Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

ЗМЕНЫ

І розум перальецца з мовы ў мовы,
І ператворыцца ў траву ралля,
І перавернецца са дня на ноч Зямля,
І я крану чырвоны лоб каровы.
А можа, захад цёплы i барвовы,
А можа, чорны аксамiт чмяля,
А можа, колкi востры дрот галля,
А можа, дух ледзь чутны, палыновы.
І раптам ноччу загудзе гадзiннiк
І пераломiць вецер сiнi быльнiк,
А дождж збудуе краявiд з вады,
А снег накрые лес, мой дом i дрэвы,
І стануць шэра-белымi груды,
І зменiць вечнасць пацалунак Евы.

ЧАКАННЕ

Давай не будзем гаварыць
Нi добрага i нi благога,
Каб не пазбавiцца святога,
Давай маўчаць i доўга жыць.
А наша слова не згарыць
Памiж руiнамi старога.
На плiтах новага парога
Яго нiкому не скарыць.
Калi перамаўчым зацьменне,
За дымна-папяловым днём
Надыдзе зорнае iмгненне.
Здарожаных мы памянём
За рысай лепшага iснення,
А здраднiка мы праклянём.

ЛІСТ ДА КАХАНАЙ

Наша сустрэча не за гарамi.
Не за лясамi твой пачастунак.
Не за палямi мой пацалунак.
Наша пяшчота не за марамi.
Хоць i паблытаны словы вятрамi,
Хоць i, забыўшыся на паратунак,
Панi Маркота кратае струны
Стомленай арфы ў колiшнiм храме.
Сумная поўня нам спачувае -
Вузкiя сцежкi асвечвае ўпотай,
Хоць i хмурына поўню хавае.
Абавязкова горыч самоты
Мы да сустрэчы ператрываем,
Хоць i навокал стогнуць балоты.

НАЦЮРМОРТ

Сцяна, цвiкi, вiсяць ватоўкi.
На дроце спее цар-кiндзюк.
На шыбцы пастку сплёў павук.
Там, на палiцах: кансароўкi,
Бутэлькi, слоiкi, вяроўкi.
Свiдруе шафу шашаль-жук.
Дзярэ дзяругу пан-пацук.
Там, па кутах, стаяць рыдлёўкi.
Там ноччу ходзiць шэры чорт,
На чорце скача чорны крот.
Там поўны круп стаiць цабэрак.
Вiсiць вяндлiны цяжкi кош.
Там мыш дзярэцца на куфэрак.
Сцяна, тырчыць зламаны нож.

ЗОРЫ

Не ведаем,
што будзе...
Што было,
знiкае...
Мы будуем сабор,
дзе, можа, будзе
будучае жыць
мiж сцен мiнулага,
пад купалам прасторы,
i разам з iм
мiж часу,
на мяжы
узнiкне зараз
i ўбачыць зоры,
чыё святло
так доўга
да Зямлi
ляцiць.

ЭПІТАФІЯ КАХАННЮ

На востры кант барвовых дахаў,
Памiж прутоў антэн, на лёд
Упала сонца — збiтым птахам...
За ветрам, ў сiнi краявiд,
Мiж велiчы бетонных гмахаў,
Праз браму ночы вечар знiк...
На чорным небе звар'яцелым
Накрэслю крэйдай месяц белы.

З НАДЫХОДАМ ВЯСНЫ

Акно паспелi адчынiць
Насустрач вiльгацi паветра,
Але закуты розум спiць
Пад чэрапам зiмовых кветак.
У млосным сне мядзведзь ляжыць
На сподзе чорна-сiнiх нетраў
Зямлi. Сок падае на твары,
І адчыняюцца iмшары.

СПАКУСА

Нас не спыталi, нам далi жыццё...
Жаданне нашае — у целе iснаваць
І разумець сусвет як адкрыццё
Няспыннасцi, упарта ашчаджаць
Той тэрмiн, дзе змясцiлася быццё,
Але iстоту мусяць спакушаць
Бязгучным iснаваннем па-за целам,
Дзе зноў збяромся мы ў бязмежжы белым.

РЭСТАЎРАЦЫЙНЫ ТЫНК

Пад кляштарам, у сутарэннi,
Бязгучна сыпаўся леўкас.
Мы атынкоўвалi скляпенне.
Маўклiвы лiк глядзеў на нас.
Няўзнак з-пад кельнi кропля вапны
Упала на руды абраз,
На цёмны лiк, i рысай трапнай
Пазначыла няўлоўны час.

НА ПЕРОНЕ

Вакзальны дух. Настрой на змены скоры.
Як абразок, трымаеш ты бiлет.
Адно што добра — шчыра не гаворым.
Наш пацалунак запаўняе свет.
Мы пакiдаем дробязi на памяць.
Таго, што ёсць, не зломiш, каб хацеў.
Састаў кранаецца, i лiхтары сiгналяць
Рубiнавым агнём у чарнаце.

РУХ

Быў дзень без сонца: мяккае святло,
Ахутваючы, абмiнала формы,
Здавалася, што нерухомае плыло...
Быў вечар млявы, стомлены, бяззорны.
Гублялiся абрысы — наваколле йшло
Да ночы з мокрым снегам, з небам чорным...
А ноч была, як дзень празрыста-шары,
Пад нiзкiм купалам бясконцай хмары.
4
{"b":"597952","o":1}