Литмир - Электронная Библиотека
A
A

– Вось яны, гадзіннікі з вежы. Віталь пацокаў языком:

– Ай-яй, даўніна якая… Антыкварыят! Хаця ў калекцыі Пятра Апанасавіча ёсць некалькі вельмі падобных. Ды вось хоць бы нядаўна з Польшчы прывёз цэлы фургон гадзіннікаў – і вялікіх, як гэтыя. І малых… Нават цыферблат ад вежавых…

Юрась шапнуў мне:

– Гэта ён пра Калыванава… Прэс-сакратаром у яго працуе.

Нішто сабе прыладкаваўся! Калыванаў – расейскі магнат, меў тут сумесныя прадпрыемствы. Удава дужа зацікавілася пачутым:

– Аркадзь марыў, каб сабраць усе дванаццаць гадзіннікаў! Наш былы выкладчык спачувальна паківаў галавой:

– Пётр Апанасавіч твайго мужа вельмі паважаў. Не сумняюся, што, калі ў яго калекцыі выявяцца патрэбныя экзэмпляры – падорыць. Шырокай душы чалавек…

Лілія Пятроўна перарывіста ўздыхнула:

– Як было б цудоўна – сабраць усе дванаццаць, паставіць у вежы, і каб яны ішлі… Аркадзь мне тысячу разоў пра гэта казаў, а я не прыслухоўвалася…

Голас яе перарваўся. Госць спачувальна дакрануўся да яе пляча.

– Не плач, Ліля… Паспрабуем арганізаваць… – і дастаў сотавы. Пасля нядоўгіх перамоваў радасна паведаміў:

– Я ж казаў – шырокай душы чалавек! Гадзіннікаў старых у яго сотні з дзве. І маленькія, і большыя за гэтыя… Калі не знойдзем дакладна з вашае вежы – дык падбяруцца падобныя. Галоўнае, каб дванаццаць! І каб на вечарыне ў памяць Аркадзя яны цікалі!

Юрась запярэчыў:

– Можа не атрымаецца ўсе адрамантаваць.

– Э! Не праблема! – Віталь схаваў сотавы ва ўнутраную кішэню пінжака. – У Пятра Апанасавіча ў катэджы пад Старавежскам майстэрня па рамонце антыкварных аўтамабіляў. Апошні віск тэхнікі – абсталявана. Гадзіннікі, калі трэба, таксама там рамантуюць – з калекцыі ў катэджы. А калі яшчэ ты, Юрась, возьмешся – дакладна адладзім!

Ліля запытальна зірнула на Юрася. Той пакруціў галавою:

– Не ведаю… Пашкоджаныя скульптуры, вядома, за месяц не адновіш… Хіба збольшага. А механізмы, у прынцыпе, тады рабілі на вякі…

– Ну вось і бярыся неадкладна! – уладарна загаварыў Віталь. – Фігуры – бог з імі, пасля дапрацуеш. Галоўнае – каб цікалі. Якіх дэталяў не хапае – ты толькі намалюй, за суткі зробяць. Пяць тысячаў баксаў гарантую, калі атрымаецца. Вось што… Гэтыя скрынкі ўсё адно трэба ставіць у вежу… Напачатку завязём іх у майстэрню, і Юрась разбярэцца, што да чаго, складзе «чароўную дванаццатку». Ён жа – майстар-цуда! І Ганначку з сабой возьмем – будзе там пісаць, фатаграфаваць… Усе архіўныя дакументы, якія трэба, даставім. А на саракавіны ўрачыста адчынім у ратушы музей імя Аркадзя Баркуна. Я праязджаў учора, зірнуў – там ужо ўсё амаль расчысцілі, трэба толькі вокны зашкліць. Пятро Апанасавіч прафінансуе. Дый мы ўсе скінемся. Усе ж пад Богам ходзім… У Калыванава пару гадоў таму таксама нейкі гад страляў. Не любяць у вялікім бізнесе сумленных людзей… Вось пра што пісаць трэба было, – гэта Віталь дакорліва кінуў мне на развітанне.

Мы ехалі ў звычайным гарадскім тралейбусе, і раскоша Баркунова дома здавалася мне прыснёнай. За вокнамі мчаліся агні начнога гораду, быццам згубныя балотныя агеньчыкі. Уяўляю, якімі нечувана прыгожымі здаюцца гэтыя падсвечаныя фасады дамоў на сталічным праспекце якой-небудзь дзяўчынцы з Аляхновіч, дзе ўзімку трэба вучыцца ў школе, не здымаючы футра, а ўвечары гэтая дзяўчынка стаіць разам з усімі месцічамі на чыгуначнай станцыі і выглядае, калі прывязуць цыстэрну саляркі, якая хоць на нейкі час верне цяпло ў кватэры… А міма, не спыняючыся, пралятаюць цягнікі далёкага накірунку, вокны якіх гараць нетутэйшымі прыветнымі агнямі… Як цікава было б гэтай дзяўчынцы, якой магла б быць я, ехаць у гэтым тралейбусе вось тут, на задняй пляцоўцы, і разглядаць залітыя святлом дамы…

Але я развучылася радавацца таму, што жыву ў вялікім горадзе. Юрась зацята маўчаў, абапершыся локцямі на парэнчы і ўглядаючыся ў збягаючую назад бліскучую чорную стужку мокрага асфальту. Чорны швэдар на локці зацыраваны… Няўжо так мала зарабляе сваёй рэстаўрацыяй, што на куртку сабе не агорае? Я ведала, што Юрасёў бацька памёр. Але ж нібыта і рэстаўратары такога палёту не жабруюць… Напэўна, проста не сочыць за сабой. Так, немагчыма паверыць, што калісьці між мною і гэтым мужчынам былі нейкія… іскры цікаўнасці.

Паўпусты тралейбус пагрукваў, нібыта развальваўся. Я на хвілю ўявіла, што так можа выглядаць сучасны Харонаў транспарт. Вось прыпыніўся, каб прыняць у сябе новыя памерлыя душы…

Раптам Юрась азірнуўся і ўвесь напружыўся, і нібыта між намі ўпала нейкая сцяна. Ён пільна глядзеў на дваіх, што ўвайшлі ў сярэднія дзверы і ўсаджваліся на адно з абабітых карычневым, скрэмзаным шматлікімі непаўналетнімі пасажырамі дэрмацінам, сядзенне. Высокая худая дзяўчына ў чорным скураным плашчы і капелюшы і хлопец у джынсоўцы. Неахайныя пасмы валасоў амаль закрывалі яго твар. Пара была дзіўная. Не п’яныя, але рухаліся неяк нязграбна, нібыта толькі што, пасля доўгага блукання, выйшлі з цемры сутарэнняў на сляпучае святло. Юрась ірвануўся да іх, нават нічога мне не патлумачыўшы. Я бачыла, як ён схіліўся над дзяўчынай, нешта ціха ёй сказаў, пасля пацягнуў за руку да дзвярэй. Я здагадалася, што хутчэй за ўсё прысутнічаю пры сямейнай разборцы, і з прыкрасцю адвярнулася.

– Адкасніся… – голас дзяўчыны быў гучны, але нейкі санлівы.

– Стэла, дадому! Уставай!

Бач, які ўладарны! Я зноў кінула пагляд у іх бок… Юрась падвёў дзяўчыну да дзвярэй. Дзіўна, але хлопец, з якім тая зайшла ў тралейбус, нават галавы не павярнуў. І тут Юрасёва кабета паглядзела на мяне… Божа, якая прыгажосць! Эльфійская князёўна… Твар бледны, як парцаляна, і худы, з тонкімі рысамі, вочы вялізныя, бліскуча-цёмныя… І чорныя прамыя пасмы валасоў звісаюць з-пад капелюша, нібыта невыпадкова, а нейкі мастак доўга падбіраў, як іх укласці, каб падкрэсліць незвычайную, нейкую трагічную і хваравітую гожасць уладальніцы. Я глядзела на ўсе вочы, забыўшыся на прыстойнасць. Тралейбус спыніўся. Дзяўчына ўсміхнулася – горкай, імгненнай усмешкай, і выйшла ў ноч і восень, у суправаджэнні ўнуранага, напружанага Юрася, які, дарэчы, нават і не зірнуў у мой бок…

Я ніколі не зайздросціла дзяўчатам, якія былі прыгажэй за мяне.

Зайздрасці не было і цяпер. Але… нейкая туга. Так, дзеля гэткай жанчыны можна сцярпець усё… І дараваць здраду, і цярпліва дабівацца кахання. А мне застаецца гэты паўпусты тралейбус, мокры асфальт, што ляціць за вокнамі, быццам чорная рака, і ўсе лістапады, па якіх я буду блукаць – сама, сама, сама…

Белы анёл біўся ў вітражнае акно, адчайна прасіўся ў пакой. Напэўна, гэта была проста птушка, скрозь слюдзяныя падфарбаваныя пласцінкі можна было разгледзець толькі што белая. Але ў тым паўсне, у якім жыла Анэта, чаму б не з’явіцца анёлу? Вокны адчыняць забаранялася. Але анёлам адмаўляць нельга. І нават птушкам – бо гэта стварэнні Божыя. Шыбы з цяжкасцю паддаліся… Над галавою Анэты імкліва праляцела нешта светлае… Дзяўчына не разгледзела крылатага госця, бо ад струменю свежага паветра, што ўварваўся з вуліцы, галава закружылася так, нібыта вярнуўся шалёны карагод. Анэта мімаволі падалася наперад, ухапілася за падаконне, каб не ўпасці… Горад ляжаў перад ёю, нібыта скалечаны вой. Чорнае голле дрэў (няўжо такая позняя восень?)… Дым ад вогнішчаў… Зусім няма людзей… А яшчэ нядаўна на гэтай плошчы віраваў стракаты натоўп. Які крык падымаўся, калі на плошчы збіралася капа – сойм, каб вырашыць нешта важнае. Вароны тады не наважваліся і блізка падлятаць да горада. А ў звычайныя дні тут можна было пачуць самую розную гаворку, і выбраць сабе ў шматлікіх лаўках з вясёлымі навязлівымі гандлярамі каралі з чэшскага шкла або персіянскую хустку, пералівістую, як вясёлка. Старыя бурчэлі – маладая паненка добрага роду бегае па горадзе адна. Але гарэзе Анэце, адзінай дачцэ пана Варавы Ляскевіча, дазвалялася больш, чым яе сябрынькам. Татусь звык размаўляць з ёю як з роўнай, і Богуш не стаў бы замыкаць сваю «белагаловую» ад гасцей, як пан войт. Праўда, войтава жонка, чарнабровая маскавіцянка Марыя, сама хавалася, калі ў дом прыходзілі мужчыны. Войт Марка Доўмель, бацькаў добры сябра, апраўдваўся – у такіх звычаях вырасла. Варта было паглядзець на пачварныя ўборы тае Марыі, што рабілі яе падобнай да вялізнай падушкі – ні шыі не відаць, ні стану – каб зразумець, што за звычаі ў ейнай Масковіі. Войцісе ж такое апрануць, як тутэйшыя шляхцянкі носяць – грэх.

26
{"b":"549167","o":1}