Литмир - Электронная Библиотека

Уладзімір Някляеў

Выбранае

Выбранае: Для ст. шк. узросту / Прадм. Л. М. Турбіной; Уклад. Л. М. Галубовіч. — Мн.: Выш. шк., 1998. — 496 с: іл. — (Школьная бібліятэка).

Друкуецца па выданнях:

Някляеў У. Адкрыццё. Мн., Мастацкая літаратура, 1976.

Някляеў У. Вынаходцы вятроў Мн., Мастацкая літаратура, 1979.

Някляеў У. Знак аховы Мн., Мастацкая літаратура,. 1983.

Някляеў У. Наскрозь. Мн Мастацкая літаратура, 1985.

Някляеў У. Галубіная пошта. Мн., Мастацкая літаратура, 1987.

Някляеў У. Вежа. Полымя, № 6, 1988.

Някляеў У. Прошча. Мн., Мастацкая літаратура, 1996

Для старэйшага школьнага ўзросту

Прадмова Л. М. Турбіной

Укладальнік Л. М. Галубовіч

© OCR: Камунікат.org, 2011 год

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2011 год

СЯРОД ВЫНАХОДЦАЎ ВЯТРОЎ

На поўны голас імя Уладзіміра Някляева загучала ў беларускай паэзіі пад сярэдзіну 70-х гадоў. На той час у самым росквіце творчых сіл было пакаленне "шасцідзесятнікаў", якія даволі хутка прызналі ў маладым паэце свайго паплечніка. Рыгор Барадулін у прадмове да кнігі "Сад на перекрестке" (М., "Молодая гвардия", 1979) - першага зборніка вершаў Уладзіміра Някляева, выдадзенага ў перакладзе на рускую мову, - пісаў:

"У манеры пісьма Уладзіміра Някляева цікава і нечакана спалучаюцца маскоўская школа паэтычнага рамяства з традыцыяй Купалы і Багдановіча, карані якой - глыбока ў свеце славянскага паганства. З першых выступленняў у друку ў ім яскрава выявіўся прыроджаны майстар верша, тонкі і дакладны. Калі б мне давялося складаць анкету з пытанняў і адказаў, дык анкета Уладзіміра Някляева выглядала б у мяне прыкладна так: "Веданне жыцця - глыбіннае. Тэхніка верша - дасканалая. Гарантыя поспеху - поўная".

Творчасць Уладзіміра Някляева, як і кожнага значнага паэта, не скіравана ў нейкае адно рэчышча, яна сферная, шматпланавая. Калі тут і можна вызначыць дамінанту, дык, бадай, не ў тэматыцы альбо жанравасці, а ў стане паэзіі. Назва гэтаму стану, найбольш суадноснае яму вызначэнне - драматызм. Менавіта ён дае штуршок і згадкам пра таямніцы жыцця, і напружаным развагам пра вечнае і часовае, і пошукам устойлівых каштоўнасцей, духоўных вышынь, і рэфлексіям з прычыны ўласнай недасканаласці і пачуцця віны - матывам, якія тэматычна пераважаюць у вершах і паэмах Уладзіміра Някляева:

Аднойчы, прачнуўшыся ўночы,
Ты ўспомніш, што ўмееш лятаць,
I стане наіўныя вочы
Халодная бездань смактаць.
I зманлівай згадкай быцця
Цябе працяне аж да поту,
I роднае станеш дзіця
Вучыць не хадзе, а палёту.

Першая кніга Уладзіміра Някляева "Адкрыццё" (1976) была сус-трэта і чытачамі, і крытыкай больш чым прыхільна. У ёй не адчува-лася вучнёўства, мастацкімі вартасцямі яна адпавядала лепшаму з таго, што з'яўлялася на той час новага ў паэзіі. У маладзёжных аўдыторыях з аўтарам наладжваліся шматлікія сустрэчы, вяліся тэмпераментныя дыспуты і спрэчкі. Па газетных водгуках на гэтыя сустрэчы можна меркаваць, што поспех кнігі "Адкрыццё", як і на-ступнага зборніка "Вынаходцы вятроў" (1979), шмат у чым быў абумоўлены тымі ж прычынамі, праз якія фенаменальную папулярнасць мела "стадыённая" паэзія шасцідзесятнікаў, калі паэтычная трыбуна была па сутнасці трыбунай палітычнай. Пры татальнай цэнзуры іншым разам дастаткова было адной вольнай метафары, крамольнага падтэксту, каб аўдыторыя прыйшла ў захапленне. Невыпадкова пазней Уладзімір Някляеў скажа: "Гісторыі кола заўсёды круціла крамола".

Падчас выхаду кніг "Адкрыццё" і "Вынаходцы вятроў" грамадства цалкам ужо ўвайшло ў спелую пару застою. Дзверы зачыніліся і ззаду, і спераду, рухацца не было куды. Калі ж адсутнічае рэальнасць руху, тады патрабуецца ягоная ўяўнасць. Дынаміка някляеўскага верша, энергетыка радка і дапамагала ягонаму чытачу і слухачу самаства-раць ілюзію несупыннасці:

Рух наперад - не проста рух.
Гэта руху ўсяго аснова.
Як у целе лунае дух,
У сусвеце лунае рух -
Рух дарогі. Любові. Слова.
Рух дарог - разгаданы рух
Цягнікоў і пратуберанцаў,
Што пачаўся, калі, быццам душны кажух,
Я сарваў з сябе першую станцыю.

Калі станцыя зрываецца з плячэй, як кажух, - гэта, безумоўна, запамінаецца. Але пры ўсёй вобразнасці і энергетычнай напоўненасці працытаваных вершаў адчуваецца ўсё ж у іх унутраная супярэч-лівасць, непазбежная ў варунках, калі сілаю таленту штучнае пера-ўтвараецца ў натуральнае. Сёння цяжка катэгарычна сцвярджаць, заслуга ў тым паэта ці не. Тут істотнае значэнне мае ўнутраны стан не толькі аўтара, але і чытача, якія разам знаходзяцца ў сваім часе.

Кніга "Адкрыццё" даволі нязвыкла для таго часу адкрываецца не палітызаванымі радкамі, а вершам, звернутым да каханай:

Ты хмаркаю плыла....
Пад поўняй...
Над зямлёй...
Між вокладкамі дзён наступных і мінулых
Мы дзіўную з табой старонку адгарнулі:
"Дзень вашай цішыні" - напісана на ёй.

На шчымлівую ноту пяшчоты і цноты настройвае гэты верш, які на наступных старонках кнігі нібыта гукае сабе падобных і шчасліва знаходзіць, іх, што ўражваюць пранізлівасцю пачуцця:

Ніхто не скажа, хто ў тым вінаваты,
Што ўсе мы неяк прадчуваем страты,
Але пазбягаем страт.

Як адна са стрыжнёвых для паэзіі Уладзіміра Някляева заяўленая ў кнізе "Адкрыццё" тэма смерці і неўміручасці. Пашыраная яе распра-цоўка - гэта "Паэма-вера", а найбольш скандэнсаваная - верш "Не, не таю надзей на бессмяротнасць". Напісаны ён з дакладна вытрыманай рыфмоўкай "пантуга", на тым узроўні майстэрства, калі на паглыбленае раскрыццё тэмы працуюць з аднолькавым намаганнем і змест, і форма верша:

Я ведаю пра хлеба неабходнасць,
Але таксама ведаю не горш,
Як неабходны задуменны Сож,
Начных нябёс і вышыня, і зорнасць...
...Шчымлівая іх першасць і апошнясць,
Што раптам прасякае пачуццём
Не вечнай нашай сувязі з жыццём
I тайнасцю надзей на бессмяротнасць.

Сапраўдная паэзія амаль заўсёды мае відавочныя альбо пры-хаваныя фальклорныя вытокі. Гэта тыя эмоцыі, той спосаб быцця, які закладзены ў генетычны код нацыі - у мову. У паэзіі Уладзіміра Някляева, лексічна і стылёва прыналежнага сучаснасці (ён нібы наўмысна нават дэкларуе такую прыналежнасць), фальклорныя вытокі, безумоўна, прыхаваныя, аднак не настолькі, каб іх нельга было распазнаць. Да прыкладу, верш "Што за сумныя песні спяваеш ты, Белая Русь!" - гэта цалкам фальклорны матыў, не кажучы пра ўжо тыя творы, што сталі агульнавядомымі песнямі і ўспрымаюцца самі па сабе, бадай, як народныя: "Світанак" (музыка I. Лучанка), "Янка Купала" (музыка У. Будніка), "Гуляць дык гуляць" і "Раз ды разок" (музыка В. Іванова).

1
{"b":"547093","o":1}