Литмир - Электронная Библиотека

разьмяк расчулены і сьціх

ад стомы мляўкае ля сука.

Над полем вораным здалёк —

празь цьвіль смугі ліпкой —

аднекуль

бруіцца днёў самотных клёк —

адменны пах расьлінных лекаў,

паволі сочыцца, ідзе

да міражоў, дзе сьветлацені

прадуць на восеньскай градзе

уток крылатых лятуценьняў...

І толькі зрэдзь яны адны,

нібы наструнены рукамі,

віхры пругкія — бягуны —

клубкамі коцяцца пад камень

і вырываюцца адтуль,

і да крыжоў імкнуцца бліжай,

кранаюць дрэва наляту

і пыл на грывы свае ніжуць.

І пахне хмеліва зямлі,

і журавы на поўдзень з хаты

нясуць, бы тыя караблі,

на крылах клопат свой багаты,

спакой азёрнае тугі

нясуць у край чужы і небыт,

нялёгка безьліч міль тугіх

адольваць зорным шляхам неба!

Мінаюць шэрыя папар

і рунь азіміны із болем:

да пуху іхняга прыпаў

знаёмы, родны водар поля.

Мінаюць гомельскі блакіт

і накіп воблачнага цэду...

Паўдзённай сьпёкі воск плаўкі

плыве птушыным сьвежым сьледам.

Гавораць шэрыя чужым,

што ў нас зь вясной сябруе восень,

што па нябожчыцы-мяжы

палёў вятры цяпер галосяць,

і сьведкі даўнасьці жывой —

крыжы, бы тыя вартавыя,

стаяць маўкліва... Хмар сувой

даўно цяпло над імі выеў...

4

Якое сьвету хараство!

На харастве — цьмяныя плямы.

Чыя-ж рука цудоўны Створ

пад сонцам мурзае вуглямі?

Якія контуры на тле

сьвятла выростаюць і рысы?

Яшчэ ня ўмёр, яшчэ ня стлеў

зарою высыпаны прысак...

Жыве ён... Курчыцца апад

красы ля брам ліхіх суцьмежжа.

Хто-ж гэта зноў, мой родны брат,

сады упокат хціва рэжа?

Чые-ж віднеюцца яшчэ

і ткуцца гэтак сілуэты?

Ці не касу сваю Кашчэй

над галавой заносіць сьвету?

І краем правага пляча

сьпірае збоі хмар гарбатых?

А мо’ гатуе стравы чар

сваіх магутная Гэката?

Ліняе сьвету хараство,

мяняе колеры і блікі...

Глядзіць вачыма зораў Створ

на вобраз Януса двухлікі...

5

Дымяцца хмары. Неба край

у нявыразным нейкім русе.

Даўно ўжо Лысая гара

вяшчуе глум на Беларусі.

Глыбока ў ейную душу

упіўся чорны кіпець госьця...

Жалобу дня прыблудны шум

кляймом азначыў на пагосьце...

Над ім — у посягу згібень —

накшталт мангольскага узору

гараць на выкутым ілбе

крывёй палуджаныя зоры...

І стогне Лысая гара:

як тую кроў крывёю сьцерці?

Галосіць нема родны Край

у танцы выскаленай сьмерці.

Густыя воблакі працяг

нябёс і край зары задзьмулі.

Вільготным клёкатам бацян

на языку мазоль намуляў,

заплюшчыў вочы, болю зло

у пух скупы угнула голаў,

упаў скамечаным вузлом

на гузякі карэньняў голых.

Рыпелі тупа косьці дрэў,

а вецер ліпу гнуў і гушкаў.

— Скажы, дзядунька, не памрэ

ад болю скурчаная птушка?

— Ды не, унучак, аджыве,

але-ж нядобрая прыкмета...

Зірні, часамі у траве

няма яго цыбатых дзетак?

— Няма, дзядунька, анідзе...

А хіба ёсьць у птушак дзеці?

— А як-жа. Мусіць, у гнязьдзе

іх забаўляе сьпевам вецер...

Дымяцца хмары. Неба край

у нявыразным нейкім русе.

Напэўна, Лысая гара

вяшчуе глум на Беларусі.

6

32
{"b":"552371","o":1}