— Ты, Міхал, пра мічурынскія бэры ці пра тую, што сваімі «бутылачкамі» горла дзярэ, думаеш? Упадобаў, каб яе качка стаптала...
Міхалу-ж, калі той у настроі, пальца ў рот не кладзі — бяз ногця выхапіш. І каб гэта быў не Гарбун, а нейкі ат сабе рыштанюга, дык і цяперака ў даўгу не астаўся. Аднак рыбалову выціснуў такое, што таму не дайшло й да цяму:
— Капянуў дзічку, а яна табе сьвет на ногі паставіла.
— От-жа й кажу: калі бэры прыядуцца, і дзічку ні да носу, — каб ладу трымацца, на паважнейшае Гарбун здабыўся. А зірнуўшы на мокрыя Сырадоевыя вочы, рыбяю мудрасьцяй наважыў жаль Міхалаў разьвесьці: — Ня журыся... Калі-б дурнейшымі былі ўсе краснапёркі, то й сам панам быў-бы. А то прыйдзе табе, зьліжа гарошыну, і паплавок ня скіўнецца. Раззлаваўся гэта я на тых краснапёрак ды й боўтнуў трутам на прынаджаным месцы, каб краснапёркі мае й хвастом ня вільнулі. І ня журуся: ні мне, ні ім — выздыхалі...
Да Міхалавых вушэй нешта-такі з тых краснапёрак даплывала спачатку, а празь нейкія дзьве-тры часіны й ягоныя думкі хвастамі ня вілялі... Адно нейкая чарнакосая прыгажуня лашчылася ды жоўтымі сьпелымі бэрамі частавала. Сырадой гладзіў даўгія дзявочыя косы, цалаваў духмяныя губы і кляўся:
— Не дарую, Алеська... Не дарую... Богу душу аддам, а не дарую зладзюзе...
Прыгажуня Алеська адступілася й вочы на апалую разьбітую бэру апусьціла, гаворачы старому Сырадою:
— Сорамна... Надта сорамна... Сам ён сябе пакарае...
Кулём кінуўся Міхал да прыгажуні, каб сорам уняць, каб сорам сэрца Алесінага не катаваў... І рукі разьвёў Міхал: Алесі як ні было. Толькі на сухіх галінках разьдзёртае ветрам дзічкі дагнівалі, нанізаныя нейчымі рукамі, чатыры Сырадоевыя бэры... І Сырадой моцна крыкнуў, але так як-бы гэта цэлая Вільшчына бэрамі ягонымі калаціць зышлася:
— Гэта-ж разбой!.. Гэта-ж нявіданае няшчасьце!..
_________
Калі пад столяй пачарнела, перапаліўшыся, «лямпачка Ільліча» ды патушыліся ліхтары ля дубальтовых зялезных брамаў на турэмным дворышчы, у камяніцу зірнула знадворку сьветла-сіняе халоднае неба. Жаўтаватыя перад гэтым у сьвятле ліхтароў дзьве таполі, край аднае страхі й касяк турэмнага муру ўвачавідкі пабялелі й зайскрыліся. Хрусткія йскрынкі — сьняжынкі-зорачкі, быццам тыя сьветлячкі-пырхаўкі ўначы або буйныя купальскія росы ў бляску вогнішча на лістох папараці, займаліся, патухалі й зьліваліся ў суцэльнае, мілае воку беліва.
Пад нейчымі нагамі скрыпеў крохкі маразяны сьнег. Дзесьці саўсім блізка сьпявалі, зьлятаючы зь седалаў, апошнія гультаяватыя пявуны. Лопаліся, данятыя марозам, хварбаваныя начарна дошкі вартавых вежаў-будак.
Гэтак над растоптанай глухімі мурамі чалавечай радасьцяй неахвотна кланялася хрусткай марозьлівай раніцы й разьміналася зь ёю пераможаная сонцам ноч, каб у новы дзень каранямі мацней урасьціся...
Можа-б, і адкруціўся чорны калаўрот начніцы-вядзьмаркі, каб на яго шырокі понаж ды нага чалавека-праўдалюба ступіла?
Але як-бы яно там ні было, а раніца — раніцай. Гэта-ж пачатак дня. Няхай сабе новы дзень і ня прынясе добрыя навіны, і не ўскалыхне затхлага сьмердзіва камяное завоіны нумар тры, але ўжо адно тое, што ён, хоць і найгоршы ад усіх тых, што, турэмныя норавы спрытна людзьмі ўтаймаваўшы, вечарам уступілі ды зь сьлепавокімі змрокамі, абдымаючыся, заручаліся, — не ўчарашні, а сёньняшні, новы й ніводнай жывой душы ня ведамы, і як-бы яно там ні сталася, а сім-тым дый выразьніцца, рабіла сваё.
На кавалачку нятрывалага спакою расхінала раніца маленькія чалавечыя надзеі: ану-ж дый на нашай гразкай вуліцы маладзіковы кірмаш будзе!..
Міхал Сырадой маўчаў. Меў ён вялікія думкі і ўсё да нечага прыслухоўваўся...
Апавяданьне
... Цэлых два дні жалілася Марыля на ламоты ў паясьніцы і ўсё войкала, калі ня было паблізу цёткі Агапы, а пры ёй старалася ўтаіць боль, ад якога яна раз-пораз згіналася і прыкладала да сэрца далонь з шырака растапыранымі пальцамі. Агапа гатавала ў гарнушку нейкія зёлкі, пералівала іх у другі гарнушак, астуджвала, нешта шаптала, накрывала хвартухом, тройчы перабірала за сьпінаю з рукі ў руку, плёвала ў смаловы над ложкам сук бервяна й давала Марылі ў тры сёрбы напіцца на золаку, перад полуднем і на зьмярканьні. І гэтак цэлых тры дні. На чацьверты дзень увечары зрабілася Марылі нядобра. Вялікая гарачка й зябкія дрыжыкі палажылі яе ў ложак пад тым самым сукам, на які плёвала цётка Агапа.
Недзе недалёка сакаталі кулямёты, і чуліся далёкія, глухія выбухі, разрываліся бомбы... Гэтая бязладная музыка вайны то сьціхала, то ізноў ушчыналася яшчэ з большай сілай. Марыля не прыслухоўвалася да гэтае музыкі й ня чула яе. Боль павярнуў яе тварам да сьцяны. Яна ўвабрала ў далоні грудзі й пачала моцна сьціскаць іх. Ад гэтага боль падкаціўся пад самае горла й прыпаў да сэрца. Марыля разьвяла ў бакі рукі й пачала цяжка, глыбока дыхаць...
... Сядзіць Марыля ў цёмным глыбокім склепе й затыхаецца цьвіляю гнілога хлуду. Раптам нехта намацвае ейную руку, узводзіць на высокі пясчаны ўзгорак і кажа:
— Пазнаеш? Гэта-ж твой Раман дужаецца зь д’яблам... Бачыш, як сьціскае ён жылістымі рукамі карак д’ябла? Бачыш? Але-ж і той дужы й вытрывалы. Памажы, даражэнькая, свайму Раману! — сказаў і немаведама дзе дзеўся.
Марыля хапае сякеру й імчыцца:
— Ра-а-ма-а-нка-а!.. Ра-а-ма-а-нка-а!.. Не да-а-ва-я-йся д’я-а-б-лу-у! Я-а-а, Ма-а-ры-ы-ля-а...
Чалавек, босы й бяз шапкі, перапыняе Марылю:
— Спазьнілася, даражэнькая... Вярніся... — кажа ёй.
— Ра-а-ма-а-нка-а!..
Марыля-ж і слухаць ня слухае таго чалавека, бяжыць далей, падае моцны голас:
— Ра-а-ма-а-нка-а!..
— Ма-а-рыль-ка-а!.. — азываецца голас Рамана і моўкне.
— Душы чорнага д’ябла!..
Вось яна саўсім ужо блізютка — як рукою падаць... Узносіць над галавою каля правага плячука сякеру, мацней сьціскае тапарышча, каб спрытней секануць сьпіну трохгаловага д’ябла... Але моцны парывісты вецер узлахмачвае Марыліны валасы й перакідае, марозячы патыліцу, на твар... Марыля ўстрасае галаву й замахваецца...
— Раманка!!!
Марыля прахапілася й застагнала.
— І ў сьне не даюць ёй быту, — трымаючы ў руках газоўку, сказала сама сабе Агапа.
— Сьпяшалася памагчы Раману, каб д’ябла падужаць... Які ён ікласты, страшэнны... Прыймі, цётачка, гэтую во сякеру...
Агапа выцерла ручніком спацелы Марылін лоб і яшчэ тры разы запар дала напіцца гатаваных у гарнушку зёлак.
_________
Бабіла старая Рымарыха, жонка местачковага рымара. Прынятае ёю дзіця сьціснула пад бародкаю кулачкі й моцна закрычала. Рымарыха пацалавала тройчы ягонае ружовае цельца, адплёўваючы навотлег, каб урокі ня бралі, зірнула на Марылін твар, потым на дзіцятка:
— Уга-а, уга-а! Выліты ў бацьку — як тыя дзьве кропелькі. Уга-а, уга-а! Раманётка маё... Уга-а, уга-а!.. Маленькае маё сонейка... Марылька, а Марылька, шчасьлівы твой хлопчык — у бацьку, як тыя дзьве кропелькі... Уга-а, уга-а!..
Агапа падала бабулі гладыш летняй вады й яшчэ дзьве мякуткія полачкі. Калі ўсё было зроблена, Рымарыха падышла да Марылі:
— Зірні, Марылька, на сваё дзіцятка. Зь ясным сонейкам прыйшла на сьвет Божы твая зорачка...
Марыля адкрыла вочы, усьміхнулася й пацалавала дзіцётка ў шчочкі.
Рымарыха паставіла калыску каля Марылінага ложка й выйшла ў меншую палавіну хаты мыць ужываныя полачкі. Агапа выняла зь пячуркі запалкі, запаліла ў цялесьніках смаляк, падлажыла пад дровы й адышлася падаць Рымарысе начоўкі. У гэтую самую часіну ляцелі, цяжка равучы над самаю хатаю, нямецкія бамбавікі. Агапа прычыніла шчыльней дзьверы й перахрысьцілася.
— Аж сьцены калоцяцца, каб на іх ламоты. Бог сьвяты ведае, што яно там будзе, хто каго зь іх зьбяёдае? Таўкуцца людзі, як тыя крупы ў ступе, і радачкі табе ніякай, — выціраючы зрэбным хвартухом мокрыя рукі, уздыхала цётка. — Ня ведае Раман, што гэтакага сына мае.