Литмир - Электронная Библиотека

Хутка даляцеў вазок да жаніховай хаты. Толькі тут Зося заўважыла, што ні бацька, ні Каця ў Сцяблова не прыехалі, але гэта зусім не засмуціла яе, наадварот, яна падумала: «Вось і добра! Ніхто не будзе мяне тузаць і вучыць, як трэба сябе паводзіць».

Госці дзялілі каравай, частаваліся, спявалі і скакалі пад нястомны гармонік і бубен, а Зося нікога не бачыла, акрамя Гардзея. Разам яны нешта пілі, нечым закусвалі, смяяліся, пускаліся ў скокі, схамянуліся толькі тады, калі заўважылі, што хата апусцела, заціх гармонік. Свята скончылася.

— Напэўна, позна ўжо? Трэба дахаты вяртацца, — сказала Зося.

— Ага, пойдзем, — кіўнуў галавою Гардзей, і, ні з кім не развітаўшыся, накіраваўся да дзвярэй.

Зося рушыла за ім. На парозе азірнулася, убачыла незнаёмага п’янага чалавека, не старога, але са змораным тварам, чорнымі ўскудлачанымі валасамі, які ціхамірна спаў, паклаўшы галаву ў пустую талерку. Дзве маладзіцы прыбіралі са сталоў посуд і абгаворвалі нейкую Галену, якая ў сенцах сама сябе шчыпала за шчокі, каб быць ружоваю. Дзяўчына ступіла ў цёмныя сенцы, дзе сутыкнулася з некім у цемры і ледзь не ўпала, але Гардзей падтрымаў яе і вывеў на вольнае паветра.

3

Хмарнае начное неба навісала над маўкліваю вёскаю, толькі там-сям праглядвалі праз кудзелю аблачын гарэзлівыя зорачкі. У цемры ледзьве віднеліся чорныя абрысы хат і дрэў. Ад блізарукасці ў мораку Зося амаль нічога не бачыла, таму моцна трымалася за Гардзееву руку.

— Божа, я нават не ведаю, у які бок ісці! Вось дык нагасцявалася! — бесклапотна сказала Зося.

— Затое я тут усё ведаю, не адны лапці стаптаў, — адказаў Гардзей, тулячы да сябе дзяўчыну. — Табе не холадна?

— Мне горача, горача...

— Тады і мяне пагрэй.

Гардзей абняў Зосю, паспрабаваў пацалаваць. Яна спачатку спалохана тузанулася, але хлопец утрымаў яе. І дзяўчына наўздзіў аддалася прыемнаму, яшчэ невядомаму ёй да гэтага пачуццю мілавання і пяшчоты. Калі Гардзей, нарэшце, аслабіў абдымкі, прыціхлая на імгненне Зося, як бы жадаючы прыглушыць сваю сарамлівасць, сказала насмешліва:

— Ажно вусны здранцвелі. Ледзь не загрыз.

— Ці тое яшчэ будзе! У нас усё жыццё наперадзе, — іранічна адказаў Гардзей.

— Ты мяне ўсё жыццё збіраешся грызці? — з напускным абурэннем спытала Зося.

— А чым жа з табою можна яшчэ займацца? Не ў «дурня» ж гуляць! — засмяяўся Гардзей, зноў абхапіў дзяўчыну і доўга цалаваў, пакуль яна не стала вырывацца.

— Мы так нікуды не дойдзем, — сказала Зося.

— А куды нам спяшацца? Ноч доўгая...

Гардзей падхапіў Зосю пад руку, і яны пайшлі ўдоўж ціхай вясковай вуліцы. Вокны скрозь былі цёмныя, і неба ўсё гусцей зацягвалася хмарамі.

— Ужо, напэўна, пераваліла за поўнач? — спытала Зося.

— Можа, і пераваліла, а нам што з таго? — адказаў Гардзей і раптам, спатыкнуўшыся, прываліўся плячом да дзяўчыны. — У такой цямрэчы і ногі не доўга пераламаць.

— Ты, напэўна, напіўся, хлопец, вось і валішся?

— А нягож... Чаго б я дарма час марнаваў. Вяселле для таго і даецца, каб гарэлку піць ды дзяўчат любіць, — засмяяўся Гардзей.

На яго голас азваўся з двара нечы сабака, суседскі забрахаў у адказ.

— Пойдзем хутчэй адсюль, абрыдла слухаць сабачы галас, — сказаў Гардзей, узяў Зосю за руку, і яны паспешліва рушылі ў канец вёскі.

Якая гэта была прыемная хада. Зося адчувала пяшчотнае цяпло ягонай далоні, чула ягонае дыханне побач, старалася ісці з ім крок у крок. Паступова сабачы брэх аціх, вёска скончылася, яны трохі запаволілі рух. Гардзей спытаў:

— Дзе ты жыла ў бежанцах?

— У Самары. А ты чаму не выязджаў?

— Бацька захварэў, а тады памёр. Маці наша яшчэ раней памерла. Мне было трынаццаць, як застаўся за гаспадара. Тры сястры — і ўсе малыя.

— Хапіла табе ліха.

— Нічога, выжылі. Раскажы, што там у Расіі?

— Да вайны, пэўна, няблага жылі. Заможныя нас, бежанцаў, шкадавалі. А потым рэвалюцыя, вайна. Па тры разы на тыдзень улада мянялася. Калі ў прытулку жыла, мы з-за занавескі цікавалі, з якімі сцягамі па вуліцы вайскоўцы едуць: з белымі ці чырвонымі. Па тых сцягах і даведваліся, якая ўлада ў горадзе. Голадна было, лютавалі халера, тыф. Як замацавалася ўлада бальшавікоў, нашага бацюшку, што выкладаў у прытулку Закон Божы, арыштавалі і расстралялі. Выпусцілі злачынцаў з турмы. Такое бязладдзе пачалося! Каб было соладка, напэўна, на радзіму не вярнуліся б...

— А як жа бальшавіцкія лозунгі пра роўнасць і братэрства?

— Ну, гэта як мяне і Кацю падраўняць сякераю...

— Ну, ты і сказала...

— Усіх жа багатых выслалі некуды, казалі, што адных пастралялі, іншых у Волзе ў баржах патапілі. Хадзілі чуткі, што прытулак з маленькімі дзеткамі, дзе ўсчалася халера, спалілі разам з выхавацелямі. Дарэчы, я і Леніна бачыла.

— Маніш...

— Пабажуся, як не верыш, — перажагналася Зося. — Прыязджаў да нас на Новы год, рыжы, маленькі.

— Трэба ў твайго бацькі распытаць, як там было. Здаецца, ты трохі выдумляеш.

— Навошта мне выдумляць?

Ішлі дарогай праз поле. Пранізлівы начны вецер прадзімаў Зосіну світку наскрозь, але яна старалася не зважаць на холад, хоць дрыжыкі гулялі па ўсім целе.

— Замерзла? — спахапіўся Гардзей. — Трэба трохі пагрэцца.

— Проста на дарозе?

— Ведаю я адну мясцінку.

Гардзей збочыў з дарогі і накіраваўся да нейкай будыніны.

— Куды ты ідзеш? — устрывожана спытала Зося.

— Тут адзін хутаранец жыў, бабыль бяздзетны. Памёр, дык спадчыну між пляменнікамі падзялілі. Яны хату разабралі і перавезлі некуды, а клуня стаіць, нас чакае.

— Не пайду я туды, — заўпарцілася дзяўчына.

— Я цябе на руках панясу...

Гардзей лёгка падхапіў дзяўчыну і панёс. Яна не вырывалася, прытулілася да грудзей, чула, як б’ецца ягонае сэрца. Дзверы ў клуню былі незамкнёныя. Гардзей адпусціў Зосю, расчыніў дзверы, увайшоў у сярэдзіну. Следам за ім ступіла і дзяўчына. Пад нагамі зашаргацела ўляжалая салома, пахла цвіллю.

— Бачыш, як тут цёпла, — сказаў Гардзей. — Пайшлі ў той кут, пасядзім, пачастуемся.

— Ты тут усе куткі ведаеш? — здзіўлена спытала Зося, асцярожна ступаючы, выцягнуўшы наперад рукі, бо нічога не бачыла.

— Летась колькі разоў тут ад дажджу хаваўся.

Селі на саломе, мяккай, цёплай, быццам яна ўсё яшчэ захоўвала ў сабе энергію сонца.

— А тут мышэй няма? — насцярожана спытала Зося.

— Знайшла чаго баяцца. Ты такая доўгая, што вельмі шмат мышэй трэба, каб цябе з’есці.

Гардзей дастаў з кішэні пляшку, падаў Зосі.

— Прычасціся трохі. Есці хочацца, ажно няма дзе пераначаваць.

— Не падабаюцца мне твае жарты.

— Не бяда, абы я табе падабаўся, а жарты на кожны выпадак знойдуцца новыя. Давай глытні, сагрэйся... Будзь здаровая.

— Што тут?

— Вада свянцоная.

Зося зрабіла глыток, папярхнулася, закашлялася.

— Як малое дзіця, піць не ўмееш з пляшкі.

— Гэта ж гарэлка! — абурылася Зося. — Я не люблю гарэлку.

— Ты проста яшчэ не рассмакавалася. Вучыся ў мяне.

Гардзей адпіў трохі, зноў падаў пляшку Зосі.

— Пакаштуй яшчэ, сагрэйся. У мяне цукерка ёсць. Закусіш, і будзе фай­на, — запэўніў дзяўчыну Гардзей.

— Баюся.

— Чаго ж ты такая баязлівая?

Зося зрабіла глыток, у грудзях запякло, прыемнае цяпло разлілося па ўсім целе. Гардзей паклаў ёй у рот цукерку і спытаў:

— Ну, як? Палепшала?

— Сапраўды, цёпла стала. Дзе ты ўзяў гарэлку?

— Дзе ўзяў, там няма. Давай дап’ём. Посуд любіць чысціню.

Зося яшчэ раз адпіла з пляшкі, гарэлка была нясмачная, ад яе завадзіла ў галаве. Дзяўчына прылегла на саломе, захацелася супакоіцца і заснуць. Гардзей узяў з яе рукі пляшку, пахваліў:

— Волат-дзеўка.

— Я зусім сп’янела.

— Нічога, да раніцы ўсё пройдзе.

Ён нахіліўся над дзяўчынай, пачаў цалаваць. Ёй было прыемна купацца ў ягонай пяшчоце. Адчула, як усё цела налілося лагодай, твар гарэў. Гардзеевы рукі, быццам шукаючы крыніцу яе цяпла, блукалі па целе, гладзілі, лашчылі, імкнуліся вызваліць ад адзення.

3
{"b":"551745","o":1}