Турмы й высылкі запоўніліся «простымі» людзьмі, такімі, якіх сустрэў Дудзіцкі сярод турэмных асельцаў і партрэты якіх намаляваў, мабыць, у адным зь першых беларускіх раманаў (нажаль, ненадрукаваным і незакончаным) пра савецкія канцэнтрацыйныя лягеры: Мікіта Бурболік — стары ганчар з-пад Таўкачэвіч, аднавокі дрывасек Сялівон, гарбар Калоша, лекар Юдовін, настаўнікі Якуб Церабелец і Цімох Баравец, шацкі рыбалоў Гарбун, садавод Міхал Сырадой зь Вільшчыны.
«Жарты-жартамі, а праўда — чамярыца зь перцам: далёка даўнейшаму да нашага цяперашняга. Даўней (да слова прыйшлося) балацяная Ігуменшчына на пальцах сваіх рыштантаў лічыла, і ўсе брытыя ілбы нешта каля паўгода Кацярынінскім трактам у Сібір пхнуліся, а цяпер і хаты нямашака бяз рыштанта, і дарогі да пядзі ўкараціліся: на месцы людзі ў турэмны сацыялізм паволі ўрастаюць...» («Успаміны»)
Уначы з 22 на 23 лютага 1933 году Дудзіцкі быў арыштаваны НКВД і атрымаў тры гады канцэнтрацыйнага лягеру. Тады-ж быў зьнішчаны і першы яго зборнік — «Песьні і думы».
«Дарэмна цягнула да сяброў. Мы сустрэліся ў сівых скляпеньнях муроў: нас зьвёў суровы лёс жыцьця, жыцьця, якое ішло "от Москвы до самых до окраин"...
Дажджлівым вечарам, у жаўталістую, рудую восень 1934 году, "сацыялістычная індустрыя" імчала нас у далёкія пусткі Сібіру.
Пад грукат калёс, нібы ў вадказ на іронію лёсу, склаліся ў радкі вершу словы:
Я пазнаў і Эўропу, і Азію,
і Аўстралію вызнаць ’шчэ мусіў...
Пустка сэрца маё ўразіла,
не пазнаў што як сьлед Беларусі».
Так менавіта «ў няволі й на выгнаньні», як акрэсьліў гэты пэрыяд свайго жыцьця Дудзіцкі, пачалі складвацца вершы, у якіх ён спрабаваў асэнсаваць, што адбылося зь ім, завошта так пакараны:
Ня украў, не зьнявечыў нікога,
толькі тое у думках было,
каб народу закутага скогат
уняць лекамі дум і слоў...
А самае істотнае — турбавалі думкі, што будзе далей:
Заўтра, пэўна, вятры закалышуць
на чужыне нялюбай мяне.
Якое нязвычайнае паэтычнае прадбачаньне свайго будучага, праз гады, трагічнага лёсу!
Кару Дудзіцкі адбываў у Новасібірску і Марыінску. Пасьля трох гадоў канцэнтрацыйнага лягеру быў сасланы на два гады ў Сярэднюю Азію. Там ён жыў да канца 1937 году ў Ташкенце, адкуль быў вызвалены датэрмінова з прычыны цяжкай хваробы — малярыі.
Па дарозе на радзіму Дудзіцкага абакралі, згінуў пашпарт. На станцыі ў Менску ён быў зноў арыштаваны. У НКВД яму загадалі на працягу 24 гадзін выехаць у Барысаў або Віцебск. Дудзіцкі выбраў Віцебск. Пэўны час працаваў у газэце «Віцебскі Пралетары», а потым да канца 1940 году выкладаў беларускую мову й літаратуру ў розных навучальных установах Віцебска, але хутка быў звольнены з пасады настаўніка, «як не патрапіўшы забясьпечыць партыйнасьць у выкладаньні мовы і літаратуры».
Нарэшце Дудзіцкаму ўдаецца вярнуцца ў Менск. Тут пры дапамозе А. Калубовіча ён знайшоў працу ў часапісе «Савецкая Школа», але празь месяц па загадзе наркома асьветы яго звольнілі як «ворага народу». Зноў беспрацоўе. Пасьля доўгіх пошукаў Дудзіцкі трапляе на працу ў Вэтэрынарны Тэхнікум у вёсцы Курасоўшчына каля Менску, дзе яго і засьпела вайна.
Пачынаўся новы віток жыцьця — надзей, пошукаў, выбару...
Уладзімер Дудзіцкі неаднаразова і падрабязна аналізаваў у сваіх артыкулах выкліканыя гаспадараньнем савецкай улады разбурэньні ў эканоміцы і культуры Беларусі. Цьвяроза ацэньваючы ўрон, нанесены ў мінулым беларускай зямлі як польскім, так і расійскім панаваньнем, шкоду палянізатарскай палітыкі адных і русыфікатарскай другіх, Дудзіцкі, разам з тым, з болем гаварыў пра катастрафічнасьць і непапраўнасьць таго, што зроблена на Беларусі Саветамі — уладай «чужынцаў», «катаў», якая «ўціскае скрытна карак у ярмо». «Рэч у тым, што беларуская зямля, якая ў сваёй мінуўшчыне ніколі ня бачыла прасьветнае часіны, будучы пад пятою розных прыгнятальнікаў, гэтым разам трапіла ў рукі самых вялікіх прыгнятальнікаў у сьвеце, самых зацятых ворагаў беларускага народу — бальшавікоў, якія, крычучы пра аднаўленьне разбуранага войнамі краю, а на самай рэчы ністожачы ягоныя векавыя набыткі, упрэглі беларускі народ у ярмо непасільнае працы й празьмерных вызыскаў...» («Бацькі й дзеці»)
Зьнішчэньне векавых набыткаў для Дудзіцкага — гэта закабаленьне селяніна, адлучэньне земляроба-гаспадара ад зямлі, улада «пустадомкаў», руйнаваньне традыцыйных асноў сямейнай і грамадскай маралі, пераемнасьці пакаленьняў, выхаваньне людзей-манкуртаў — без каранёў, без гістарычнай памяці, прыніжэньне нацыянальнай годнасьці, глумленьне над роднай мовай, выкараненьне нацыянальна-сьведамай і ведамай народу інтэлігенцыі, вынішчэньне здабыткаў матэрыяльнай і духоўнай беларускай культуры. («Гістарычная дата», «Сьлядамі гадоў»)
Пра зьнішчэньне спраўнага селяніна-гаспадара, разбурэньне родных селішчаў неаднаразова гаварыў Дудзіцкі ў сваіх творах. Адчуваньнем нямінучай трагедыі, непазьбежнасьці пагібелі наладжанай вякамі і пакаленьнямі гаспадаркі вее са старонак незакончанага раману «Перад бурай». Нямнога знойдзецца мастацкіх твораў, дзе-б з такой сілай, скупымі выяўленчымі сродкамі быў намалявяны апошні звычайны дзень, на які ўжо насунуўся цень катастрофы.
І як спадзяваўся, верыў Дудзіцкі, што знойдуцца, згуртуюцца маладыя сілы, якія вызваляць Беларусь ад улады чужынцаў!
Сягоньня разгон хай няпоўны яшчэ,
ён заўтра патроіцца, потым...
ушчэнт чужаніцы ярмо расьпячэ,
муры, зьнітаваныя потам.
І песьні нялюбае голас чужы
мінуўшчынай стане заклятай,
адно застануцца нам сьведкай крыжы —
ліхая за шчырасьць адплата.
«Па-над кручай»
У «Сьне Зьнябыціча» — своеасаблівай містэрыі, уключанай ва «Ўспаміны», пэўным парафразе паэмы С. Астрэйкі «Смарагды кроз», Дудзіцкі адкрыта гаварыў пра адказнасьць сучасьнікаў, заклікаў ратаваць Радзіму:
«...Прадзед Лукаш узяў мяне за руку й падвёў да вакна:
— Бойся Бога, праўнук, і не гняві мае крыві, — глуха сказаў ён, паказваючы на вялікі квяцісты сад. — Хто дазволіў гэтым людзям глуміцца над сьвятымі дарамі? Хіба-ж не абліваецца крывёю сэрца тваё, гледзячы, як валяцца пад сякерай на грэшную зямлю поўныя жыцьця й соку моцныя маладыя дрэвы? Кайся, мой праўнук!»
Свае спадзяваньні на адраджэньне дзяржаўнасьці Беларусі Ўладзімер Дудзіцкі зьвязаў з тымі пераменамі, што прыйшлі на яго зямлю ў 1941 годзе, хаця добра разумеў, што «рана струны душы лашчыць музыкай часу, песьняй дзікаю зброі сталёвай і пад радасьць чужую далонямі пляскаць». Але другога выйсьця ён ня бачыў: надзеі на самавызваленьне Беларусі ўжо ня было. Ня было й выбару — «шлях зусім вузкі». Пазьней, зьвяртаючыся да Нямеччыны, ён жорстка гаварыў пра тых, «хто учора за сьпінай нашаю нашай сьмерці каваў нажы», «лашчыў сэрца сьмяротным прысакам на ўзьвівах свае вясны, каб ня сьмелі узьняцца высака залатыя у песьнях сны», хто «пакалечыў так зманнай веліччу сьвежы полыск людской зары» і «надзеі у грудзях матчыных хто зьняважыў — на глум атрос?..» Няспраўджаныя надзеі не адзін раз адгукаліся потым у вершах Дудзіцкага горкімі радкамі.
А пакуль што ён кінуўся ў культурна-асьветніцкую і выдавецкую дзейнасьць, дазволеную на акупаванай тэрыторыі. Быў адным зь першых арганізатараў «Беларускай Газэты», працаваў загадчыкам Аддзелу Культуры і Асьветы ў Менску і Менскай акрузе, акруговым школьным інспэктарам у Барысаве, рэдагаваў ваенны часапіс «Беларус на варце». У гэты-ж час закончыў паэму «Клятва духу», падрыхтаваў да друку новы зборнік паэзіі «Напярэймы жаданьням» і зборнік апавяданьняў. Некаторыя творы тых часоў Ул. Дудзіцкі падпісваў як Мікола Дварэцкі.