Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Лукаш Калюга

Нядоля Заблоцкіх

(Прыгоды і летуценні)

Аповесць

Частка I

— Такі ж нешта робім?

— Каб мы не ведалі, што мы робім, дык мо б не рабілі.

З даўнейшых «казалаў»

I

Край свету чулі пра Заблоцкага. Ведаюць, што з мылам быў заняўся гэты чалавек. Ведаюць, што не заработак, а ўтрата ў яго на гэтым тавары выйшла.

Усюды Заблоцкі вядомо.

Усюды Заблоцкага за свайго чалавека маюць.

Што край, то новую яму асядласць даюць, начай пра тое няшчасце байкі баюць. А таго не ведаюць, што наш гэта чалавек — з Баркаўцоў, і ўсе тыя прыгоды не немаведама дзе, а поблізу гэтай вёскі рабіліся. Таго не ведаюць, што славуты гандлёўшчык не валацуга які з усяго свету, што забыўся пра сваю радзіму[1], але з спрадвечнага даматурскага ён роду: яго бацька не абы-як, а Юстап зваўся, ды акрамя бацькі меў яшчэ гандлёўшчык і дзядзьку Вінцэнтага, меншага бацькавага — аднаго бацькі ды не адной мацеры — брата, і свайго ўласнага меў ён меншага роднага брата Савосту. Таго не ведаюць, што ўсе яны былі такія самыя, як і гандлёўшчык, славутыя Заблоцкія. А яшчэ ж былі ў іх сваякі, суседзі… яны хоць з мылам і не зналіся, але не менш за Заблоцкіх усяго-ўсякага бачылі за свой век. Ды, урэшце, самага патрэбнага не ведаюць тыя, што Заблоцкаму бліжэйшую да сябе асядласць даюць, што пра яго няшчасце байкі баюць: як жа зваўся ён? І прыходзіцца падказаць, што зваўся — Пархім.

Самае першае — як зваўся чалавек. Дрэнь тое мыла, што ён прадаў. Прадавалі мыла да Заблоцкага, прадаюць і цяпер, пасля яго.

Другое: што ён быў за чалавек? Чаму так прыспела Заблоцкаму на мыле, а не на чым іншым сабе заработкі знайсці? Што яго ў гандлёўства пусціцца прымусіла? І гэта ведаць трэба канечне. Але адложым яго на далей. Скажам толькі:

Кожнаму Заблоцкаму прыйшлася адменная доля. Усякі з іх свой талент і сваю ганьбу меў. Толькі не карысць з гэтага была ім, а згуба. Стары Заблоцкі — Юстапаў і Вінцэнтаў бацька, а Пархімаў дзед — быў спрадвечны гаспадар. Сам ён быў чалавек старасвецкі, ды імя сабе меў старасвецкае. Зваўся дзед Заблоцкі так, як мала хто цяпер завецца — Савэрын. Ні цяслярства, ні бандарства — ані нічога, акрамя зямлі, не ўмеў рабіць ён. Ніякага начыння, акрамя сахі з цэпам, не ўмеў Савэрын трымаць у руках. Так даўно ён жыў на свеце, што тады яшчэ плугоў і не зналі людзі. А з Савэрынавых сыноў адзін Юстап трымаўся бацькавага таленту. Вінцэнты ж меншы, ад другой жонкі Савэрынаў сын, музыкам удаўся. З Савэрынавымі ж унукамі было яшчэ горш: Савоста ў пісары пайшоў, а Пархіма ў гандаль павяло. Так здаўна шчапаліся Заблоцкія на дзве палавіны. Вілаватая ім у жыцці траплялася дарога.

Пакуль жыў Савэрын, пакуль Заблоцкія ў кучы жылі ў аднэй хаце, было і хлеба даволі, і скорам ніколі не зводзіўся ў іх. Тады ў іх хаце быў стары бацька і было яшчэ без бацькі двух роўных, здаровых мужчын. Нявесткі — Юстапава Прузына і Вінцэнтава Разэля — з дзяцьмі тут не ў лік, хоць, праўда, у аднэй Прузыны толькі было два хлапчукі, а Разэлю, як Вінцэнты казаў:

— Крыў бог ад гэтага няшчасця, ад іх крыку, ляманту.

Было работнікаў у Заблоцкіх, але не было ў іх хаце такога здарэння, каб спрэчка за што ўзнялася. Савэрын, не то што даўнейшы, але саўсім старасвецкі быў чалавек: гэта яго сыны, унукі — даўнейшыя людзі. І ўсё ў Савэрына рабілася па-старасвецку. Усякі ў яго меў сваё месца і сваю работу. Гэтай работы ды Савэрынавага слова пільнаваўся кажан, і ўсё ў пару зроблена было: у пару з поля збіралі, у пару і ў меру бралі з свірна што трэба на свой абыходак. Ніводзін колас дарма не загінуў. Бывала, вяжуць у снапы на жменькі жаты, ячмень ці авёс, а потым Савэрын загадае ўзяць кашэлікі ды перайсці ячнішча, аўсянішча — каласы пазбіраць, каб, як казаў па-старасвецку той дзед Заблоцкі:

— …Божы дар дарма на полі не прападаў.

Пырніку, бывала, і на лякарства не знойдзеш на Заблоцкіх полі.

На ўсё парадак пры Савэрыне быў. Як прыйдзецца за стол садзіцца, дык галоў, як качаноў на капуснай градзе, збярэцца. Тады і нявесткі і ўнукі — усе ў лік. А як пойдуць за работаю, дык нікога лішняга і не відаць. Усякі мае свой занятак. А па Савэрынавай смерці пачалі муляць думкі пра дзяльбу ў Вінцэнтага, пачаў Юстап ціхенька з мяшэчкам у Воркаву карчму ўчашчаць — насіў ён туды тапіць сваю нядолю. І сышла тады недзе злагада ад Заблоцкіх, уцёк спакой з іх хаты. Перш-наперш кінулі Заблоцкія, усёю сваёю сям’ёю застолле заняўшы, гаварыць самі з сабою, з смешных здарэнняў разам выскаляцца.

Пачалі ад тых дат круціць светам Заблоцкія. І рассыпаліся яны, як гарох на сто дарог, — хто куды віда. Што была адна сям’я, адна хата, адны Заблоцкія — аж з тэй аднэй ды пакрысе тры хаты зрабілася, з аднэй сям’і — цэлая фамілія. Крутам-мутам… усяк Заблоцкія жыць прабавалі.

Не было на іх росту: усе да аднаго аршын з шапкаю ўдаліся на вышкі. А ўсё цягнуліся ўгору, каб над усімі вышэй быць, каб адусюль іх бачылі.

ІІ

Немаведама, што даўней было.

Засталучылі байкі праўду, калі заходзіць мова пра даўніну. І што далей ад нас, што глыбей у гады, то ўсё большы, гусцейшы ад іх туман, а з таго туману часам такія прывабныя вытыкаюцца здані, што набок тады ўсякая праўда.

Туманам даўнасці заслалася: як дзяліліся Заблоцкіх браты — Вінцэнты з Юстапам: як Юстап падгадзіў сырам, маслам, шаснасткаю белага смачнага заводнага гароху баркаўскога валаснога суддзю ды як той, судзячы, назбіраў памёршых і выдуманых душ: бацькаву, матчыну і яшчэ нейчую — немаведама чыю — часць прысудзіў Юстапу, а Вінцэнтаму ўсяго ў падзеле даў пад абрэз.

Так даўно гэта было… Такім забыццём заслалася… Ані не відаць праз яго, як сагнаў суддзя Вінцэнтнага з усім яго невялікім будынкам з вышэйшай, сушэйшай часткі Заблоцкіх сядзібы на другі бок вуліцы ў западзь, на дрыгву. Не відаць ад нас, што так далёка ўжо ад таго часу адышліся, як пакутаваў Вінцэнты ў падсуседзях, як не прыйшлося яму з падзелу сваёй хаты. Але сяк-так, у пазыкі ўлезшы, узбіўся ён на грошы. Апытаў праз людзі сабе варывеньку на хатку ды купіў яе за дванаццаць рублёў.

Не толькі на сядзібе, але і на полі накпіў з Вінцэнтага той валасны, загоджаны братам, суддзя. Не ніву, але істужку адаткнуў ён калкамі. Палажыў яе, гэта йстужку, на ўсіх Заблоцкіх нівах з правага, самага неўрадлівага, як меркаваў Юстап, боку. Да таго скупа быў валасны суддзя тую йстужку адрэзаў, што ўсяго чатыры градкі бульбы можна было выштукаваць на ёй, — за раз самую шыршую Вінцэтаву ніву пераступіць і не цяжка было.

Усё сышло людзям з памяці. Адна «Вінцэнтава йстужка» ў прыказках, у параўнаннях асталася. Пакуль быў Вінцэнты ў Баркаўцох, хварбаваў ён сваю істужку вострым плугам на гразкі чорны колер, карабаціў яе на скібы. Любіў Вінцэнты на чорным гразкім полі жоўтыя кропелькі, падобныя на жытнія, ячныя, аўсяныя і ўсякія розныя зерні, густа імі сваю йстужку ўсыпаў. Толькі як пойдуць дажджы на Вінцэнтава краплястае фарбаванне, зялёнае яно зробіцца — аж мяняецца ад сонца. Але і гэта зеляніна не любіла сонца — ліняла ад яго: з зялёнага на жоўты, спелы колер.

Толькі не праз валаснога суддзю, што адрэзаў гэту йстужку Вінцэнтаму, не праз самога Вінцэнтага, што так стараўся — як вясна, як восень — фарбаваць яе, а праз гаваркую Кацярыну, што першая дабрала Вінцэнтавай ніве такое імя, не забыліся пра яе нашы, сквапныя на трапнае слова, людзі.

Асталіся ад таей даўніны ўсяго «йстужка» пра Вінцэнтага, а пра Юстапава багацце цэлае паданне, з імі разам злучыліся дзейкі і пра дзіўнае пахаджэнне гары пасярод Баркаўцоў.

Перш упыну не было на Юстапа з яго скаргамі. Потым, пасля падзелу, пашыкавала крыху і годзе маракаваць, што чорт дабро з свірна выносіць. Годзе ў Воркавай карчме лезці да людзей са сваёю бядою. Ды і ў самую карчму менш стаў учашчаць. А тым і цікнула: чаму такая перамена? Хто час меў ды цікавы быў, давай прыглядацца.

вернуться

1

Радзіма — сваяўство; так гэта слова і ў песнях ужываецца.

1
{"b":"567558","o":1}