Литмир - Электронная Библиотека
A
A

– Я пастараюся…

Ліля працягвала, гледзячы на партрэт:

– Усё павінна быць так, як хацеў Аркадзь. Прыгожая гісторыя пра вежу. Муж верыў, што яго продак быў рыцарам і бараніў ратушу ад ворагаў. І пра гэта каб згадвалася… Пра гадзіннікі… Столькі грошай на тыя гадзіннікі ляснулася! А я яшчэ сварылася… – Удава сутаргава ўсхліпнула – мне падалося, што зараз яна заплача, і чужое гора выплюхнецца перада мной, як гарачая кава з упушчанага кубка, абварыць, пазначыць чарнатой… І ні ў якім разе нельга адкаснуцца, захіліцца. Але Лілія Пятроўна перамагла сябе і загаварыла зусім па-дзелавому:

– Гадзіннікі ў пакоі на другім паверсе. Іх фотаздымкі павінны быць у кнізе… Юрый, вы, як спецыяліст, усё і раскажыце пра іх шаноўнай Ганне. Алекс, праводзь.

…Яны стаялі ля сценаў пакоя з бела-залатымі шпалерамі, нібыта старыя, параненыя рыцары, што вярнуліся з крыжовага паходу і патрапілі на каралеўскі баль, дзе іх ніхто не памятае, у іхнія подзвігі не верыць, і іх іржавыя латы і пасечаныя цёмныя твары аніяк не стасуюцца з бліскучым прыдворным светам. Гадзіннікі…

Але гэта ўсё яшчэ былі пагрозныя рыцары часу… Іхняе маўчанне здавалася поўным дакору. І… я іх ужо калісьці бачыла. Гэтыя грувасткія скрынкі з металу і дрэва, з дзівоснымі фігуркамі…

– Чаму яны такія вялікія?

– Вялікія? – Юрась у сваім старым чорным швэдары гэткі ж недарэчны тут, як і «рыцары часу», засмяяўся. На шчасце, ён зноў нагадваў нармальнага чалавека, у меру цікаўнага і іранічнага, і ў ногі кідацца мне не збіраўся. – Гэта на погляд сучаснага чалавека – вялікія… А на час свайго стварэння яны былі – як ноўтбук у параўнанні з колішняй ЭВМ, што займала цэлы пакой. Тады ж механічныя гадзіннікі толькі пачыналі ўваходзіць у моду. Зазвычай карысталіся клепсідрамі, вадзянымі гадзіннікамі, або гнамонамі – сонечнымі… Былі нават пераносныя сонечныя, маленькія, з яблык. Пясочныя таксама меліся. Іх насілі прывязанымі стужкай да нагі трохі ніжэй калена. Напэўна, гэта быў асаблівы шык. Вогненныя гадзіннікі ўжываліся…

– Гэта як? – не зразумела я.

– Свечкі з нанесенымі на іх дзяленнямі,– патлумачыў Юрась. – Нават у князя Вітаўта ў пакоях гарэла такая свечка – велізарная, на цэлыя суткі… І калі згарала адно дзяленне – гэта значыць, прайшла гадзіна – слуга абвяшчаў пра гэта на ўвесь палац…

Я падышла да гадзінніка, падобнага да маленькага гатычнага храма. На цыферблаце з жоўтага металу – дваццаць чатыры дзяленні, гатычныя літары замест лічбаў…

– Ой, усяго адна стрэлка засталася… – пашкадавала я. Мой былы муж усміхнуўся.

– Хіба не заўважыла – у іх усіх адна стрэлка. Гадзіннікавая. Так было прынята. Хвілі тады ніхто не лічыў – навошта? Ну а простым месцічам ці сялянам – якія там механізмы! Царкоўны звон ды свойскі певень… Калі напачатку 15 стагоддзя ў многіх гарадах пачалі з’яўляцца вежавыя гадзіннікі, велізарныя, дарагія, дыхтоўныя – гэта была падзея…. А такія, пакаёвыя, якія можна пераносіць, маглі сабе дазволіць толькі самыя багацеі.

– А адкуль іх, дванаццаць, узялося ў Старавежскай ратушы?

Юрась схіліўся ля бакавой сценкі аднаго з гадзіннікаў, на якім смешны чалавечак у кароне ўкленчыў перад кашчавай постаццю з касой. Я зноў адзначыла, што левая палова твару майго былога ў тонкіх шнарах, пры першым поглядзе амаль не заўважных.

– Вось гэта той, самы першы, Баркуноў гадзіннік. Я яго рэстаўраваў. Зірні…

На чорным дрэве – выпалены надпіс: BERNACCONІ.

– На астатніх гадзінніках – тое самае, – патлумачыў Юрась. – Думаю, што менавіта па гэтым знаку можна адсачыць гадзіннікі з вежы.

– Кляйно майстра? – Я з павагай правяла рукой па паверхні, адпаліраванай часам, кранула жалезнага званара, які рыхтаваўся ўдарыць малатком у бронзавы звон, але, відаць, ужо колькі стагоддзяў так і не мог узняць свой малаток…

– Хутчэй, прозвішча ўладальніка, – азваўся Юрась. – Гадзіннікі – розных майстроў. Гэты, са смерцю і каралём – з Чэхіі. А вось тыя два, адзін са Святым Сямействам, другі з грыфонам – з Нюрнберга. Хто такі Бернацоні – я не ведаю. Але зразумела, што прывёз ён сюды свае гадзіннікі, а вывезці не змог. Схаваў у лёхах старавежскай ратушы. Аркадзь, дык той, відаць, гісторыю Бернацоні раскапаў. Але чамусьці мне нічога не расказваў.

Я асцярожна дакранулася да бліжэйшага з гадзіннікаў. На ім лёталі анёлкі з абсечанымі крыламі і вышчарбленымі тварыкамі – нібыта перахварэлі страшнай сярэднявечнай хваробай. Каму яны адлічвалі час? І ці шчаслівы быў той час?

– Вось тут звесткі пра кожны экспанат, – акуратны малады чалавек з жалобнай стужкай на рукаве пінжака працягваў празрыстую зялёную тэчку з паперамі.

«Чорны Ганс»… Гадзіннік са шпіндзельным пускавым механізмам, невядомы майстра, Любэк, 15 ст. Корпус букавы, разьба. Ударны механізм – скульптура бронзавага званара. Цыферблат масянжовы. Гіры свінцовыя на вяроўцы з авечых кішак…»

– Што?.. – адарвалася я ад папераў.– Чаму з авечых кішак?

– Таму што звычайныя вяроўкі расцягваліся. А гэтыя – сама бачыш, дасюль цэлыя. І драўніна бука – таксама трывалая, найчасцей яе майстры ўжывалі.

«Святое Сямейства… Гадзіннік механічны… Невядомы майстра, Нюрнберг, 15 ст. Корпус букавы, разьба, пазалота…»

Раптам за дзвярыма пачуліся крокі і нечыя галасы. У пакой увайшла Ліля з усмешлівым самавітым панам у элегантным касцюме. Усмешка пана была вытрымана-спачувальная… Але сам ён больш быў падобны да шоўмэна – чарнявы, каржакаваты, як старасвецкая шафа з пукатымі дзверцамі, рысы твару буйныя, голас нізкі, як дуда. Так і здаецца, што зараз схопіць цябе за рукаў і выцягне на сярэдзіну залы, адказваць на непрыстойна-жартаўлівыя пытанні… І мне неадольна захацелася схавацца за адзін з гадзіннікаў. Але было позна.

– Ганна Барэцкая! Якія людзі! Юра-аська! Зноў разам, як на першым курсе! Малайцы!

– У нас з Анэтай проста дзелавая сустрэча, Віталь Аляксандавіч, – нейкім афіцыйным голасам паведаміў Юрый, нібыта адхрышчваўся ад ганебнага ўчынку. Мяне нават «зачапіла»…

– А-а, а я думаў, у цябе, так бы мовіць, рэзкі паварот жыцця… – расчаравана працягнуў госць, нібыта збіраўся быць нашым сватам. – Ну, даражэнькія, усё роўна рады вас бачыць.

Давялося вітацца, выцерпець абдымкі і прапахлы тытунём і каньяком пацалунак у шчочку… Віталь Янчын ніколі не адрозніваўся далікатнасцю. Затое ніхто і не думаў зваць яго па бацьку, нягледзячы на розніцу ва ўзросце. Ён усіх – на «ты», і да яго – «Віталь». І тады, калі ён выкладаў нам тэорыю журналістыкі і баяў на лекцыі непрыстойныя анекдоты, і калі я рабіла з ім гутарку для сваёй газеты пра дабрачынную акцыю тытунёвай фірмы, прадстаўніком якой на Беларусі ён быў прыладзіўся. А пасля надрукавання гэтай гутаркі Віталь абяцаў выдраць мае рудыя валасы і зрабіць з іх шчотку для ўнітаза… Яго фірма закупіла для музея калекцыю карцінаў. Я падчас уручэння моўчкі абуралася – набыта на грошы, якімі нашыя людзі аплочваюць сваю згубную звычку! Але апісала ўсё сумленна. Ды пільнае маё начальства выкрэсліла ўсе згадкі пра падазроную фірму. Атрымалася, што калекцыя карцінаў з’явілася ў музеі нейкім цудам. А мецэнаты прэс-канферэнцыю ладзілі, журналюгаў шампанскім паілі… Зразумела, вінаватай засталася я. Цяпер, падобна, на былых прэтэнзіях пастаўлены крыж.

– Ганначка стане пісаць пра Аркадзя, так, Ліля? Цудоўны выбар! Гэтая дзяўчынка напіша, як мае быць! – каб не патрэба захоўваць жалобны выраз твару, жыццярадаснасць струменілася б з Віталя, як вада з рэшата. – А ты, Юраська, значыць, усё па-ранейшаму пакутуеш? Вось жа «пашанцавала» табе, беднаму…

Віталь звяртаўся да майго мужа, як да цяжкахворага, змоўніцкім шэптам. Юрась збялеў і, апусціўшы вочы, сказаў нечакана цвёрда:

– Гэта мая справа, Віталь Аляксандравіч.

Я са здзіўленнем пераводзіла вочы з аднаго на другога, спрабуючы здагадацца, пра што гаворка.

– Ну, ну, не крыўдуй… Ты малайчына. Выпаў крыж – нясі… Ведама…

Апошняе прагучала трохі фальшыва. Я нічога не распытвала пра асабістае жыццё майго былога мужа, а тут, відаць, мелася нейкая таямніца. Але мне не атрымалася на гэтым засяродзіцца. Удава абвяла рукой вакол.

25
{"b":"549167","o":1}