Литмир - Электронная Библиотека

Пасля мілавання, калі яны ляжалі стомленыя, Зося прашаптала:

— Я больш не хачу разлучацца з табою.

— Не будзем разлучацца. Я гатовы штодня хадзіць у гэтую клуню.

— А як я даведаюся, што ты прыйшоў?

— Зайду да вас у хату, пасяджу, пагаманю, а потым па адным выйдзем і сустрэнемся тут. Дамовіліся?

— А як хто даведаецца?

— А чаго нам саромецца? Мы ж нікому шкоды не робім.

Гардзей абняў Зосю, прытуліў да грудзей і яна падумала, што гатовая на ўсялякую ахвяру, толькі б ён заўсёды быў побач, і няма ёй чаго баяцца, пакуль адчувае абдымкі ягоных дужых рук, пакуль гараць ягоныя пацалункі на яе вуснах.

Раптам ён спытаў:

— Як Серафіму ўдалося такую прыгожую дзяўчыну сасватаць?

— Сасватаў бы ён! Гэта Каця вырашыла яго ажаніць, думаю, для таго, каб з хаты выжыць. Цеснавата ў нас. — засмяялася Зося.

— Няўжо яна такая хітрая?

— Кацю трэба ведаць. Яна ўсё пралічыць на чатыры крокі наперад. Ты думаеш, чаго яна да баптыстаў ходзіць?

— Чаго?

— Марыць з’ехаць за мяжу!

— Жаданне лепшага жыцця — рыса добрая. І калі чалавек усё робіць для таго, каб дасягнуць сваёй мэты, дык яго за гэта можна толькі пахваліць.

— А мяне ты калі-небудзь пахваліш?

— Пра цябе няма гаворкі! Ты лепшая дзяўчына Крачак, не сумнявайся! — весела сказаў Гардзей.

— Пойдзем адсюль. Крый божа, пазасынаем ды пазамярзаем.

Зося паднялася, пачала абтрэсваць салому, потым засмяялася і прамовіла:

— У мяне за пазухаю поўна саломы.

— Ах ты, мая красуня саламяная, дай павыграбаю, — адказаў Гардзей, абняў яе і зноў паваліў на духмянае і шапатлівае сена, падмінаючы пад сябе яе падатлівае гарачае цела.

42

Пасля вяселля Серафім і Надзя пасяліліся ў Кірылы. Маладыя сталі спаць на запечку, а Зося і Каця на лавах. Стары Кірыла звычайна ўладкоўваўся нанач на печы. Маладая жонка была не надта ўвішная, крыўдлівая ды слязлівая. Варта было зрабіць ёй якую заўвагу, як яе вялікія сінія вочы напаўняліся слязамі, яна хавалася ў куточак за печ і плакала, як малое дзіця. Кацю вельмі раздражнялі такія паводзіны нявесткі, і яна, як назнарок, заўсёды знаходзіла падставы для таго, каб дапячы маладзіцы. Сварка магла ўсчацца з нічога.

— Ты чаго павешала на бэльку свае транты? — злосна пыталася Каця ў Надзі.

— А хіба нельга? — здзіўлена пазірала шырока расплюшчанымі нябеснымі вачамі юная нявестка.

— Нельга! Да нас чужыя людзі прыходзяць, а тут розныя рызманы, як у цыганоў, вісяць!

Пад «чужымі людзьмі» Каця разумела не тых кліентаў, што прыносілі шыць адзенне, а Гардзея, які пачаў па вечарах наведвацца да Барэйшаў.

— У камору ўсё сваё хавай! Зразумела? Як вы мне ўсе абрыдлі! Ноччу шушукаюцца ды запечкам скрыпяць, удзень пад нагамі блытаюцца!

— Дык куды ж нам падзецца сярод зімы? — крыўдліва ўсхліпвала Надзя.

Серафім маўчаў, ніколі не бараніў маладую жонку, бо звык трываць у сваім сіроцкім жыцці ўсялякія крыўды і ўжо ніяк на іх не рэагаваў. Надзю гэта яшчэ больш абражала. Яна зрабілася непрыкметнаю, шэраю, сінія вочы патухлі, быццам набегла на іхнюю нябесную чысціню цёмная хмарка.

Кірыла часам абрываў Кацю:

— Чаго прычапілася да маладзіцы? Адной анучаю больш, другой менш, што з таго?

— Нічога! Толькі скажы, бацька, колькі яны тут будуць жыць?

— Вясной паспрабую купіць для іх якую хату, няхай і старую, падладзім тое-сёе і няхай жывуць. Праўда, Серафім?

Серафім згодна кіўнуў галавою.

— Навошта чакаць вясны? Вясна ўжо на носе. Хутка снег растане. Трэба дамаўляцца цяпер, каб вясною пачаць нешта рабіць, — сказала Каця.

— Можа, і так, — згадзіўся бацька.

На другі дзень ён пайшоў у Сцяблова, вярнуўся пад вечар з добраю весткаю: дамовіўся з адным чалавекам, што не дорага прадасць старую хату. Трэба будзе там падладзіць страху, зрабіць падлогу ды і можна жыць.

— А чыя хата? — усхвалявана спытала Надзя.

— І не ведаю, дзіця. Жыла там маці гэтага чалавека, памерла месяц таму, вось і асірацела хата.

— А дзе тая хата стаіць?

— Каля самага лесу.

— Ведаю, там старая Банадыся жыла, — здагадалася Надзя.

— Добрая мясціна, — сказаў Кірыла, — і карову ёсць дзе пасвіць, і качак можна развесці, побач азярынка невялікая. А тое, што хата стараватая, — нічога. Узаб’юцца нашы маладыя на дастатак, дык новую паставяць.

Надзю вельмі ўзрадавала вестка пра тое, што хутка сама сабе будзе гаспадыняю. Яна быццам зацвіла, раскрылася і зрабілася прыгожаю, як тая кветка, што расцвітае нечакана на золку і радуе свет сваім хараством. Калі ўвечары зноў завітаў Гардзей, Надзя весела яму ўсміхнулася, засвяцілася ўся, ледзьве стрымалася, каб не падзяліцца радасцю.

— Ну і жонку ты сабе ўзяў, Серафім! — захоплена сказаў Гардзей. — Яна пакуль маладзенькая, як валошка ў полі, а калі набярэцца жаночай сілаю, аброць табе давядзецца на яе надзяваць.

Такое прароцтва не спадабалася Серафіму і, можа, упершыню ў жыцці ён агрызнуўся:

— Меней на чужых жонак заглядвайся. Ажаніся, дык дурныя думкі ў галаву не палезуць. Саракоўку размяняў, а ўсё па дзеўках шастаеш!

— Серафім, ты што, звар’яцеў! — накінулася на брата Каця. — Як ты чалавека сустракаеш? Сядай, Гардзей, не слухай яго. Некаторыя хлопцы, як толькі ажэняцца, дык адразу пачынаюць жончыным розумам жыць.

Гардзей сеў на лаву, паглядзеў на Кацю, акінуў позіркам Зосю, што мітусілася каля печы: лінула на гарачае вуголле кубак вады, каб патушыць яго да рання і зачыніць бляхаю. Вада злосна зашыпела.

— Што чуваць у Крачках? — спытаў Кірыла.

— Нічога, дзякаваць богу, — адказаў Гардзей. — А вось каля Івацэвічаў, кажуць, нейкі чалавек аб’явіўся, называе сябе прарокам. Прозвішча яго Мурашка. Ён кажа, што хутка канец свету. Людзі ідуць, прадаюць усю маёмасць, а грошы аддаюць Мурашку і жывуць адной сям’ёю, як родныя людзі.

— Хапае прайдзісветаў на свеце, — хмыкнула Каця. — Толькі наша царква самая правільная. Калі ты, Гардзей, збярэшся да нас? Каб ты пабачыў, якія ў нас людзі далікатныя! Якія пропаведзі чытаюць мудрыя, заслухаешся!

— Кожны цыган сваю кабылу хваліць, — заўважыў Серафім.

— Нешта ты сёння разгаварыўся. Ці ўжо адчуў сябе гаспадаром някупленай хаты? Вось што з чалавекам робіць маёмасць!

— Серафім хату купляе? — перапытаў Гардзей і перахапіў радасны Надзін позірк. — Малайчына! Незалежнасць робіць раба чалавекам.

Зося тым часам завязала хустку і апранула паліто.

— Куды ты сабралася? — спытаў бацька ў малодшай дачкі.

— Пайду на вячоркі, — бесклапотна адказала дзяўчына.

— Такая цемра на вуліцы, пабыла б дома хоць вечар.

— Абрыдла слухаць вашы сваркі. Паскачу, паспяваю, адвяду душу.

З гэтымі словамі Зося выслізнула за парог у начную цемру і пайшла ў бок клуні. Над ёю было хмарнае неба. Ні адна зорка не магла прабіць шлях свайму святлу праз морак. Месяц і той заблудзіўся ў кудзелі аблокаў. Вясна змагалася з зімою за права ўладарыць светам, наталяць яго святлом і цяплом, упрыгожваць і вяртаць да жыцця. Ды ясней за ўсе зоркі свету свяцілі Зосі Гардзеевы вочы. Нават у цемры, калі ён нахіляўся над ёю, здавалася, што яна бачыць іх прытоены і спакушальны бляск.

43

Шчасліва і бесклапотна пражыла Зося прадвесне, напоенае любасцю, пяшчотай і мілаваннем. Гардзей ставіўся да яе ўважліва і далікатна, папярэджваў кожнае яе жаданне. Хоць час ад часу прачыналася ў Зосінай душы прадчуванне, што можа здарыцца нешта нядобрае. Калі заўважыла, што зноў зацяжарыла, не спалохалася, вырашыла, як звычайна, папіць узвар з зязюлінага мыла. Хацела прыручыць каханага да сябе, прывязаць, а вестка пра цяжарнасць, як ёй здавалася, магла разладзіць іх добрыя адносіны. Гэта яна ведала на прыкладзе Марфы.

Аднак здарылася непрадбачанае. Дзіця, якое толькі завязалася пад яе сэрцам, не хацела вымывацца. Што Зося ні рабіла, і скакала з сена ў клуні, што ледзьве ногі не паламала, і падымала цяжкія чыгуны з бульбаю, і грэлася на чарэні — дзіця не хацела выходзіць. Калі жывот прыкметна акругліўся, Зося сказала пра сваю цяжарнасць Гардзею. Адбылося гэта ў клуні. Яны сустрэліся як звычайна, ён пажадліва колькі разоў пацалаваў яе, а потым нецярпліва папрасіў:

34
{"b":"551745","o":1}