І заўважылі баркаўскія даходныя людзі, што ўсё то сіняваты, то чырвоны агоньчыкі з неба сыплюцца за шчыт у Юстапавым таку. Надта ж іх, гэтых агоньчыкаў шмат увосень, як людзі з поля дабро ў такі пазвозяць. Як мак тады сыплюцца. З усходу стануць нашы цікавыя людзі глядзець — усе ў Юстапаў ток збягаюцца, а зойдуць з захаду, зірнуць — не відаць нічога, толькі дзе-нідзе далёка-далёка час-часом саслізнецца зорка з неба ды пакоціцца ўніз. І сказалі тады баркаўчане:
— Тут нешта небагавое. Няйначай Юстап да нейкага ведзьмака дапяў. Прадаў чорту душу, дык от ён ужо ў нейкага другога з засекаў выбірае, а яму носіць ссыпаць усякае дабро.
Кажуць, і гара на крыжавых дарогах пасярод Баркаўцоў тады стала, як сыпаліся агоньчыкі ў Юстапаў ток. Так што цяпер, адкуль ні зірні на іх, перш-наперш карчму ўбачыш, а потым ужо вішэннік унізу пад ёю, дзе-нідзе стрэхі ў ім. А даўней — не за нашым, а за даўнейшым «даўней», кажуць, у самай западзіне, вечна пасярод гразі стаяла карчма, нідзе ніякай гары і заваду не было. Лёталі тады ўсё агоньчыкі за Юстапаў шчыт: то сіні, то чырвоны. А людзі ўжо дазналіся, што як сіні агоньчык, дык дабро нясе, а як чырвоны, дык грошы. Каму час быў ды не ленаваўся, можна было злічыць, колькі раз з чым прылятаў. Можна было ведаць — чым найболей Юстап апамогся.
Усе на гэта глядзелі: от, ліха яго бяры! Усё адно нам не панясе, а Юстапу. Аднэй Тахвілі (яго швагерцы) шваграва багацце было, як у сэрца нож. Яна не толькі, што калі нясе, ведала, але ведала і як зрабіць, каб чортавым дабром ліхі чалавек не запамогся. Згледзела была раз увечары, проці карчмы стоячы, над самаю галавою ў сябе сіні агоньчык, ды так ён проста туды, дзе Юстапаў ток, і коціцца. Зайздрасць борзда Тахвілю напавуміла, што трэба зрабіць. Зрабіла яна спадніцу так, каб даступней руцэ было, ды па мяккім месцы сама сябе калі лясне разоў тройчы.
— Гола, — кажа, — маё цела. Хай жа гэтак гола ў таго будзе, каму ты нясеш.
Хоць сабе чорт і невялікая шышка, але не любіць, калі ўсякі начне з яго вяршэнства здымаць. І ў чорта злосці не купіць… Калі сыпнуў ён прыскам на зайздросную Тахвілю, дык аж траха Баркаўцы не заняліся гарэць. Добра, што Тахвіля ўправілася роўна стаць і спадніцу з рук у пару пусціла, а то б яе ссек чорт горш, як шротам, а так — усяго крыху рукі прыпёк. Яшчэ тое Тахвілі ў помачы было, што гарэлую спадніцу насіла. Хоць і залавіў чорт крыху, але толькі яно застукала, як па блясе, ды скацілася далоў. Як нёс ён асмін з дванаццаць грэчкі, дык так і сыпнуў пасярод Баркаўцоў. І не абы-якая грэчка была: буйная, ядраная. А чыстая ж! Як вока. Але на ліхое дабро не пагналіся нашы баркаўчане. І на завод ніхто жмэньку не ўкраў. Так і асталася ляжаць пасярод вёскі ў капцы, як і пасыпана была. Да таго ж нейкая праціўная, што коні пудзіліся, як блізка вязлі. Ужо вароны — нашто не пераборлівыя птушкі, а і тыя не хацелі дзяўбці. Будзе ляцець над самым капцом і ў той бок нават не зірне, пераляціць ды на сметніку дзе сядзе, там сабе чаго пашукае. Каровы тады нельга было вуліцаю гнаць: як толькі да карчмы дойдуць, паўстануць наўкола капца і равуць — бі-забі не адгоніш. А ўночы сабакі з усёй вёскі збягуцца, галовы ў гopy пазадзіраюць ды давай галасіць, зямлю драць.
Чыстае згубенне было баркаўчанам, пакуль не ўсхадзіліся вятры. Ну і шалёныя ж былі яны! З хаты выйсці нельга было — чалавека валялі. Дзень пры дні з аўторка да пятніцы дзьмулі. Яшчэ людзям як людзям — от набытак за той час намучыўся. Тры дні ў хляве галодны стаяў — нельга было ні ў поле на пасту выгнаць, ні з току харчы прынесці яму ў хлеў. Замялі тыя вятры чортава насенне пяском — чвырам з дарог, чорнаю тарпавінаю з агародаў. За тыя кручаныя дні так спрытна юцуха перамяшала ўсё, што зрабілася зямля такая, як бы і спрадвеку яна на гэтым месцы ляжала. І ад тых дат стала ў Баркаўдох гара проці карчмы на крыжавых дарогах над усе нашы невялічкія ўзгоркі. Суха з таго часу зрабілася ў самым патрэбным месцы, дзе чужыя падарожныя людзі заўнімаюцца, як ідуць у карчму пагрэцца. Часам пад вечар, як з кірмашу едуць, бывае, вялікі завоз хурманак збіраецца тут. Гэта месца на месца тады робіцца падобна. Таму і далі нашы людзі яму прыкладку— «Траецкаю гарою» завуць, на Менск глядзя. А тая грэчка і цяпер на гэтай гары знаць. Дзіва што нешта муляе ў ногі, як босы тудэю йдзеш?! — гэта ж тое чортава насенне. Бывае, што дажджы зверху пясочак прамыюць, дык яно і відаць. Нагнешся, паглядзіш — здаецца, і няма яго нідзе, a ступі, дык і чуваць, што нешта востранькае, маленькае колецца, як грэчка ўсё роўна.
І не адлучыць тут ніяк праўды ад казкі.
От лепей выберам калі вальнейшы час ды адыдземся назад у даўнейшае гадоў на трыццаць, самі таго дзіва паглядзім. Толькі выбірайма так, каб і ў нас вольны час быў, каб выхадны дзень прыпадаў, ды каб і ў людзей была вольная часіна: так выбірайма, каб наш выхадны дзень, а іх даўнейшае свята ці які прысвятак у адзін дзень сышліся. Гэта ж тое ведайце, мы на той бок вайны, у старую бытнасць адыходзімся. Людское свята ці прысвятак нам трэба, каб не хадзіць за патрэбнымі людзьмі па полі дый ля дому па ўсякіх заканурках, каб іх не шукаць, замінаць працавітым у рабоце, пытаючы ды шукаючы сабе добрай прыгоды, цікавага слова. Без прыгод працуюць людзі, а здараюцца прыгоды пры рабоце ўсяго ў гультая.
Дабірайма не толькі свята з выхадным днём, але яшчэ і сам дзень каб быў ясны, пагодны. Хмурны дзень, дождж, пацяруха людзей сном спакушае, цяжарам успадае на іх павекі, што позна плюшчыцца і рана расплюшчвацца звыклі. Дабірайма так, каб людзі на прызбах пад лагоднае летняе сонейка ў гурце сабраўшыся былі. Тады і пачуць і ўбачыць можна будзе шмат чаго.
Дык от калі пачуваецеся моцнымі ў нагах, калі не палохае такая далёкая дарога: трыццаць гадоў — не трыццаць вёрст вам! — дык тады давайце пачнём свой абход.
ІІІ
Кажны Заблоцкі, як Юстап, так і Вінцэнты, не толькі сваю долю, але і сваю хату меў. Пра іхныя долі далей яшчэ шмат будзе мовы, а хаты ў абодвух нядэшлыя былі — чуць у духу.
Гразкая вуліца ў Баркаўцох — толькі ўчора прайшоў дождж. Усяго з аднаго вышэйшага, сушэйшага боку на вуліцы дзе-нідзе памошчаны кладкі: дзе за гоні, дзе за двое ляжаць адна ад аднэй. Невялікая з іх дапамога, але часам у самым патрэбным месцы, у самай глыбшай гразі надарыцца каторая і, што чалавек з халявы б вычэрпаў, толькі па костачкі пасаджае ў гразь боты. Абутаму гэтакі ратунак нішто сабе, а босаму і саўсім добра.
Дык от мы сталі проці Заблоцкіх і не ведаем, што тут рабіць. Сталі перад Юстапавымі варотамі і пазіраем на Вінцэнтаў двор. Ён бяднейшы, да яго да першага трэ было б зайсці. Але як перайсці гразкую баркаўскую вуліцу на другі, ніжэйшы, гразчэйшы бок?
І што ж мы зробім? Маючы на Вінцэнтага за яго беднасць лепшую ўвагу, зойдзем перш да большага, шчаслівейшага яго брата, да баркаўскага багатыра Юстапа Заблоцкага. Хай за гэта будзе вінен той даўнейшы баркаўскі валасны суддзя, што пасяліў Вінцэнтага ў такім невыгодным месцы.
«…здаўна шчапаліся Заблоцкія на дзве палавінкі…»
Двух сыноў меў Юстап. Пакінем надалей Пархіма, большага Юстапчыка. Што ты пра яго скажаш, калі ён ніколі дома не стыкаецца. Ужо год пад васемнаццаць бралася хлопцу. Увазнаў дзявочы хвартух, дык — абы вольная часіна — ён на сяло, абы вечар — ён на вячоркі. Толькі тады Пархім дома, як работа ёсць. А што ты скажаш пра чалавека, занятага працаю?! Калі ён не гультай, калі спрыцен да работы, дык без жадных прыгодаў гарыць яна ў яго ў руках. От як ужо ўпыніць яе, або як надарыцца свята!.. Ёсць тады што сказаць пра чалавека: і праўды стае, і прылгаць можна, бо чаго не выкусіць, чаго не прытворыць вольны ад работы чалавек.
Пакінем надалей Пархіма… Мала таго, што ніколі яго няма дома.
Як толькі свята, і ў Баркаўцох Пархіма цяжка злавіць — як звалачэцца дзе ў дзесятае сяло, дык з раніцы да вечара будзе там круціць галаву.
Меншы Юстапаў сын Савоста многа спакайнейшы, можна сказаць, удаўся хлопец. Тады, як сыпаліся агоньчыкі за Юстапаў шчыт, як завялася гара пасярэдзіне вёскі ды шмат усякіх іншых датваралася штук, Савоста пільнаваўся дому. Не выжвараў ён лішняе з адзежаю. Толькі ў пялёнкі адзяваўся, і добра, хораша яму было. Калі яшчэ маці, Прузына Юстапіха, умітуські спаўе — вунь якая рызыка была малому Заблоччыку. Бо не абы-які той пояс быў: зялёнымі завушніцамі па белым полі вытканы ён.