Панас Панасавіч застаўся бедаваць, а я паціху сышоў… Дзякуй Богу, у мяне хапіла гумару ўсміхнуцца над сітуацыяй… Хаця рана на самалюбстве аказалася балючай. З надзеяй на багатую спадчыну ці прэм’ерства ў вядомым тэатры я развітаўся… Затое валодаю італьянскай мовай і французскай барацьбой. Не кажучы ўжо пра ўменне цэліць у бляшаных качак.
Гісторыя, расказаная Уладам, прымусіла ўсіх шчыра рассмяяцца і на некаторы час забыцца на страхоцці.
– А я думала, ты гэткі самазакаханы прэм’ер, – з нечаканай шчырасцю прамовіла Зося. – Ведаеш, а ты, напэўна, больш спадабаўся б мне ў той час, калі быў наіўны і верыў у цуды.
Улад знямеў і адвярнуўся да акна, відаць, каб ніхто не заўважыў, як чырвань кінулася да шчокаў… А Дарота з перабольшанай абыякавасцю загаварыла, гладзячы тонкімі пальцамі звычайны парцалянавы кубак, нібы гэта было кацяня.
– А я бачыла цябе, Уладзе, у ролі Арыеля ў пьесе «Бура»… Гэта было… здорава.
Улад з уздыхам прамовіў:
– Было адзін раз. Захварэў выканаўца, вось мяне і апранулі ў залацісты парык ды белы хітон… Палову словаў не ведаў, суфлёр ледзь не надарваўся, шэпчучы. Ну і арыя, вядома… Лепей не згадваць.
– Ну чаму ты так пра сябе? – у голасе Дароты гучэў непадробны боль. – Я пасля тры разы бегала на той жа спектакль, каб цябе ўбачыць. Але былі ўжо іншыя выканаўцы.
Зося фыркнула, як раззлаванае кацянё:
– Ну, Даротка, а я ўсё думала – чаму ты мяне на гэтае занудства цягаеш…
– Калі занудства – дык чаго не адмаўлялася? – Дарота падціснула вусны і ад гэтага яшчэ больш зрабілася падобнай да віктарыянскай класнай дамы.
– Чаму не адмовілася? – павольна перапытала Зося і мройна адкінулася ў крэсле. – Таму што… таму што… я была дачкой швачкі, у якой твая маці замаўляла аксамітныя сукенкі і карункавыя блузкі, і без цябе патрапіць у тэатр, ды яшчэ ў партэр – гэта было мне не па грашах.
Дарота густа пачырванела.
– Зося… Хіба між намі калі-небудзь узнікалі такія… пытанні? Як сёння кажуць – класавыя? Ды мне ніколі ў галаву не прыходзіла, што я ў нечым… іншая…
– А шкада, што не прыходзіла, – у голасе Зосі раптам загучэла нешта жорсткае: – А вось мне даводзілася часта думаць пра падобныя рэчы… Напрыклад, каб ніхто ў класе не заўважыў, што ў мяне адзінай не тонкія, шаўковыя, як у вас, а старыя вязаныя панчохі.
– Дзяўчаты, не сварыцеся, – умяшаўся пан Беларэцкі. Але тут жа падаў голас Ной:
– А нікуды ад класавых пытанняў не дзенешся. Таму што рэвалюцыя ўсіх зраўняе. І тым, хто мусіць нешта страціць, цяжэй за іншых… Параю адно: не варта шкадаваць па тым, што было.
Дарота прагаварыла:
– Хіба мне шкада? Калі б тут зладзілі нешта вартае, ды дзеля беларускай справы… Я б з радасцю сама аддала гэты дом. Але ж тут будзе нейкая чарговая ўправа.
– Не «нейкая», а камітэт па справах адукацыі! – з выклікам прагаварыла Зося.
Улад выказаў агульнае здзіўленне:
– А ты адкуль ведаеш? Працаваць там, ці што, збіраешся?
– А чаму б і не? – Зося агледзела ўсіх зялёнымі дзёрзкімі вачыма. Пан Беларэцкі павольна прагаварыў:
– А яна ўжо згадзілася на гэтую працу… Праўда, Зося?
У доме на хвілю запанавала маўчанне.
– Ну і што?
Вусны Дароты дрыжэлі.
– Я не маю права цябе дакараць..
Зося горда ўскінула галаву, яе валасы нібыта іскрыліся рудым агнём.
– Дакараць? За што? За тое, што я збіраюся працаваць дзеля асветы свайго народу? Вы тут, як слепакі, спалохаліся першага халоднага вятрыска. Калі адбываюцца перамены – гэта заўсёды пакутліва, але калі не зламаецца вонкавая, цвёрдая абалонка – не пакажацца жывое, датклівае цела часу. Трэба толькі перацярпець боль. Колькі мы марылі пра рэвалюцыю? І вось – мары, вашыя ж мары, збываюцца. Ствараецца акадэмія… Доўнар-Запольскі, Карскі, Лёсік, Ігнатоўскі – яны ж зусім розныя, з рознымі перакананнямі. Але працуюць разам, на стварэнне Беларусі. Вам, пан Беларэцкі, варта стаць побач з імі. Улад, замест таго, каб удаваць рамантычную расчараванасць, прасіўся б у трупу Галубка. Вядома, ролю Гамлета табе там не дадуць. Але гэта беларускі тэатр!
Ной захоплена ўсміхнуўся ў адказ.
– Згода, Зося! Нам ёсць на што спадзявацца.
– Можа быць, на з’яднанне Беларусі? – сумна прамовіў Улад. – Гэта ж ганьба якая – падзялілі край напалам, усе маўчаць… Карацей, «Кавалі другія, а ланцуг той самы – песні ўсе старыя неаджытай гамы…» Фабіяна Шантыра расстралялі, хоць ужо такі бальшавік быў – замест штандару насі. На Украіне паэта Грыцко Чупрынку да сцяны паставілі… У Расеі – Мікалая Гумілёва, які пра мурынаў ды прынцэсаў пісаў…
– Гэта неабходныя ахвяры, – няўпэўнена сказаў Ной. – Помніце, Майсей сорак гадоў вадзіў свой народ па пустцы, бо тыя, хто пасталеў у рабстве, не маглі стаць вольнымі і мусілі памерці. Але гэта часова. Універсітэт жа ствараецца… І мастацкая вучэльня ў Віцебску працуе… Кандзінскі горад распісвае у канструктывістскім стылі.
Пан Беларэцкі сумна глядзеў скрозь акуляры на энтузіястаў.
– А вам ніхто не расказваў, як шаноўнага Доўнар-Запольскага студэнты кіеўскага ўніверсітэта зняволілі ў ягонай кватэры, нібыта прыслужніка царызму? Усе сябры і знаёмыя разбегліся… Тых нешматлікіх, хто наважваўся наведаць прафесара, затрымлівалі, абшуквалі… У мяне адабралі нават аловак і нататнік. Толькі цуда – дакладней, адна адданая прафесару вучаніца, якая здолела «прарвацца» да мясцовага камісара – уратавала прафесара ад расстрэлу. Вось дзе парадваліся недараслі, якія ў свой час атрымалі ад строгага выкладчыка «нездавальняюча»… Пакуль што паслугамі «спяцоў» новыя ўлады карыстаюцца… Але – паглядзіце – гэта ненадоўга. Што пачалося крывёю – крывёю скончыцца.
Дарота адвярнулася да акна, хаваючы хваляванне.
– Усё-ткі я веру, што сумленныя ды таленавітыя… такія, як мой бацька, заўсёды будуць патрэбныя.
Беларэцкі паківаў галавою:
– А як толькі патрэба ў іх адпадзе… Вымруць, як цмокі. Або вынішчацца… Я сябе так і адчуваю ў гэтым часе – як апошні, стамлёны чаканнем смерці, цмок…
– Дарэчы, цмокі ж вадзіліся ў Свіслачы! – падаў голас Улад. – Замежнікі, дзівуючыся, занатоўвалі, што менчукі трымалі ў сваіх дамах замест якіх мопсаў чорных тлустых яшчарак футаў пяць даўжынёй.
– А я аднойчы бачыў з мосту ў Траецкім, як нешта падобнае да такой яшчаркі або змяі слізганула пад вадой, нібыта душа грэшнага тапельцы… – прамовіў Ной.
– І колькі сідру ты перад гэтым выпіў у майстэрні? – насмешна папытала Зося.
А Дарота зноў моўчкі павярнулася і выйшла ў другі пакой… Грукнулі дзверцы шафы… І вось перад вачыма ашалелай кампаніі пасярод стала на драўляным пастаменце паўстаў самы сапраўдны цмок… Праўда, невялікі – з сярэдняга сабаку. Чорная луска, нават на выгляд – моцная, нібы панцыр сярэднявечнага рыцара, пашча пагрозліва разяўленая, а вочкі – як жывыя – з чорнага паўпразрыстага шкла з жоўтымі іскрынкамі пасярэдзіне.
– Слухай, а што ў вашым доме яшчэ такое вось… ёсць? – амаль з багагавейным жахам спытаў Дароту Улад. – А то проста страшна робіцца. Раптам хто раскажа казку пра мёртвую галаву – а ты і прынясеш яе… На талерцы, як Саламея…
Даротава абурэнне кашчуннымі словамі ніхто не пачуў – усе, нават пан Беларэцкі, кінуліся разглядаць і мацаць цмока. Пільны погляд выяўляў, што чучала вельмі старое, месцамі луска асыпалася…
– Бедненькі…– Зося пагладзіла свіслацкага цмока па чорнай спіне. На хвілю падалося, што ён завуркоча і замахае хвастом – Ной і Улад, напрыклад, мяркуючы па іхніх паглядах, паводзіліся б менавіта гэтак.
– А мне бабуля расказвала, што на Высокай гары, там, дзе цяпер Юбілейны рынак, жыў цмок самых што ні на ёсць еўрапейскіх памераў,– паведаміў Ной. – І харчаваўся, як належыць – прыгожымі дзяўчатамі. Пакуль не натрапіў на тую, у якой меўся баявіты жаніх. Усадзіў меч у цмокава чорнае сэрца… Але і сам быў смяротна паранены. Так іх апусцілі ў Свіслач – і цмока, і рыцара ў крышталёвай труне. Мы ў дзяцінстве ўглядаліся ў тое месца, і, здаецца, бачылі – на дне, з твані ўздымаюцца цмокавы рэбры…
– Вечна цмок ва ўсім вінаваты… – прабурчэў Беларэцкі.– Толькі аднойчы я чуў больш справядлівую выснову, лірнік спяваў на Ніжнім рынку: «Скуль узяўся той святы Юры ды забіў нявіннага цмока»…