Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Словы ляцелі ў мяне, нібы камякі бруду і, здавалася, пакідалі відочныя сляды. Ды яшчэ тут, каля старажытнага крыжа, на які малілася столькі пакаленняў вандроўнікаў! Я залілася слязьмі ад знявагі. І тады Юрась цвёрда прамовіў, што я – ягоная жонка, і ён нікому не дазволіць мяне абражаць. Пазней аказалася, што гэта былі не проста словы, а план помсты і ўратавання майго гонару. Як Юрасю ўдалося ўгаварыць мяне на авантуру – мусіць, я была надта знерваваная…. Але я аддала яму свой пашпарт. Назаўтра Юрась пайшоў у сельсавет, не ведаю, у колькі яму гэта абышлося, але… нас распісалі. Увечары мой нечаканы муж з’явіўся да выкладчыцы з нашымі пашпартамі, у якіх стаялі новенькія штампы. Дзеля словаў прабачэння, якія мая крыўдзіцелька, высахлая да свісту старая дзеўка, выціснула з сябе, варта было згаджацца на гульню ў нявесту…

Але гульня зацягвалася. Нас чакала вяртанне ў горад, вучоба, гаворка з бацькамі… Напачатку гэта было нават весела – бацькі Юрася, «пераварыўшы» навіну, перасялілі да сябе ягоную бабулю, і мы апынуліся ў ейнай кватэры. Як я пасля зразумела, сваякі майго мужа былі пэўныя, што гэткі маланкавы шлюб мог адбыцца толькі з прычыны цяжарнасці нявесты. Сваёй маці я нават не стала нічога паведамляць – абавязкова захацела б зладзіць у нашым мястэчку вяселле. Мы з Юрасём па-сапраўднаму сталі мужам і жонкай, гэта было цудоўна… Для першай шлюбнай ночы купілі пунсовага атласу – прасціны з казачных ветразяў! А яшчэ Юрась прачытаў, як рэжысёр Параджанаў упрыгожваў пакой для Марыны Уладзі і Уладзіміра Высоцкага – і гэтаксама выклаў усю падлогу апельсінамі, а між іх расставіў запаленыя свечкі… Шчаслівы ўзрост, калі аздобы даюць адчуванне шчасця. А яшчэ – воля! Незалежнасць! Можна ўсю нядзелю валяцца ў ложку і есці цукеркі. Можна тыдзень складваць нямыты посуд у кошык. Можна ўсю ноч дзе-небудзь блукаць.

І не спаслала Неба нам ані кахання, ані цярплівасці…

Ды і завошта былі б нам тыя вялікія дарункі? Юрась штовечар бавіўся то ў рыцарскім клубе, то ў майстэрні знаёмага мастака. А калі заставаўся дома, то важдаўся з нейкімі старымі жалязякамі, падабранымі на сметніцы, каб потым урачыста запаліць іржавы прымус або завесці будзільнік, які тахкаў, быццам трэслі гарох у жалезным вядры. Асабліва Юрась ганарыўся памятым, парэпаным гадзіннікам-«цыбулінай», які рамантаваў цэлы месяц, і які, па словах майго мужа, належаў калісьці Вацлаву Ластоўскаму… Чаму менавіта Вацлаву Ластоўскаму – ўцямных доказаў я не атрымала, але Юрась толькі злаваўся, калі я выказвала сумніў, і прычапіў да гадзінніка ледзь не якарны ланцуг, які звешваўся з кішэні ягонай джынсоўкі, нібыта адтуль збіраліся ўцякаць зняволеныя карузлікі. А я хадзіла па літаб’яднаннях ды тэатрах, а пад’есці бегала да цёткі Алі, мамінай стрыечнай сястры, якая жыла непадалёк і апекавалася «беднай студэнтачкай»… Восеньскія дажджы закрэслівалі вокны празрыстымі кратамі, ноччу болей не было відно зорак… А старажытны гліняны кубак, з тых, што Юрась прыносіў у дом і прымушаў піць гарбату толькі з іх, каб адчуць повязь са шляхетнымі продкамі, трэснуў у маіх руках, і я абварыла калена. Мяняцца, прырастаць адно да аднаго не было ні жадання, ні сэнсу. Пасля чарговай сваркі – Юрась занёс мае ўлюбёныя касеты нейкаму сябруку, ды яшчэ на мае крыкі па-хлапечы тузануў за касу – я запхнула рэчы ў сумку і вярнулася ў інтэрнат. А назаўтра падала на развод… Калі мы разышліся, на падаконніку нашай кватэры яшчэ ляжала некалькі падвялых апельсінаў нашай першай шлюбнай ночы.

Пад канец года былога мужа адлічылі з журфаку. Юрасёва абыякавасць да маёй улюбёнай прафесіі злавала яшчэ больш, чым ягоная звычка паўсюль насіць з сабой уключаны дыктафон, з якога чуліся хрыпатыя спевы Шалкевіча або лірычныя трэлі Данчыка. «Мне чужых краёў не трэба…» Яшчэ на лбе сабе зрабіў бы татуіроўку: «І love Belarus». Легкадумны ёлуп! Не хачу мець з ім нічога агульнага! Сяброўка ўгаварыла мяне «згубіць» пашпарт. Я заплаціла штраф і атрымала новенькі дакумент, без аніякае згадкі пра «памылку жыцця». Мяне паслалі на год на стажыроўку ў Польшчу, потым я выйграла ў конкурсе на лепшы краязнаўчы рэпартаж і патрапіла на два месяцы ў Германію… А па вяртанні мяне запрасілі ў прэстыжную газету. Карацей, удалая творчая кар’ера дапамагла забыцца на ўсе колішнія захапленні.

А цяпер я спрабую забыцца на ўдалую творчую кар’еру.

Як добра, што няма пакупнікоў… Залы амаль пустыя. Вядома, выручкі не будзе. Затое можна яшчэ падрамаць. Толькі б зноў жахі сярэднявечныя не прымроіліся.

– І шмат ты, даражэнькая, такім чынам нагандлявала? – голас Кацярыны Пятроўны, гаспадыні маёй «гандлёвай кропкі», дрыжэў ад праведнага гневу. Я ўсхапілася.

– Ды пакуль нічога…

– Не дзіўна, – Кацярына Пятроўна, падцягнутая брунетка ў белым джынсавым касцюме ў ружовыя кветачкі, маладзейшая за мяне на два гады, агледзела прылавак. – А чаму не выклала «Энцыклапедыю эзатэрычных сімвалаў»? Яе добра купляюць.

Я зірнула на кнігі і схаладнела. Шыкоўнае выданне знікла. Няўжо кабета ў жоўтым пінжаку пастаралася?..

Гаспадыня, відаць, заўважыла мае хваляванні і дзелавым тонам спытала-сцвердзіла:

– Скралі?

– Не ведаю…

– Затое я ведаю, што ты працуеш у мяне апошні дзень.

Дома я заварыла гарбаты з шыпшыны. Гарбата з адмысловых пакецікаў з выявай ружовай кветкі на цэтліках атрымлівалася бляклай, як дым, і нясмачнай. Але за словам «шыпшына» ў мяне ўзнікала столькі прыемнага, хвалюючага, значнага, што я не збіралася пераходзіць на іншыя напоі. Цяпер можна было сесці ў мой улюбёны фатэль, падкурчыўшы ногі, і ўявіць, быццам нічога, акрамя гэтага фатэлю, кубка з гарбатай і рэпрадукцыяў старажытных гравюраў на сценах у свеце не існуе.

На адной з гравюраў быў увасоблены тыповы для XV стагоддзя матыў – з вакна вежы высунуўся шкілет, у адной руцэ яго – каса, у другой – вагі. І маладая вядзьмарка з валасамі, распушчанымі па ветры, ляціць у начным небе, пад поўняй, чый круглы твар падзелены на дзве паловы – цёмную і светлую…. Дарэчы, трэба зняць гэтую карціну – з-за яе, відавочна, мае жахлівыя сны. Павешу Рэнуара і буду сніць парыжскія кавярні.

І жыццё трэба змяніць таксама. Правільна маці гаворыць – нельга жыць у ракавінцы, калі ты не смоўж. Кажуць, характар чалавека выяўляецца толькі ў экстрэмальных сітуацыях. Вось у вас падае з рук кубак з гарбатай. Адны яго маланкава падхопяць, няхай і абальюцца пры гэтым, другія знерухомеюць на імгненне, дазваляючы кубку разбіцца, а некаторыя – адразу ж адскочаць убок, як ад гадзюкі. Ды яшчэ і з пакою ўцякуць, запэўніваючы сябе, што там ніякага разбітага кубка на падлозе няма, і ўвогуле сёння яны гарбаты не пілі.

Я належу да апошніх.

Не было майго шлюбу, не было журналісцкай працы, не было «гандлёвай кропкі» з кнігамі…

«Мяне няма», як сцвярджае адзін філосаф. Чаму ж тады мне так дрэнна?

Таму, спадарыня, што табе трыццаць гадоў. Што ты ўсё жыццё кідаеш тое, што варта ратаваць. Таму што можна пачаць з унітазаў, а скончыць вежай чатырнаццатага стагоддзя. А можна пачаць з вежы, а скончыць…

Няхай маім першым крокам з ракавінкі, у якой я замкнулася ад непрыветнага свету, будзе гэты тэлефонны званок… Я набрала нумар, напісаны на візітоўцы з залатым гербам з выявай вежы.

– А хто пытаецца Аркадзя Мартынавіча?

Голас дзелавы, ані жывой ноты. Напэўна, патрапіла на сакратара. Я назвалася. Потым давялося тлумачыць, па якой справе тэлефаную… І пра тое, што сустрэла Аркадзя Мартынавіча выпадкова, першы раз за дзесяць гадоў. І што ёсць сведка размовы, наш аднакурснік Юрый Дамагурскі. Паступова я пачынала раздражняцца. Бач, якая служба бяспекі ў Баркуна пільная! І ўрэшце рэшт – Аркадзь Мартынавіч падысці не можа! Але я не паспела абурыцца, як прагучала тлумачэнне.

– Баюся, што працу вы не атрымаеце. Аркадзь Мартынавіч памёр.

– Як… памёр?!! Я ж з ім уранку размаўляла! Мой суразмоўца пагардліва засмяяўся:

– Бывае, грамадзяначка. Для гэтага адной хвілі хапае. Быў чалавек – няма чалавека. Дарэчы, скажыце на ўсялякі выпадак свой тэлефон.

Я не зусім зразумела, навошта, але паслухмяна прадыктавала.

20
{"b":"549167","o":1}