Литмир - Электронная Библиотека

40

Баптысты збіраліся на сходы ў прасторнай сялянскай хаце, дзе жыў прэсвітэр. Прыйшло чалавек трыццаць, расселіся на загодзя падрыхтаваных услонах. Кацю сустракалі прыхільна, віталіся з ёю, абдымалі за плечы, называлі сястрой.

Адна цікаўная жанчына змерала вачамі Зосю і спытала ў Каці:

— Гэта твая родная сястра?

— Не, гэта сяброўка, — паспешліва адказала Каця. — Прывяла яе паглядзець ды паслухаць, можа, і яна захоча далучыцца да нас.

— Добра, добра, — заківала галавою жанчына. — Трэба далучаць моладзь, накіроўваць на шлях ісціны.

Зосю балюча ўкалола тое, што Каця адцуралася ад яе. Чаму? Яна хацела адразу запатрабаваць тлумачэння. Але ў гэты час прэсвітэр устаў з-за стала, прывітаў усіх прысутных. Гэта быў чарнявы мужчына, гадоў сарака, прыемнай знешнасці, чыста паголены, з бліскучымі валасамі, зачэсанымі назад і быццам намазанымі тлушчам. Паступова голас ягоны з прыветнага зрабіўся ўрачысты, і ён загаварыў узнёсла, уздымаючы рукі ў неба, нібы просячы ў яго блаславення:

— Блаславёны Гасподзь, які суцяшае нас ва ўсялякім нашым смутку, каб і мы маглі падтрымаць тых, хто знаходзіцца ў жалобе. Калі на нашу долю выпадаюць нейкія выпрабаванні, мы абвінавачваем сябе саміх. Нам здаецца, што мы заслужылі гэта. Безумоўна, цвяроза ацэньваць сябе чалавеку на карысць. Але караць і знішчаць сябе за памылкі не варта. Яшчэ горш, калі ў сваіх няўдачах мы абвінавачваем іншых. Так, як рабіў гэта Еліфаз, сябар Іова, хоць быў чалавекам, які шанаваў Бога і Ягоныя запаведзі. Еліфаз упарта шукаў прычыну ўсіх бед Іова ў ягоных грахах і памыляўся.

Зося ўважліва слухала праведніка і думала: «Гаворыць, як пра мяне. Гэта я ўвесь час грызу сябе за тое, што даводзіцца піць зязюліна мыла, за тое, што не магу спадабацца Гардзею. А ці ёсць у гэтым мая віна? Калі б я яму падабалася, дык не шукаў бы нікога, даўно ажаніўся б са мною, а ён і на вочы не паказваецца. Вельмі заняты бычкамі! Ну і няхай! І на Кацю пакрыўдзілася, што ад мяне адраклася, а крыўдзіцца нельга, трэба ўсё дараваць.»

— А зараз прапаведаваць будзе сястра Кацярына, — сказаў прэсвітэр і шырокім жэстам рукі запрасіў Кацю да стала.

Зося захвалявалася, праводзячы вачамі невысокую ладную постаць сястры. Каця спынілася ля стала, абвяла вачамі прысутных, усміхнулася і пачала сваё казанне:

— Дарагія браты і сёстры, самы большы гонар, які нам дадзены, — гэта магчымасць размаўляць з Богам. Здавалася б, навошта? Ён жа і так усё бачыць. Дык для чаго маліцца? Адказ на гэтыя пытанні мы знаходзім у пісанні. Калі ёсць д’ябал, дык супрацьстаяць яму можна толькі малітваю. Бог так задумаў, каб толькі з малітвамі сваімі мы атрымлівалі тое, што пажадаем. Нам дадзена малітва, каб мы, гаворачы з Богам і дзякуючы Яму, вызваляліся ад трывог і набывалі «мір Божы». Дастаткова прачытаць запаведзь «Няспынна маліцеся», каб зразумець: Бог хоча, каб мы з ім размаўлялі. Усе мы толькі тады пачынаем жыць па-сапраўднаму, калі звяртаемся да жывога Бога.

Кацін твар свяціўся, вочы гарэлі, голас гучаў пяшчотна і ўзнёсла. Слухаючы яе, Зося міжвольна падумала: «Напэўна, я мала малюся, што Бог не дае мне шчасця. Я буду маліцца і ўдзень, і ўначы. Якая ў мяне чыстая, светлая, разумная сястра, як хораша і проста ўмее гаварыць».

Каця скончыла прапаведаваць, вярнулася на сваё месца.

— Ну, ты і малайчына, — зашаптала Зося ў захапленні.

Вернікі маліліся, спявалі, шчыра прасілі ў Бога літасці і блаславення, а Зося вымольвала аднаго, каб знайшло яе шчасце. Сход скончыўся па абедзе. Людзі не спяшаліся разыходзіцца, нешта абмяркоўвалі, дзяліліся ўражаннямі. Калі сёстры Барэйшы ўжо выйшлі з хаты, знайшліся спадарожнікі, якія ішлі ў другі канец Сцяблова, і ўвесь час адзін перад адным выяўлялі веданне Бібліі. Зосі было сорамна, што яна амаль нічога не ведае. Нават адстала ад гурту і на сваіх доўгіх нагах ледзьве сунулася за людзьмі. Толькі за вёскаю Каця і Зося нарэшце аказаліся ўдзвюх, малодшая сястра папракнула старэйшую:

— Чаму ты схлусіла, што я твая сяброўка?

— Бо мы з табой па-рознаму верым у Бога. Ты толькі па крыві мне сястра, а па духу — не.

— Вось так ты ва ўсім! То ты мне, як маці родная, а раптам — як мачаха! Ніколі не ведаю, што ад цябе чакаць. Ты ж ад мяне адраклася, як святы Пятро ад Хрыста, — сказала Зося.

— Годзе табе! Разышлася! Пакаешся і цябе пахрысцім! І тады ты будзеш мне сапраўднай сястрою. Ведаеш, як Хрыстос сказаў: «Забудзь бацьку свайго, забудзь брата і сястру і ідзі за мною!» Зразумела? Ідзі за мною!

Каця пайшла па вузкай сцежцы паперадзе сястры.

— Не, я так хадзіць не магу. З тваёю курынаю хадою мне ніяк не сысціся! — сказала Зося, зрабіла два шырокія крокі, абагнала сястру і размашыста пакрочыла паперадзе.

41

Вяселле Серафіма і Надзі прызначылі на Масленіцу. Спачатку меркавалі пачастунак наладзіць у хаце Кірылы, а пасля прыкінулі, што надта малое памяшканне, і вырашылі ладзіць вяселле ў Карпа. Ён жа таксама родны дзядзька, да таго ж Агатэля як сталая жанчына, напэўна, лепш справіцца з абавязкамі названай маці, чым дзве сястры, равесніцы маладога.

У той самы час, калі малады выправіўся да маладое, каб разам ехаць у царкву вянчацца, усчалася мяцеліца. Завойкала Агатэля, пачала маліцца, стала казаць, маўляў, нешта благое здарыцца, хоць адкладай вяселле. Але адклад, як вядома, не ідзе на лад. А калі зазвінелі званочкі, пачуліся спевы, гаспадар і гаспадыня выйшлі з хаты, каб хлебам-соллю сустрэць маладых.

Зося, як толькі выбегла на вуліцу, сутыкнулася позіркам з Гардзеем, але зрабіла выгляд, што не заўважыла яго. Каця ж адразу кінулася яму насустрач, пачала нешта з усмешкаю прамаўляць. Зося тым часам схавалася ў камору, мыла посуд, насіла стравы на сталы. Прабягаючы міма Гардзея, Зося крадком кідала на яго позірк, хацелася глядзець на яго і глядзець. Такі ён быў прыгожы ў новым цёмна-сінім гарнітуры з гальштукам у чырвоную, белую і блакітную палоску, зусім не падобны на вясковага хлопца. Быццам нейкі паніч завітаў на свята да сялян. Госці трохі выпілі, закусілі і пусціліся ў скокі проста ў хаце, аднак тут было цеснавата. Душы прасілі прасторы. Пачалі наладжваць скокі на вуліцы, хоць у гарманіста мерзлі пальцы, але ўсім астатнім было горача.

Незаўважна сцямнела, а моладзь усё весялілася, змалоўшы ступакамі снег на муку. Зося таксама не ўтрымалася, каб не паскакаць на вяселлі. Калі на імгненне змоўк гармонік, Гардзей адвёў Зосю ўбок, прапанаваў:

— Давай пройдземся трохі. Нешта галава ачмурэла.

— Дзе тут пройдзешся? Столькі снегу наваліла.

— Я люблю хадзіць пад снегам і дажджом!

— Дзівак! — засмяялася Зося. — Ты такі дзівак! Дзе твая шапка?

— Згубіў недзе! Ты не заўважыла: што я і галаву побач з табою губляю, — засмяяўся ён і пачаў цалаваць Зосю.

Ад гэтага мілавання і ў яе галава пайшла кругам. Да таго ж змораная была яна вельмі. Апошнія трое сутак амаль не спалі, зарэзалі вялікага парсюка, гатавалі пад кіраўніцтвам Агатэлі розныя стравы.

— Пайшлі ў хату, замерзнеш без шапкі, — прапанавала Зося.

— Не, у хату не пайду. Як ты жыла? Раскажы?

— Звычайна. Прала, вышывала, да вяселля рыхтавалася. А ты?

— А я таксама быў заняты. Гаспадарка апынулася ў заняпадзе, пакуль мяне не было. Трэба было пастарацца хоць нешта зарабіць.

— Пэўна, зарабіў? Я ўжо заўважыла, як ты апрануты. Прыгожа!

— Дзякую, што разгледзела. Для цябе стараўся.

Толькі цяпер Зося заўважыла, што Гардзей агародамі вядзе яе да клуні.

— А чаго мы сюды? — спытала ўстрывожана.

— А дзе ж яшчэ мы можам схавацца ад зімы? Пойдзем, пагрэемся трохі, сама ж казала, што галава мая адмерзне.

Зося правяла рукою па ягоных валасах, страсаючы снег.

— Ты проста Дзед Мароз, — засмяялася яна.

— А ты мая Снягурка.

Яны ішлі па цаліку, дзе снегу было па калена, але дзіўна, што Зося зусім не адчувала холаду. Сэрца яе ўсхвалявана калацілася, як у перапалоханай птушкі. Яна ведала, што гэты паход у клуню можа скончыцца новаю пакутаю, але зараз не ў стане была думаць пра наступнае, жыла толькі гэтым шчаслівым імгненнем, калі Гардзей быў побач і належаў толькі ёй. Дзверы клуні жалобна праспявалі, быццам шкадуючы дзяўчыну. Але дужыя рукі падхапілі ўжо Зосю і панеслі на сена.

33
{"b":"551745","o":1}