Литмир - Электронная Библиотека

- Давай, - разгублена пацепнуў плячыма Андрон. - Яму было ніякавата, але, што цяпер рабіць, ён не ведаў: як аб'явіць чалавека персонай нон грата, калі той такі радасны?.. Хрысціна Сымонаўна глядзела на іх абодвух і каўнерыкам сукенкі выцірала расчуленыя слёзы:

- Не плач, Хрысця, - зусім па-свойску абняў яе адной рукою Фрэнк, не здымаючы другой рукі са спіны Андрона. - Не плач, родная, залатая мая, бо я таксама заплачу. Скажы мне лепш, што б мне такое зрабіць для Андрона ў падзяку за сённяшні дзень, за нашу з табою сустрэчу?.. Хочаш пагаварыць з прэзідэнтам Злучаных Штатаў? - тузануў ён раптам Андрона. - У мяне з ім зараз якраз прамая сувязь. Хвілін на дваццаць мы, праўда, спазніліся, але нічога, ён пачакае. Ну, хочаш ці не?

- Хацеў бы, - усміхнуўся Андрон, успрыняўшы прапанову Фрэнка, натуральна, як жарт. - Мне ёсць што яму сказаць.

- Ну дык скажы! - узрадаваўся Фрэнк, відавочна задаволены тым, што дагадзіў Андрону.

- Дзе і як? - іранічна глянуў на яго Андрон. - Мне ў Амерыку ехаць часу няма.

- Ды не трэба нікуды ехаць, тут можаш пагаварыць, па сваім тэлефоне, - сказаў Фрэнк, здымаючы з абкалупанага рычажка тэлефонную грубку і набіраючы нумар.

- Ты што, нуль сем набіраеш? - з'едліва спытаўся Андрон.

- Не, - крутнуў галавой Фрэнк, - прамы нумар прэзідэнта. У нас гэта проста, ніякіх праблем.

Фрэнк набраў нумар, пачакаў трохі і працягнуў трубку Андрону:

- На, гавары. Я толькі электроннага перакладчыка падключу, каб вы з прэзідэнтам зразумелі адзін аднаго. - Фрэнк дастаў з кішэні бліскучую трубачку накшталт аўтаручкі з дроцікам і ўтыркнуў канец дроціка ў тэлефонны шнур.

Андрон прыцягнуў трубку да вуха.

- Кабінет прэзідэнта, - пачуўся ў трубцы немалады, але даволі цвёрды голас.

Андрона потам прабіла.

- Ну, адказвай, - падміргнуўшы, бадзёра штурхнуў яго ў бок Фрэнк Морган. - Кажы, што хочаш, я ўсё на сябе бяру. Пра галоўнае пытайся, бо часу ў цябе ўсяго сем мінут.

- Кабінет старшыні калгаса "Каруны" Андрона Сыцюка, - здолеў разняць здранцвелыя губы Андрон. - Як здароўе?

- Нармальна, - уздыхнуў прэзідэнт. - Хоць старасць, як у нас кажуць, не радасць.

- У нас таксама гэтак кажуць, - крыху свабадней сказаў Андрон, узрадаваўшыся, што знайшоў за што зачапіцца.

- Так, у нас шмат агульнага, - згадзіўся прэзідэнт.

- А сям'я як? - спытаўся Андрон.

- Нічога, мае ўсе ў Каліфорніі зараз, - сказаў прэзідэнт. - Там цяплей. А вашы дзе?

- Тут, у Карунах, - адказаў Андрон. - Жонка на ферме, а сын у школе.

- У вас вялікая ферма? - зацікавіўся прэзідэнт.

- Вялікая. I не адна, а цэлых восем, - уздыхнуў Андрон, успомніўшы, што гэтую зіму тугавата будзе з кармамі. - У нас мяса-малочны накірунак.

- Мнагавата работы? - паспачуваў прэзідэнт.

- Хапае, - прызнаўся Андрон. - Рабочых рук не стае. Маладыя хлопцы ў армію ідуць, а назад пасля ў вёску амаль ніхто не вяртаецца.

- Міграцыя, - сказаў прэзідэнт. - Заканамерны працэс.

- Міграцыя! - узлаваўся раптам Андрон. - Каб вы са сваёй праграмай "зорных войнаў" не насіліся, як дурань з торбай, то ніякай бы міграцыі не было. Распусцілі б арміі, і ўсё. Мы тут за мір змагаемся, а вы...

- I мы змагаемся, - нервова перапыніў яго прэзідэнт.

- Чаму ж тады міру няма? - з'едліва спытаўся Андрон.

- Як гэта няма, калі ёсць, - не згадзіўся прэзідэнт.

- Але ж няўстойлівы, на грані катастрофы, - набіраў голас і ўпэўненасць Андрон. - Ваенныя базы па ўсім свеце раскіданы. Лакальныя войны амаль на ўсіх кантынентах ідуць. I любая з іх у любы момант можа перарасці ў сусветную. Хіба не так?

- Так, - вымушаны быў згадзіцца прэзідэнт.

- Што ж рабіць? - з прамым падтэкстам спытаўся Андрон.

- А хрэн яго ведае, - другі раз уздыхнуў прэзідэнт, і па ўздыхах лік стаў адзін - два на карысць Андрона. - Сам пра гэта думаю.

I тут сувязь абарвалася.

- Нармальны мужык, - голасам пераможцы сказаў Андрон, паклаўшы трубку і накрыўшы тэлефон далонню. - Але хай падумае, яму за гэта грошы плацяць.

Тэлефон раптам зазваніў, Андрон падняў трубку.

- Хелло, - пачуў ён той жа голас, але ўжо ў англійскім яго варыянце, бо якраз у гэты момант Фрэнк Морган вырваў дроцік свайго электроннага перакладчыка. - Выбачайце, зусім забыўся пра галоўнае ў вас запытацца.

- Пра што? - нечакана для сябе самога ўсё зразумеў і па-англійску адказаў Андрон.

- Як там Юткава вежа? - спытаў прэзідэнт. - Стаіць, не падае? Да неба колькі засталося?.. I ці не маглі б вы мне па сакрэту сказаць, навошта ўсё-ткі ён яе будуе?..

Андрону аж дух заняло. Ён вылаяўся па-нашаму, чаго прэзідэнт, дзякуй Богу, не зразумеў, і з грукатам кінуў трубку.

3 прэзідэнтамі хутчэй за ўсё мала хто з нас асабіста знаёмы, таму вернемся давайце да Юткі Казубоўскага, дзеля якога і пачалі мы распавядаць усю гэтую фантастычна-дакументальную, але малаверагодную гісторыю. Звесіўшы ногі, сядзіць зараз Ютка на самым версе, на самым крайку сваёй вежы, а над русявай галавою ягонай - так блізка, што можна, здаецца, рукой крануць, - праплываюць нізкія, шэрыя, мокрыя асеннія аблокі. Пара лістапада - сумнаватая пара, і, можа, праз тое на душы ў Юткі няўтульна, дрогка, прыцемна, нібыта ўвайшоў ён пасля доўгай дарогі ў настылую хату і ніяк не знойдзе запалкі, каб распаліць печ. Чаго Ютку сумна, хто яго ведае, хоць ёсць на тое прычыны - і няма прычын, а сумна іншым разам чалавеку і ні з чаго бывае, проста так, з таго, што жыве. "Э, такой бяды, - думае Ютка. - Вось уздыму вежу за аблокі, дык і весялей будзе. Старана наша не надта сонечная, а над аблокамі заўсёды сонца. Кожнаму чалавеку трэба вежу сваю збудаваць, каб да яго падняцца..."

Бюлетэнь Ютку ўрачы закрылі, і зараз яму штодня прыходзіцца ўставаць рана-раненька, бо працуе цяпер Ютка праз сваю хваробу на лёгкай рабоце, паштаром. Кожную раніцу - замест таго, каб падымаць вежу, - даводзіцца яму ехаць у Смаргонь, браць там пошту і, вярнуўшыся, разносіць па дварах газеты, у якіх шмат пра што напісана, але мала што чытаецца, і пісьмы, якіх усе чакаюць, але амаль ніхто іх не піша, нібыта адразу пасля таго, як краіна стала пагалоўна адукаванай, тут жа ўсе і развучыліся пісаць. А якое, вы думаеце, трэба мець сэрца, каб штодня глядзець у вочы Броні Карунскай, якая, як на варце, чакае цябе каля весніц, у якой раскідана па далёкіх гарадах чацвёра сыноў і трое дачок, якіх яна, гаротніца, салдатка, удава, адна падняла, не дала ім ні замерзнуць з холаду, ні памерці з голаду, а яны цяпер - хоць бы адно пісьмо ў год на ўсіх сямёх, хоць бы адну паштоўку... І-эх, Броня, Броня, а ты яшчэ двух парсюкоў гадуеш, карову трымаеш з цялушкаю і прадаеш штогод тых парсюкоў з цялушкамі нарыхтоўшчыкам, а яны ўсё морды перад табою крывяць, каб цябе абдурыць: то вага ім не тая, то тлустасць не гэтакая, а ты, адна вінаватая, маўчыш, ківаеш згодна галавою, разводзіш рукамі - што ж, маўляў, зробіш, хоць бы ўзялі, прынялі, абы самой на кірмаш не цягнуцца, бо дзе той час возьмеш на той кірмаш, калі і парасяткі зноў на табе, і карова, і куры, і свае соткі, і калгаснае поле... А пасля, наслюнявіўшы пальцы, удоўж і ўпоперак пасечаныя лёнам і бульбоўнікам, крапівою ды лебядою, закасцянелыя не столькі ад старасці, колькі ад сцюдзёнай вады ды сырой зямлі, ты пералічваеш старгаваныя грошы і рубель да рубля, капейку да капейчыны складваеш іх у бляшанку з-пад галандскага масла, якое ні з таго ні з сяго прывёз табе некалі ў падарунак наймалодшы сын Павэлак - на, мама, пасмакуй галандскага масла, - а тую бляшанку хаваеш у склепе, у самым дальнім кутку, у ямінцы пад кадушкай з засоленымі гуркамі... I нашто табе, Броня, ламаць хрыбет, для чаго табе тыя грошы, што і калі ты на іх купіш? Нічога і ніколі, проста няма як жыць, не робячы спрадвечнай сялянскай работы, няма як, перад суседзямі сорамна не трымаць парсюкоў, ды курэй, ды карову з цялушкай, калі на тое ёсць яшчэ, здаецца, сілы. А грошы - што ж, яны хіба лішнія, яны ой як могуць спатрэбіцца, бо раптам у каго з дзяцей суд ці няшчасце якое, прыляцяць дахаты, а тут Броня і дастане сваю бляшанку, і спытаецца, колькі там каму даць трэба, ці на суд, ці якому начальніку. Мала ўжо, Броня, работнікаў засталося ў вёсцы такіх, як ты, ці як Хведар Былінскі - вунь ён якраз сунецца з фермы, хаваючыся за кустамі, каб не ўбачыла баба, бо тая адразу дахаты яго пагоніць, а яму хочацца з Юткам пабыць, забрацца на ягоную вежу, сесці, звесіўшы ногі, засмаліць цыгарку і пагаварыць альбо памаўчаць, гледзячы на восеньскую, трохі пуставатую, але ўсё адно найпрыгажэйшую ў свеце, родную вёску... Здароў быў, Хведар, забірайся давай на вежу, пакуль дажджу няма, пасядзім разам, бо нешта

61
{"b":"547093","o":1}