– А чаму белы? – разгублена папыталася Дарота.
– Таму што ўсе колеры, змяшаўшыся, утвараюць ідэальную бель… Але ў жыцці рэдка здараюцца чыстыя колеры. Без дамешка… Таму, я думаю, патэнцыйная ідэальная прырода будзе шэрай.
Улад, відаць, уявіў гэтую прышласць, не вытрымаў і рассмяяўся. Ад гэтага аблічча ягонае на хвілю страціла заўсёдны насмешна паблажлівы выраз – вызірнуў цікаўны і дурасліва-наіўны падлетак… Дарота нават таксама нясмела ўсміхнулася, гледзячы на маладога артыста, як на асветленыя сонцам неверагодна лёгкія аблачынкі, на якіх уяўляецца прыўкрасны замак вечнага святла і спакою… Пан Беларэцкі задумліва глядзеў на дзяўчыну, на яе ўсмешку, і ў шкельцах ягоных акуляраў скакала полымя свечкі.
– Старыя майстры лічылі, што ў аснове прыгажосці – звілістая лінія… Любы просты шлях – няпраўда і штучнасць. І не заўсёды тое, што наўпрост прыцягвае – прадвызначана табе… Мы – усяго толькі маленькія ліхтарыкі, якія вісяць на нябачным дроце праз цемру. Кожны бачыць толькі праз уласнае святло. І ніхто не бачыць дрота, на якім мы вісім… І толькі мудры можа вылічыць – дзе заканчваецца дрот… І толькі наіўны адчуе – хто яго навязаў… Ведаеце гісторыю з ліхтарамі на свяце ў графа Любанскага?
– Не, пан Андрэй, – ажывілася Дарота. – Раскажыце – а то кінуліся ў філасофію, нібы шкаляры ў вазачку з цукатамі.
Чучала цмока зірнула на расказчыка чорным гузікам з жоўтай іскрай у цэнтры, і пан Беларэцкі пачаў расповед.
Гісторыя пра Лошыцкі прывід
Было гэта ў адзін з маіх прыездаў на бацькаўшчыну гадоў пятнаццаць таму. Яшчэ жыла мая жонка, але ўжо не магла ездзіць са мной з-за хваробы. Таму і настрой у мяне быў не надта… Але пачак выяўленых рукапісаў сямнаццатага стагоддзя, яшчэ адно шкельца ў разбіты вітраж гісторыі маёй радзімы, мог змусіць мяне да падарожжа нават у чысцец. Я не захацеў злоўжываць гасціннасцю сяброў і, паколькі мог сабе дазволіць, зняў прыстойны нумар у гатэлі «Еўропа», якраз калі там пачаў выступаць венскі дамскі аркестр. Як грае згаданы аркестр, я так і не паслухаў, затое рукапісы выкупіў.
Я ўжо збіраўся ад’язджаць, абкружаны арэолам старажытных літараў і водарам цвілай паперы – найлепшым у свеце для кніжнага чалавека, – але атрымаў запрашэнне на баль да графаў Любанскіх. Фраза проста з калонкі свецкай хронікі… Насамрэч я не быў такой важнай птушкай, каб граф Любанскі нешта пра мяне ведаў. Так, прафесар, але занадта малады, да таго ж займаецца гэткай падазронай справай, як фалькларыстыка… А там любая старадаўняя песня здольная абрынуць чарговую ідэалагічную вежу, як цуда-рыба, усплываючы, змывае са сваёй спіны вартыя жалю хацінкі часовых прыблудных жыхароў. Але ўсё-ткі я прадстаўляў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт, і ў мяне была Дзямідаўская прэмія, а ў Менску два гады таму зачынілі Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Зачынілі так, як робяць заўсёды – безапеляцыйна, жорстка, з прыгожай фармулёўкай, – каб народ зразумеў: немагчыма было не разагнаць гэтых злыдняў, што намагаліся парушыць звыклы парадак і вырваць з рукі гімназісткі абаранак, а з рукі жабрака – кайстру. На свяце ў гонар дня народзінаў пані Ядвігі Любанскай мусіў прысутнічаць губернатар горада Мусін-Пушкін… І невялічкая дэлегацыя мясцовай творчай інтэлігенцыі, узмоцненая мною, меркавала падысці да яго наконт аднаўлення Таварыства.
Пасля нядаўніх рэвалюцыйных падзеяў, залітай крывёю курлоўскага расстрэлу прывакзальнай плошчы, у мяне асаблівых ілюзіяў на лаяльнасць уладаў не было. Да таго ж мой настрой не пасаваўся да баляў. Але – я лічыў сябе абавязаным падтрымаць землякоў. Дый пан Любанскі славіўся гэткім эксцэнтрычным дэмакратам-арыстакратам. Хадзілі чуткі, што ён дае грошы эсэрам. А ягонае захапленне роварамі… Велатрэк, зладжаны ў Лошыцы… Дзівосны сад…
І вось я стаяў, прыціснуты да псеўдамармуровай калоны, абвітай псеўдаплюшчам Лошыцкай сядзібы, аглушаны духавым аркестрам і нашэптваннямі ў самае вуха аднаго з арганізатараў зніклага таварыства, і шчыра мроіў апынуцца як мага далей… Што мне да мясцовых плётак? Яўстафій Любанскі, мажны вусач, сапраўды не хаваў мілосных адносінаў да сваёй юнай пані. Ядвіга, у дзявоцтве – Кіневіч, была дачкой правадыра мазырскай шляхты і гадоў на сямнаццаць маладзейшая за мужа. Беласкурая, цемнавокая, зграбная… Рухалася, як ласка па снезе. Спешчанае дзіця… Сакатала, смяялася, ганарыста закідваючы галоўку з акуратна ўкладзенымі ў высокую мудрагелістую прычоску цёмнымі валасамі. Мне пані Ядвіга нагадала гераіню верша Міцкевіча «Сыны Будрыса». Памятаеце: белая, як смятана, чорныя вочы, рухавая, нібы котка. Пан Яўстафій прывёз ёй з Японіі дзівоснае дрэўца – магнолію кобус, яе яшчэ называюць маньчжурскім абрыкосам. Яна цвіце раз на год. Падоранае дрэўца цвіло менавіта ў дзень народзінаў пані. Відаць, з гэтае нагоды пані Любанская апранулася ў нешта страката-экзатычнае, што мусіла на ейную думку перадаваць японскі дух… Наконт палюбоўнікаў пані версій мелася – як наконт паходжання санскрыту. Паказвалі мне на самога губернатара, Мусіна-Пушкіна, і на графа Чапскага, уладальніка знакамітых бровараў… Смешна – яны былі нашмат старэй за пана Яўстафія.
Я не вельмі ўслухоўваўся ў так званую «свецкую балбатню», успамінаючы сваю Надзею, якая зараз, напэўна, сумна сядзіць ля акна з відам на брудную Мойку… Дарэчы, ты, Дарота, вельмі нагадваеш мне маю Надзею… Тыя ж вялікія задуменныя вочы, чысты высокі лоб, нібыта створаны для высокіх думак… Але – я адхіліўся. Між тым над Лошыцай, як дым ад таемнага купальскага вогнішча, згушчаўся прыцемак, і пачаўся адзін з сюрпрызаў вечарын – загарэліся гірлянды электрычных кітайскіх ліхтарыкаў, падвешаныя на верандзе і ў садзе. Пані Ядвіга ў сваёй стракатай шаўковай сукенцы з шырокімі рукавамі, як трапічны матыль, павольна паднялася на цяпер ярка асветленую круглую пляцоўку з невысокай балюстрадай – на ёй звычайна іграў аркестр. Пан Яўстафій стаяў непадалёк ад мяне – я заўважыў яго позірк, скіраваны на жонку. Бог ты мой, якое каханне! З амаль кашчунным захапленнем і незразумелай тугою… Калі на свеце бывае такое каханне, свет ніколі не скончыцца, і ніколі не скончыцца ў ім боль і пралітая кроў.
Прыслужнікі вынеслі расцягнуты на шастах экран з белай паперы – напэўна, дарагі гатунак рысавай, – і паставілі перад пляцоўкай, так, што схавалі яе ад вачэй глядачоў. Раптам усе ліхтары згаслі, але ў той жа момант за экранам запаліўся яркі сафіт… На белай паверхні экрана вымаляваўся амаль неверагодна дакладны цень пані Ядвігі… Цяпер пані трымала ў адной руцэ японскі парасон, у другой – веер, і вытанчана рухалася пад музыку. Гледачы запляскалі ў ладкі, вітаючы гэткі нечаканы тэатр ценяў. І зноў запаліліся ліхтары, і зноў згаслі…
Жывыя карціны змянялі адна другую. Танцаўшчыцы згіналіся ў экзатычных фігурах танца, самураі біліся на мячах, «рабілі» сабе харакіры… Цемра змянялася святлом, цені – фарбамі. Відовішча зачароўвала, так што нават я – дасюль сорамна – на нейкі час забыўся на тую, што думала пра мяне за сотні вёрст адсюль… І зноў згаслі ліхтарыкі… І на асветленым экране паказалася чарговая карціна – пацалунак жарсці… Чалавек у касцюме самурая, плячысты і высокі, цалаваў прагна, уладна… Каго? Так, гэта была пані Ядвіга. Немагчыма было зблытаць ейную паставу, прычоску, узорыстую сукенку… Дзве цені, злітыя ў адно, застылі на экране, і гэтак жа застылі гледачы… Гэта была больш чым гульня.
Запалілася святло… Экран прыбралі, размовы патроху аднаўляліся… Вядома, вочы ўсіх – ці патаемна, ці адкрыта – шукалі герояў драмы… Пан Яўстафій, аднак, не выглядаў узрушаным, ён па-ранейшаму ветліва ўсміхаўся, час ад часу падносіў да вуснаў кубак з віном… Можа быць, ён быў пасвечаны ў незвычайную містыфікацыю? Але калі Любанскі павярнуўся, я заўважыў, як на яго скроні б’ецца жылка… Проста – скронь, сівая скронь немаладога моцнага мужчыны. І цяжкая, упартая пульсацыя – нібы знутры хоча вырвацца неверагоднай моцы шал… І гэтае відовішча чамусьці ўразіла мяне больш, чым калі б Любанскі зараз учыняў харакіры, як героі тэатра ценяў. Я азірнуўся. Пані Ядвіга, па-ранейшаму вясёлая і гарэзная, прахаджвалася між гасцямі. Навошта яна гэта зрабіла? Я дасюль не магу зразумець. Памучыць старога мужа, які яе абагаўляў – як маленькія дзеці мучаюць бацькоў, схаваўшыся і доўга не адклікаючыся на крыкі? Ці хацела намацаць тую мяжу, за якой яе спыняць – некаторым не смакуе жыццё без адчування такой мяжы, без супраціву і забароненасці… Або гэта была проста юная пагарда да ўсіх забаронаў і забабонаў, сцверджаная першым сапраўдным каханнем? Але хто ён, герой раману?