— І я ж у школу йду!
— Смаркач! Пайдзі шчэ свінні папасі. Які цябе дурань прыме?
— Той самы, што і цябе прымае.
Быў Клемка дужаваты хлопец. Ужо ціхенька ад бацькі на вячоркі хадзіў. І росту не вобмаль было ў яго. А Савоста Юстапчык проці яго саўсім дзіця. Не выпадае Філончыку з ім разам у школу йсці. І папрабаваў Клемка перш крыху шырэй распусціць свае доўгія галы. Але няма рады — Заблоцкіх малы бягом услед бяжыць. Тады Клемка нага за нагу папрабаваў ісці. Ідзе з ім пораўне і Савоста, як там і што ў школе, распытуецца. Тады стаў Філончык. І Заблоччык стаіць, не йдзе.
— Адыдзі, жаба, a то як плюну зараз — згарыш!
О! Гэта памагло!
Савоста, як меншы, паперадзе, пабег, а Клемка — многа за яго сталейшы — адзін, сам сабе, памаленьку ззаду за ім пасунуўся.
Не саўсім так, як летась, пачаўся сяголетні Клемкаў першы дзень у школе. Тымі самымі словамі яго Зубрыцкі стрэў, толькі выткнулася ў клас з-за дзвярэй добра знаёмая настаўніку шапка, тымі самымі чатырма лапамі — у адну руку дзве і ў другую дзве — ён з ім прывітаўся. Ды не тое, што летась, на першы дзень было ў Клемкі чытанне. І далей перайначылася крыху настаўнікава мова:
— Памыліўся ж я, наперад табе даўшы гасцінца. Не зарабіў ты яго ў мяне сягоння, — сказаў справядлівы Зубрыцкі. — Але: дармо! Некалі змяркуемся. Некалі тое за тое адыдзе, — памеркаваўся ён. — Некалі яго заробіш. Быць жа не можа, каб ты на гэтым нават тыдні ў мяне лапы не зарабіў!
І не такая крыўда Клемку была, як пасадзіў яго Зубрыцкі ў першае, а Савосту прыняў у першазімны. Але меў потым крыху ён на малога закалец: не раз перападала Юстапчыку кухталёў, як нарвецца ён калі пад злосць.
Не святы быў Савоста Юстапчык; не мінала, але частавата нават, нарывалася на яго настаўніка дубовая лінейка — то за дур, то за няздадзеную лекцыю, то за задачы. Свянціў Зубрыцкі і яго рукі. Аднаго разу быў такіх гарачых лап яму ў абедзве жмені палажыў настаўнік, што аж рукі ў рот хапіў з непрывычкі, як бы і не разагрэліся, а саўсім зледзянелі яны. Так быў таго разу даўся яму Зубрыцкі ў знакі, што не было сну на Савосту ўсю ноч пасля таго: дадумляўся ўсё Юстапчык — дзе б яму лепшую, не такую балючую навуку знайсці.
Дадумляўся і дадумаўся. Не ў школу, а на рэчку назаўтра ж ён пайшоў з кніжкамі. Тут было многа мудрэй, як у школе. У кніжцы столькі, у першазімцах седзячы, і за тыдзень не пройдзеш, колькі тут за адзін раз па лёдзе праедзеш. Хоць лапці драліся ад гэтай новай навукі, але затое рукі цэлыя былі.
Разам з дзецьмі Савоста з дому ішоў, разам з імі і вяртаўся са школы. Але такі неяк дайшлося бацьку пра сынаву навуку. Калі выдаў Юстап яму дома баль! А ў школу як прыйшоў, там Зубрыцкі яшчэ паправіў…
І ад тых дат пачаў ладзіць Клемка Язучок з Савостам Юстапчыкам, як пачуў сваё вяршэнства над ім.
VІІ
Была восень. Быў вецер. Рос ясень над адзінокаю школаю. Восень гразкая. Вецер — дзікі, сярдзіты. Ясень — высокі, гучысты. Восень дрэва паабскубала. Вецер далёка іх лісты ад школы адмёў, растрос па выгане, па чыстым полі, нагнаў у высокае ад жняяркі скарбовае іржышча. І стаяў адзін-адным ясень над школаю, голымі цыбінкамі сварыўся з абрыджонымі дажджамі, што праз частае маруднае сіта ліліся яму на абскубеную галаву. Нэндза яго заядала ад такой пацярухі. І прасіў сабе ясень весялейшых, жвавейшых летніх навальніц, прасіў звонкага грому, шытых бліскавіцаю цяжкіх, цёплых хмар. Але ўсё гэта на дварэ, усё за акном. А ў акне, калі мы з вамі, таварыш чытач, станем пад ясенем ды знадворку зірнем у школу, там — лямпа, настаўнік, кніжка… Сам дзяціны страх Зубрыцкі — пажылы ўжо хлапец — памалу гартаў кнігу. З балонкі на балонку перабіраўся. Лямпа ў яго была — восьмы нумар, а кніга — дармовы дадатак да «Нивы». Цярушыліся з таго дадатку на Зубрыцкага словы, як праз перша ўспамінанае, маруднае частае сіта на ясень дождж. Спацыравалі настаўнікавы вочы па дробных радкох, а было ў яго крозах нешта лепшае, весялейшае, чаго й заваду няма ў дармовых дадатках.
Верныя каханкі, здрадлівыя жонкі, смешныя ашуканыя мужыкі, упартыя бацькі, сквапныя на багацце і гонар… Усе яны ў кнігах мелі на сваім вяку гора, роспач і радасць, а на 315-й якой балонцы ці жаніліся, ці, пакаяўшыся, ціха і прыгожа паміралі, ці пачыналі жыць з усім светам у злагадзе, сабе і сваім блізкім на радасць і ўцеху. Усе яны, гэтыя кніжныя людзі, таго вечара з сваіх пярэстых, даўно чытаных балонак сышліся былі ў настаўнікаў цесны пакой. Утаміліся на шпацыры Зубрыцкага вочы. І рад быў ён, перагарнуўшы, што ўбачыў новы раздзел.
— А я сам? — папытаў Зубрыцкі ў самога Зубрыцкага, спыніўшыся перад новым раздзелам. — Я сам на якой цяпер балонцы, у якім раздзеле жыву?
Палажыў у сярэдзіну кніжкі палец, каб не закінуць, дзе чытаў; ды захінуў Зубрыцкі свой дармовы дадатак. І калі мы з вамі, таварыш чытач, не будзем трымацца ясеня, як сляпы плота, ды калі падыдзем бліжэй пад акно, прыгнёмся ды знізу паглядзім, што за дадатак у настаўніка ў руках, дык на вокладцы круцялі заўважым, а крышку пад верх у чорных чатырохкантовых асадках, калі добра прыгледзімся, можна разабраць: «Куприн. Сочинения». Зубрыцкі не завешуе фіранкамі сваіх акон і, крыху каля іх забавіўшыся, можна ўсё чыста, што ў школе робіцца, даследзіць.
Так, трымаючы кніжку, разгледзеўся, раздумаўся настаўнік над сваім адзінокім жыццём. І заўважыў Зубрыцкі, што жыве толькі ў нуднай, нецікавай прадмове. Дзе быў, што рабіў і адкуль паходзіць, толькі пісалася і пакуль што пішацца ў настаўнікавым жыцці. Усяго адно вясёлае, гумарыстычнае месца, вытрымка — хто яго ведае з якога раздзела — ёсць у гэтай прадмове: яго ўлюбёныя лапы.
Але такі верыў настаўнік. Верыў і спадзяваўся, што такі будзе некалі і ў яго жыцці першы раздзел. Усёю сваёю тэўсцю будзе ляжаць новы, дагэтуль нязнаны раман за тым раздзелам. Нічога меншага не хоча мець Зубрыцкі — ніякага дармовага дадатку.
Схілецеся за вушак, таварыш чытач! Бачыце: Зубрыцкі зірнуў у акно.
Якраз напроці блішчэлі вокны папоўскага дома. «Нива» казала, што адтуль павінен у настаўнікаў пачынацца першы раздзел: з нуднага рассасульвання з папом, з нясмелага заглядвання пападзянак. Далей-болей пажыўшы-пачытаўшы, зложыцца якраз праўдзівая аповесць настаўнікавага жыцця. Так казала «Нива», і «нивина» праўда была. Але нешта не блішчэлі так у настаўніка вочы, як блішчэлі ў паповым доме вокны, калі ён глядзеў на іх. Нешта не відаць было ў тым поглядзе надзеі, што адтуль пачнецца настаўнікаў першы раздзел. Не так, як у дармовых дадатках, павінен пачацца ён: не з далёкай сенажаці, не з пазалеташняга дажджу, не з трацяголетняй мяцеліцы. Не, настаўнікаў пачатак будзе просты і звычайны.
«Настаўнік Баркаўское пачатковае народнае школы»…
Застане ён Зубрыцкага з раніцы, апоўдні ці ўвечары, a то і ў самую ноч — усё роўна, хоць калі; зловіць неўспадзеўкі ў школе, дыктоўку даючы, дому за полудзень сеўшы, а то і ў дарозе дзе. А далей і пойдзе балонка за балонкаю.
Надоўга быў Зубрыцкі на адным месцы дармовага дадатку перад новым раздзелам застыў. Аж тут грукнулі ў сенячках дзверы. Прахапіўся настаўнік. Сеў раўней. Пусціў большы ў лямпе агонь. Падрыхтаваўся стрэць вялікія падзеі.
— Ці не першы раздзел?!
От з гэтага месца так і пачнецца: «Настаўнік Баркаўское пачатковае народнае школы позна ўвечары (хоць цяпер і не позна: гадзіны не будзе, як агонь запаліў ды за дадатак узяўся — але ў рамане, калі ўвечары, дык трэба, каб і позна было) пры лямпе № 8 чытаў дармовы дадатак да „Нивы“, як адчыніліся дзверы і…»
Пачнецца першы раздзел проста і трафарэтна, але потым, можа, адбудуцца падзеі, вартыя таго, каб здзівіць свет. Просты і трафарэтны пачатак, каб большыя былі неўспадзеўкі. Не так, як «Нива» ўгадвае, пачнецца, і не так, як у «Ниве», разгорнуцца падзеі. «Нива» будзе ўспамянёна толькі, як просты і малавыдатны эпізод, як дробны матыў у вялікай рэчы.
Таварыш чытач! Відаць, збрыдла вам па падваконню стоячы. Мне хоць работа ёсць — от гэта, што перад сабою бачыце. А вы што будзеце дарма мерзнуць на восеньскім халодным ветры?! Аднак — вам час — пайдзеце… памажэце (не скажу каму, трэ было вам самім глядзець, як ён сюдою ішоў паўз нас)… памажэце яму ў сенцах клямку знайсці. Нешта доўга ён там забавіўся. Трэба, каб хутчэй у хату ішоў, a то Зубрыцкаму аднаму няма чаго там рабіць. Ужо як мае быць, пачаў у думках свой першы раздзел, падрыхтаваўся і цяпер сядзіць, на дзверы пазірае, вялікіх чакае падзей.