Литмир - Электронная Библиотека
A
A

– А што здарылася з рыцаравай нявестай? – папыталася Дарота. Ной паціснуў плячыма.

– Пра гэта гісторыя маўчыць. Або так і засталася нявестай, або выйшла замуж за іншага… Якія яшчэ варыянты?

– Я ведаю гісторыю пра адну нявесту… Толькі не надта вясёлую, – прамовіла Зося.

– Ну вось і раскажы! – ўзрадваўся Улад. – А то ўсе ўжо нешта распавялі, а вы, паненка, толькі з цмокам лашчыцеся.

Зося раззлавана фыркнула, але расповед пачала.

Гісторыя пра залатагорскую нявесту

Аднойчы да маці прыйшла заказчыца. Здарылася гэта цёмным восеньскім вечарам, калі голае голле дрэў адчайна цягнецца да шыбаў, і апошнія мокрыя лісты, сарваныя ветрам, стукаюцца ў шкло, нібыта самагубцы. Заказчыца была сухой і паважнай немкай нявызначанага ўзросту, у пляскатым капелюшы с маленечкім вэлюмам, нечакана задзірыста адкінутым набок – відаць, вецер пастараўся. Немка агледзела нашу кватэру, якая служыла адначасна і майстэрняй, але немагчыма было анічога прачытаць на ейным трохі мужыкаватым твары: ці яна пагарджала нашай беднасцю, ці нічога асаблівага ў змушанай сціпласці кватэры не бачыла? Заказ быў нечаканы: вясельная сукенка! Не, не для яе самой – наведніца нават пакрывіла вусны ў іранічнай усмешцы, – а для дачкі яе гаспадароў, шаснаццацігадовай дзяўчыны. Вось і меркі ўсе ўжо знятыя – на аркушыку запісаныя…

Маці мая разгубілася – дагэтуль ёй не даводзілася шыць вясельныя сукенкі. Процьма швачак, аднак, менавіта гэтым і займаюцца… Тым болей за грошы, якія госця прапанавала, можна было замовіць строй у самым шыкоўным атэлье на Губернатарскай!

– Разумееце, фрау, мы не хацелі б звяртацца ў вядомае атэлье! – крыху няёмкім голасам адказала немка. – Нам патрэбна, каб убор быў пашыты за двое сутак, фасон, упрыгожванні – усё на вашае ўгледжанне. І… каб пра гэта вы асабліва нікому не распавядалі.

Аванс быў літаральна ўсунуты ў матчыны рукі…

– А дзе адбудзецца вянчанне? – паспела толькі спытацца матуля. Немка трохі прамарудзіла з адказам: – У касцёле на Залатой Горцы, фрау. Я прыйду па заказ у суботу раніцай.

Ці трэба казаць, што маці паставілася да замовы з пэўнай насцярогай, і лічыла, што ўвязалася ў нейкі грэх, а я – наадварот – з захапленнем. Вядома, я ўсё ўявіла да драбніцаў. Верная прыслуга заказала вясельную сукенку для сваёй маладой гаспадыні, якая наважылася на забаронены бацькамі шлюб… Гэта будзе таемнае вянчанне. Жаніх, вядома, немаёмасны. Але страшэнна прыгожы, таленавіты і адважны. І сама паненка не менш прыгожая і адважная… Як мне хацелася, каб сукенка атрымалася як мага лепей! Але маці і так завіхалася напоўніцу – яна была сапраўды выдатнай швачкай… Каб менш старалася дагадзіць заказчыкам – дык, можа, не ўбіліся б пасля тыя сухоты. Бялюткі шоўк з вытанчаным узорам з лілеяў, карункі, ружачкі з атласу… А мне ўсё здавалася, што, каб яшчэ пару дзён – якую прыгажосць можна было б стварыць! Я абмётвала швы ўсю ноч – я ж гадоў з пяці, як толькі навучылася трымаць у руках іголку, дапамагала маці, таму цяпер ненавіджу ўсялякае шытво і вышыванне. Прыўносіла ў фасон свае фантазіі – дзе дадам перлінак, дзе прызбяру карункі, так, як бачыла ў краме на Ратушнай плошчы… Напрыканцы, калі ўжо ўсё было гатова, я падышла да белай прывіднай постаці – у святле свечкі здавалася, што сукенка на кагосьці апранута, і белая постаць вось-вось зрушыцца з месца… Я яшчэ раз ва ўсіх драбніцах уявіла, як заўтра апране гэты ўбор, хаваючыся ад свету, прыгожая бледная дзяўчына, як выйдзе з чорнага ходу да экіпажа, дзе ўжо чакае жаніх – можа быць, гусар, нашчадак збяднелага роду, можа, малады паэт… У касцёле – нікога, акрым сведкаў, ніякага пышнага вяселля… І мне захацелася яшчэ чым-небудзь дадаць бляску таемнаму вянчанню. Я зняла з шафы матчын куфар для ўсялякіх бліскучых драбніцаў, сапраўдную скарбніцу Аладына, з брошкамі, кветкамі, барсэткамі, дастала лілею са штучных перлін – у дзяцінстве я любіла ёю гуляцца, і прышпіліла яе на карсет сукенкі, там, дзе сэрца.

Але калі я нараніцу прачнулася, аказалася, што сукенку ўжо забралі – я прапусціла самы цікавы момант, калі можна было паназіраць, параспытвацца… Маці толькі сказала, што прыйшла тая самая немка – ні свет, ні зара, заплаціла – і знікла…

І трэба ж было такому стацца, што назаўтра маці дастала з шафы свой зялёны куфар і пачала перабіраць бліскучыя цацкі – спатрэбілася нейкая пацерка для чарговай кофтачкі… Чамусьці ў матчыным голасе, калі яна спытала пра лілею, была сапраўдная трывога… Я, вядома, не стала нічога хаваць – бо не бачыла нічога кепскага ў сваім учынку. Але… Аказваецца, брошку падарыў маёй бабулі мой дзед, яна была на вясельнай сукенцы маёй маці… Карацей, я спляжыла сваю спадчыну (цана якой пяць капеек, як я пракаментавала ў думках), і яе належала вярнуць разам з дарагімі ўспамінамі.

Маці па-сапраўднаму ўзрушылася, спрачацца было бескарысна…

Урэшце мне дзесьці ў душы і самой было цікава зноў дакрануцца да гісторыі з таемным вяселлем. Варта ўявіць сябе Натам Пінкертанам – не смейцеся, я тады старанна збірала ўсе гэтыя брашуркі народнай бібліятэкі з прыгодамі вялікага сышчыка – і таямніца раскрыецца. Немка сказала, што вянчанне мусіла адбыцца ў Залатагорскім касцёле ў суботу. Значыць, я даведаюся імёны жаніха і нявесты.

Але ў касцёле сухенькі служка з вострым, як дзюба, носам гэтак жа суха і востра паведаміў мне, што ніякага вянчання ў суботу ў касцёле не было. Я разгубілася, а потым западазравала востраноса ў няшчырасці: вядома ж, вянчанне таемнае… Але асцярожныя роспыты прыкасцёльных бабулек таксама анічога не далі…

– Ну якое ж вянчанне, дзетухна! – ледзь не са спачуваннем прамовіла сухенькая бабулька ў чорнай хустцы, падобная да манашкі.– Адпявалі ўчора… Такую ж маладзенькую дзяўчынку. Як ты…

Другая бабулька, у старасвецкім каптуры, з падслепаватымі, але ўсё яшчэ сінімі вачыма, мітуслівая, як лясная птушка, умяшалася:

– Так, так, прыгожанькая такая дзяўчынка… Анёльчык… Часта сюды хадзіла… У вясельнай сукенцы хавалі, дык яна, як каралеўна, ляжала. Уся ў кветках, у карунках. Пальчатачкі белыя-белыя. Сукеначка з фальбонамі, тканіна ўся ў лілеі… Бедная дзяўчыначка… Паслізнулася на мосце, што праз Лошыцу, упала – а там калы ў дно панатыкалі… Гэта няйначай Лядашцік акруціў, злы дух.

– Не Лядашцік, а русалкі! У Лошыцы русалкі водзяцца! – заспрачалася другая бабулька.

– Якія русалкі ўвосень? Лядашцік! Шэўрадзь гэты аднавокі асабліва жанчын ненавідзіць і дзяўчатак, паглядзіць вокам сваім – і розум скручвае… Чаго б дзяўчаці з мосту падаць?

Тым часам другая старая пачала доўгае, нібы восеньскі вечар, разважанне пра тое, каго Гасподзь паклікае да сябе першым, але я амаль ужо гэтага не чула. Усе мае фантазіі разляцеліся, як пялёсткі штучнай ружы, з якой няўмелая рука сарвала нітку… Шчаслівая нявеста, жаніх прыгажун… А насамрэч казачная шаўковакарункавая гожасць і матчына брошка – тут, побач, пад слоем зямлі, вільготнай і цяжкой, як сама незваротнасць. Цяпер зразумела чаму звярнуліся да беднай швачкі, а не ў моднае атэлье – ніхто не хоча азмрачаць настрой заказчыц, якія могуць даведацца, што побач з іхнім сымболем шчасця шылі ўбор для нябожчыцы. Чуткі ў мястэчку разносяцца хутка…

Я павольна пайшла на могілкі. Апошняе залатое лісце сыпалася на магілы… Сапраўды, Залатая Горка… Я ўспомніла пра іншы залаты дождж, які тут сыпаўся, калі сто гадоў таму тут балявала халера і збірала ахвяры не меней, чым чума. А як па мне, дык лепей чума, або, як у гэтай няшчаснай дзяўчыны, недарэчны выпадак, чым паміраць ад, прабачце, разладу страўніка. Людзі адчаяліся і не ведалі, як спыніць пошасць. Набіваліся аж па дах у стары драўляны храм на Залатой Горцы… Пасля, вядома, нехта сказаў, што калі храм, Божы дом, такі бедны і цесны, гэта вялікі грэх… І ці не таму Гасподзь прагневаўся і папусціў пошасць? Нейкі доктар – а іншыя кажуць, ксёндз, – выйшаўшы з касцёлу, разаслаў на зямлі свой плашч і кінуў на яго першыя залатыя манеты… Другія прыхаджане паспяшаліся таксама ўнесці ахвяру – і хутка на плашчы вырасла залатая горка… Як па мне, збудавалі б на тыя грошы шпіталь, закупілі добрых лекаў, зладзілі водаправод, каб менчукі не бралі ваду з гэтай памыйнай ямы – Нямігі… Што ж, цяпер я магла лічыць, што і наша сям’я зрабіла свой унёсак у Боскае месца ў выглядзе фамільнай брошкі…

10
{"b":"549167","o":1}