— Ану-ж, дый акажацца, — мылячы шылаватым змылкам полкі, седзячы на ўслончыку, азвалася Рымарыха. Гэтакімі табунамі ўцякаюць нашыя з-пад немца. Чула, колькі йшло іх учора краем нашых Карэлічаў? Сялівонаў сын, гэты, што меншы, — Яраславік, вунь ужо дні з тры, кажуць, у склепе качаецца.
— То-ж бы то, што качаецца, а на людзі паказацца нельга, — бедавала Агапа. — Свой на свайго немца натыкае адразочку... Гэтакага во вучонага Клемуса Несьцеравага праз Базылішынага галамоўзу сходалі... Не, кажа яна, ня гледзячы людзям у вочы, гэта-ж ня праз майго Захарку, самі нямчукі вышнырылі беднага Клемуску ў каноплях... Гэта-ж такая праўда...
Цётка Агапа не дагаварыла. Недзе недалёка ўшчалася жудасная грукатня. Агапа прысланілася да качарэжніка, прыціснула да твару зрэбны хвартух. Рымарыха пакінула начоўкі, атрэсла рукі, упёрлася імі ў сьцёгны і — у большую хату, да Марылі. Шырока адкрыўшы вочы, пазірала яна ў расчыненыя ўструсам вокны, тулячы да тугіх балючых грудзей ружовае цельца народжанага на сьвітаньні дзіцяткі. Рымарыха выхапіла дзіцянё з Марыліных рук, ухінула яго, сьпяшаючыся, у Марыліну сукенку й села на падлозе каля самага ложка. Грукатня не пераставала. Празь нейкія два-тры перадыхі яна зрабілася яшчэ мацнейшай і страшнейшай. Калаціліся сьцены, зьвінела шкло, расхіналіся вокны, рыпела столя, стукаліся аб вушакі парасчыняныя дзьверы. Перад вачыма яшчэ не саўсім ачунялай Марылі затросься, выскаляючыся, той трохгаловы д’ябал, які пакінуў каля верставога слупа на гасьцінцы здушанае цела Рамана...
Цалюткую гадзіну калаціліся Карэлічы, стагналі людзі, трэскалася зямля...
Цётка Агапа доўга яшчэ не адымала ад твару хвартуха й не расплюшчвала намуляных каляным зрэб’ем павекаў вачэй: баялася зірнуць на хату, на тое, што валілася, стукала, зьвінела й кацілася да ейных ног па выбітай глінай зямлі меншай хаты. Абыўшыся, апусьціла хвартух і працерла пальцамі вочы. Сярод паколаных гарнушкаў, гладышоў і слоікаў, што пазвальваліся з паліцаў, угледзела яна й разьбітыя «ходзікі», і падкоўку...
— Набыў іх Раман перад вясельлем, а падкоўку начапіў, пакідаючы хату, каб шчасьце ня мінала хаты, гаварыў Марылі, — казала Агапа старой Рымарысе — бабцы Прузыне. — А яна яму бацькаўскі дарунак, кругленькі гадзіньнік, на руку палажыла, каб мінуткі на адлучцы лягчэй лічыліся.
— Усякае на вяку бывае, Агапка, — сіпатым з вусьцішу голасам азвалася Рымарыха. — Што там з тымі «ходзікамі», такой бяды, абы чалавек жыў быў ды цалюткім вярнуўся сынам пацешыцца. От што мілей за ўсё, Агапка.
— То-ж бы то. Я-ж яно й кажу, абы жыў Раманка, прыдабудзецца неяк. Век жыві й век ажывайся...
Неўзабаве бабка Рымарыха пайшла дадому, сказаўшы, што заўтра, калі Бог дасьць ёй здароўя, неяк прыйдзе пабачыцца зноў. Цётка Агапа падкінула на ачахлае вугальле нейкіх ашчапкаў, уставіла тры гаршкі, потым узялася спрытоньваць паколанае чарап’ё. Цётка ня йшла ў большую хату: падумала сама сабе, што Марылі ўжо палепшала й тая заснула. Пры гэтакай цішыні Агапа адразочку пачула нейкую хаду на ганку. Яна страпянулася і, устаўшы, трымаючы ў хвартуху чарап’ё, падышла да вакна й зірнула празь яго на ганак. На ім нікога ўжо ня было. «Усё цяпер чалавеку здаецца», — падумала сабе Агапа й адышлася. У той мамэнт, калі яна мелася брацца за клямку, каб выйсьці палажыць у сенцах пабіты посуд, адчыніліся дзьверы, і Агапа сустрэлася вочы на вочы з высокім, аброслым і бяз шапкі чалавекам. Яшчэ мацней здрыганулася і, выпусьціўшы з боязьні з рук хвартух, аступілася назад. Чарап’ё выпала й зазьвінела.
— Гэта будзе хата Рамана Скрылевіча? — папытаўся.
Агапа маўчала. Трымаючы ў зубах вялікі палец левае рукі, пазірала, ня міргаючы, на невядомага чалавека.
— Заходзьце, калі ўжо прыйшлі, — сказала.
Чалавек пераступіў парог, ступіў два крокі й спыніўся. Абвёў вачыма хату, зірнуў на Агапу й потым, нешта думаючы:
— Значыцца, Раманава...
— Раманава, чалавеча. Самога от толькі нямашака ў хаце, — сказала, як і прышлы, думаючы, а пасля папыталася: — А вы хіба зналі Рамана?
— Знаць яго знаў... Бачыўся... — сказаўшы гэтак, чалавек ступіў яшчэ два крокі й папрасіў напіцца.
Агапа зачэрпала меднаю конаўкаю вады зь дзеравянага вядра з посілкаю, падала чалавеку й папрасіла сесьці, паказаўшы рукою на лаву каля стала.
Той, сеўшы, сказаў Агапе, што зайшоўся ня надаўга, бо ягоная дарога далёкая, і папытаўся, ці можна перабыць у хаце да зьмярканьня, каб ісьці далей пры цямне, як немцы ня бачаць.
— Чаму-ж не, хоць і цэлы тыдзень, хоць і яшчэ больш, і нам весялей і сьмялей будзе жыцца... — адказала й пайшла да печы адсунуць ад полымя гаршчок з капустай, якая, кіпячы, вылівалася на раскочанае вугальле, сыкала й вельмі смачна пахла.
Невядомы моцна ўдыхнуў пахучае паветра ды зачмякаў губамі, і Агапа здаўмелася, што гэты спакойны ветлівы чалавек вельмі галодны й што яму трэба даць есьці. Ставячы на стол вынятую з-пад прыпека вышчарбленую гліняную міску, кінула вокам на чалавека:
— От гэта і ўсё, што засталася на Раманавым грунце, рэшта, самі, уваходзячы, бачылі, дзе й што зь ім... Зьелі шэльмы, каб іх саміх шолудзі поедам елі.
— Набудзецца, цётачка, калі будзе суджана, кладучы на кавалак жоўтай газэціны махорку зь вялікага скуранога капшука, заўважыў незнаёмы і, помнячы сказанае добрай цёткай «і нам сьмялей і весялей будзе жыцца», пацікавіўся:
— Хіба-ж ня вы адны, ня самі жывяце ў Раманавай хаце?
— З пляменьніцай Марыляй, Раманавай жонкай. Сёньня Бог даў ёй дзіцятка на досьвітку, сынка, а бацька й ня ведае... Ваюе недзе... — Агапа прыняла з абруса падкоўку, патрымала ў руках, а потым начапіла яе на той самы цьвічок, дзе віселі «ходзікі», і ўздыхнула: — Кажуць, што падкоўка шчасьце людзям прыносіць... Можа, і вернецца, нядобра, што от «ходзікі» разьбіліся.
Незнаёмы слухаў Агапіну гаворку і ўсё нешта думаў. Калі-ж у большай хаце заплакала народжанае, чалавек усхапіўся, зірнуў на падкоўку, на пабітыя «ходзікі» на падаконьніку, нэрвова смакануў скрутку махоркі й гэтак-жа нэрвова выняў з кішані выкуцанай у гразь гімнасьцёркі велікаваты гадзіньнік.
— Другая папаўдні... — сказаў, гледзячы Агапе ў вочы.
— Можа, яно й праўда... — перастаўляючы на стале міску, быццам-бы не на сваім месцы стаяла, нахіліла да гадзіньніка галаву, зірнула, потым — на скураны капшук... — Дык яно-ж і ня позна яшчэ, — дадала, — я вам капусты пастаўлю. Пакурыце, а я тым часам...
Цётка Агапа ўзяла сухія полачкі й пайшла ў большую хату да Марылі з дзіцем.
_________
Хату Рамана Скрылевіча паказала Астапу Крыжаку бабка Прузына. Рымарава хата дажывала свой век пасярэдзіне сяла, каля Карчмішча, трэцяй ад месца, дзе стаяла некалі карчма. Дык от, каб людзі ня пыталіся, дзе яна была й што там рабіла, ды каб ня мець праз гэта лішніх нагавораў, Рымарыха не пайшла вуліцаю, выйшла гумном на загародзьдзе й адтуль кустамі нацянькі да Карчмішча. Бачыць, стаіць чалавек, грызучы рэпу, і пытаецца, ці ня ведае бабка, дзе будзе хата Рамана Скрылевіча. Яна паказала рукою на тры высокія ліпы і, каб яшчэ лягчэй пазнаць, сказала, што Раманава хата на высокім муры, а перад ёю, на другім баку вуліцы, — заваленая хлудам студня. Бабка сказала й тое, што самога Рамана дома нямашака, то ён недзе ваюе або ўжо й дадому йдзе, бо Марыля, ягоная жонка, значыцца, радзіла сына, і ёй, далікатнай і вучонай, было-б цяжка без чалавека сына выкачваць...
Цяпер, пагаварыўшы зь цёткаю Агапаю й спраўдзіўшы, што гаварыла яму бабка, Астап убачыў, што ён не памыліўся, трапіў якраз у хату свайго нядаўняга, але вельмі-ж добрага таварыша Рамана Скрылевіча. Блага толькі, што ў такую нязручную часіну немаведама, што яму рабіць: раскажа — гора вялікае чалавеку прычыніць, лёгка разьятрыць жывую рану, а загаіць яе вельмі трудна; ня скажа й пойдзе — ня выканае апошняе просьбы таварыша й граху нець якога набярэцца: будуць чакаць і ніколі не дачакаюцца, і ніхто ніколі ня скажа, бо толькі адзін-аднюткі Астап ведае, дзе, як і што... Напісаць, пакінуць, і бывайце здаровы — слабізна натуры, нястача адвагі, а ён-жа чалавек сьмелы й адважны; пакінуць на потым, каб тады, як скончыцца вайна, напісаць ці самому адведаць, няма пэўнасьці: а што, калі й сам ня дойдзе туды, дзе саўсім малым дзіцянём пакінулі яго бацькі ў першую вайну на чужыя рукі?..