Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Гісторыя пра Плябанскія Млыны

Я не ведаю, чаму людзі так любяць страшныя гісторыі. Вядома, усе прагнуць цудаў. Без веры ў цуда душа сляпая, нібы начны матыль. Але вельмі часта ў пошуку незвычайнага мы ляцім, як тыя матылі, не да зор, а на агеньчык свечкі альбо газоўкі… І з тым жа сумным вынікам, што і для сапраўднага матыля. І не трэба пасмейвацца нада мной – я ведаю, што вы і так лічыце мяне занадта… разважлівай. Што зробіш? Я расла ў сям’і настаўнікаў, дзе слова «маральнасць» гучала часцей, чым слова «свята». Усе ведаюць, што паводкі бываюць у нас з-за Плябанскай плаціны. Пабудавалі яе дзеля млыноў… Адзін належыць дамініканскаму касцёлу, другі – архіерэйскаму дому. І закінутыя даўно млыны, але горад так і не змог прыбраць плаціну, якая ператварае раку ў гніючую сажалку, бо і касцёл, і царква запрасілі за сваю маёмасць гэтулькі, што гараджане паўвека збіралі грошы на выкуп. Але ёсць і іншае вытлумачэнне. Бо калісьці менавіта паўз гэтае месца плыў па рацэ абраз Маці Боскай Менскай… Супраць цячэння, са спаленага Кіева, кінуты ў ваду татарынам. Месцічы знайшлі абраз у Траецкім, бо раніцай над берагам з’явілася дзіўнае святло. Дасюль святыня перахоўваецца ў мінскіх храмах, і апякуецца нашым горадам, і, дасць Бог, будзе апекавацца вечна… Тым больш гавораць, што маляваны абраз рукою самога апостала Лукі. Калісьці княгіня Друцкая, вельмі пабожная, замовіла для абраза дзівосны аклад – са срэбра, упрыгожаны каштоўнымі камянямі. Можна, вядома, разважыць – навошта тыя каштоўныя аклады, калі для верніка галоўнае не бляск камянёў, а лік святога, і Багародзіца не ў кароне і срэбных шатах, а басанож па зямлі хадзіла. Але любая ахвяра, дадзеная з верай і любоўю, не будзе адвергнутая. Нават бедны блазан, які, не маючы што прынесці ў дарунак Прасвятой Дзеве, пачаў паказваць перад ёй сваё грэшнае мастацтва і заслужыў ад яе апладысменты – драўляная скульптура зварухнулася. Так, людзі заўсёды спадзяюцца на цуд. Спадзяваліся і нашыя продкі, калі да гораду набліжалася войска татарскага цемніка Менглі-Гірэя. Але нашыя продкі ведалі і тое, што трэба бараніць сваю радзіму да апошняга. Напярэдадні па горадзе прайшлася пошасць, вояў не хапала, і надзей на выратаванне было менш, чым вады ў прысаку. Жанчыны, і мяшчанкі, і шляхцянкі, шчыльна падвязвалі валасы белымі хусткамі і дзялілі месцы на абарончых валах, дзеці, нават самыя малыя, глядзелі на іх сухімі вачыма і сцягвалі каменні ў кучы – не для гульні, а для абароны. Дымы далёкіх вогнішчаў, быццам хвасты чорных лісіц, хісталіся ля лесу – там спыніліся ворагі. Тады ноччу ў царкве княгіня Друцкая – ці то паводле снабачання, ці так спрарокаваў юрад на паперці, а ў такое верылі неабвержна, – з малітваю дастала з акладу святога абраза чатыры каштоўныя камяні – смарагд, хрызаліт, бірузу і чырвоны карбункул, паклала кожны камень у срэбны куфэрак і паслала давераных людзей, каб тыя закапалі камяні ў чатырох канцах горада. Пакуль тыя камяні будуць у зямлі, ніякі вораг горад не панішчыць. Самы каштоўны і прыгожы, чырвоны, як золак, камень – карбункул – закапалі ля Плябанскіх Млыноў… І горад на той раз ацалеў – прыйшла дапамога… Праўда, зацішак доўжыўся нядоўга. Захоплівалі наш горад рускія, шведы, палякі, немцы… Відаць, прыбралі хцівыя рукі закапаныя святыя камяні. Але рубін каля млыноў заставаўся… Таму і горад не знікаў, адраджаўся зноў і зноў. Не ведаю, якім чынам, але пра скарб даведаліся. І што б вы думалі? Знайшліся людзі, што пачалі яго шукаць! Некаторыя з-за верніцкага імпэту. Бо невядома было, ля якога млына святая рэліквія: ля таго, што належаў касцёлу, або ля таго, што належаў праваслаўнай царкве. А які гэта быў бы доказ праўдзівасці канфесіі! Абодва млыны дружна малолі муку, адна вада круціла іх колы, і ніхто не дзяліў хлеб на лепшы і горшы ад таго, на якіх жорнах было змолата зерне… Але людзі, пакуль іх не змеле на сваіх жорнах смерць, дзеляцца і дзеляць, і заўсёды знаходзяць падставу для нянавісці. Ну а іншыя, зняверцы, і каталікі, і праваслаўныя, смеючыся над забабонамі, проста хацелі пабагацець. Капалі таемна, крадма, шнырылі ля вадзяных колаў, заглядвалі ў скляпенні, шукаючы срэбнага куфэрку з карбункулам… Але заўсёды былі і тыя, хто даражыў запаветамі продкаў і гатовы быў бараніць святое любой цаной. Таму неаднойчы нараніцу воды Свіслачы прыбівалі да берага мёртвае цела з рассечанай мечам галавой. І пачалі гаварыць, што млыны – месца небяспечнае, што там па начах жыве нячыстая сіла, і вадзянікі круцяць іх колы, не зважаючы на святыя малітвы. Але пра якія млыны так не гавораць? Прайшло дзвесце гадоў ад таго часу, калі княгіня Друцкая дастала з рызы святога абраза чатыры камяні. На адным з млыноў – ніхто не памятае, на якім – шчыраваў пабожны і ціхмяны млынар. Быў ён дужы, як усе млынары, бо лёс іхні – усё жыццё насіць цяжкія мяхі, і, нягледзячы на ціхі нораў, мог абараніць свой млын. І дачка ягоная была ціхмянай і пабожнаю… Мне вельмі хацелася б сказаць, што яна была прыгожай, але гэта не так. Яе вочы былі моцна скошаныя, і млынароўна, відаць жа, лічыла, што лёс яе прадвызначаны гэтак жа, як прадвызначаны ён у разбітага збанка… Хаця што такое жаночая прыгажосць? Вось камусьці з венцаносцаў імпануе тонкі стан, і няшчасныя дзяўчаткі ад маленства зацягваюцца ў гарсэты, аж ссоўваюцца рэбры, і ад немагчымасці напоўніцу ўздыхнуць прыгажуні штогадзіну трацяць прытомнасць… Тым самым пацверджваючы міф, якія яны слабенькія ды пяшчотныя, быццам крылцы матылька… А раней цягам стагоддзяў імітавалі цяжарнасць – бо камусьці з вяльможных паноў спадабалася менавіта гэта… Палюбоўніца французскага караля на шпацыры змацоўвае прычоску карункавай падвязкай ад панчохі – каралю падабаецца, і вось дамы, адна перад адной, грувасцяць сабе на галаву вежы з карункаў, дадаючы каркас з дроту, кветкі, птушкі… Прычоска – на паўгода, спаць на адмысловых падушках-зэдлічках, часалкі для галавы – ганяць «жыўнасць», не шкодзячы прычоску.

Так што я не ведаю, ці была млынароўна сапраўды такой непрыгожай, як захавалася ў паданні.

Млынар цяжка захварэў… Пасля таго, як вераб’інай ноччу пасядзеў на беразе, замест таго, каб хавацца ад навальніцы і залевы ля хатняга агменю. Такі ўжо быў звычай у млынара – па начах гуляць па беразе ракі. Перад смерцю ён сказаў дачцэ, якая ўчарнела ад гора: «Ты не застанешся адна. І справа мая не загіне. На трэці дзень пасля майго пахавання да цябе прыйдзе жаніх. Ён скажа: «Блаславі цябе маці Божая Менская»… Слухайся гэтага чалавека».

І сталася так. Той, хто раптам пасватаўся да млынароўны, быў сапраўдны шляхціц, рыцар, які прайшоў не адну вайну, увесь у шнарах, як дзверы піўніцы… Шляхціц, які бярэ шлюб з простай ды яшчэ касавокай – гэта было нечуванае дзіва… Адны гаварылі, што жаніх – яго звалі Даніла – звар’яцеў. Нездарма перад гэтым у манастыр прасіўся. Рыцар – ды ў мніхі! Другія казалі, усё ад галечы. Не прывёз Даніла з вайны поўныя рукі сыгнетаў – адны толькі раны… Таму і ў манастыр прасіўся… Так млынароўна атрымала прыгожага і высакароднага мужа. Малілася на яго… Ветрыкам слалася пад ногі. Як быццам бы пакорлівасць можа спарадзіць каханне – яно ж, як іскры, высякаецца пры сутыкненне двух вартых…

Даніла амаль не глядзеў на жонку. Усе ночы праводзіў ён не на ложы, побач з ёю, а на беразе Свіслачы. І меч свой з сабою неадменна браў… І калі часам унізе па цячэнні гайдалі хвалі мёртвае цела бадзягі – каму была справа, хто рассек нябогу галаву? Жыццё чалавечае не каштавала і шэлега… Але млынароўна не задумвалася над гэтым. Яе свет быў – яе любы муж, які не глядзеў на яе. І яна шчыра верыла, што віной таму яе касыя вочы. Так і ўяўляю: ідуць пляцам з кірмашу, наперадзе змрочны плячысты мужчына з упартымі халоднымі вачыма, за ім, укруціўшыся ў плашч і нізка нагнуўшы галаву, дробным крокам спяшаецца жанчына. Яна абедзьвюма рукамі прыціскае да сябе цяжкі кошык, а нехта абавязкова крычыць ёй у спіну дражнілку… І аднойчы, у час першых веснавых дажджоў, калі Даніла вярнуўся пад раніцу на млын, яго чакала жахлівае відовішча: жонка нерухома ляжала пасярод пакоя, уся ў крыві, рука сціскае вострае шыла… А вочы выкалаты.

4
{"b":"549167","o":1}