Литмир - Электронная Библиотека
A
A

– Прывітанне, Ганна.

– Прывітанне, Юрась.

Спадзяюся, у маім голасе было дастаткова льдзінак. З былымі мужамі трэба размаўляць голасам Снежнай Каралевы.

А Юрась здорава змяніўся… У плячах стаў шырокі, а вусны, калісьці па-юнацку пульхныя, усмешлівыя, сурова сціснутыя. На шчацэ з’явілася некалькі шнараў. І валасы коратка стрыжэ, гэткі непаслухмяны цёмны «вожык» атрымаўся – а калісьці хадзіў з доўгімі валасамі, як паэт эпохі рамантызму. Толькі вочы па-ранейшаму сінія, і бровы прамыя, сыходзяцца ўпарта над пераноссем. Недагледжаны нейкі… Рукавы швэдару даўжэзныя, джынсы працёртыя… Але на руцэ блішчыць заручальны пярсцёнак (ператвараюся ў старую дзеўку, якая імгненна і зайздросна заўважае падобныя дэталі). Адзінаццаць гадоў, як апошні раз бачыліся. Дый колькі мы па-сапраўднаму былі разам – смешна прызнацца. Здараецца, букет хрызантэмаў даўжэй прастаіць… Студэнцкае вяселле, так бы мовіць. Ідыётка… Не, каб прыняць заляцанні Аркадзя, сына загадчыцы сталоўкі, была б сёння такой жа дагледжанай і не стаяла б за кніжным прылаўкам.

– Нармальна, Анэта. Ты хоць кніжкі прадаеш, а я з унітазаў пачынаў,– Аркадзь, відаць, заўважыў, што я бянтэжуся. – Так-так, сем гадоў таму я сантэхніку вазіў з Польшчы. Пасля магнітафоны з Нямеччыны… Потым аўто ганяў ажно з Галандыі.

– А цяпер што возіш? – змрочна запыталася я.

Страшэнна злавала, што Юрась моўчкі глядзеў убок, нібыта баяўся падняць на мяне вочы.

Аркадзь шчыра зарагатаў:

– Цяпер нічога вазіць не трэба! Таму што нерухомасцю займаюся. Не-ру-хо-мас-цю! Другім прадаю, сам купляю. Я цяпер усё роўна што князь – замак маю!

Юрась спадылба кінуў на сябрука скептычны позірк, і Аркадзь раздражнёна ўдакладніў:

– Ну не замак, не замак… Вежу. Але дзе? У Старавежску, на пляцы! У цябе яшчэ вялікі артыкул пра гэтае мястэчка быў, памятаеш?

Яшчэ б не памятаць! Пасля гэтага артыкула мяне і пагналі з газеты. Аркадзь ззяў, як дзіця, якому купілі дарагі канструктар. Кабета ў жоўтым мешкаватым пінжаку адсунула гасцей ад майго прылаўка, каб пагартаць таўшчэзны том ілюстраванай «Энцыклапедыі эзатэрычных сімвалаў». Але я не расхваліла ёй «захапляльны трактат таемных ведаў», а пачала распытваць Аркадзя з былой журналісцкай «хваткай»:

– Чакай, як табе маглі прадаць ратушу? Гэта ж гістарычны помнік!

– Вядома, гістарычны, – задаволена згадзіўся былы аднакурснік. – Чатырнаццатага стагоддзя пабудова. Але ты ж сама пісала, у якім яна жахлівым стане, развальваецца. Даху няма. Унутры – дрэвы растуць. Яшчэ крыху – засталася б груда камянёў. Раённае кіраўніцтва радуецца, што збылі. Каму справа?

– Ну хаця б мясцовым краязнаўцам! – абурылася я. – Сама з імі сустракалася. Зацятыя…

Аркадзь толькі паціснуў плячыма.

– Знайшла сілу – «краязнаўцы»… Вялікіх падзей з той вежай не звязана, партызаны ў ёй штаб не ладзілі… А я адрэстаўрую і адчыню шыкоўны гатэль і рэстаран. Турыстычны комплекс будзе! Вакол запаветныя лясы, на паляванне ды рыбалку з усяго свету людзі ездзяць. А ты, Анэта, дарэчы, не думаеш працу мяняць? Мне добрыя менеджэры патрэбныя. А ты ж у нас на курсе «зорка» была. Самая таленавітая. Да таго ж мовы ведаеш… З тваёй польскай ды нямецкай можна хоць у амбасаду перакладчыцай!

У былыя часы я б зацялася і пачала абараняць гістарычны помнік ад чарговага нуворыша… Але юначы рамантызм даўно сышоў з мяне, як пазалота з вокладкі забытай пад дажджом кнігі… Дый Юрась ранейшы нават рукі б не падаў чалавеку, які перарабляе вежу чатырнаццатага стагоддзя на турыстычны комплекс. «Вернем свае фальваркі, вернем лясы і паркі, і калісьці непазбежна мы адродзім усю краіну…»

Ага, адраджаем… Забяспечваем польскімі ўнітазамі і расейскай бульварнай літаратурай…

Кірмаш гуў, як мора ў ракавінцы, прыкладзенай да вуха, то сціхаў, то мацнеў, і нельга было зразумець, дзе ягонае сэрца. Кабета ў жоўтым пінжаку адышлася, так і не адшкадаваўшы грошай на «Энцыклапедыю эзатэрычных сімвалаў».

– Дзякуй, Аркадзь, за прапанову… Але… Аркадзь не пакрыўдзіўся.

– Добра, падумай. Вось табе мая візітоўка… І ты тэлефончык скажы, а то знікнеш у сваёй звычайнай манеры – моўчкі і бясследна, як Снягурка.

Я атрымала з панскіх рук візітоўку з залатымі літарамі і… гербам. Вось табе і сын загадчыцы сталоўкі! У абрысе шчыта, падобнага да вакенца ў дэкарацыі мальераўскай п’есы – вежа. Сапраўды заманулася Аркадзю Баркуну князем стаць.

– А ты, Юрась, таксама гандлюеш? – як мага больш абыякава спыталася я.

– Я рэстаўратар, – ціха прамовіў мой былы муж, нарэшце на мяне зірнуўшы.

Мне не ўдалося схаваць здзіўлення.

– Ты ж на журфаку вучыўся!

– На журфак мяне бацькі ўладкавалі, быццам не ведаеш, – Юрась усміхнуўся ранейшай юнацкай усмешкай. – Які з мяне журналіст. Гульню ў словы я не люблю. Калі мяне адлічылі – я не сумняваўся, што правільна. Адслужыў у арміі, скончыў Віцебскую мастацкую вучэльню, працую вось…

– Ён проста занадта сціплы, – дакорліва сказаў Аркадзь. – Юрась у нас – знаны спецыяліст. Я і сам з ім раюся, і кліентаў сваіх скіроўваю. Дарэчы, пра птушак… А ці не паспяшацца нам, сябра? Спознімся… Ну, Анэта, рады быў пабачыцца. Тэлефануй!

Юрась прамовіў сваё «бывай», і ўладальнік вежы пацягнуў яго ў бок лесвіцы, дзе быў антыкварны салон. Апоўдзень там чакаўся аўкцыён.

Я зноў уладкавалася на сваё крэселка за прылаўкам. Прыйшла восень, самотная, пакрыўджаная, адгарадзілася ад свету халоднымі кратамі дажджоў і лістабоем. Рудых заўсёды крыўдзяць, а я – таксама рудая, як восень… І такая ж самотная. Хацелася схавацца, скруціцца клубком, як кацяняці… Што я зрабіла са сваім жыццём? Вось – з’явіўся чалавек, які – маё першае каханне, і нічога асаблівага ў душы… Вядома, нешта зварухнулася, абарвалася ў грудзях – але разбітае акно выклікала б болей эмоцыяў.

Прыкмецілі мы адно аднаго яшчэ на першым курсе. Я была гэткай самаўпэўненай дзяўчынкай з рудой касой да пояса і страшэнна баялася выявіць сваю «правінцыйную», як я лічыла, сарамяжлівасць, нешта зрабіць «не па-сталічнаму» (і колькі глупстваў зроблена з-за гэтага!). А Юрась Дамагурскі быў трохі няўклюдным гарадскім юнаком з доўгімі кудламі, старасвецкай выхаванасцю ды начытанасцю. Усе ведалі, што Юрасёў бацька – мовазнаўца, і не дзіваваліся, што Юрась размаўляў паўсюдна на мове. А я вырасла на раманах Караткевіча, маці мая выкладала беларускую літаратуру і як найвялікшыя рэліквіі збірала кнігі з аўтографамі беларускіх паэтаў… Таму калі на лекцыях выкладчык пачынаў расказваць, напрыклад, пра гераічнае змаганне беларускага народа з Напалеонам, Юрась гучна згадваў пра Радзівілаў, якія былі на баку французаў, а з другога кута аўдыторыі я задавала сваё пытанне пра вызвольны полк Княства Літоўскага, які французы набіралі на нашых землях. Выкладчык нерваваўся, а мы лічылі сябе ледзь не інсургентамі.

На другім курсе паслалі нас «на бульбу». І неяк вечарам Юрась павёў мяне на ўскраіну вёскі – з кім яшчэ мог падзяліцца адкрытым цудам? Над зарасцямі шыпшыны ўздымаўся чорна-сівы ад часу слуп, наверсе якога, нібы старажытны трохкутны капялюш, красаваўся разьбяны дах. Ніжэй мацавалася круглая рама з раслінным узорам – птушачкі на галінках, драўляныя ружы – нібы вянок. Майстар дзівосны… Нават счарнелая, патрэсканая разьба ўражвала.

– Гэта аброчны крыж! – усхвалявана распавядаў Юры. – Тут калісьці праходзіла дарога… На крыж навязвалі рушнікі, каб шлях быў лёгкі. Папярочную перакладзіну адламалі… Бачыш, тут яна мацавалася. І распяцце садралі, варвары… Толькі абрамленне засталося. А гэта ж сямнаццатае стагоддзе, не пазней!

Юрась гладзіў, нібыта жывое, счарнелае дрэва.

– Аднавіць можна! Якая прыгажосць!

Я таксама дакранулася да слупа – яго паверхня была цёплай і шурпатай, нібы спрацаваная даланя…

Юрась паклаў сваю руку на маю… На небе запаліліся першыя зоры…

– А яны цалуюцца ў кустах, смаркачы!

Выкладчыца рускай літаратуры, нашая «бульбяная куратарка», захлыналася ад абурэння.

– Ганна! Я думала, ты сціплая прыстойная дзяўчына! А ты – распусніца! Косы, бач, запляла, а сама…

19
{"b":"549167","o":1}