Annotation
Раман “Слодыч і атрута” апавядае пра гісторыю заходнебеларускай сям’і, на долю якой выпалі шматлікія сацыяльныя катаклізмы; пра вялікае каханне і нянавісць, пранесеныя праз жыццевыя нягоды і варункі лёсу; пра сілу творчай думкі, здатнай рабіць геніальныя адкрыцці, апярэджваючы час і дасягненні навукі.
ЗІНАІДА ДУДЗЮК
КНІГА ПЕРШАЯ
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
41
42
43
44
45
46
47
48
КНІГА ДРУГАЯ
Раздзел першы
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
Раздзел другі
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
Раздзел трэці
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
Раздзел чацвёрты
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
ЭПІЛОГ
ЗІНАІДА ДУДЗЮК
СЛОДЫЧ І АТРУТА
Дудзюк, З. Слодыч і атрута : раман / Зінаіда Дудзюк.— Мінск : Маст. літ., 2013.— 398 c.
КНІГА ПЕРШАЯ
1
Маладзенькія дочкі збіраліся на вяселле, прыхарошваліся перад люстэркам. Бацька, седзячы ля стала, назіраў за імі з-пад насупленых броваў, а ў душы ціха радаваўся, што збярог дзяцей, выгадаваў адзін, пасля заўчаснай смерці жонкі. А колькі няшчасцяў давялося перажыць: вайну, бежанства, рэвалюцыю, халеру, тыф, голад... Старэйшая Каця, нізенькая, хваравітая з маленства, стрыманая ў пачуццях і, як здавалася Кірылу, разумнейшая, кроку не ступіць, пакуль не ўзважыць усё як след, адно кніжкі яе псуюць. Што б ні рабіла, пры сабе трымае які-небудзь раман. Аладкі пячэ — і то з чытаннем. Малодшая Зося тварам і паставаю ўдалася ў бацьку, высокая і тоненькая, як былінка, але характар узяла матчын, такая ж гаманкая, мітуслівая, паспявала і сябе агледзець, і зрабіць заўвагу сястры:
— Навошта табе чорны каснік? Ці ты манашка?
— Я хустку завяжу, а касу закручу ў куксу, касніка не будзе відно, — адказала Каця. — А ты перш на сябе паглядзі! Так і пойдзеш, як расамаха, недаплеценымі коскамі матляць?
— І пайду! Мне так падабаецца, — малодшая сястра наравіста крутнула галавою.
Каця падціснула вусны і павучальна сказала:
— Гэта ў Самары камсамолкі трэслі падстрыжанымі патламі, а тут, на радзіме, іншыя звычаі. Дзяўчаты павінны хадзіць у хустках.
— Нічога я нікому не вінная. А калі мне горача ў хустцы?
— Тата, скажы ты ёй, — настойвала Каця.
— І чаго прычапілася? Ну, на табе... Завяжу. Цяпер супакоішся? — адказала Зося, ускідваючы на галаву лёгкую светлую хустку, аздобленую шаўковымі кутасамі.
Кірыла нічога не адказаў, прытоена ўздыхнуў. Каця нагадала пра Самару — і ён міжвольна падумаў, што бежанства забрала ў яго ўсё лепшае. Каб не вайна, жылі б яны прыпяваючы. Хоць на гаспадарцы працаваць было цяжка, але нястачы не ведалі, не галадалі. Трымаў чатыры каровы, парку коней, дзесятак свіней, восем авечак, гусей, курэй, качак. Усё гэта давялося кінуць і па загадзе цара ехаць у свет, бо на Расію пайшоў вайною немец. Калі вярнуліся, дык засталі хату без даху, дзвярэй і вокнаў — адны голыя сцены. Каб яшчэ трохі затрымаліся, дык і сцены расцягнулі б на дровы свае ж аднавяскоўцы. Давялося жыць у брата Карпа. Усю зіму шчыраваў Кірыла, ладзіў дах, столь, печ, толькі пад вясну перабраўся з дочкамі ва ўласнае жытло. Ён лічыў, што прычынай нягод была неабачлівасць бацькі, які купіў зямлю паблізу чыгункі, хацеў жыць пры дарозе, каб прасцей было даехаць да Берасця, Кобрына і Жабінкі. Пралічыўся, не падумаў, што войны таксама рухаюцца па дарогах. Каб сям’я Барэйшаў жыла сярод балота, можа, прасядзелі б ціха акупацыю. А так пагналі сямейку Барэйшаў у Жабінцы на цягнік з мноствам гэтакіх жа гаротнікаў і павезлі на злом галавы ў Бог ведае якую Самару. Там і жонка памерла, пайшла аднойчы з бежанкамі ў стары здзічэлы сад, каб натрэсці яблыкаў, залезла на тоўстую галіну, а тая абламалася, бедная Палая абрынулася і ўвярэдзіла спіну. Забралі ў шпіталь. Прыйшоў Кірыла праведаць жонку, а яму сказалі, што яна ў трупярні. З цяжкім сэрцам вярнуўся дамоў, узяў апратку для нябожчыцы, наняў вазака, каб забраць яе ды пахаваць, а тут паведамілі, што жонку пахавалі, нават не сказалі, дзе магіла...
Заняты сваімі думкамі, Кірыла не заўважыў, што дочкі працягваюць спрэчку.
— Малая ты яшчэ, падлетак... Нават пашпарта не маеш, — упікнула Каця Зосю.
— Гэта я малая? Паглядзі, хто з нас большы?
Зося, смеючыся, стала перад люстэркам побач з Кацяй і аказалася вышэйшаю ледзь не на галаву.
— Вырасла да неба, а дурная як трэба, — адказала Каця і адышла.
Кірыла звёў бровы на пераноссі і незадаволена, але без злосці сказаў:
— Годзе вам, сарокі, сакатаць! Збірайцеся, бо без вас вяселле згуляюць.
— Я гатовая, тата, — адказала старэйшая дачка.
— Усё ўзяла? — спытаў бацька.
— Так. Пляшку самагонкі, булку хлеба, міску журу.
— Тады пойдзем з Богам. А дзе ж Серафім? — спахапіўся Кірыла.
— Напэўна, на дварэ.
Кірыла, высокі, жылісты, устаў з-за стала, няспешна апрануўся, узяў кайстру з гасцінцамі і накіраваўся да дзвярэй. Зося яшчэ раз паспела крутнуцца перад люстэркам і засталася задаволеная сваёй хоць і хударлявай, але стройнай постаццю. Лёгкаю птушкаю выпырхнула з хаты ў пахмурны вясновы дзень, адзін з тых, калі яшчэ спала не адагрэтая зямля, а душа дзяўчыны спявала і жыла прадчуваннем нечага незвычайнага і шчаслівага. Хацелася выглядаць лепш за маладую, каб нават малады паглядзеў на яе з захапленнем, а пра астатніх вясковых хлопцаў і казаць няма чаго. Усе яны будуць стаяць у чарзе, каб паскакаць з ёю польку ці сербіянку.
— Серафім, дзе ты? — гукнуў Кірыла з ганка.
Худзенькі падлетак выглянуў з хлява з віламі ў руках.
— Я тут. А што? — спытаў ён.
— Чаму ты не пераапрануўся? З гною на вяселле пойдзеш? — незадаволена спытала Каця.
— Не. Я не пайду.
— Чаму? — здзівілася Зося.
— А што я там не бачыў? Ідзіце, весяліцеся, а я гаспадарку дагледжу.
— Ну, як хочаш, — махнуў рукою Кірыла і накіраваўся з двара.
— Нейкі ён дзікі ў нас расце, — заўважыла Каця.
— Бо сірата, — адказала Зося. — Жыве, бы палын пры дарозе.
— Мы ж яму не чужыя, і бацька ў яго ёсць недзе ў Расіі, мо калі вернецца, дык будуць разам, — разважыў Кірыла дачок і, каб перапыніць пустую гаворку, размашыста пакрочыў па падсохлай дарозе.
Аднак Зося раз-пораз вытыркалася ўперад бацькі, абганяючы яго. Так вабіла яе чужое вяселле. Яна зусім не ведала маладога. Маладую бачыла толькі адзін раз, калі тая забегла днямі з дружкамі, каб запрасіць іхнюю сям’ю на вяселле. Дзяўчына была родзічка па маме. Зося не ўдакладніла, што гэта за радня, і наогул мала каго помніла з ранняга маленства. За тыя гады, пакуль Барэйшы былі ў Самары, у Крачках шмат што змянілася. Падрасло новае пакаленне, сталыя крачкаўцы пастарэлі, нехта не вярнуўся з бежанцаў, старыя паўміралі. Аднак Зосю мала турбавала тое, што яна не ведала тутэйшых, дзяўчына лічыла: свята ладзіцца для яе.
2
Вясельная дружына спявала і скакала, апантаная агульным уздымам. Нават у тых гасцей, якія не адважваліся кідацца ў скокі, нешта замірала і трымцела ў грудзях, калі яны слухалі залівісты гармонік і гучны бубен, на абадку якога меддзю пазвоньвалі круглыя бляшкі. Бубнач гаціў кулаком у такт музыцы па нацягнутай скуры, часам даставаў стукнуць нават локцем, выяўляючы адметны спрыт, пры гэтым голасна нешта выкрыкваў, што, на ягоную думку, павінна было падбадзёрыць і распаліць танцораў. Гарманіст паводзіў сябе больш стрымана, шырока расцягваў гармонік і глядзеў некуды перад сабой, не зважаючы на танцораў. Ведаў: галоўны тут ён. Змоўкне гармонік — скончыцца танец, людзі, якія толькі што былі захоплены мелодыяй і рытмам, разыдуцца, быццам імгненна счужэюць і страцяць цікаўнасць адзін да аднаго. Ягоныя тонкія і лоўкія пальцы так хутка бегалі па гузіках гармоніка, што прысутным толькі заставалася дзівіцца, як ён запамінае процьму ладоў і басоў, каб гэтак хораша выводзіць мноства знаёмых і невядомых мелодый. Гарманіст часам некаму ківаў, усміхаўся, але знаёмых было мала, бо ён запрошаны з іншае вёскі. Хлопец хіліў галаву да гармоніка, прыслухоўваўся да ягонага голасу, нібы гэта быў ягоны найлепшы суразмоўца.