарэннем, безгалосы. І змоўклi восы, пацукi, жукi, Чмялi. Як бурачковая агатка, Сляза зляцела з матчынай рукi, І прыпынiлася на хвiлю ў садзе матка. А можа, й не хадзiў наш Казiмiр У сад, не сустракаў той любай маткi? Дый не, стаiць вядро, а ў iм ападкi, Дый у агатках-слёзах шэры жвiр. НОВАЕ НЕБА Неба злоўленае — аконнае, Магазiнна-пластмасава-новае. Неба рэдкае, мякка-вясновае, Як адноўленае iконнае. Неба ранiшняе, вечаровае, З указальнiкамi рознымi. Неба гулка-вакзальна-дарожнае Над маiм чорным роварам. Перуновае-маланкава-ветлiвае, Страказiнае — дрогкае, нiзкае, Неабдымнае, дымнае з плiскаю - Гэта неба салодка-летняе. Неба дзеда Валодзi — вясковае З матылькамi па-над кароваю. Недасяжна-бясконца-блiзкае, Мацiцовае — маё местачковае. Неба густа-вiшнёва-ласкавае, Самалётна-дзюралева-сiняе, Аэрафлотна-застылае — зiмняе. Неба зялёнае з ластаўкаю! ШПАЦЫР Ідуць каменныя гiганты На эбанiтавых руках. Пенабетонныя атланты Нясуць урбанiстычны гмах. Над нерухомасцямi блокаў, Над пенапластавай гарой, У паралонавых аблоках Стракоча верталётны рой. Механiстычнае гудзенне Перарабляе кожны гук. Палiраванасцю адзення Спявае глянцавiты брук. Іржа машыннага шыпення Цячэ па вулiчнай хадзе. Мой цень, акрылены трымценнем, То падае, то зноў iдзе... ДА АЎТАПАРТРЭТА Я той, у кiм жыве глыток спакою. І той, у кiм стаiць агонь пякучы. І той, хто дакранаецца рукою Да поўнi, спапяляюча-блiскучай. Я той, у кiм заблыталiся страсцi, Хто хоча працай выратаваць хворых, Хто не паспеў пакуль яшчэ упасцi, Той, хто змяшае разам радасць з горам. Я той, хто сустракае ля аргану Свой цень i цень свайго дзiцяцi І хто свайму няўстойлiваму стану Апору знойдзе ў простым слове Мацi. Я той, хто ёсць у гэтым белым свеце, Хто чуе, бачыць, дыхае, кранае, І той, услед каму спяваюць дзецi, Той, хто пякельны водар выракае. Я там, дзе крышаць неба самалёты, Дзе цягнiкi руйнуюць рэшткi цiшы, Дзе чалавек пакутлiва-самотны І дзе не можа быць нiякi iншы. РЭЗАНАНС
Дзе пыл курэў на аўтастрадзе, На перакуленым адчаi, Як на цэментнай балюстрадзе, Сядзела кафельная чайка. З малакаштоўнага металу Яе халоднае сардэчка Механiстычна грукатала Памiж дарогай i мястэчкам. Глядзела пудзiла з гарода, Як за прыватнымi садамi Жаўцела вежа льнозавода Над залацiстымi стагамi. Два срэбныя малакавозы Правуркаталi да сталiцы... Звiнелi пудзiлавы слёзы, Бо чайка мусiла разбiцца. Памiж сталiцай i мястэчкам, Памiж кюветам i гародам Яе латуннае сардэчка Знайшлi калгасныя льнаводы. КОСМАС Іду праз боль да разумення слова, Губляю цела, сон i пачуццё, Губляецца астатняя ахова - Безабаронным робiцца жыццё. Халодны, вадкi, цвёрды, цёплы космас Стаiць у рухах i над мiтуснёй... У вогненных, блiскуча-белых космах Палае праўда, знiтаваная з хлуснёй... А ён адзiны, той, хто мае права - Стаяць, не варушыцца, не крычаць. Ён — космас, i яго над намi слава Спакоем прымушае ўсё гучаць. І мы гаворым, блытаючы словы, Спяшаючыся зразумець сябе, Чытаем у падручнiках умовы, Не ведаючы, што сказаць i дзе... Ідзе, iдзе праз космас нерухомы Мой верад — мой пякуча-жорсткi боль, І кiдаецца ў небыццё са стромы... Крывёю пахне новай думкi соль. АГОНЬ |