Литмир - Электронная Библиотека
A
A

«Он выбыл первым из круга нашего. Поэтому в молчанье мы выпьем за него». Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. «Маленькія трагедыі», «Баляванне ў час пошасці».

Гудкі тэлефоннай трубкі змусілі мяне ачомацца. Пасля належных філасофскіх разважанняў я – такая ўжо эгаістычная чалавечая прырода – вярнулася да сваіх праблемаў. А я ўжо настроілася, што буду мець грашовую працу… Добра хаця, за кватэру наперад за год заплочана. Канец жніўня, а праз чатыры месяцы…

Адрынуць дурную ганарлівасць, забыцца на крыўду і вярнуцца ў журналістыку? Гэта ўсё роўна што ў дрыгву… У дзяржаўнае выданне больш не пайду. Палітыкай займацца таксама не хачу. Хіба ў якую-небудзь забаўляльную газетку, дзе можна схавацца за псеўданімам, і аніхто з былых знаёмых, і тым больш чытачоў не атаясаміць мяне з колішняй скандальнай журналісткай Ганнай Барэцкай… Буду шчаслівіць беларускага чытача звесткамі, які чарговы лімузін купіў расейскі папсовы «зайчык»-пераростак Кіркораў… Можа, гэта і ёсць мой сапраўдны ўзровень? Мой апошні каханак, мастак-марыніст, гэтак і лічыць. Якая там «скандальная журналістка»! Не перабольшвай сваё значэнне, даражэнькая. На сапраўдны скандал ты здольная гэтак жа, як варона да грымотаў. А можа, падацца куды-небудзь перакладчыцай? Выкладаць нямецкую або польскую не вазьмуся, а вось турыстаў вазіць…

Я ўявіла сябе з нейкай турыстычнай групай у якасці гіда… Бабулькі з перманентам, стамлёныя жыццём бізнес-мамы з дзецьмі-падлеткамі, бесперастанныя ўспышкі фотаапаратаў, а дзе тут памяняць валюту, а колькі можна праз мытню правесці спіртнога… І мяне перасмыкнула.

Абставіны патрабавалі не гарбаты з шыпшынай, а моцнай кавы. А пасля кавы мяне пацягнула да пісьмовага стала. Я вывернула яго шуфляды. Рукапісаў, як восеньскага лісця… Інтэрв’ю, артыкулы, вершы… Усё ў накідах, усё – нікому не трэба… Як і восеньскае лісце.

У цьмяным святле золку пляц вакол ратушы нагадваў поле пасля бойкі. Дым слаўся над брукам, на якім ляжалі нерухомыя целы. Бернацоні асцярожна пераступаў праз іх, з халоднай цікавасцю ўглядаючыся ў твары, аднолькава скрыўленыя пакутлівай грымасай – вочы вырачаныя, нібыта ад жаху, зубы выскаленыя ў апошняй усмешцы. Смерць добра павесялілася гэтай ноччу. Што ж, рана ці позна яна забярэ ўсіх, шкадаванне недарэчы. Раптам пачуўся нягучны стогн – і на тле мёртвай цішы гэта было гучней за ўдар звону. Бернацоні рэзка павярнуўся. Скрозь дым бачылася – нехта сядзеў, абняўшы рукамі калені і трохі пагойдваючыся. Гервасі наблізіўся. Дзяўчына… Лекар бачыў яе сярод танцуючых. Прыгожая, як радавітая венецыянка. Сукенка з дарагога чорнага шоўку ператварылася ў лахманы, белыя карункі нагадвалі брудную пену на паверхні генуэзскага заліву. Залацістыя косы распляліся, вочы абведзеныя цёмнымі кругамі нечалавечае стомы… Але самі вочы разумныя, тужлівыя. Раптам дзяўчына зірнула на Гервасія, і ён, звыклы да людскога болю, нечакана для сябе скалануўся.

Як яна выжыла? Гэта неверагодна… Апошнія восем гадзінаў хуткасць карагода была такая шалёная, што не вытрымала б сэрца нават у дужага воя. А гэтае кволае дзяўчо…

– Што з намі здарылася?

Голас – як шамаценне сухой травы. Але – яна не толькі выжыла, яна пры розуме!

Бернацоні нахіліўся да дзяўчыны.

– Як цябе завуць?

– Анэта… Анэта Ляскевічанка.

– Хіба ты не танчыла разам з усімі?

Дзяўчына абхапіла галаву тонкімі рукамі, памаўчала.

– Я была ў карагодзе… Я думала, што памру… І не хацела паміраць. Мяне цягнулі… Я падала… А потым – вырвалася.

– Што вярнула цябе да свядомасці?

Анэта апусціла галаву, залатыя валасы ўпалі на калені.

– Не памятаю… Мне трэба да Богуша… Багуслава Радчыца… Ён мой жаніх… – зусім ціха прамовіла дзяўчына, і Бернацоні зразумеў, што яна можа страціць прытомнасць. Як добра, што варта нікога сюды не пускае. А пошасць у хуткім часе забярэ ўсіх, хто яшчэ можа задаць пытанні.

Унікальны выпадак! Ён мусіць вывучыць яго – дзеля навукі і… сусветнага парадку. Калі дзяўчына змагла выжыць у карагодзе смерці, вытрымае і доследы, якія даўно трэба было здзейсніць.

Бернацоні ўладна загадаў:

– Пакажы свае ногі. Не саромся, я лекар.

І ў пацверджанне дакрануўся да залатога ланцуга. Анэта, памарудзіўшы, прыўзняла край сукні… Так, хадзіць гэтая дзяўчына не зможа яшчэ з месяц… Але калекай не застанецца. Выдатна…

– Я дапамагу табе.

Бернацоні накінуў на дзяўчыну свой плашч і падхапіў яе на рукі. Ніхто не бачыў, як ён зайшоў у вежу.

Я неўразумела глядзела проста перад сабой, на сцяну, абклееную белымі ў тонкую брунатную палоску шпалерамі (каб гэта была мая кватэра, я паклеіла б проста белыя)… Заснула за пісьмовым сталом! Непрыстойна прыгожы эпізод для пісьменніцкай біяграфіі. Толькі я не прэтэндую на званне пісьменніка. Журналіст цягнецца да літаратуры, як архітэктар да выяўленчага мастацтва… Вечная няздзейсненасць ды незнішчальная вера, што табе дадзеныя крылы, толькі чамусьці не распростваюцца… Званок у дзверы, які мяне, відаць, і пабудзіў, не змаўкаў. Я пайшла адчыняць, кінуўшы па дарозе сярдзіты погляд на гравюру, якая спрыяла маім начным жахам.

Зірнула праз дзвярное вочка… На пляцоўцы стаяў Юрась.

За нейкі ашмётак хвілі я паспела пераканаць сябе, што выглядаю цалкам спакойна, прычасацца і спырснуцца рэшткамі французскай парфумы.

Юрась, у адрозненне ад мяне, не падумаў пра знешні выгляд. Твар змучаны, вочы пачырванелыя, у тым жа швэдары, у якім я бачыла яго на кірмашы. Такі… звычайны мужчына. І чым ён калісьці мяне прывабіў?

– Можна зайсці?

Я моўчкі адышлася ўглыб калідору. Юрась павольна ступіў цераз парог… І ў мяне з’явілася адчуванне, што аб нябачную ракавінку, у якую схавалася маё жыццё, стукнуў каменьчык. Я ледзь не закрычала: «Што табе тут трэба?»

Былы муж абвёў вачыма небагаты пакой, адрывістым жэстам прыгладзіў стрыжаныя, але ўсё гэтак жа непаслухмяныя валасы (ага, таксама бянтэжыцца!), яшчэ больш збянтэжыўся, калі заўважыў у куце скураныя пантофлі майго апошняга бойфрэнда, дакладней, чарговага няздзейсненага Вялікага Кахання.

– Прабач, што патурбаваў… Ды яшчэ так рана… Але ты ведаеш, што ўчора здарылася.

– Ты… пра смерць Аркадзя? Жах… А ад чаго ён памёр? Юрась пільна зірнуў на мяне.

– А табе хіба ніхто не сказаў?

– Не… Выглядаў здаровым. Можа, аварыя?

Мужчына, у якога ператварыўся мой колішні знаёмы юнак, адмоўна пакруціў галавой.

– Яго забілі.

– Што?!! – той Юрась мог падобным чынам пажартаваць.

– Забілі, калі вяртаўся дадому. У пад’ездзе, – цярпліва патлумачыў гэты Юрась. – Застрэлілі.

Мне зрабілася млосна. Мой маленькі, спакойны, няяркі свет распаўзаўся, як сатлелы сувой.

– Чакай, я ж яму ўчора званіла… Гаварыла з сакратаром… Дамагурскі нявесела засмяяўся:

– Які сакратар… З табой размаўляў следчы. А я ў гэты час сядзеў у куце пакою ў якасці сведкі. Мы ж з Аркадзем разам вярталіся. Хачу спытаць у цябе пра тое-сёе…

Я зразумела, што Юрасёў візіт не мае лірычна-настальгічнае мэты, і гэта значна ўсё спрашчала. Таму я зварыла моцнай кавы і нават паставіла на часопісны столік два гліняныя кубкі, якія да гэтага пару стагоддзяў праляжалі ў зямлі менскага гарадзішча. Юрась ацаніў – пакруціў у руках, як найвялікшую каштоўнасць, і нават дакладна вызначыў час, калі гэтыя пасудзіны ўзніклі з гліны. Потым паказаў на мае гравюры:

– Не ведаў, што ты аматар змрочнасцяў сярэднявечча. Адкуль?

– Са Старавежску. Калі збірала матэрыял для артыкула, мне мясцовы краязнавец падарыў, Пётр Піліпавіч Калейка. Ён выявы гэтых гравюраў у нейкім італьянскім альбоме знайшоў. Нібыта гэта ў Старавежску намалявана. Я асабіста сумняваюся…

Юрась ледзь не ўскочыў з крэсла.

– Ды я ж да цябе менавіта з нагоды твайго артыкула і прыйшоў! Я спахмурнела.

– Прабач, але я лічу за лепшае сваё журналісцкае мінулае не згадваць.

Юрась вінавата паглядзеў на мяне сваімі абуральна сінімі вачыма.

– Я не пытаўся б, калі б не думаў, што смерць Аркадзя была звязаная са Старавежскам і яго ратушай.

Я недаверліва хмыкнула. Юрась цярпліва патлумачыў:

21
{"b":"549167","o":1}