Литмир - Электронная Библиотека
A
A

«Паглядзі ўважліва, ты памылілася, ён чорны», – сурова гаворыць пан Гервасі і пільна глядзіць у вочы Анэце. Так пільна, што ў той злёгку кружыцца галава, і нават пачынае здавацца, што шарык, які яна трымае, сапраўды чорны. Вось Богуш пасмяяўся б над ёй… «Я ўзяла белы», – нясмела кажа Анэта. «Не, чорны… Пакладзі яго і вазьмі белы…», – упарціцца лекар. Але Анэце не смешна ад бязглуздай дзіцячай гульні. У роце – прысмак медзі. «Прабачце, але ў маёй руцэ белы шарык… А там – чорны…», – шэпча. Словы вымаўляюцца цяжка, нібыта ілжэ. Пан Гервасі раздражнёна ўстае, нешта мармыча на незнаёмай мове… Але дзяўчына адчувае, што ён злуецца не на яе, а на сябе. Назаўтра ўсё паўторыцца… Навошта? Як добра было б сысці дадому… Але вокны і дзверы іхняга дому, напэўна, забітыя, і пазначаныя белым крыжам. Дом, куды заходзіла Чорная Смерць.

Яна паўсюль… Пошасць… Паветра вакол вежы атручанае. Ёдкі дым паўзе ў вокны, прабіраецца скрозь шчыліны ў свінцовых рамах, у якія ўстаўленая падфарбаваная ў чырвань і лазурак слюда. Можа, у адным з гэтых вогнішчаў згарэлі целы любых Анэце людзей. Гарлаюць вароны. Людскі крык і плач чуваць усё радзей. Толькі б’е звон на званіцы, і тахкаюць гадзіннікі лекара. Вось яны, стаяць па кутах пакоя. Ростам з Анэту, на кожным, нібыта нетутэйшы твар, бліскучы масянжовы круг, падзелены на дваццаць чатыры часткі. Па ім павольна, здаецца, марудней за рост травы, рухаецца стрэлка… Унутры – круцяцца дзіўныя колцы, зубчастыя, страшнаватыя, быццам зменшаныя прылады для катаванняў. Але гадзіннікі вельмі розныя. Вось на тым званар-карузлік кожную гадзіну б’е бронзавым малатком у маленькі звон… На тым – рухаюцца ў круглым акенцы мядзяныя зоры, Месяц і Сонца з абыякавымі, раскосымі, нібыта ў татарскіх ханаў, тварамі. А на тым – Смерць з касой пазначае кожную гадзіну ўдарам сваёй страшнай зброі аб пакорліва нахіленую галаву Цара Ірада – пра тое, што гэта пракляты біблейскі цар, сведчаць выявы мёртвых немаўлятак ля ног забойцы.

Анэта аглядае пакой, да якога зараз звузіўся яе свет, нібыта бачыць у першы раз і спадзяецца заўважыць нешта новае. Па чатырох кутах ля столі – расфарбаваныя галовы блазнаў… На знак таго, што ў гэтай зале можна бесклапотна весяліцца. Яшчэ нядаўна тут збіраліся на бяседы паны радцы, сярод якіх – і бацька Анэты, сядалі на гэтыя чорныя цяжкія лавы, што зараз састаўленыя ўздоўж сценаў, за магутны стол, які, вядома ж, не быў пусты… (Стол па загадзе лекара вынеслі – але як гэта ўдалося? Хіба на часткі распілавалі?)

А над дзвярыма – барэльеф Белай Ружы. Знак маўчання. Тое, што было тут прамоўлена, не мусіла пераказвацца за межамі пакою. Sub rosa dіctum. Сказана пад ружай.

Анэта павольна – ногі яшчэ баляць – падыходзіць да гадзінніка, на якім – Святое Сямейства. Калі гадзіннік адлічвае час, анёлкі над Прасвятой Дзевай пачынаюць рухацца. Дзяўчына працягвае руку, каб дакрануцца да аднаго з анёлкаў, усмешлівага, кучаравенькага…

– Я прасіў не чапаць мае гадзіннікі,– суровы голас лекара змусіў дзяўчыну здрыгануцца, сціснуцца, як ад хрышчэнскай сцюжы. Бернацоні наблізіўся бязгучна, як воўк. – Ніколі не падыходзь да іх без майго дазволу.

– Даруйце… – Анэта адступіла ў бок ложка. Лекар працягнуў руку да гадзінніка, нешта скрануў… І анёлак паднёс да вуснаў пазалочаную трубу, бронзавы малаточак ударыў у бронзавы шчыт… Бом-м-м… Келіх з венецыянскага шкла на стале задрыжэў, заспяваў тоненька і адчайна, нібыта паміраючая мятлушка.

– Што ты адчуваеш, калі гучаць мае гадзіннікі?

Дзяўчына падняла на свайго апекуна ясныя сінія вочы.

– Тугу…

Бернацоні паблажліва ўсміхнуўся. Ён хадзіў ад гадзінніка да гадзінніка, нешта папраўляў у іх, беражліва і амаль закахана, як у шлюбным убранні нявесты. І гаварыў, гаварыў са сваім дзіўным акцэнтам, часам пераходзячы на незнаёмыя мовы. Апошнім часам такія размовы здараліся ўсё часцей… Нібы ад страшэннай адзіноты чалавек дзеліцца набалелым з немаўлём, якое не зразумее сказанага, але ўсё-ткі – слухач.

– Гук – гэта моц, якой чалавек яшчэ мусіць авалодаць… Піфагор казаў пра музыку сфер, якая кіруе сусветам… Ён чуў, як рухаюцца зоры! Вы лічыце, Ерыхонскія трубы – выдумка? Трубы, ад гуку якіх рассыпаліся сцены… Аднавокі маўр у Перуджы, які гандляваў шклянымі пацеркамі, шаўковымі паясамі і амулетамі са скуры Левіяфана, распавядаў пра разваліны Ерыхона… Ён бачыў камяні двух яго сценаў – знешняя ўпала вонкі, другая – унутр… Так не бывае ні ад землятрусу, ні ад нападу. У Падуі я чуў, як крычыць ламія, галодны дух, які высмоктвае кроў і душу… Ад яе крыку вар’яцеюць. Нават у мяне пацямнела ўваччу, і падалося, што ў маім жыцці ніколі больш не будзе радасці. Правядзі пергаментам па нешаляванай дошцы… І ад ціхага шкрогату скаланешся, быццам цябе драпаюць кіпцюры лемпарда, і рот напоўніцца слінай, як ад лімону… Ты ведаеш, што такое лімон, сіньярыта? Адкуль… У яго смак няспелага агрэсту. А колерам ён нагадвае сонца Фларэнцыі… Мія кара Фларэнца…

Бернацоні тужліва зірнуў у акно, за якім згушчалася вечаровая цемра.

– Насамрэч чалавек вельмі лёгка губляе розум. У мінулым годзе я ўбачыў на полі шмат спарынні. Вашыя сяляне не адкідаюць хворыя каласы… Ім патрэбнае кожнае зерне. А спарыння выклікае відзежы і шал… З яе рабілі адвары гуны перад тым, як ісці ў бойку. Я сказаў князю – будзе пошасць і шаленства сярод тваіх людзей… «Злая корча». Ён пасмяяўся. Мне было дзесяць, калі я залез на самую высокую званіцу… Ударыў звон – а я якраз стаяў наверсе… Каб звон упаў, то я апынуўся б у ім, як хрушч у чарцы. Свет закруціўся вакол мяне, дона… І сцізорык, які выпаў з маёй кішэні на каменныя пліты, пачаў дрыжэць і звінець, і паволі паварочвацца… І я, малы недарослы невук, прыдатны толькі на тое, каб таўчы зёлкі для майго сіньёра аптэкара, назаўсёды зразумеў, што ёсць сілы, якіх мы не ўсведамляем, але авалодаўшы якімі, можам рабіць цуды.

– Пан лекар, а вы маглі спыніць наш карагод?

Бернацоні ўздрыгнуў і паглядзеў на дзяўчыну з недаверлівым здзіўленнем, быццам пытанне прагучэла з вуснаў статуі.

– Не, я не маю моцы абрынуць чалавека ў цемру ці выцягнуць з цемры на святло. Гэта – Божая воля. Але многія апынаюцца ў паўзмроку, на няпэўнай мяжы між святлом і цемрай. Вось тады…

Лекар абарваў сказанае і пасуровеў.

– Ты яшчэ слабая, дона… Ідзі ў свой пакой і кладзіся ў ложак. Я прышлю да цябе Марцэлю з адварам.

Стукат гадзіннікаў пагрозна гучнеў, нібыта набліжалася карэта Смерці, запрэжаная дванаццаццю жалезнымі коньмі…

Першае, што я зрабіла, калі прачнулася – паглядзела ў акно. Гэта каб хутчэй забыцца пра свае цьмяныя і блытаныя сны ў гатычным стылі. Але дробны восеньскі дождж – не самы лепшы пейзаж дзеля паляпшэння настрою.

У доме Аркадзевай удавы пра паскудны дождж і абрыдлыя лужыны на вуліцах забывалася адразу. Здаецца, гэты стыль называецца ампір… Як у песні Грабеншчыкова: «И золото на голубом…» Любяць жа нашыя багацеі гуляць у радавую арыстакратыю. На гэтым урачыстым фоне Ліля Баркун у чорнай сукенцы, шчыльна па фігуры, выглядала як віцэ-міс прыгажосці… Дагледжаная і пакрыўджаная, што не галоўная міс. Цёмнае бліскучае «карэ» валасоў, тонкія бровы ганарліва выгінаюцца, вусны дакладна абмаляваныя, і ніжняя губа ледзь заўважна наперад – прыкмета ўладарнае натуры… І ніводзін афіцыянт не наважыўся б падаць такой пані нават трохі астылую каву… У твар не ліне, але даб’ецца, каб нядбайны застаўся беспрацоўным.

Твар са звыкла нейтральным выразам… Дакладна такой яна была ўчора на пахаванні. Хіба пад вачыма напухла… Я, праўда, стаяла далёка, за спінамі натоўпу, але чула, як жанчыны шапталіся, асуджаючы ўдаву, што не плача, не галосіць. Цікава, як яны з Аркадзем пазнаёміліся? У іх было рамантычнае каханне?

– Трэба, каб вы напісалі за тры тыдні,– голас магнаткі дрыжэў, як у звычайнай кабеты ў горы. Усё-ткі каханне было, вырашыла я. – Вось аванс…

Маладзён у элегантным шэрым касцюме з жалобнай стужачкай на рукаве падаў мне канверт. Удава адвярнулася да стала, на якім у чорнай рамцы стаяў партрэт памерлага, прагаварыла:

– На сорак дзён збяруцца ўсе, успомніць Аркадзя… Ваш тэкст у друкарню трэба здаць праз месяц.

24
{"b":"549167","o":1}