Рос тут вялікі, светлы хваёвы бор. І з самага берага тры хаткі забудованы былі. З гэтых хатак і вёска вырасла, а праз бор сабе такое імя папала — Баркаўцы.
І што далей ад таго часу, то ўсё болей бор на захад ад вёскі адступаў, а тут, дома, у іх свой заводзіўся лес. Штогоду болей урасталі Баркаўцы вішэннікам, гаспадарскімі садамі на сваю і дзяціную патрэбу ды ўсякім іншым патрэбным і непатрэбным дрэвам. Лагчыну, западзь на поплаве, кудэю некалі быстры ручай з бору цёк, — алешнік апанаваў.
А ў яго падсуседзі асталася вярба, ракітнік дзе-нідзе. Бярэзніку спадабаўся ўзгорак на заручычах (за ручаём). А ў гаравога Змітры рос нават дуб проці ганка. А што на кляны, каштаны, ясяніны — ліку няма.
Такі тут гушчар стаў, што, здалёк зірнуўшы, здаецца: такі, хлявы, хаты скрозь зямель пайшлі.
Было не цеперся, як Савоста пад дом падыходзіў. Кракталі жабы ля мастка ў завоіне, што зрабілі малыя, загаціўшы баркаўскі нядэшлы ручай. Матушыўся, чуваць было, бусел над крыніцамі на сваім гняздзе. A так каб дзе хто шапнуў.
І от гэтаму спакою, сваім баркаўцам гэтаксама:
— Дабры вечар, сваё роднае, — сказаў Савоста Заблоччык.
1929 г.