— Камера этая, таварышч дзяжурный каменьдант, самая, как вам так сказаць, не ўспокояюшчая... Или, открывенно гавара, ядиная ис шумяшчих, таварыш каменьдант дзяжурный...
Злосны «каменьдант» і вухам ня зьвёў. Што яму да тых «пяці капеек» нейкага там калідорнага! Сам ён зубы зьеў і ўсё чыста ведае. Усякі-б сказаў, зірнуўшы на яго пажованы грахамі жоўты твар, што найбольшую ў сьвеце манюку, калі-б тая й сьляпой была, гэтая двухногая істота ня хібіць і адразу па вачох пазнае.
— Кто и что, спрашивается?! К ответу, староста!
— Я... — цяжка азваўся Цыбаты Валанцай.
— Юдовин?
— Не. Апанас Галёнка.
— Ты, стало быть, в окно ломился?
— Не, — гаварыў, трасучыся, Галёнка-Валанцай. — Я прыбіў твайго стукача, а ты забіў і яго, і лекара Юдовіна...
Камэра нумар тры расступілася, і вочы Рыжага ўперліся ў мерцьвякоў...
— Камера лишается передач и прогулок. Спровоцировавшие стрельбу будут строго наказаны...
І собіла-ж таму Галёнцы-Валанцаю жывым на ражон палезьці!
Целаскурыя й плацяныя чорненькія сабачаняты й добры дзяцел
Упраўка не на мае вочы рабілася — і ня чуў, і ня бачыў. І вельмі добра, што й ня чуў таго, і ня бачыў. І пытацца ня пытаўся-б, каб ня той самы шчуплацелы, празь якога ўсё й загарэлася, расказаў мне збольшага па трэціх пеўнях (голас пявуноў даходзіў здаля, зь седалаў гаспадарскіх хляўчукоў за мураванымі сьценамі турмы). От як яно ўсё выйшла.
— Я, — кажа, — лажыцца ня буду, пастаю, пакуль трасца ня ўляжацца, а вы, бачу, высілкаваліся, лезьце й пасьпеце, пакуль што-якое... Ня гідкуйце: адсуньце, прытаўчэце й лажэцеся... Не скажу, каб гэтае «адсуньце, прытаўчэце» на рыготы ня брала: пры першай знаямосьці з табунамі разбазыраных тлустых вошай і гарбушка ў горла ня лезла, але-ж голад — ня цётка, а сон — ня родны дзядзька; ня дзе дзенешся, калі ногі й самі цябе ня слухалі й самі сябе трымаць адказваліся, а зялёныя пухіры лявоніху на вачох модна выдыгоўвалі. Як ні казырся, а палезьці-такі палезеш. І калі чужы чалавек табе спагадвае, дык самому сабе ўжо й Бог вялеў. Палез і калачом пад памостам скруціўся. І што-ж вы, даражэнькія, думаеце? Упаў як пшаніцу прадаўшы? Дзе вы бачылі! Цімала тузаўся, і ніякае вам наўды: калі турэмная вош каторага ўзьлюбіць, дык ніякага ня будзе ад яе абарону мець чалавек, каб і дробным макам рассыпаўся й нават покнуў ад нясьцерпу. Ты іх каўшом грабі, а яны табе й паўзуць, і сыплюцца, і, ведаеце, якіх толькі нямашака: і бялявыя, і саўсім белыя, бялюткія нават, рудаватыя, рудзенькія, шэранькія, папялковыя, жоўценькія, а часам і нейкія сіняватыя пракінуцца, адным словам, усякае масьці і, каб яны цяміліся, ня мізэрныя, а ёмкія, праўда, бываюць і пляскаценькія, гэта што йшчэ скораму добрага не ўвазналі — далікатнейшыя, але-ж таксама ня ўломачкі — дзябёлыя, як угрызянуць, дык угрызянуць, аж пад барадою пячэцца, а сьверб той за сьвербам, як шалёны, лятае, ад чуханіны ўцякаючы. І от што вельмі-ж ужо пацешна: бываюць гладзюткія — ні тае пушынкі — і надта-ж ужо касмаценькія і мякуткія (вошкамі-валасацікамі называюцца, або целаскурыя) — гэта што ў цела ўлазяць і пад скураю сьціхатою доўга сядзяць і спорна плодзяцца, а тыя першыя — гладзюткія — гэта ўжо плацянковыя і хіба крышачку большыя. Усякіх нагледзеўся. Прытаўкаў, бараніўся, адсоўваў і жменяю з-за каўняра зграбаў, а, баронячыся і зграбаючы, прыгледзеўся й абыўся: поўзалі — і ня чухаўся. І от што мне думалася — ды ня толькі мне, усім, відаць, думалася: і як гэта, прывыкшы, бяз вошай і сьвербу жыць асьмелішся некалі? І яшчэ адно і ўжо найцікавейшае дзіва: ня відно было чырвоных вашанкоў, а ўсё толькі тыя самыя вошы й вошкі, драбнейшыя й буйнейшыя. Ці ня турэмнага заводу, ці мацнейшымі загрызаліся. Нешта-ж нейкае мусіла быць. Як вы думаеце? Дык вось, думаў я, думаў пра ўсё гэтае дый заснуў. І ні плацянковых, ні целаскурых ня чуў і ня бачыў. Адно, што ў сьне бачылася, дык гэта чорненькія калмаценькія сабачаняткі; і ўсе — з хвосьцікамі ў калачык і харошанькія, як тыя падсмажаныя пампушкі. І ніводнае сабачанё ня ўкусіла, усе шчакатлівымі язычкамі лізаліся. А як сабачаняты пабеглі й немаведама дзе дзеліся, прыляцеў вялікі дзяцел і ў правае калена дзеўбануў тройчы:
— Уставай, уставай, чалавеча!
— Разумнік які знайшоўся! Сам, мусіць, масьціцца лабунішся? — такое сказаў я вялікаму дзяцелу.
А ён мне другім наваратам:
— Сьцеражыся, чалавеча! Бачыш, як цябе апанавалі?
І каламі-б не падвярнулі-б, каб ня тыя вошы, што на правым воку ёмка ўладаваліся. І выелі-б, каб ня той добры дзяцел, што ў калена стукаў.
А шчуплацелы тады мне й кажа:
— І ў хаце з гэтакім смакам ня спалася...
— Як пшаніцу прадаўшы, — кажу яму.
А ён мне сваё, таўкучы плацянковыя:
— І ў тры пшаніцы з каноплямі не ўбярэшся, каб да трэціх пеўняў пры гэтакім вашаедзе спалася.
— І кусацца ня кусаюцца, — сказаў я дзеля прыклёпу.
— Вы, — кажа шчуплацелы, — на рукі свае зірнеце...
Зірнуў і, калі-б гэта ня ў менскай турме, веры-б сабе ня даў: паміж пальцаў касмаценькія й мякуткія клубочкамі ладнымі да скуры прысмакталіся. І толькі пазьней, ськінуўшы кусьлівых савецкіх тубыльцаў, пачуў няпрыемную пякучую гарачыню.
А шчуплацелы мне й кажа:
— Упраўляліся нядоўга: і жывых і забітых пазабіралі. І мяне самога цімала валтузілі. А пазьней і ўжо на саменькае маё вуха дадаў:
— Калі есьці не дадуць, сьціхаты ня будзе...
— Абы вошы збыліся, а без «баланды» неяк выжывем, — гэтым хацелася мне расквітацца з ушчатаю шчуплацелым гаворкаю.
«Пан» Баніс і «прах-вэсар» Пыжык
На камяным лапікле сядзелі галасьпінныя. Спрасонку ня надта ўвазнаеш усіх адразу, з-пад памосту праз галовы на іх гледзячы, хоць гэтае ўвазнаньне ня вельмі ўжо мне й карцела, аднак я, каб адкараскацца саўсім ад шчуплацелага, што смаліцаю ўлазіў у маю сьціхату, і нічога ніякага не гаварыць на ягонае «а што вы скажаце пра гэтую галёнку?» («смаліца» мела на ўме Галёнку-Валанцая), удаў, што не пачуў папытанага, і думанае пра галасьпінных на камяным лапікле сказаў самому сабе ўголас:
— Хай забаўляюцца, адно каб новага закалату не рабілі...
— Добрая вам у мокрым карцары забаўка... - прычапілася да слова «смаліца». — Папацёмку ніякі рызыкант ад пацукоў не абароніцца, а самыя «залатушнікі» — гэта-ж я сам добра ведаю — вар’ятамі робяцца...
— Я, — кажу яму, — пра адно, а вы — пра другое... Вунь пра каго я, — кіўнуў галавою, — што ў бірульках забаўку маюць...
— Што ўдзень сьпяць, а ўначы «агру» раскулачваюць?
— Ня ведаю, — адказаў я дакучліваму чалавеку-«смаліцы».
Я ня ілгаў, бо такі й ня ведаў, пра што яна тая мова йшлася. І каб наўчыцца турэмнае мудрасьці ды, «носячы моцна зарубленую яе на носе», як умеў было выслаўляцца крывенькі, пацешны Мікіта Бурболік, стары ганчар з-пад Таўкачэвіч, умела разьмінуцца нават зь вялікімі непераліўкамі, калі заўтра-пазаўтра прыкруцяцца неспадзеўкі на прыкрасьць, пацікавіўся, прызнаючыся ў вочы:
— І не разумею, што вы мне кажаце: каго й як «раскулачваюць»? Яны-ж гэтакія, як і мы з вамі?
— І гэтакія, і ня гэтакія... Торбачнікаў раскулачваюць — гэтак у нас калгасьнікаў празвалі кішэньнікі. Дастане гэта чалавек прынесенае печыва сухароў з дому, сядзе й сядзіць седзьма на торбе — сьцеражэ, каб ня вычапілі з-пад мяккага месца... А кішэньнікі пад памостам седзьма сядзяць цалюткі дзень, слабюкамі й хворымі прыкідаюцца, чакаюць, калі «агра» адлучыцца ці на торбе, чухаючыся, задрэмле. Удзень ня надта ім удаецца, а ўночы, калі чалавек здасца, апэрацыю медзяком навостраным робяць: прарэжуць торбу, выбавяць тое печыва й мелюць... Чалавек прахопіцца, седзячы на пустой торбе, і вачыма лыпае: ні сьледу, ні таго злодзея. А ён, кішэньнік каторы, з тымі сухарамі ў жываце выпаўзе, стане перад раскулачаным і даймае кпінамі:
— Дядя! Пожертвуй сухарик голодному мальчику!
— Гэтыя самыя, што зь бірулькамі? — дапытваюся.